МА́МАНТАЎ Сава Іванавіч (15.10.1841, г. Ялутараўск Цюменскай вобл., Расія — 6.4.1918),

рас. прадпрымальнік, мецэнат, дзеяч тэатр. і муз. мастацтва.

Вучыўся ў Пецярбургскім горным ін-це і Маскоўскім ун-це, вывучаў спевы і жывапіс у Італіі. Гал. акцыянер т-ваў Маскоўска-Архангельскай чыг., Неўскага мех. з-да і Усх.-Сіб. чыгунаплавільных з-даў. Разарыўся ў 1899. У 1870—90 у яго падмаскоўным маёнтку Абрамцава збіраліся буйнейшыя рас. мастакі, музыканты, пісьменнікі (гл. «Абрамцава»). Садзейнічаў развіццю рас. выяўл. мастацтва, нар. маст. творчасці і рамёстваў, муз. тэатра. У 1885 засн. на свае сродкі Маскоўскую прыватную рускую оперу (існавала да 1904), пэўны час кіраваў ёю як рэжысёр. Аўтар лібрэта да шэрагу опер.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ Аляксей (Альберт) Дзмітрыевіч (н. 9.9.1929, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),

расійскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас А.Катульскай). З 1956 саліст, з 1986 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Юродзівы і ’Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Фін («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рудольф, Пінкертон («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Аляксей Іванавіч («Гулец» С.​Пракоф’ева). Інтэрпрэтатар вак. твораў Дз.​Шастаковіча і Г.​Свірыдава. Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДЗУ Ясудзіра (12.12.1903—12.12.1963),

японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЖЫ́НСКІ (Pierożyński) Леан (каля 1753—1827),

польскі і бел. акцёр, рэжысёр, антрэпрэнёр. Творчую дзейнасць пачаў як акцёр у Варшаўскім Нац. т-ры (у В.​Багуслаўскага). Стваральнік і кіраўнік (1783—84) прыдворнай прафес. трупы Нясвіжскага тэатра Радзівілаў (у рэпертуары, акрамя драм. спектакляў, оперы-буфа «Джаніна і Бернардоне» Д.​Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.​Сарці, оперы «Салдат-чарнакніжнік, або Д’ябальскі пачастунак» Гаэтані, «Фраскатанка» Дж.​Паізіела і інш.). Вядомы як перакладчык камедый і оперных лібрэта. У 1795 выступаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.) і Вільні. Узначальваў гастролі «Кампаніі артыстаў польскай камедыі», якая наведала Украіну, Польшчу. Разглядаў тэатр як сродак эстэт. выхавання, школу грамадзянскіх дабрачыннасцей.

т. 12, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЧАЎ Пётр (9.3.1887, г. Варна, Балгарыя — 30.8.1960),

балгарскі спявак (лірыка-драм. тэнар), оперны рэжысёр. Нар. арт. Балгарыі (1949). Вучыўся ў Сафіі, Маскве (да 1911). Выступаў у еўрап. і рас. т-рах. Спяваў разам з Ф.​Шаляпіным, Т.​Даль Монтэ, Цітам Руфа. З 1936 саліст Сафійскай нар. оперы. У 1950—58 праф. Балгарскай кансерваторыі. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Шуйскі («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно). Паставіў больш за 20 опер у Балгарыі і за яе межамі. Аўтар мемуараў «Жыццё і песня» (1951). Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВЮ́ (франц. revue агляд),

від тэатральна-эстраднага прадстаўлення, якое складаецца з асобных самаст. драм. і сатыр. сцэн з песнямі, танцамі і цыркавымі нумарамі, аб’яднанымі скразной тэмай і адзіным складам выканаўцаў. Як муз.-драм. жанр аб’ядноўвае ў сабе элементы аперэты, балета, кабарэ і вар’етэ. Распаўсюдзіўся ў Францыі ў 19 ст. У канцы 19 ст. пад уплывам вар’етэ і мюзік-хола ўзнікла т.зв. пастановачнае Р. — пышнае забаўляльнае прадстаўленне. У ЗША склалася нац. разнавіднасць жанру Р. — шоу. Прадстаўнікі жанру Р. ў СССР: кампазітары М.Блантэр, І.Дунаеўскі, С.​Кац, Дз.Пакрас, Л.Уцёсаў, рэжысёр М.​Акімаў, драматург М.​Эрдман, акцёры Р.​Зялёная, А.​Менакер, М.Міронава, Р.​Ярон і інш. (гл. таксама Агляд).

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІ́ЛЬГІС (Smilgis) Эдуардс (22.11.1886, Рыга — 19.4.1966),

латышскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). З 1911 акцёр Новага Рыжскага, з 1915 Петраградскага лат. т-раў. У 1920—64 заснавальнік, маст. кіраўнік, акцёр Маст. т-ра імя Я.​Райніса (Рыга). Пастаноўкі С. вылучаліся манументальнасцю, героіка-рамантычнай накіраванасцю, яркай тэатральнасцю: «Фауст» І.​Гётэ (1940), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1946), «Агонь і ноч» Я.​Райніса (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1956), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1959), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1964) і інш. Сярод роляў: Тотс («Гуляў я, скакаў» Райніса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Дон Карлас («Дон Карлас» Шылера) і інш.

т. 15, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ЧКАК (Hitchcock) Алфрэд (13.8.1899, Лондан — 29.4.1980),

англа-амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Скончыў каталіцкі каледж і інж. вучылішча. З 1920 працаваў у кіно як мастак, з 1922 як сцэнарыст і рэжысёр. Вядомасць прынесла серыя дэтэктыўных фільмаў, насычаных «чорным гумарам» і адметных наватарскімі прыёмамі для стварэння напружанай злавеснай атмасферы страху і іроніі: «Шантаж» (1929), «Чалавек, які вельмі многа ведаў» (1934), «39 крокаў» (1935), «Лэдзі знікае» (1938) і інш. З 1939 у Галівудзе, стварыў фільмы «Рэбека» (1940), «Падазрэнне» (1941), «Галавакружэнне» (1958), «Псіхоз» (1960), «Марні» (1964), «Шаленства» (1971) і інш., у якіх падкрэсленасць паталагічных учынкаў, фрэйдысцкія матывы.

Літ.:

Трюффо Ф. Кинематограф по Хичкоку: Пер. с англ. М., 1996.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРО́Н Рыгор Маркавіч (5.2.1893, С.-Пецярбург — 31.12.1963),

расійскі артыст аперэты. Нар. арт. Расіі (1940). Скончыў драм. школу Пецярбургскага літ.-маст. т-ва (1912). З 1911 выступаў у т-рах Кіева, Адэсы, Масквы, Петраграда. Адзін з арганізатараў (1927), у 1927—39 і 1942—45 акцёр, рэжысёр, заг. маст. часткі Маск. т-ра аперэты. Сярод партый: Граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Валяпюк, Папулеску, Пелікан («Сільва», «Марыца», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана) і інш. Паставіў спектаклі: «Вяселле ў Малінаўцы» (1937), «Сільва» (1940) і інш. Аўтар кн. «Пра любімы жанр» (2-е выд., 1963). Здымаўся ў кіно.

т. 18, кн. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Співак М. Л. (рэжысёр) 2/245; 4/230; 9/245; 10/18; 12/642

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)