ДРЫНЕ́ЎСКІ (Міхаіл Паўлавіч) (н. 12.2.1942, в. Тонеж Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас Г.Зелянковай). З 1968 хормайстар, з 1975 маст. кіраўнік — гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. З 1968 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Для яго творчасці характэрны глыбокае веданне бел. муз. фальклору, аднолькавая ступень пранікнення ў заканамернасці акад. і нар. спявання. Асаблівай інтанацыйнай тонкасцю вылучаюцца падрыхтаваныя ім канцэртныя праграмы хар. музыкі, маляўнічыя і шматадценкавыя этнагр. праграмы, творы духоўнай музыкі. Аўтар шматлікіх запісаў нар. мелодый і шэрагу іх апрацовак для нар. хору («Ой, ты, грушка мая», «Вол бушуе, вясну чуе», «Як пайду я дарогаю», «Ночы мае, ночушкі», «Чырвоная каліначка» і інш.). Зрабіў значны ўклад у развіццё самадз. хар. мастацтва Беларусі, шмат працаваў з самадз. хар. калектывамі акад. плана. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

З.Я.Мажэйка.

М.П.Дрынеўскі.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)