здольнасць тэхнічных устройстваў і сістэм прыстасоўвацца да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя ці да змен уласнай структуры, што прыводзіць да павышэння эфектыўнасці іх работы. Уласцівая сістэмам аўтам. кіравання, дзе адаптацыя дасягаецца за кошт змены параметраў, структуры, алгарытму функцыянавання ў залежнасці ад змены характарыстык знешняга асяроддзя і ўласцівасцяў аб’екта праз назапашванне і выкарыстанне інфармацыі. Найб. эфектыўна рэалізуецца ў мікрапрацэсарных сістэмах кіравання за кошт прымянення алгарытмаў кіравання, пабудаваных на прынцыпах саманастройкі, самаарганізацыі і саманавучання (гл.Самапрыстасавальныя сістэмы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФЕМЕРЫ́ДЫ [ад грэч. ephēmeris (ephēmeridos) дзённік],
табліцы або зборнікі, якія змяшчаюць астр. звесткі (каардынаты планет, ШСЗ і інш.), вылічаныя для рада паслядоўных момантаў часу.
Прыклад Э. — астр. штогоднікі. Асобныя Э. спецыяльна прыстасаваны да практ. патрэб (напр., да мараплаўства). Складанне такіх Э. каардынуе Міжнародны астранамічны саюз. Паколькі Э. вылічваюцца на аснове матэм. тэорый руху нябесных цел. змешчаныя ў іх звесткі адносяцца да момантаў раўнамернага бягучага часу, штоназ.эфемерыдным часам. Выкарыстоўваюцца для арганізацыі астр. назіранняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, паслядоўнае выкарыстанне якіх можа паменшыцца да ўзроўню, пры якім далейшая іх эксплуатацыя робіцца эканамічна немэтазгоднай або ўзнікае пагроза іх поўнага знікнення. Да вычарпальных прыродных рэсурсаў належаць багацці нетраў і экасістэм: карысныя выкапні (пераважна складаныя злучэнні элементаў, руды); жывёльны і раслінны свет; глебы. Выкарыстанне вычарпальных прыродных рэсурсаў павінна быць комплексным. Частка вычарпальных прыродных рэсурсаў здольная да аднаўлення (гл.Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы), што магчыма пры ўмове выканання дапушчальных памераў выняцца рэсурсаў і ажыццяўлення захадаў да паскоранага іх аднаўлення, другая належыць данеўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Гл. таксама Невычарпальныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАІ́ЗМ (ад грэч. hērōs герой),
найвышэйшае праяўленне самаадданасці і мужнасці пры выкананні грамадзянскага абавязку. Патрабуе ад чалавека асабістай стойкасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Актам гераізму з’яўляецца подзвіг.
Пытанне аб гіст. прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст.італьян. філосафам Дж.Віка, які лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», што папярэднічаў «веку людзей». Канцэпцыя Віка ўсебакова развіта ў працах Г.Гегеля. У трактоўцы некаторых прадстаўнікоў рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і інш.) герой — выдатная асоба, якая ўзвышаецца над народам, «натоўпам». Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль — гэта мараль «натоўпу». Марксізм трактаваў гераізм як спалучэнне індывід. подзвігу з подзвігам нар. мас. У кожнага народа свае адносіны да гераізму і герояў. Найчасцей гераізм праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1492—94,
вайна Маскоўскай дзяржавы за ўсх.-слав. землі, што былі ў складзе ВКЛ. Ваенныя дзеянні пачаліся пасля смерці вял.кн.ВКЛ Казіміра IV. Рус. войскі ў жн. 1492 занялі Любуцк і Мцэнск, а восенню Хлепень і Рагачоў. У гэты час да Масквы «ад’ехалі» вярхоўскія князі з парубежных раёнаў ВКЛ, што дазволіла Івану III без цяжкасці заняць землі ў вярхоўях Акі. Рыхтуючыся пашырыць ваен. дзеянні, ён пачаў ствараць ваен. кааліцыю супраць ВКЛ. Каб спыніць ваен. дзеянні, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену Іванаўну замуж за вял.кн.ВКЛАляксандра; праведзены перагаворы аб сватанні, заручынах і вяселлі Аляксандра і Алены. У выніку пагаднення да Маскоўскай дзяржавы адышлі землі ў бас. Верхняй Акі і Вяземскае княства. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ,
матэрыялістычная тэорыя эвалюцыі арган. свету, заснаваная на поглядах Ч.Дарвіна. Абапіраецца на зменлівасць, спадчыннасць і натуральны адбор. На аснове зменлівасці ўтвараюцца новыя прыкметы і асаблівасці ў будове і функцыях арганізма, спадчыннасць замацоўвае гэтыя прыкметы, пад уздзеяннем натуральнага адбору выжываюць і размнажаюцца арганізмы, найб. прыстасаваныя да пэўных умоў існавання. Дзякуючы спадчыннай зменлівасці і бесперапыннаму дзеянню натуральнага адбору арганізмы ў працэсе эвалюцыі назапашваюць новыя прыстасавальныя прыкметы, што ў выніку вядзе да ўтварэння новых відаў. Д. далей развілі ў працах вучоныя 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.: у Расіі — І.А.Мечнікаў, А.А.Кавалеўскі, У.А.Кавалеўскі, К.А.Ціміразеў, М.А.Вавілаў, І.А.Шмальгаўзен і інш.; у Вялікабрытаніі — Т.Гекслі, А.Уолес; у Германіі — Э.Гекель, Ф.Мюлер; у ЗША — А.Грэй і інш. Сучасны Д. уяўляе сабой сінтэз класічнага дарвінізму і эвалюцыйнай (або папуляцыйнай) генетыкі, што дазваляе глыбей пазнаць заканамернасці развіцця жывой прыроды і лепш выкарыстоўваць іх у с.-г. практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯў мовазнаўстве,
разыходжанне, узаемнае аддаленне роднасных моў або дыялектаў адной мовы (напр., Д. індаеўрапейскіх моў пасля распаду індаеўрап. прамовы; Д. ўсх.-слав. дыялектаў праслав. мовы, што прывяло да фарміравання бел., укр. і рус. моў і інш.). Д. абумоўліваецца самастойнасцю развіцця роднасных этнасаў, што звязана са зменамі сац. умоў іх існавання (міграцыі, перамены ў моўна-этнічным акружэнні пэўнага этнасу, уваходжанне роднасных этнасаў у розныя дзярж. або культ.-рэліг. ўтварэнні і інш.). Д. адбываецца шляхам паступовых змен на ўсіх моўных узроўнях (фанетыка, фаналогія, граматыка, лексіка). Д. і супрацьлеглая ёй канвергенцыя — рознанакіраваныя і ўзаемазвязаныя працэсы, якія вядуць да ўзнікнення новых моў ці моўных саюзаў.
Літ.:
Вайнрайх У. Языковые контакты: Пер. з англ. Киев, 1979;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЫЦЭ́РЫУМ, аленевы рог (Platycerium),
род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).
Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.