ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАХІ́МІЯ (ад гіста... + хімія),
навука, якая вывучае хімічны састаў тканак і клетак жывёл з мэтай высвятлення асаблівасцей абмену рэчываў у іх структурных элементах; раздзел гісталогіі. Даследуе тонкія механізмы тканкавага і клетачнага метабалізму бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў, ліпідаў, вызначае лакалізацыю актыўнасці гармонаў і ферментаў, абгрунтоўвае спецыфіку функцый клетачных арганел.
Першыя даследаванні па гістахіміі правёў франц. фармацэўт Ф.В.Распай (1825—34). Як самаст. навука гістахімія ўзнікла ў 1930-я г. з выхадам працы Л.Лізона (1936). З дапамогай гістахіміі паказана сувязь змен колькасці РНК з сінтэзам бялку і пастаянства колькасці ДНК у храмасомным наборы, выяўлены клеткі, што прымаюць удзел у сінтэзе гармонаў і імунаглабулінаў, абгрунтавана роля нейрамедыятараў, антыцел і г.д.
На Беларусі развіццё гістахім. даследаванняў звязана з дзейнасцю С.М.Мілянкова і яго вучняў. У гісталагічных і патагісталагічных лабараторыях і цэнтрах Беларусі вывучаюцца паталаг. працэсы, структурныя змены, характэрныя дляпач. праяўленняў хвароб, асабліва пухліннага паходжання. Для клінічнай дыягностыкі выкарыстоўваецца шэраг гістахім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль для перавозкі грузаў. Характарызуецца грузападымальнасцю, тыпам кузава, колавай формулай і кампаноўкай — размяшчэннем кабіны адносна пярэдняй восі (гл.Аўтамабіль). Для буксіроўкі прычэпаў забяспечваюцца счэпнымі прыладамі, хуткадзейнымі злучальнымі прыстасаваннямі і інш. Адрозніваюць адзіночныя грузавыя аўтамабілі і аўтапаязды (у т. л.цягачы, седлавыя цягачы), звычайнай і павышанай праходнасці.
Бываюць агульнага прызначэння (кузаў неперакульны) і спецыялізаваныя (самазвалы, бензавозы, бетанавозы, кантэйнеравозы, панэлявозы, рэфрыжэратары, фургоны і інш.); паводле кампановачнай схемы — капотныя (кабіна за рухавіком) і бескапотныя (кабіна над рухавіком); паводле грузападымальнасці — асабліва малой (да 0,5 т; гл.Пікап), малой (да 2 т; напр., УАЗ), сярэдняй (да 5 т; ГАЗ), вялікай (да 15 т; ЗІЛ, КамАЗ, КрАЗ, МАЗ, «Урал») і пазадарожныя грузавыя аўтамабілі асабліва вял. грузападымальнасці (больш за 15 т; БелАЗ, «Волат»), Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТ (польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),
1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.
2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТАРКА,
мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫНЕ́ЎСКІ (Міхаіл Паўлавіч) (н. 12.2.1942, в. Тонеж Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас Г.Зелянковай). З 1968 хормайстар, з 1975 маст. кіраўнік — гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. З 1968 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Для яго творчасці характэрны глыбокае веданне бел.муз. фальклору, аднолькавая ступень пранікнення ў заканамернасці акад. і нар. спявання. Асаблівай інтанацыйнай тонкасцю вылучаюцца падрыхтаваныя ім канцэртныя праграмы хар. музыкі, маляўнічыя і шматадценкавыя этнагр. праграмы, творы духоўнай музыкі. Аўтар шматлікіх запісаў нар. мелодый і шэрагу іх апрацовак длянар. хору («Ой, ты, грушка мая», «Вол бушуе, вясну чуе», «Як пайду я дарогаю», «Ночы мае, ночушкі», «Чырвоная каліначка» і інш.). Зрабіў значны ўклад у развіццё самадз.хар. мастацтва Беларусі, шмат працаваў з самадз.хар. калектывамі акад. плана. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАНТАЛО́ГІЯ медыцынская, сукупнасць маральных норм прафесійных паводзін мед. работнікаў.
Тэрмін прапанаваў у пач. 19 ст.англ. філосаф Дж.Бентам для абазначэння тэорыі маральнасці. Асновы Д. вядомы яшчэ ў медыцыне стараж. свету. У кожную гіст. эпоху ў адпаведнасці з пануючай у грамадстве мараллю прынцыпы Д. мелі характэрныя асаблівасці, але заставаліся непарушнымі агульначалавечыя, пазакласавыя этычныя нормы мед. прафесіі — аблягчыць пакуты і дапамагчы хвораму чалавеку. Асабліва важная роля ў вызначэнні маральных пачаткаў мед. Дзейнасці належыць Гіпакрату. Дэанталагічныя прынцыпы, выказаныя ў яго «Клятве», актуальныя і цяпер.
Д. фарміруе прынцыпы паводзін мед. персаналу, накіраваныя на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для эфектыўнага лячэння хворых. Яна ўключае ў сябе розныя аспекты працы ўрача — ад этычных, маральных прынцыпаў да прававых пытанняў у канфліктных сітуацыях. У сферу Д. ўваходзяць пытанні, звязаныя з лячэбнай тактыкай, узаемаадносінамі ўрача з хворым, яго сваякамі, з паняццем урачэбнай тайны, калегіяльнасцю, памылкамі і адказнасцю ўрачоў, паводзінамі ўрача ў быце і інш. Д. стала абавязковай састаўной часткай падрыхтоўкі і выхавання мед. персаналу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБА́РА (Генадзь Іванавіч) (н. 18.5.1952, саўгас імя Леніна, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл.),
бел. кларнетыст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1970, клас У.Скараходава; у 1975—80 выкладаў у ім), Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975), асістэнтуру-стажыроўку пры ім (1981). З 1975 саліст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, з 1986 саліст-інструменталіст Бел. філармоніі, з 1991 артыст ансамбля салістаў «Класік-Авангард». З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1988). У сольных канцэртах выканаў анталогію камернай музыкі для кларнета з твораў класікі і сучасных кампазітараў, у т. л.бел., прысвечаных менавіта З. (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дамарацкага, К.Цесакова і інш.). Аўтар пералажэнняў для кларнета твораў Л.Бетховена, І.Брамса, К.Вебера, Р.Шумана, Ф.Шуберта і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў (1979, Мінск), міжнар. конкурсу «Пражская вясна» (1981). Сярод яго вучняў П.Навуменка, Г.Казадой, Я.Ягудзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,
цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс.т, Германія — 3,7 тыс.т, Францыя — 3,2 тыс.т, Італія —2,6 тыс.т, Швейцарыя — 2,6 тыс.т (усяго 20,2 тыс.т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс.т, у 1994—34,2 тыс.т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.