КАРНЭ́ ((Carné) Марсель) (18.8.1909, Парыж — 1994),

французскі кінарэжысёр. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (з 1979), Франц. акадэміі кінамастацтва (з 1982). Гал. тэма творчасці — няўстойлівасць, зыбкасць свету і чалавечых адносін, адзіноцтва чалавека. Сярод фільмаў: «Пацешная драма» (1937), «Набярэжная туманаў» (1938), «Дзень пачынаецца» (1939), «Дзеці райка» (1944, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1946), «Учарашнія наведвальнікі» (1947), «Жульета, або Ключ да сну» (1951), «Тэрэза Ракен» (1953), «Тры пакоі ў Манхэтэне» (1965), «Забойцы ў імя парадку» (1970, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1971), «Падманшчыкі» (1988).

Літ.:

Сокольская А. Марсель Карне. Л., 1970.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРО́БАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус. нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.

Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛІ́СА СІ́ЛА,

адна з сіл інерцыі, абумоўленая ўплывам вярчальнага руху сістэмы адліку на рух цела адносна гэтай сістэмы. К.с. I→кар = m a→кар , дзе m — маса цела, a→кар — Карыяліса паскарэнне. Наяўнасць К.с. вядзе да таго, што цела пры сваім руху адхіляецца ў напрамку, перпендыкулярным да яго адноснай скорасці, або дзейнічае на сувязі механічныя, што перашкаджаюць такому адхіленню. К.с. праяўляецца пры руху масіўных цел (напр., балістычных ракет, цяжкавагавых паяздоў), вял. мас паветра і вады (гл. Бэра закон) і інш. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса.

Карыяліса сіла.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСЦЕ́ША»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 200 родаў у Беларусі, на Украіне, у Літве і Польшчы, у т. л. Барэйкі, Верашчакі, Дарагастайскія, Дольскія, Пілсудскія, Сланчэўскія, Статкевічы, Хадкевічы, Шымковічы. У Польшчы вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — з 15 ст. На чырв. фоне выява стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуе шмат варыянтаў герба: страла з двума перакрыжаваннямі або без іх, з шасціпрамянёвымі зоркамі па баках і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІ́ЦКІЯ ЦЭ́РКВЫ УСХО́ДНЯГА АБРА́ДУ,

цэрквы, якія адышлі ад розных кірункаў усх. хрысціянства (праваслаўя, монафісіцтва, нестарыянства, монафеліцтва) і маюць унію (саюз) з каталіцкай царквой. Прызнаюць вярх. ўладу папы, асн. догматы каталіцызму, захоўваючы сваю традыцыйную абраднасць, царк. арг-цыю і літургічную мову. Дзейнічаюць 6 К.ц.у.а.: мараніцкая, грэка-каталіцкая (мелькіцкая), халдзейская (сіра-халдзейская, або асіра-халдзейская), сіра-каталіцкая, армяна-каталіцкая, копта-каталіцкая. Прыхільнікі К.ц.ў.а. жывуць пераважна ў краінах Б. Усходу — Ліване, Сірыі, Турцыі, Іарданіі, Ізраілі, Егіпце, але маюць абшчыны ў інш. рэгіёнах (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква).

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́К ДАРО́ЖНЫ,

прычапная або самаходная машына для ўшчыльнення грунтоў, дарожных асноў і пакрыццяў стальнымі вальцамі (гладкімі, рабрыстымі, кулачковымі, крацістымі) ці апорнымі коламі на пнеўматычных шынах. Пашыраны таксама вібракаткі, у якіх акрамя статычнага дзеяння ўласнай вагі, выкарыстоўваецца ўшчыльняльнае дзеянне вібрацыі. Маса К.д. (часта павялічваецца баластам); самаходных ад 0,5 да 35 т, прычапных да 100 т. Выкарыстоўваюцца ў дарожным, чыгуначным, аэрадромным, гідратэхн. і інш. буд-ве. У Беларусі К.д. выпускаюць акцыянернае т-ва «Амкадор», машынабуд. прадпрыемства «Белдартэхніка».

І.​І.​Леановіч.

Каткі дарожныя вібрацыйныя: 1 — акцыянернага таварыства «Амкадор» (Беларусь); 2 — фірмы «Марыні» (Італія).

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦІ́ЛАВА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 4 км на Пд ад г. Міёры. Пл. 0,45 км², даўж. 870 м, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 32,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад пашай, на З параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або тарфяністыя, месцамі забалочаныя. Пойма шыр. да 50 м, пад лугам. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ выцякае ручай у воз. Ворань.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАТКО́ВА (Наталля Рыгораўна) (н. 24.6.1948, Масква),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Дачка М.І.Кузьменка і Р.А.Качаткова. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Творчасць вызначаецца характарнасцю, імправізацыяй, адчуваннем ансамбля. Сярод роляў: Адэля [ «Ажаніцца — не журыцца» («Міхалка», «Мікітаў лапаць») Далецкіх і М.​Чарота], Рузана («Вясёлы тракт» Б.​Васільева), Люся («Вар’яцкае жыццё» С.​Злотнікава), Малання («Дзеці сонца* М.​Горкага), Пашлёпкіна («Рэвізор» М.​Гогаля), Дзіяна («Курыца» М.​Каляды), Федра («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Голда («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема), Нерына («Нежанаты мнагажэнец, або Залёты пана дэ Пурсаньяка» паводле Мальера) і інш.

В.​А.​Грыбайла.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫЯ ЛІ́КІ,

цэлыя або паўцэлыя лікі, якія характарызуюць пэўныя станы квантавых аб’ектаў (атамаў, малекул, ядраў, элементарных часціц). Вызначаюцца ўласнымі значэннямі аператараў, якія атрымліваюцца пры квантаванні адпаведных фіз. велічынь.

Напр., у квантавай механіцы стан асобнага электрона ў атаме вызначаецца 4 фіз. велічынямі (энергіяй, арбітальным момантам імпульсу, праекцыяй спінавага і магнітнага момантаў) і залежыць ад 4 К.л. адпаведна: галоўнага, арбітальнага (азімутальнага), магнітнага (цэлы) і праекцыі спіну (паўцэлы). У фізіцы элементарных часціц К.л. класіфікуюцца мікрачасціцы па тыпах і групах (напр., барыёны, мезоны, дзіўныя часціцы) і вызначаюць імавернасці розных рэакцый паміж імі.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)