ЖАЛКЕ́ЎСКІ, Жулкеўскі (Žółkiewski) Станіслаў (1547, Турынец каля г. Львоў, Украіна — 7.10.1620), ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Гетман польны каронны (1588), кашталян львоўскі (1590), ваявода кіеўскі (1608), гетман вял. каронны (1613), канцлер вял. каронны (1617). Удзельнічаў у ваен. дзеяннях пад Гданьскам у 1577 і ў паходах Стафана Баторыя ў Лівонскую вайну 1558—83, у т. л. ва ўзяцці Полацка (1579), аблозе Пскова (1581). У час бескаралеўя (1587) падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Задушыў паўстанне С.Налівайкі (1596). Быў праціўнікам прагабсбургскай і антырас. палітыкі Жыгімонта III, але ў час ўзбр. выступлення шляхты на чале з М.​Зэбжыдоўскім выступіў на баку караля і ліквідаваў мяцеж (1607). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 разбіў у 1610 каля в. Клушына рус. войскі, заняў Маскву і дамогся абрання на рас. трон каралевіча Уладзіслава. У 1620 узначальваў ваен. сілы Рэчы Паспалітай у вайне з Турцыяй. Загінуў у баі.

Тв.:

Historia wojny moskiewskiej aż do opanowania Smoleńska... 9 wyd. Warszawa, 1966.

Літ.:

Prochaska A. Hetman Stanisław Żółkiewski. Warszawa, 1927.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе р. Сож. Займаў пляцоўку берагавога плато, дзе ў канцы 11—13 ст. быў дзядзінец стараж. Крычава. Комплекс умацаванняў замка складаўся з 5 вежаў, у т. л. вежы-брамы. Сцены фартыфікацыі мелі выгляд «клетей замковых» тыпу 2-ярусных гародняў. На замкавым двары былі драўляная царква св. Міколы, дом дзяржаўцы, свірны, стайні, паграбы, жылыя будынкі служак, цэйхгауз-«скрабец» для захоўвання пораху, амуніцыі і рознай зброі. К.з. перажыў аблогі ў 1507, 1508, 1514, 1535, 1633 (тройчы), 1648, 1651, 1654, 1658, 1661 і 1744. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак моцна разбураны. У час працяглай аблогі войск рус. ваявод Шарамецева і Шчарбатага знясілены гарнізон К.з. быў вымушаны здацца К.​Паклонскаму. У Паўн. вайну 1700—21 замак канчаткова разбураны і адрадзіўся толькі перад 1744, калі змог вытрымаць штурмы паўстанцаў В.​Вашчылы ў час Крычаўскага паўстання 1743—44. У 1778 рус. ваен. тапографы зафіксавалі замак з палісадам на вяршыні вала і амаль засыпаны роў, пасля 1780-х г. ён страціў ваен. значэнне.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУК ((Cook) Джэймс) (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),

англійскі мараплавец.

Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл. Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл. Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл. Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл. Кука заліў) і інш.

Дж.Кук.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НКА (Янка) (сапр. Маразовіч Іван; 1895, г. Барысаў Мінскай вобл. — 1938),

бел. пісьменнік, журналіст, мастак. Скончыў Барысаўскую гімназію. З 1916 у арміі. З 1920 служачы ў мяст. Яшуны Шальчынінкскага р-на (Вільнюскі пав.), у Вільні. З 1925 актыўна супрацоўнічаў у перыяд. друку Зах. Беларусі. У 1926—28 адказны рэдактар час. «Маланка». Першыя гумарэскі апубл. ў час. «Авадзень». Сатыр. вершы, гумарэскі, фельетоны, апавяданні М. друкаваліся ў газ. «Беларуская ніва», «Беларуская доля», «Народны звон» і інш., найб. у час. «Маланка», дзе ён выступаў і як мастак. Пісаў на актуальныя тэмы грамадска-паліт. жыцця Зах. Беларусі і Польшчы. У літ. і маст. сюжэтах і вобразах адлюстроўваў яго характэрныя праявы, нац. ўціск, рост паліт. свядомасці народа, высмейваў крывадушша лідэраў польскіх бурж. і дробнабурж. партый. Каб ашукаць цэнзуру, карыстаўся прыёмамі літ. містыфікацыі: пераносіў месца дзеяння ў тагачасныя каланіяльныя і залежныя краіны (падпісваў гэтыя творы псеўд. Ляо Дзэ). Але чытачы па аналогіі, вобразных рэаліях лёгка пазнавалі зах.-бел. рэчаіснасць. Малюнкам М. характэрна паліт. завостранасць, уменне ствараць сац. абагульнены нац. тыпаж.

А.​С.​Ліс.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАРА́ДАВІЧ (Міхаіл Андрэевіч) (12.10.1771, Пецярбург — 27.12.1825),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1809), граф (1813). Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Гётынгена, Страсбурга. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Італьянскага і Швейцарскага паходаў 1799 А.​В.​Суворава, кампаній супраць Францыі 1805—07, рус.-тур. вайны 1805—12, замежных паходаў рас. арміі 1813—14. Найб. вызначыўся ў вайну 1812 у Барадзінскай бітве (камандаваў правым крылом 1-й рас. арміі, на чале ар’ергарда прыкрываў яе адыход ад Масквы і забяспечваў яе флангавы марш на Старую Калужскую дарогу). У час праследавання французаў па Старой Смаленскай дарозе (камандаваў авангардам у складзе 2-га і 7-га пяхотных, 2-га кав. карпусоў і 4 казацкіх палкоў) вызначыўся ў баях пад Вязьмай, Дарагабужам і інш.; на тэр. Беларусі заняў мяст. Гараны, пасля пераправы цераз Дняпро ішоў з войскам праз населеныя пункты Стараселле, Маляўку, Талачын, Крупкі, Барысаў, Лагойск, Ракаў, Радашковічы, Гальшаны і інш. У час замежных паходаў удзельнічаў ва ўсіх гал. бітвах, у т. л. ў Лейпцыгскай бітве 1813. З 1818 ваен. губернатар Пецярбурга. Смяротна паранены на Сенацкай плошчы П.Р.Кахоўскім у час паўстання дзекабрыстаў.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГВА́РДЫЯ.

1) узброенае цывільнае апалчэнне. Упершыню створана ў Парыжы (пад камандаваннем ген. М.Ж. дэ Лафаета) у 1789 у пач. французскай рэвалюцыі 1789—99. Будавалася паводле тэр. прынцыпу (па кварталах і акругах). Атрады Н.г. ўдзельнічалі ў паўстанні 10.8.1792 і задушэнні контррэв. выступленняў (гл. Вандэйскія войны). Пры Напалеоне I Н.г. выкарыстоўвалася як дапаможная сіла. У 1828 распушчана. Адноўлена пасля ліп. рэвалюцыі 1830, у 1852 рэарганізавана. У час франка-прускай вайны (1870—71) частка Н.г. абараняла Парыж. У сак. 1871 створаны Цэнтр. к-т Н.г., які 18—28 сак. быў часовым рэв. урадам Парыжскай камуны 187/. Дэкрэтам камуны ад 29 сак. 1871 пастаянная армія заменена Н.г., на чале якой стаялі Я.Дамброўскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля ліквідацыі камуны Н.г. распушчана. У час рэвалюцый 1848—49 цывільныя апалчэнцы тыпу Н.г. (па-іншаму нар. міліцыя, цывільная гвардыя) дзейнічалі ў краінах Герм. саюза, Іспаніі, італьян. дзяржавах і інш. 2) Тэр. вайсковыя фарміраванні ў ЗША (каля 450 тыс. чал.) і шэрагу інш. краін; з’яўляюцца рэзервам рэгулярных узбр. сіл. У мірны час выкарыстоўваецца для выканання пэўных задач.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + сінкліналь),

буйны выцягнуты прагін зямной кары, які доўгі час апускаецца, запаўняецца магутнай тоўшчай асадкавых і магматычных горных парод, потым ператвараецца ў складкавую горную вобласць (гл. таксама Геасінклінальны пояс).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЯЛІ́СТЫ (франц. адз. л. royaliste ад royal каралеўскі),

тэрмін, які ўзнік у час Французскай рэвалюцыі 1789—99 для азначэння прыхільнікаў дынастыі Бурбонаў. У больш шырокім сэнсе Р. — тое, што і манархісты.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМА́ЦЫЯ (ад лац. crematio спальванне),

трупаспаленне. Звычай К. быў шырока распаўсюджаны ў старажытнасці. Існавала мноства яе разнавіднасцей, найчасцей трапляецца змяшчэнне рэшткаў К. ў пахавальную урну. У наш час К. адбываецца ў крэматорыі.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ШПІ́ЛЕЧНА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880—1914 (?). У розны час выпускала фанеру, абутковыя гвазды, шавецкія шпількі, скрынкі. Мела 3 паравыя машыны. У 1913 працавалі 544 рабочыя.

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)