КВА́НТАВЫЯ СТАНДА́РТЫ ЧАСТАТЫ́,

устройствы для атрымання эл.-магн. ваганняў з вельмі стабільнай у часе частатой або для дакладнага вымярэння частаты ваганняў. З’яўляюцца асновай эталонаў часу і даўжыні, шырока выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, навігацыі, метралагічнай службе.

Заснаваны на выкарыстанні найб. стабільных квантавых пераходаў (у звышвысокачастотным і аптычным спектрах) атамаў, іонаў або малекул з аднаго энергет. ўзроўню на другі. Аснову К.с.ч. складае квантавы рэпер частаты — прыстасаванне, якое дазваляе назіраць выбраную спектральную лінію, а таксама электронная схема пераўтварэння частаты рэпера ў іншыя частотныя дыяпазоны. У актыўных К.с.ч. выкарыстоўваецца індуцыраванае выпрамяненне эл.-магн. хваль, частата якіх служыць стандартам або апорнай частатой. Па сутнасці гэта квантавыя генератары, разнавіднасцямі якіх з’яўляюцца: вадародны генератар (актыўным асяроддзем служыць атамарны вадарод, што выпраменьвае на даўжыні хвалі λ=21 см з надзвычай малой шырынёй спектральнай лініі); малекулярны генератар (на пучку малекул аміяку); лазер на вуглякіслым газе. У пасіўных К.с.ч. частата ваганняў, якая вымяраецца, параўноўваецца з частатой ваганняў, адпаведных пэўнай спектральнай лініі. Да іх належыць К.с.ч. на пучку атамаў цэзію (цэзіевая атамна-прамянёвая трубка), які працуе ў рэжыме квантавага гадзінніка (хібнасць 10​−14). Ёсць таксама актыўныя і пасіўныя К.с.ч. з аптычнай напампоўкай пары цэзію або рубідыю.

Літ.:

Григорьянц В.В., Жаботинский М.Е., Золин В.Ф. Квантовые стандарты частоты. М., 1968;

Время и частота: Пер. с англ. М., 1973.

Г.​С.​Круглік.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,

пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.​Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.​А.​Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;

О первой философии;

Книга о пяти сущностях;

Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.

Літ.:

Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТЫ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ГА́ЗАЎ,

раз дзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці рэчыва ў газападобным стане. Аб’екты вывучэння — газы, газавыя сумесі, плазма. Асн. метады — статыстычныя на аснове малекулярнай будовы рэчыва і законаў узаемадзеяння паміж часціцамі.

Асновы К.т.г. распрацавалі Л.Больцман і Дж.К.Максвел; далей развіта ў працах М.Борна, М.М.Багалюбава, Л.Д.Ландау і інш. Вывучае дастаткова разрэджаныя сістэмы, для якіх час свабоднага прабегу часціц (ці квазічасціц) значна перавышае час іх сутыкнення, што дае магчымасць апісваць такія сістэмы на аснове адначасцінкавай функцыі размеркавання 𝑓(r→, v→, t), якая з’яўляецца шчыльнасцю імавернасці таго, што часціца ў момант часу t у пункце r→ мае скорасць v→. Функцыя 𝑓 для канкрэтнай сістэмы пры зададзеных умовах з’яўляецца рашэннем асн. ўраўнення К.т.г. — кінетычнага ўраўнення Больцмана: ∂𝑓 ∂t + v→ ∂𝑓 ∂r→ + F→ m ∂𝑓 ∂v→ = I(𝑓) , дзе F→ — знешняя сіла, што ўздзейнічае на часціцу масай m, I(𝑓) — інтэграл сутыкненняў (вызначае змену 𝑓 з-за сутыкненняў часціц). У выпадку сумесі газаў разглядаецца сістэма такіх ураўненняў для кожнага кампанента сумесі. Па знойдзенай функцыі 𝑓 вылічаюць сярэднія велічыні, якія характарызуюць стан газу і працэсы ў ім, і на іх аснове вывучаюць эвалюцыю нераўнаважных сістэм, унутранае трэнне, дыфузію, цеплаправоднасць і інш.

Літ.:

Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.

Г.​С.​Раманаў.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНІ́ЧНАЯ БІЯХІ́МІЯ,

раздзел біялагічнай хіміі, які разглядае асаблівасці абмену рэчываў у хворым арганізме; частка лабараторна-клінічнай дыягностыкі. Вывучае парушэнні біяхім. працэсаў, уплыў лячэбных мерапрыемстваў на іх працяканне, распрацоўвае метады выяўлення біяхім. змен у мэтах дыягностыкі і прагназіравання захворванняў; выкарыстоўвае дасягненні агульнай і мед. біяхіміі, генетыкі, фізіялогіі, фармакалогіі і інш. У адпаведнасці з раздзеламі клінічнай медыцыны вылучаюць тэрапеўтычную, хірургічную, акушэрска-гінекалагічную, псіхіятрычную і інш. галіны К.б. (асобная К.6.). Метады біяхім. даследаванняў: абсарбцыйная фотаметрыя, іонаметрыя, флюараметрыя, імунаферментны аналіз і інш.

Асновы К.б. закладзены ў 17 ст. працамі Р.Бойля, у 18—19 ст. — А.Л.Лавуазье, М.В.Ламаносава і інш. У 1875 А.П.Барадзін прапанаваў спосаб вызначэння азоту ў мачы, у канцы 19 ст. А.Я.Данілеўскі выкарыстаў метад выбіральнай адсорбцыі (раздзялення) трыпсіну.

На Беларусі К.б. развіваецца з 1920-х г. пры клініках мед. ф-та БДУ, з 1930 на кафедрах агульнай і шпітальнай тэрапіі, шпітальнай хірургіі, скурна-венерычных, дзіцячых хвароб Мінскага мед. ін-та. У 1956 выдадзена манаграфія «Клінічная біяхімія» М.​Ф.​Меражынскага, у 1957 — «Біяхімія траўмы» Л.​С.​Чаркасавай, у 1970 створана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі Ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 1993 працуе Рэсп. цэнтр клінічнай лабараторнай дыягностыкі.

Літ.:

Мережинский М.Ф., Черкасова Л.С. Основы клинической биохимии. Мн., 1965;

Колб В.Г., Камышников В.С. Справочник по клинической химии. 2 изд. Мн., 1982.

У.​С.​Камышнікаў.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 14—18 ст. на месцы дзядзінца і вакольнага горада Кобрын, на р. Кобрынка. У 16 ст. складаліся з драўляных Ніжняга («Прыгародак») і Верхняга («Высокага») замкаў. На падыходзе да Ніжняга замка шлях перагароджвала р. Кобрынка, цераз якую быў мост. На яго траплялі праз вежу-браму. На другім канцы моста (апошні яго пралёт быў пад’ёмны) стаяла другая 2-павярховая вежа-брама. Ніжні замак ахоўваўся 5 вежамі, гароднямі і парканам. У адной з вежаў размяшчаўся млын. Шлях у Верхні замак ішоў праз вежу-браму і мост цераз абарончы роў, што аддзяляў замкі. Мост быў на палях з лазняй пасярод і ўпіраўся ў вежу-браму Верхняга замка. Размешчаны ў ёй пад’ёмны механізм падымаў перад брамай апошні пралёт моста. Акрамя брамы тут стаялі яшчэ 4 вежы з гароднямі і парканам, на якіх размяшчаліся баявыя пляцоўкі — бланкаванне са стрэшкамі. Усе вежы былі накрыты гонтай. У 1597 артыл. ўзбраенне К.з. складалася з 2 «дел ляных», 5 серпанцінаў, 16 гакаўніц, 17 ручніц, 2 кіёў і рыштунку да іх. У канцы 18 ст. па загадзе А.​В.​Суворава, які валодаў тады горадам, К.з. разбураны і скапаны. Замкавыя насыпы знесены ў 1840-я г. пры пракладцы Маскоўска-Варшаўскай шашы.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ НЕ́ТРАХ,

сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне 18.12.1997. Змяшчае прававыя асновы комплекснага выкарыстання і аховы нетраў, забяспечвае абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадзян краіны, а таксама правоў карыстальнікаў нетраў. Складаецца з прэамбулы, 11 раздзелаў і 60 артыкулаў. Змяшчае агульныя палажэнні, асн. паняцці і тэрміны, якія ўжываюцца ў справе вывучэння і карыстання нетрамі, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на нетры; вызначае задачы дзярж. рэгулявання ў галіне карыстання нетрамі і іх аховы, органы, што займаюцца гэтым рэгуляваннем, і іх кампетэнцыю; парадак прадстаўлення нетраў у карыстанне, выдачы ліцэнзій на права карыстання, правы і абавязкі карыстальнікаў; рэгламентуе пытанні рацыянальнага выкарыстання нетраў, парадак дзярж. рэгістрацыі і ўліку карыстання нетрамі, вядзення кадастраў нетраў; рэгулюе парадак і формы аплаты за карыстанне нетрамі; рэгламентуе пытанні бяспекі работ, звязаных з карыстаннем нетрамі, стварэння горнавыратавальнай службы, кантролю і нагляду за карыстаннем нетрамі і іх ахове, адказнасці за парушэнне заканадаўства аб нетрах, вырашэння спрэчак па праблемах нетракарыстання; вызначае парадак урэгулявання нац. заканадаўства з правіламі міжнар. пагадненняў і дагавораў; парадак набыцця кодэксам сілы і прывядзення існуючых заканад. актаў па нетрах у адпаведнасць з кодэксам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПКА (Kupka) Францішак [франц. псеўд. Рэньяр Поль

(Paul Regnard); 23.9.1871, Опачна, Чэхія — 21.6.1957], чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Праф. АМ у Празе (з 1919). Вучыўся ў АМ у Празе (1888—91) і Вене (1891—95). З 1895 у Парыжы, з 1906 у Пюто (Францыя). Чл. аб’яднання «Абстракцыя — творчасць» (з 1931). У ранні перыяд пісаў карціны ў духу імпрэсіянізму («Бібліяфіл»),

сімвалізму («Недавер, або Чорны ідал», 1903), экспрэсіянізму («Архаічная», 1910). Пазней звярнуўся да абстрактных кампазіцый і т.зв. арфізму (тэрмін уведзены Г.Апалінэрам для абазначэння жывапісу, які перадае дынаміку рухаў і муз. рытмаў праз спалучэнні чыстых моцных тонаў і перасячэнне крывалінейных паверхняў). Сярод твораў: «Клавішы раяля — возера», «Першы крок» (абодва 1909), «Жонка мастака сярод вертыкаляў» (1910—11), «Чырвоныя і сінія дыскі» (1911), «Аморфа, двухколерная фуга» і «Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі (абодва 1911—12), «Вертыкальныя чырвоныя і сінія планы», «Філасофская архітэктура» (абодва 1913), «Тры сінія, тры чырвоныя» (1913—57), «Механізм» (1920), «Абстрактны жывапіс» (1931), «Аўтаномны белы» (1951—52) і інш. Аўтар ілюстрацый да «Чалавека і зямлі» Э.​Рэклю (1904—06), «Гімна гімнаў» і «Эрынеяў» Л. дэ Ліля (1905—09), «Лісістраты» Арыстафана (1906), «Праметэя» Эсхіла (1911), шэрагу малюнкаў, тэарэт. працы «Творчасць у пластычных мастацтвах» (1923).

Я.​Ф.​Шунейка.

Ф.Купка. Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі. 1911—12.

т. 9, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАФА́РБАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, якая займаецца вытв-сцю лакафарбавых матэрыялаў: лакаў і эмалей, розных фарбавальнікаў, пакосту і інш. Алейныя фарбы звычайна вырабляюцца з тонказдробненага пігменту, які размеркаваны ў масе плёнкаўтваральнага рэчыва — пакосту (раней атрымлівалі толькі з расліннага алею). Разам з натуральным пакостам наладжана вытв-сць сінт. і паўсінт. (гліфталевага) пакосту. Сыравіна для атрымання фарбавальнікаў і пігментаў разнастайная, найб. значнай з’яўляюцца араматычныя вуглевадароды — бензол, талуол, нафталін, антрацэн, ксілол і іх вытворныя. Шырока выкарыстоўваліся бітумныя лакі — растворы прыродных або штучных бітумаў ва ўайт-спірыце, ксілоле, шкіпінары і інш. растваральніках. У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся лакі на аснове эфіраў цэлюлозы, потым — сінт. смол. Цяпер выкарыстоўваюцца лакі на аснове палімераў (алкідных смол), якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі кіслотамі.

На Беларусі лакі і фарбы пачалі вырабляць у 1920-я г., напачатку ў арцелях па вырабе хім. прадукцыі, потым на прамысл. прадпрыемствах. У 1960-х г. пабудаваны буйныя Мінскі лакафарбавы завод і Лідскі лакафарбавы завод. Усяго на Беларусі каля 30 прадпрыемстваў і вытв-сцей Л.п. У 1994 прадпрыемствы Беларусі вырабілі 16,1 тыс. т лакаў на кандэнсацыйнай аснове, 2,9 тыс. т алейных фарбаў, 3,9 тыс. т пакосту. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Лакафарбавая прамысловасць. У цэху прыгатавання эмалей на Мінскім лакафарбавым заводзе.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГФЕ́ЛА ((Longfellow) Генры Уодсуарт) (27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),

амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант. паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш. Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.​Куляшоў, асобныя творы Ю.​Гаўрук, А.​Мардвілка.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;

Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Літ.:

Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» // Полымя. 1970. № 12;

Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.

Т.​Я.​Камароўская.

Г.Лангфела.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)