ТАКАЖЭ́ВІЧ (Tokajzewicz) Юзаф (8.1.1841, г. Бельск-Падляскі Падляскага ваяв., Польшча — 2.8.1919),
польскі публіцыст, пісьменнік. Скончыў Беластоцкую гімназію (1859), вучыўся ў Маскоўскім (1859—61) і Парыжскім ун-тах. У 1861 за ўдзел у студэнцкай дэманстрацыі ў Пецярбургу арыштаваны. Удзельнік паўстання 1863—64. Пасля — у эміграцыі. Заснаваў «Міжнароднае таварыства польскіх студэнтаў». Рэдагаваў двухтыднёвік «Przyszłość» («Будучыня», 1866), выпускаў рэв.-дэмакр. выданне «Gmina» («Супольнасць», 1866—67, напачатку выдавалася ў друкарні А.Герцэна ў Жэневе). Прапагандаваў тэорыю абшчыннага сацыялізму Герцэна. Арт. «Рускае пытанне» (1868) прысвяціў становішчу рус. і бел. народаў. З 1882 на радзіме. У 1883—93 супрацоўнік час. «Kraj» («Край», Пецярбург). У 1902—04 жыў на Слонімшчыне ў маёнтку М.Федароўскага, вёў з ім фалькл.-этнагр. даследаванні. Аўтар аповесцей «Пан сляпы Павал» (1881) і «Пан глухі Гавал» (1891), успамінаў «У дні вайны і голаду» (1900). Федароўскі прысвяціў яму ўспаміны «Юзаф Такажэвіч — апошні камандзір атрада 1863 г.» (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМАШЭ́ВІЧ Іван Мікалаевіч (н. 4.3.1949, в. Мерч Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (барытон), баяніст, педагог. Нар.арт. Беларусі (2000). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1979). З 1969 працаваў ва ўстановах культуры Шклова і Бабруйска, з 1979 выкладчык Наваполацкага муз. і Полацкага пед. вучылішчаў. З 1988 арганізатар і маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання пры Бел. т-ве інвалідаў па зроку, з 2001 саліст Белдзяржфілармоніі. Адначасова з 1992 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, з 1970 саліст сімф. аркестра і камерна-інстр. ансамбля Белтэлерадыёкампаніі, з 1992 — аркестра духавых інструментаў «Няміга», з 1993 — Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. У рэпертуары песні замежных і бел. кампазітараў (некат. выконваў упершыню), рамансы, арыі з опер. Сярод канцэртных праграм: «О калі б мог выказаць у гуку» (1990), «Я не шкадую сэрца добрым людзям» (1995), «Раманс забыты, але цудоўны», «І адкрыліся вочы ў душы» (абодва 1996), «Жамчужны россып мелодый кахання» (1997), «Зямны паклон вялікім юбілярам» (1998—99, прысвечаны А.Пушкіну і П.Чайкоўскаму), «Букет прэм’ер ад юбіляра» (2000), «О раманс, ты любоў мая вечная» (2001). Лаўрэат Рэсп. (1989), Усесаюзнага і Міжнар. конкурсаў (абодва 1990) выканаўцаў камернай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць прапарцыянальна развітых галін нар. гаспадаркі, якія задавальняюць патрэбы грамадскай вытв-сці ў перамяшчэнні грузаў і пасажыраў. Забяспечвае прасторавыя сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем, прам-сцю і сельскай гаспадаркай, прыродна-гасп. раёнамі, краінамі. Уключае галіны транспартнага машынабудавання, транспартнага будаўніцтва, трансп. паліўна-энергет. прадпрыемствы, органы планавання і кіравання транспартам і трансп. галіны (чыгуначны, марскі, авіяц., аўтамаб., рачны, трубаправодны транспарт; гл. адпаведныя арт.), прамысловы транспарт, гар., ведамасны транспарт, а таксама новыя віды транспарту — на магнітным падвешванні, на паветр. падушцы і інш.Тэхн. аснову Т.к. складаюць сродкі вытв-сці трансп. машынабудавання і буд-ва, трансп. магістралі і сетка дарог, будынкі і збудаванні, а таксама машыны. якія выконваюць трансп. функцыі. у т. л. па перавозках грузаў і пасажыраў, сродкі пагрузкі і выгрузкі, складавання і перавалкі грузаў на ўсіх відах транспарту, у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах. сувязь і сродкі кіравання транспартам, трансп. вузлы. Эфектыўнасць работы прадпрыемстваў і арг-цый Т.к. ў значнай меры залежыць ад скаардынаванай дзейнасці ўсіх галін трансп. сістэмы. На Беларусі кіраванне Т.к. ажыццяўляе ўрад краіны, якому падпарадкаваны Мін-ва транспарту і камунікацый, Беларуская чыгунка, Дзярж. канцэрн па нафце і хіміі, прадпрыемства «Белтрансгаз» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАСЦЯНЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны ням. фашыстамі ў ліст. 1941 каля в. Малы Трасцянец Мінскага р-на (цяпер у межах г. Мінск) для масавай загубы сав. грамадзян і ваеннапалонных, паліт. вязняў ням. турмаў і лагераў, яўрэяў з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі. Тут працавала крэмацыйная печ, з Мінска рэгулярна прывозілі вязняў у машынах-душагубках. Масавыя расстрэлы людзей праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына (да кастр. 1943 загінула 150 тыс.чал.), потым ва ўрочышчы Шашкоўка (каля в. Шабаны, цяпер у межах г. Мінск, загінула больш за 50 тыс.чал.), дзе была пабудавана спец. яма-печ. Попел з печаў выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай паблізу дапаможнай гаспадаркі. У канцы чэрв. 1944 вязні лагера знішчаны ў б. калгасным хляве ў в. Малы Трасцянец (6,5 тыс.чал.). Усяго ў Т.л.с. загублена 206,5 тыс.чал. Па колькасці знішчаных людзей гэты лагер стаіць на 4-м месцы пасля Асвенціма, Майданака і Траблінкі (каля 810 тыс.чал.). На месцы загубы вязняў абеліск, за 200 м ад в.Вял. Трасцянец помнік ахвярам фашызму.
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998. С. 157, 160—161.
Да арт.Трасцянецкі лагер смерці. Помнік ахвярам фашызму каля в. Вялікі Трасцянец. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЯ́Н Юрый Антонавіч (н. 6.10.1950, Мінск),
бел. артыст балета. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1968). З 1968 артыст, з 1990 нам. дырэктара Нац.акад.т-ра балета Беларусі. У 1988—89 дырэктар Бел. харэагр. вучылішча. Яму ўласцівы арган. спалучэнне класічнага танца з глыбокім пранікненнем у вобраз, індывідуальнасць трактоўкі. Для танца Т. характэрна свабода, скульптурнасць, завершанасць формы. Рознабаковасць яго даравання выявілася ў балетах з сучаснай пластыкай. Сярод партый: Юнак («Пасля балю» Г.Вагнера), Машэка, Тыль («Выбранніца», «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Папялушка» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Альберт («Жызэль» А.Адана), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Джэймс («Сільфіда» Х.Левенскольда), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), партыя ў 1-актовым балеце «Адажыета» на муз. Г.Малера.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103: Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987.
А.І.Калядэнка.
Ю.А.Траян.Ю.Траян. Рускі танец з балета «Шчаўкунок».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЯ́НСКАЯ ВАЙНА́,
вайна кааліцыі ахейскіх цароў на чале з царом Мікенаў Агамемнанам супраць Троі. Археал. раскопкі пацвердзілі, што каля сярэдзіны 13 ст. да н.э. Троя была разбурана. У стараж. гістарыяграфіі Т.в. датуецца 1280—1270 да н.э. (Герадот) ці 1194—1184 да н.э. (Эратасфен), у археалогіі каля 1260—1200 да н.э. Паводле паданняў падставай для вайны стала выкраданне траянскім царэвічам Парысам жонкі спартанскага цара Менелая Алены. Менелай і яго брат Агамемнан з вял. флотам адплылі ў Трааду (ПнЗ Малой Азіі). Аблога Троі цягнулася 10 гадоў. Горад быў узяты дзякуючы кемлівасці Адысея (гл.Траянскі конь). Т.в. была адным з этапаў пранікнення грэкаў у М.Азію, якое ўзмацнілася ў 13 ст. да н.э., асабліва пасля выцяснення дарыйцамі ахейцаў з тэр. Грэцыі. Падзеі Т.в. знайшлі адлюстраванне ў паэмах «Іліяда», «Адысея» і шэрагу інш. твораў.
Літ.:
Кравчук А. Троянская война: Пер. с пол. М., 1991;
Флоренсов Н.А. Троянская война и поэмы Гомера. М., 1991;
Гиндин Л.А., Цымбурский В.Л. Гомер и история Восточного Средиземноморья.
М., 1996; Гринчик Е. Троянская война. Мн., 1998.
А.Г.Зельскі.
Да арт.Траянская вайна. Падзенне Троі. Фрагменты размалёўкі: чырвонафігурнай кілікі (1), каля 490 да н.э., чырвонафігурнай гідрыі (2), каля 480 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАПРАВО́ДНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту, які ажыццяўляе перадачу на адлегласць вадкіх, газападобных ці цвёрдых прадуктаў па трубаправодах. Прызначаны для транспарціроўкі газу (газаправод), нафты і нафтапрадуктаў (нафтаправод), цвёрдых матэрыялаў (гідраўлічны транспарт, пнеўматычны транспарт). У залежнасці ад прызначэння і тэр. размяшчэння адрозніваюць Т.т. магістральны і прамысловы (найб. пашыраны). Прамысловы выкарыстоўваецца для транспарціроўкі грузаў, якія перадаюцца па трубах у межах прадпрыемства для працягу тэхнал. працэсу. Да магістральнага Т.т. належаць газа- і нафтаправоды, па якіх транспарціруюцца прадукты ад месца здабычы да месца перапрацоўкі і спажывання (заводы, марскія парты). Па магістральных прадуктаправодах транспарціруюцца гатовыя нафтапрадукты (бензін, дызельнае паліва і інш.) з заводаў у раёны спажывання. Да Т.т. адносяцца таксама нафтабазавыя, унутрыпрамысловыя нафта-, газа-, прадуктаправоды, гарадскія газаразмеркавальныя, водаправодныя і каналізацыйныя сеткі і г.д. Вядучая краіна ў галіне Т.т. Японія. На Беларусі агульная працягласць магістральных нафтаправодаў рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні 3 тыс.км, прадуктаправодаў 1,4 тыс.км, газаправодаў 6,7 тыс.км. размеркавальных газаправодаў 22 тыс.км (2002). Будуецца газаправод Ямал—Еўропа, першы ўчастак (209 км) здадзены ў эксплуатацыю (1999). Удзельная вага Т.т. ў агульным грузаабароце краіны 58% (2001). Схему магістральных нафтаправодаў гл. ў арт.Нафтаправод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ РУ́ХІ,
механічныя рухі блокаў тэктанасферы. Абумоўлены фіз.-хім. працэсамі ў нетрах Зямлі, падкоравымі канвекцыйнымі цячэннямі, перыядычнымі зменамі скорасці вярчэння Зямлі і інш. Крыніцы энергіі Т.р. — радыягеннае ўнутр. цяпло нетраў і гравітацыйная энергія Зямлі і інш. планет. Прыводзяць да парушэнняў у заляганні горных парод і адлюстроўваюцца ў рэльефе зямной паверхні. Адрозніваюць Т.р.: павольныя эпейрагенічныя (утвараюць мацерыкі) і хуткія арагенічньы (горы), верт. (нармальныя; дадатныя і адмоўныя) і гарыз. (тангенцыйныя), накіраваныя і вагальныя, хвалевыя (паслядоўныя падняцці і прагіны — мегаундацыі), глыбавыя (у межах пэўных тэктанічных структур); паводле часу праяўлення — стараж., найноўшыя, сучасныя. Старажытныя Т.р. (даалігацэнавыя) даследуюцца пераважна метадам фацый і магутнасцей асадкавых і вулканагенных тоўшчаў, выкарыстоўваюцца таксама палеамагнітныя даныя, а для апошніх 180—160 млн.г. (час існавання сучасных акіянаў) — лінейныя магнітныя анамаліі (адпавядаюць ізахронам акіянічнага ложа). Найноўшыя Т.р. даследуюцца геамарфал. метадамі, метадам фацый і магутнасцей асадкавых тоўшчаў. Сучасныя Т.р. даследуюцца геад. метадамі (паўторнае нівеліраванне, трыянгуляцыя, трылатэрацыя, лазерныя вымярэнні, метады касм. геадэзіі). Скорасць верт. рухаў ад доляў да першых дзесяткаў міліметраў за год (на Беларусі ±2 мм), гарыз. — да некалькіх сантыметраў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЦЬ АРДЫ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У складзе Іркуцкай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937 як Усць-Ардынская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 22,4 тыс.км², Нас. 143 тыс.чал. (2000). Цэнтр — пас.Усць-Ардынскі (гл. карту да арт.Іркуцкая вобласць).
Размешчана ў Перадбайкаллі, у межах Лена-Ангарскага плато. Паверхня парэзана рачнымі далінамі, пераважае ўзгорыста-раўнінны рэльеф (выш. больш за 1000 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, гіпс, вапнякі, гліны. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -22 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал.р. Ангара з прытокамі Іда, Куда і інш. На крайнім ПнУ рэкі бас. Лены (Манзурка, Куленга). Частка Брацкага вадасховішча. Большая ч.тэр. ў межах Іркуцка-Балаганскага лесастэпу. Глебы дзярнова-карбанатныя і шэрыя лясныя. Пад лесам (хвоя, лістоўніца) каля 20% тэрыторыі.
Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная, харч. (масла- і сыраробная, мясная, кандытарская), лясная і дрэваапрацоўчая. Здабыча каменнага вугалю (Харануцкі вугальны разрэз) і гіпсу (Нукуцкае радовішча). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной і воўнавай жывёлагадоўлі. Гадуюць таксама свіней, коней. Пасяўныя пл. займаюць 550 тыс.га. Сеюць пшаніцу, авёс, ячмень, кармавыя культуры. Бульбаводства, агародніцтва. На ПдЗ акругі праходзіць Транссібірская магістраль. Даўж. аўтадарог 1770 км. Суднаходства па р. Ангара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ХВЕРК (ням. Fachwerk ад Fach панэль, секцыя + Werk збудаванне),
тып каркаснай канструкцыі пераважна малапавярховых жылых і грамадскіх будынкаў, нясучымі элементамі якой з’яўляюцца стойкі, рыгелі, раскосы. Каркас сцяны фахверкавай пабудовы засн. на трывалай сувязі гарыз. і верт. драўляных брусоў, злучаных раскосамі з брусоў, металу, жалезабетону; прамежкі паміж канстр. элементамі запаўняюцца каменнем, цэглай, глінай, саманам і інш., што робіць буд-ва больш танным, надзейным, надае будынкам выразнае арх. аблічча. Пашыраны ў 14—17 ст. у краінах Еўропы. Комплексы фахверкавых дамоў, ратуш, гасп. пабудоў найб. захаваліся ў невял. гарадах Германіі. Канстр. ідэя Ф. ў мадыфікаваным выглядзе выкарыстоўваецца і ў сучасным жылым і прамысл. буд-ве. На Беларусі Ф. вядомы з 16 ст. пад назвай «прускі мур». У кліматычных умовах Беларусі сцяна з Ф. не забяспечвала неабходных цеплатэхн. характарыстык, таму найб. пашырэнне Ф. меў у верхніх, адкрытых для агляду, ч. будынкаў: вежа для гадзінніка на школе ў г. Паставы (18 ст.), шчыты жылых дамоў у в. Гарадзец Шаркаўшчынскага р-на, свірна ў в. Опса Браслаўскага р-на (19—20 ст.) і інш.