род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі ў паўд.ч. трапляецца Ж. фарбавальны (G. tinctona), расце падлескам у хваёвых, бярозава-хваёвых і бярозавых лясах, і Ж. германскі (G. germanica, нар. назва колкая трава), рэдкі цэнтр.-еўрапейскі горны від, расце ў хваёва-дубовых і шыракалістых лясах, сярод хмызняку, на ўзлесках і палянах. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Кусты і паўкусты выш. да 0,6—1,5 м, з прамастойнымі, пруткападобнымі, злёгку рабрыстымі сцябламі, звычайна голымі, іншы раз апушанымі белымі валаскамі, унізе з калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, з кароткім вострым канцом, голае, бліскучае або злёгку валасістае. Кветкі жоўтыя, у шматлікіх гронках на канцах галінак. Плод — струк. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, слабіцельны, абязбольваючы сродак), фарбавальная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, у якіх на наземных органах (у кветках, суквеццях, пладах, на лісці) фарміруюцца невял. зялёныя раслінкі, клубеньчыкі, цыбулінкі, пупышкі і інш., што потым падаюць на зямлю і развіваюцца ў новую асобіну. Пашыраны пераважна ў тундрах, стэпах, на высакагорных альпійскіх лугах, дзе расліны за кароткі вегетацыйны перыяд не могуць прайсці поўны цыкл развіцця і насенне не выспявае. На Беларусі з Ж.р. растуць метлюжок цыбульны, цыбуля (агародная, прычасночная, вінаградная), зубніца клубняносная, скочкі атожылкавыя; як лек. і дэкар. пакаёвую расліну вырошчваюць каланхоэ. Да Ж.р. належаць і многія насельнікі мангравых лясоў, у якіх насенне прарастае яшчэ ў няспелых пладах. У гэтай з’явы ёсць вонкавае падабенства з «прарастаннем на корані» збожжавых злакаў, у якіх пачынаюць расці спелыя зярняўкі, што страцілі фізіял. сувязь з мацярынскай раслінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКАЎКА (Stellaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 120 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі 10 відаў: З. багнавая (S. alsine), балотная (S. palustris), доўгалістая (S. longifolia), дуброўная (S. nemorum), злакавая (S. graminea), ланцэтападобная (S. holostea), незаўважаная (S. neglecta), сярэдняя, або макрыца (S. media), таўсталістая (S. crassifolia), тупачашачкавая (S. hebecalyx). Растуць у лясах, на лугах, балотах, у хмызняках, на палях, агародах і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце супраціўнае, ад лінейна-ланцэнтнага да яйцападобнага. Кветкі двухполыя, 5-, рэдка 4-членныя, звычайна белыя ў паўпарасонікавых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., кармавыя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Многія віды пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБНІ́ЦА (Dentaria),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 20 відаў. Пашырана ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 2 віды: З. клубняносная (D. bulbifera) расце ў шыракалістых і мяшаных лясах у паўд. і зах. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу, і З. пяцілістая (D. quinquefolia) трапляецца ў Гарадоцкім і Стаўбцоўскім р-нах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім, паўзучым карэнішчам, укрытым зубцападобнымі лускавінкамі (адсюль назва роду) і прамастойным сцяблом выш. да 60 см. Лісце перыстае, трайчастае ці пальчатае, іншы раз сабранае ў кальчак. У суквецці і пазухах верхняга лісця З. клубняноснай утвараюцца клубеньчыкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі двухполыя, буйныя, фіялетавыя, лілова-ружовыя, палевыя або белыя, па 6—12 у кароткіх гронках. Плод — стручок. Лек. (вяжучы сродак), харч. і дэкар. расліны. Веснавыя эфемероіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРО́ЎКА (Hierochloe),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і высокіх шыротах абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі трапляюцца: З. духмяная (H. odorata), нар. назвы зубрава трава, цяпалоць, тураўка; паўднёвая (H. australis) і зрэдку жорсткаваласістая (H. hirta). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, каля дарог.
Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі выш. да 70 см. Прыкаранёвае лісце лінейнае, плоскае, завостранае, сцябловае — лінейна-ланцэтнае, карацейшае, знізу тусклае, зверху ярка-зялёнае, бліскучае. Каласкі дробныя, залаціста- або буравата-жоўтыя, круглавата-яйцападобныя, трохкветныя, у раскідзістых мяцёлках. Плод — зярняўка. Духмяныя (маюць кумарын), лек., кармавыя (для зуброў, адсюль назва) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, для пляцення, замацавання насыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЕР (Galeopsis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўразіі (пераважна ў Зах. Еўропе). На Беларусі 5 дзікарослых відаў: З. двухнадрэзаны, або жабрэй (G. bifida), звычайны (G. tetrahit), ладаннікавы (G. ladanum), прыгожы, або зябра (G. speciosa), пушысты (G. pubescens). Растуць як пустазелле на палях, агародах, каля дарог і жылля, у сырых лясах і хмызняках.
Аднагадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным 4-гранным галінастым сцяблом выш. да 70 см. Лісце цэласнае, супраціўнае, чаранковае, яйцападобна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі пурпурна-фіялетавыя, чырванаватыя, жаўтаватыя або белыя, двухполыя, у густых несапраўдных кальчаках. Плод — шматарэшак. Лек., алейныя (у насенні да 40—50% алею), вітамінаносныя, меданосныя і перганосныя расліны; многія віды — пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНАПАТАЛО́ГІЯ,
навука пра імуналагічныя хваробы; раздзел імуналогіі; адзін з кірункаў паталогіі. Таксама паталагічныя змены ў арганізме, абумоўленыя парушэннямі імунітэту. Суправаджаюцца імунадэфіцытам — паніжэннем ахоўных магчымасцей арганізма пад уплывам антыгенаў. Бываюць пры марфал. і функцыян. зменах у сістэме неспецыфічнага і спецыфічнага імунітэту, закранаюць генет., сістэмныя, клетачныя, малекулярныя і інш. механізмы рэагавання арганізма на чужародныя субстанцыі. Аснову для развіцця імунадэфіцыту складаюць разбалансаванасць сістэмы кіравання імунітэтам, уздзеянне на яго клеткі вірусаў, бактэрый, хім. (у т. л.лек.) рэчываў, прадуктаў дысметабалізму і інш. Імунадэфіцыт бывае прыроджаны, або першасны (генет. абумоўлены), другасны, або набыты, транзіторны (пераходны). Прыкметы І. залежаць ад прычыны ўзнікнення, закранаюць гумаральную, марфал. і інш. сферы. Найб. небяспечныя віды І. — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД), асобныя аўтаімунныя хваробы, алергічныя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЗІ́ЛА (Melittis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашырана ў Еўропе. На Беларусі К. сармацкае (M. sarmatica). Нар. назвы: бальсан, лясная табака. Усходняя мяжа пашырэння праходзіць па Беларусі. Трапляецца на ПдЗ і З: у Маларыцкім, Камянецкім, Ваўкавыскім, Лельчыцкім і Мазырскім р-нах, Белавежскай пушчы. Расце групамі і асобнымі экз. ў мяшаных і шыракалістых лясах, вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным апушаным духмяным сцяблом выш. 20—80 см. Лісце супраціўнае, чаранковае, з шырокай яйцападобнай пласцінай. Кветкі буйныя, двухгубыя, бела-ружовыя або бэзаватыя з моцным мядовым пахам, у пазухах верхняга лісця. Плод — арэшак. Цвіце ў маі—чэрвені. Лек. (гіпатэнзіўны, мачагонны, вяжучы, ранагаючы сродак), меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЕ́Ц (Ranunculus),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі каля 20 відаў, найб. вядомыя К.: едкі (R. acris), нар. назва курыная слепата, паўзучы (R. repens), пякучы (R. Dammula), залацісты (R. auricomus), шарсцісты (R. lanuginosus), шматкветны (R. polyanthemos), кашубскі (R. cassubicus), даўгалісты (R. lingua), ядавіты (R. sceleratus). Растуць на вільготных лугах, у лясах і інш.
Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з пучком тонкіх каранёвых валаснікоў ці развітым карэнішчам. Лісце пальчата-раздзельнае або суцэльнае. Кветкі пераважна жоўтыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — шарападобны шматарэшак. Многія віды К. атрутныя для буйн. раг. жывёлы і авечак. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТО́НЫ,
клас арган. злучэнняў, малекулы якіх маюць карбанільную групу >C=O, звязаную з двума вуглевадароднымі радыкаламі. Адрозніваюць К. сіметрычныя (група >C=O звязана з аднолькавымі радыкаламі; напр., CH3COCH3ацэтон), несіметрычныя (з рознымі радыкаламі; напр., CH3COC2H5 метылэтылкетон ці 2-бутанон), цыклічныя (з карбанільнай групай у кальцы; напр., цыклагексанон). Асобны клас складаюць цыклічныя ненасычаныя дыкетоны — хіноны.
Ніжэйшыя аліфатычныя К. — вадкасці з характэрным пахам, вышэйшыя (у малекуле больш за 11 атамаў вугляроду) — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках, ніжэйшыя — і ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей аналагічныя альдэгідам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем алканаў і алефінаў кіслародам, дэгідрыраваннем ці акісленнем другасных спіртоў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, экстрагенты; для сінтэзу палімераў, пестыцыдаў, фотаматэрыялаў, лек. і пахучых рэчываў і інш.