ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),
рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл.Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) сталанац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. СПб., 1994.
Літ.:
Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,
дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд.ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс.адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах.ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.
Літ.:
Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;
Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.
1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСЦЬ,
1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.
2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст.адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр.абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст.старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст.валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.
3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж.адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б.дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл.Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,
магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛАльгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял.кн.ВКЛКазіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш.Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл.Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЖыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.
Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл.Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб.стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл.Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),
філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл.Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.Бруна, Б.Тэлезіо, Т.Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.Канта. Ф.Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.Оствальд, Г.Дрыш, Т.Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.Л.Чыжэўскі, У.І.Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.Тэяр дэ Шардэн) і інш.філас. плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),
від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.Бейкер, І.Гільбер, К. дэ Мерод, Б.Кларк, Ж.Містэнгет, Э.Піяф, М.Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.
Літ.:
Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСАВА ПО́ЛЕў С.-Пецярбургу,
плошча, адзін з найб.манум. ансамбляў горада. У пач. 18 ст, на месцы М.п. быў «Вялікі луг» для правядзення ўрачыстасцей, у т. л.ваен. парадаў. З 2-й пал. 18 ст. плошча мела назву «Царыцынскі луг», з 1818 М.п. (па аналогіі з М.п. у ант. Рыме). На М.п. помнікі П.А.Румянцаву («Румянцаўскі абеліск»; 1798—99, арх. В.Ф.Брэна, з 1818 — на Васільеўскім востраве) і А.В.Сувораву (1799—1801, скульпт. М.І.Казлоўскі). У крас. 1917 у цэнтры М.п. ў брацкай магіле пахавана 180 удзельнікаў Лют. рэвалюцыі, у чэрвені яно стала цэнтрам дэманстрацыі рабочых і салдат. У 1919 тут пахаваны ўдзельнікі грамадз. вайны. У 1917—19 на месцы пахаванняў пастаўлены помнік «Змагарам рэвалюцыі» (арх. Л.У.Руднеў, аўтар надпісаў А.В.Луначарскі). У ансамбль М.п. ўваходзяць; Мармуровы палац (1768—85, арх. А.Рынальдзі, перабудаваны ў 1844—51, арх. А.П.Брулоў, класіцызм), Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. Брэна, В.І.Бажэнаў, класіцызм) з коннай статуяй Пятра I перад ім (1743—44, скульпт. Б.К.Растрэлі; у замку ў 1801 забіты імператар Павел I), б. Паўлаўскія казармы (1817—20, арх. В.П.Стасаў, ампір), а таксама прылеглыя да яго Летні сад і Міхайлаўскі сад. У 1920—23 на тэр. М.п. разбіты партэрны сад (арх. І.А.Фамін), у 1957 запалены Вечны агонь. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910—17,
антыкансерватыўная рэвалюцыя, у выніку якой у Мексіцы створаны ўмовы для дэмакр.сац.-эканам. пераўтварэнняў. Выклікана нявырашанасцю агр. пытання, незадаволенасцю многіх мексіканцаў дыктатурай П.Дыяса, засіллем замежнага капіталу ў эканоміцы і інш. Пачалася ў ліст. 1910 з узбр. выступленняў супраць дыктатуры Дыяса ў многіх населеных пунктах. У маі 1911 скінуты ўрад Дыяса, сфарміраваны ўрад, які ўзначаліў лідэр ліберальнай апазіцыі Ф.Мадэра. У выніку дзярж. перавароту ў лют. 1913 уладу захапіў ген. В.Уэрта. У ліп. 1914 пад націскам узбр.сял. атрадаў Ф.Вільі, Э.Сапаты і інш.рэв. сіл скінута дыктатура Уэрты, утвораны ліберальны ўрад В.Карансы (1914—20). Аднак нявырашанасць аграрнага і інш.сац. пытанняў выклікала грамадз. вайну (1914—16), на пач. якой атрады Вільі і Сапаты авалодалі сталіцай і ўстанавілі свой кантроль над б.ч. краіны. У гэтых умовах урад Карансы, што знаходзіўся ў г. Веракрус, у студз. 1915 выдаў агр. закон. Пазней з дапамогай сфарміраваных з рабочых т. зв. чырвоных батальёнаў урад разграміў асн. сілы Вільі і Сапаты. У выніку дзейнасці ў г. Керэтара Устаноўчага сходу (снеж. 1916 — студз. 1917) прынята канстытуцыя Мексікі, што стала завяршэннем рэвалюцыі. Паводле канстытуцыі (апубл. 5.2.1917) устаноўлены суверэнітэт мекс. нацыі над прыроднымі рэсурсамі краіны, адменены прывілеі замежнага капіталу і інш. У 1914 і 1916 мела месца інтэрвенцыя ў Мексіку войск ЗША (гл. таксама Першынга экспедыцыя), якія намагаліся спыніць рэвалюцыю.