БАРХІ́Н Рыгор Барысавіч

(19.3.1880, г. Перм, Расія — 11.4.1969),

рускі архітэктар. Засл. дз. нав. і тэхн. (1960). Вучыўся ў Пецярб. АМ (1901—08). З 1909 педагог, у 1930—37 праф. Маскоўскага арх. ін-та. У 1908—11 працаваў памочнікам Р.Клейна (інтэр’еры Музея выяўл. мастацтва і Барадзінскі мост у Маскве). Асн. работы: з-ды сернай і азотнай кіслот каля Ніжняга Ноўгарада (1915—16), санаторый у г. Сакі ў Крыме (1929), дом газ. «Известия» (Масква, 1925—27) у формах канструктывізму, праект аднаўлення Севастопаля (1943—46).

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУДАР’І́НСКІ СКАРБ.

Знойдзены ў 1877 на гарадзішчы Тахці-Кувад у вярхоўях р. Амудар’я на Пд Таджыкістана. Датуецца 5—4 ст. да н.э. Захавалася 178 залатых і сярэбраных прадметаў: аб’ёмныя фігуркі, посуд, рэльефныя рэчы, пласцінкі з адціснутымі выявамі, пярсцёнкі і пячаткі, бранзалеты, дробныя ўпрыгожанні, манета Ахеменідаў. Большасць рэчаў зроблена майстрамі Ахеменідскай дзяржавы і Бактрыі. Асобныя рэчы адлюстроўваюць традыцыі мідыйскага мастацтва, звярынага стылю стэпавых плямёнаў Еўразіі. Захоўваецца ў Брытанскім музеі і Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.

Залатая бляха з Амудар’інскага скарбу.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНАЎСКІ МУЗЕ́Й ПО́МНІКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1984 у г. Гайнаўка (Польшча) па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Буд-ва пачата ў 1986 на ахвяраванні мясц. насельніцтва, бел. эміграцыі, датацый дзярж. і грамадскіх устаноў Беларусі і Польшчы. Першая экспазіцыя адкрыта 27.10.1990 (300 экспанатаў). Музейны комплекс (агульная пл. 2700 м², 3 будынкі) мае 6 экспазіцыйных залаў. Аснову экспанатаў музея складаюць с.-г. прылады працы, творы нар. мастацтва і культ. здабыткі беларусаў у Польшчы. Мае кіназалу, б-ку, кафэ-бар, атэль.

В.Луба.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧА́Р Іван Тарасавіч

(1888, с. Крышчэнцы Вінніцкай вобл., Украіна — 1944),

украінскі майстар нар. керамічнай скульптуры. Вучыўся ў свайго бацькі-ганчара. У 1935—41 вёў навучанне ў эксперым. майстэрнях пры Кіеўскім музеі ўкр. мастацтва. Аўтар востра гратэскавых па пластыцы кампазіцый на аснове традыц. ганчарнай цацкі і абрадавага посуду («Будзёнаўцы», «Белыя бягуць», абедзве 1920-я г.; «Паны на прагулцы», «Калгасны аркестр», «Дзямідавы варэнікі», 1935—36; «Малпы-музыкі», 1936; «Як мышы ката хавалі», «Перапалох», абедзве 1937; «Лісіца і журавель», 1938; «Дзям’янава юшка», 1939, і інш.).

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял. Айч. вайну).

Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.

В.Р.Анціпаў.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВІНСКАЯ Валянціна Гаўрылаўна

(н. 10.2.1936, в. Лемяшы Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1967—84 працавала на шклозаводзе «Нёман» (г.п. Бярозаўка Лідскага р-на). Працуе ў гутнай тэхніцы. пераважна ў каляровым шкле. Сярод твораў: наборы посуду «Паўночныя матывы». «Карункі»; кампазіцыі «Дуброва», «Эцюд», «Сосны»; блюды «Мак і васількі», «Леў», «Коннік»; дэкар. камплекты «Вясна», «Ружы» і інш. Работы вылучаюцца выяўл. вобразнасцю, сакавітасцю формаў. З 1984 у С.-Пецярбургу.

В.Дзівінская. Кампазіцыя «Дуброва». 1971.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ЎНАЎСКІ МУЗЕ́Й МАСТА́ЦТВА І ЭТНАГРА́ФІІ.

Адкрыты ў 1982 у в. Дзіўная Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў будынку б. лютэранскага храма 19 ст. Экспазіцыя складаецца з 2 аддзелаў: этнаграфічнага, у якім экспануюцца прадметы старажытнай матэрыяльнай культуры беларусаў, вырабы нар. ганчарства, кавальства, пляцення з лазы і саломкі, ткацтва, і мастацкага, дзе прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы бел. мастакоў Я.Драздовіча, П.Сергіевіча, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У. і М.Басалыгаў, П.Драчова, Я.Куліка, А.Марачкіна, В.Маркаўца, А.Кашкурэвіча, А.Паслядовіч, У.Тоўсціка, М.Купавы, У.Сулкоўскага, У.Савіча і інш. Працуе на грамадскіх пачатках.

М.М.Купава.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКАЯ Вераніка Рыгораўна

(н. 5.6.1957, Мінск),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Выканала люстры для кафэ «Вянок» (1984), вітраж і люстры для кафэ «Церамок» (1986), вітражы «Сонца» і «Вясёлка» для Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1992; усе ў Мінску). Сярод графічных работ: «Каляды ў бабулі» (1987), «Развітанне», «Сон» (абедзве 1989); жывапісных — «Вянчанне», «Ноч», «Узрушанне» (усе 1991), «Вецер», «Двое» (абедзве 1993), «Бабульчына гарышча», «Пад час чытання Евангелля», «Раніца» (усе 1995) і інш.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫЯ КУ́РСЫ БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА.

Існавалі са снеж. 1923 да ліп. 1927 у Мінску. Рыхтавалі выкладчыкаў беларусазнаўства для тэхнікумаў, рабфакаў і 7-гадовых школ, займаліся павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. Тэрмін навучання 1 год. Выкладаліся бел. мова (Я.Ю.Лёсік), гісторыя бел. л-ры (праф. М.М.Піятуховіч), гісторыя (праф. В.Д.Дружчыц), геаграфія (М.В.Азбукін), этнаграфія Беларусі (І.А.Сербаў), гісторыя бел. мастацтва (М.М.Шчакаціхін), педагогіка (С.В.Васілеўскі), методыкі выкладання бел. мовы (Я.Колас), бел. л-ры (праф. І.І.Замоцін), грамадазнаўства (Я.І.Каранеўскі), прыродазнаўства (праф. А.У.Фядзюшын) і інш. Загадчыкі курсаў: А.А.Сянкевіч, М.А.Грамыка, А.Ю.Міцкевіч. Пераўтвораны ў Вышэйшыя курсы грамадазнаўства.

У.У.Грамовіч.

т. 4, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЕ́С,

язычніцкае бажаство ўсх. славян. Лакальныя назвы Валос, Волас. Вялеса лічылі апекуном жывёлагадоўлі (у «Аповесці мінулых гадоў» яго называлі «скоцій бог»), багацця (яго імем кляліся купцы і княжацкія дружыннікі), мастацтва, у прыватнасці паэзіі (у «Слове пра паход Ігараў» княжацкі паэт Баян называецца ўнукам Вялеса). З увядзеннем хрысціянства ў Кіеўскай Русі (канец 10 ст.) уяўленне пра Вялеса паступова знікла, а яго гал. функцыя — апекуна жывёлагадоўлі — нададзена хрысц. святому Уласу (Аўласу), у гонар якога спраўлялі конскае свята 11 лютага ст.ст.

М.Ф.Піліпенка.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)