род кветкавых раслін сям. лёнавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На ўсіх кантынентах культывуюць Л. культурны (L. usitatissimum) — стараж. прадзільную і алейную расліну. Вылучаюць 5 груп: Л. буйнанасенны, Л.-даўгунец, Л.-кудраш, Л. прамежкавы, Л. сцелісты. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя дзікарослыя Л. слабільны (L. catharticum) і жоўты (L. flavum). Трапляюцца на сырых лугах, сярод хмызнякоў. У культуры вырошчваецца пераважна Л.-даўгунец.
Л.-даўгунец — аднагадовая самаапыляльная раслінавыш. 70—130 см. Сцябло ў густых пасевах прамое, у разрэджаных — моцна разгаліноўваецца, што зніжае якасць валакна. Лісце вузкае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі правільныя, 5-членныя ў парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. У насенні 35—38% алею, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці пакосту, лакаў, фарбаў і інш.; ільняная макуха — корм для жывёл. З валакна вырабляюць бытавую, тэхн. і тарную тканіну, з кастрыцы — паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, буд. пліты.
Літ.:
Льноводство. М., 1967;
Руководство по освоению интенсивной технологии возделывания льна-долгунца. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш.ВНУ, бат. садах і запаведніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮШЫ́НА (Trifolium),
род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар.расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́Ч (Iris),
род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 250 відаў і 30 тыс. сартоў, якія ўзніклі ў выніку скрыжавання шэрагу відаў, аб’яднаных пад назвай К. гібрыднага садовага (I. hybrida hort). Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца ў стэпах, утвараюць касачовыя стэпы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды К.: бязлісты (I. aphylla); сібірскі (I. sibirica, нар. назвы дзікія агуркі, калацец), абодва занесены ў Чырв. кнігу; жоўты (I. pseudacorus, нар. назвы косіца, кошыц, касарыкі, вужачкі). Трапляюцца па хмызняках у рачной пойме, на заліўных лугах, ускрайках балот. Сарты К. гібрыднага садовага: Крысмес Тайм (белы), Блю Сапфаер (блакітны), Уан Дэзайр (ружовы), Віта Файр (чырв.), Лаймлайт (жоўты), Аметыст Флейм (бэзавы), Вебеш (двухколерны) і інш.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з адзіночнымі або некалькімі сцёбламі-кветаносамі выш. 30—150 см. Лісце лінейна- ці ланцэтна-мечападобнае, часта па 5—10 (12) лістоў у веерападобным прыкаранёвым пучку. Кветкі буйныя, правільныя, з доўгай трубкай і 6-раздзельным вяночкападобным яркаафарбаваным адгінам. Для К. характэрна пратэрандрыя. Плод — 3-гранная каробачка. Фарбавальная і лек.расліна. З карэнішчаў некат. К. атрымліваюць духмянае рэчыва ірон для парфумерыі. Адзін з найб. папулярных дэкар. мнагалетнікаў, вядомы ў культуры з пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),
сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.
Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),
гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныя — амафоны, марфалагічныя — амаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.
Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г.ням. культуролаг Л.Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.Шпенглера — развітыя культуры, А.Тойнбі — цывілізацыі, П.Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЭ́ННЕтытуню,
адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар.расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.
Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЧКІ (Ribes),
род кветкавых раслін сям. агрэставых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Еўразіі, Амерыкі і ў Афрыцы (Атласкія горы). На Беларусі 6 дзікарослых і культурных відаў П.: альпійскія (R. aiplinum), залацістыя (R. aureum), пушыстыя (R. spicatum), светлыя (R. lucidum), чорныя (R. nigrum), чырвоныя (R. rubrum). Трапляюцца ў вільготных лясах, сярод хмызнякоў, ускрай балот і па берагах рэк; культывуюцца ў прамысл. і аматарскім садаводстве. 14 відаў інтрадукавана ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты выш. да 2 м. Парасткі гладкія, часам шыпаватыя. Лісце простае, чаргаванае, голае або апушанае, бывае з залозкамі. Кветкі ў гронках, двух- ці аднаполыя. Плод — ягада. Віды П. аб’ядноўваюць у 3 групы. Для П. чорных характэрны спецыфічны пах з-за наяўнасці залозак на ніжняй паверхні лісця. Вядомыя сарты: Беларускія салодкія, Галубка, Мінай Шмыроў, Кантата-50, Паўлінка. Група П. чырвоных як лек.расліна вядомая з 14 ст., як ягадная — з 16 ст. Сарты: Галандскія чырвоныя, Вялікія белыя, Ненаглядныя. Група П. залацістых эндэмічная для Паўн. Амерыкі. Харч., лек., дэкар. расліны.
Літ.:
Волузнев А.Г. Ягодный сад. Мн., 1970;
Валягина-Малютина Е.Т. Деревья и кустарники Средней полосы Европейской части России. СПб., 1998.