крэдытны грашовы знак, што выпускаецца эмісійным банкам наўзамен метал. грошай. З’явіліся з развіццём крэдытных адносін, асабліва пашырыліся ў 17 ст. Банкаўскі білет — даўгавое абавязацельства яго ўладальніка, на якое можна набыць любы тавар (паслугі). Напачатку такім даўгавым абавязацельствам быў вэксаль, на змену якому прыйшлі банкаўскія білеты. У 18—19 ст. яны свабодна абменьваліся на золата. З 1920-х г. у большасці краін (за выключэннем Швейцарыі) залатое забеспячэнне банкнотаў не прадугледжана. І хоць эмісійныя банкі працягваюць выпуск банкаўскіх білетаў, яны сталі аднолькавым плацежным і разліковым сродкам нараўне з грашовымі знакамі. Усе разліковыя білеты, што выпускае Нац. банк Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца яго банкаўскімі білетамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, аэробы (ад аэра... + грэч. bios жыццё),
арганізмы, здольныя жыць толькі ў прысутнасці малекулярнага кіслароду. Да іх належаць амаль усе жывёлы і расліны, а таксама многія грыбы і мікраарганізмы. Неабходную для жыццядзейнасці энергію яны атрымліваюць за кошт акісляльных працэсаў з удзелам кіслароду. Аблігатныя (строгія) аэробныя арганізмы развіваюцца толькі ў прысутнасці кіслароду (напр., воцатна-кіслыя бактэрыі), факультатыўныя (умоўныя) — пры паніжанай яго колькасці ці без кіслароду (дрожджы). Асобнае месца сярод аэробных арганізмаў займаюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — цыянабактэрыі, водарасці, сасудзістыя расліны. Кісларод, які вылучаецца гэтымі арганізмамі, забяспечвае ўсіх астатніх аэробаў. Арганізмы, здольныя развівацца пры нізкай канцэнтрацыі кіслароду (≤ 1 мг/л), наз. мікрааэрафіламі. Гл. таксама Анаэробныя арганізмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬЯ (Batalha),
Санта-Марыя да Віторыя, каталіцкі кляштар у Партугаліі; помнік гатычнай архітэктуры і рэнесансу. Засн. ў 1385. Уключае касцёл (1388—1402, арх. А.Дамінгіш) з прыбудаванымі да яго «Капэлай Заснавальніка», залай капітула і каралеўскім клуатрам (крытая аркадная галерэя-абход; усе паміж 1402—38, арх. Х’ю). За алтаром касцёла — ратонда-маўзалей «Імперфейта» («Незакончаная капэла», пач. ў 1434, арх. Х’ю, з 1490 — арх. Баітак, М.Фернандыш і інш.) у экзатычным стылі «мануэліна» (ад імя караля Мануэла I). На Пд ад кляштара ўзнік г. Баталья з царквой у стылі «мануэліна» (1512, прыпісваюць Баітаку). Занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЕРВА́ЦЫЯ,
1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́Р ХАСРО́Ў ДЭХЛЕВІ́ (1253, г. Паціяла, штат Хар’яна, Індыя — 1325),
індыйскі паэт, вучоны, музыкант. Пісаў на урду, перс. і хіндзі мовах. Яго лірыка сабрана ў 5 дыванах: «Дар юнацтва» (1272), «Сярэдзіна жыцця» (1284), «Паўната дасканаласці» (1293), «Выбраны астатак» (1316), «Мяжа дасканаласці» (1325). На ўзор «Пяцерыцы» Нізамі, абапіраючыся на інд. фальклор, стварыў цыкл з 5 паэм: «Узыходжанне свяцілаў», «Шырын і Хасроў», «Меджнун і Лейла» (усе 1298), «Іскандэрава зярцала» (1299), «Восем райскіх садоў» (1301). Складаў тэсніфы (нар. рамансы). Яму прыпісваюць зборнікі вершаў, загадак, прыказак, слоўнік сінонімаў.
Тв.:
Рус.пер. — Хамса. Маджнун и Лайли: Поэма. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.
Я.Ф.Шунейка.
А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.
рускі рэжысёр. Скончыў акцёрскі (1947) і рэжысёрскі (1955) ф-ты Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва ў Маскве. Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа (1955—59) і Я.Купалы (1961—62). Яго пастаноўкі вызначаліся дасканала распрацаванымі характарамі: «У добры час!» В.Розава (1955), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1956), «Тры салаўі, д. 17» Д.Дабрычаніна, «Калі цвіце акацыя» М.Віннікава і «Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка (усе 1957), «Тайфун» Цао Юй (1958), «Трэцяе жаданне» Б.Блажака (1961), «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962) і інш. З 1962 у Маскве, вядомы як рэжысёр тэлеспектакляў дэтэктыўнага жанру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАЛЬДЗЬЁ ((Boieldieu) Франсуа Адрыен) (16.12.1775, г. Руан, Францыя — 8.10.1834),
французскі кампазітар, прадстаўнік франц. камічнай оперы 1-й трэці 19 ст.Чл. Ін-та Францыі (1817). Працаваў царк. арганістам у Руане, з 1798 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі (з 1820 праф.). Напісаў каля 40 опер (некаторыя разам з інш. аўтарамі), у т. л. «Швейцарская сям’я», «Шчаслівая вестка», «Заклад» (усе 1797), «Каліф Багдадскі» (1800), «Аліна, каралева Галкондская» (1804), «Тэлемак» (1806), «Жан Парыжскі» (1812), «Чырвоная шапачка» (1818). Опера «Белая дама» (1825) — пачатак рамант. кірунку ў муз.-тэатр. мастацтве Францыі. Сярод інш. твораў: п’есы для фп., рамансы, у т. л. 15 зборнікаў, і інш. Сярод яго вучняў А.Адан, Ж.Фетыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ХНЕР ((Büchner) Людвіг) (29.1.1824, г. Дармштат, Германія — 1.5.1899),
нямецкі ўрач і філосаф, прыродазнавец, прадстаўнік вульгарнага матэрыялізму. З 1843 вывучаў медыцыну ў Гесене, Страсбуры, Вюрцбургу, Вене. У філасофіі Бюхнера зыходным было паняцце матэрыі, якая тоесная рэчыву і валодае шэрагам уласцівасцей. Свядомасць, на думку Бюхнера, — люстэркавае (пасіўнае) адлюстраванне рэчаіснасці і з’яўляецца прадуктам высокаарганізаванай матэрыі — мозга; да сукупнасці функцый мозга зводзіў усе духоўныя з’явы. Адмаўляў дыялектыку і сац. прыроду чалавека, падзяляў ідэі т.зв.сацыяльнага дарвінізму, адначасова абгрунтоўваў наяўнасць у жывёл грамадскай арг-цыі.