СУДНАБУДАВА́ННЕ,

галіна прам-сці, якая займаецца буд-вам і рамонтам суднаў усіх прызначэнняў. Паводле характару вытв-сці суднабуд. прадпрыемствы падзяляюцца на суднабуд. і суднарамонтныя, паводле арг-цыі вытв-сці — на суднабуд. з-ды, суднабуд. і судназборачныя верфі. Пабудова сучаснага стальнога судна ўключае: падрыхтоўку ліставога і профільнага матэрыялу, выразанне дэталяў корпуса, зварку асобных карпусных канструкцый, зборку ў цэхах секцый і блокаў і мантаж з іх корпуса, спуск судна на ваду, наладку і выпрабаванне суднавага абсталявання і судна ў цэлым.

Існавала яшчэ ў Стараж. Егіпце і Кітаі. У сярэднія вякі судны будаваліся ў краінах Міжземнамор’я, Паўн. Еўропы. У 15—16 ст. С. пачало разгортвацца ў Італіі (Венецыя, Генуя, Неапаль), Партугаліі і Іспаніі, пазней — у Англіі, Галандыі, Францыі і інш. У Расіі значна развілося пры Пятру I: пабудаваны верфі ў гарадах Архангельск, Варонеж, Ціхвін і інш., у 1770—80-х г. — у гарадах Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У 19 — пач. 20 ст. суднабуд. і суднарамонтныя з-ды пабудаваны ў гарадах Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Кранштат, Рыга, Адэса, Баку, Уладзівасток і інш. У 1920—30-х г. у працэсе рэканструкцыі суднабуд. прам-сці пабудаваны новыя заводы ў гарадах Камсамольск-на-Амуры, Находка, Мурманск, Поці і інш. Наладжана буд-ва лесавозаў, груза-пасажырскіх, рэфрыжэратарных і наліўных суднаў, пабудаваны ваен. караблі і падводныя лодкі. З 1950-х г. будаваліся судны змешанага плавання, сухагрузныя, скорасныя на падводных крылах, атамныя ледаколы, плывучыя рыбазаводы і інш. Сусв. С. характарызуецца высокай канцэнтрацыяй у невялікай колькасці краін: ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Германія, Японія, Швецыя і інш. У большасці з іх судны будуюцца гал. чынам (60—70 %) на экспарт.

На Беларусі са стараж. часоў будавалі ладдзі, лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва, а таксама баркі (каля Лоева, Мазыра), віціны (Стоўбцы, Новы Свержань), барліны і інш. Першае прадпрыемства па будаванні байдарак і яхтаў з’явілася ў 1785 (Крычаўская суднаверф), у 1884 пабудаваны суднабуд. з-д у Пінску, які выпускаў параходы магутнасцю 240 к.с., карпусы для суднаў і інш. (гл. Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), у 1900 створаны суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, пазней у Гомелі. У 1918 заснаваны Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У 1925 пабудаваны суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску (у 1939 рэканструяваны ў суднарамонтны з-д), у 1929 — Петрыкаўская суднабудаўнічая верф, якая у 1974 рэканструявана ў Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у 1931 Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш. У перадваенныя гады суднабуд. прадпрыемствы Беларусі выпускалі грузапасажырскія і буксірныя паравыя судны, несамаходныя баржы невялікай грузападымальнасці. У 1920—30-я г. ў Пінску будаваліся і ваенныя судны (кананерскія лодкі, катэры і інш.) для польскай Пінскай флатыліі. У Вял. Айч. вайну ўсе з-ды разбураны Да 1950 яны былі адноўлены. У 1960—90-я г. суднабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, карпусы суднаў тыпу «рака-мора», пасаж. судны розных мадыфікацый, у т. л. на падводных крылах («Палессе»), несамаходныя баржы, грэйферныя земснарады, брандвахты, плаўэлектрастанцыі і інш. У цяперашні час (2002) рэчыцкі з-д па кантракце з галандскай фірмай выпускае карпусы грунтаадвозных баржаў унутр. плавання, Гомельскі з-д — велікагрузны цеплаход — пляцоўку тыпу «рака-мора». Астатнія прадпрыемствы галіны рамантуюць самаходныя і несамаходныя рачныя судны. Гл. таксама Судна, Судна на паветранай падушцы, Судна на падводных крылах.

В.​С.​Сяліцкі.

Да арт. Суднабудаванне. Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. Сухагрузны цеплаход-пляцоўка «Надзея». 2002.

т. 15, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЎТ Іван Іванавіч (н. 20.7.1932, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў БПІ (1961). З 1952 у ін-це «Белпрампраект» (з 1968 гал. архітэктар), адначасова (з 1968) выкладчык Бел. політэхн. акадэміі. Асн. работы (у сааўт.): карпусы з-даў гадзіннікавага (1953—56), ЭВМ (1955—61), радыёзавода (1960—63), будынкі Дзіпрасельбуда (1968), СКБ з-да працяжных станкоў (1970), аўтатрактарнага ф-та БПІ (1976), комплексы з-да халадзільнікаў (1965—90), паказальных гандл.-вытв. аб’яднанняў фірмаў «Мерседэс-Бенц» (1993) і «Пума-БМВ» (1995), навук.-вытв. аб’яднанні «Гранат» (1982) і «Цэнтр» (1985), гараж хуткай мед. дапамогі (1986—89) у Мінску; дывановы (1965), панчошны (1968) камбінаты, з-ды ЭВМ (1965—72), электралямпавы (1967—75), комплекс з-даў Мінлегхарчмаша (1980—82) у Брэсце; Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне (1966—82), філіял Мінскага трактарнага з-да ў Смаргоні (1985—90). У 1977—80 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЦУКРЫ́ДЫ,

вугляводы, у малекулах якіх ад 2 да 10 монацукрыдных астаткаў, злучаных паміж сабой т.зв. гліказіднай сувяззю. Займаюць прамежкавае становішча паміж монацукрыдамі і поліцукрыдамі. Паводле ступені палімерызацыі падзяляюцца на ды-, тры-, тэтрацукрыды і г.д. У свабодным стане пашыраны ў жывых арганізмах, фрагменты ўваходзяць у склад прыродных глікаліпідаў, флаваноідаў, алкалоідаў, сапанінаў, некаторых антыбіётыкаў і інш. Найважнейшыя алігацукрыды — цукроза (трысняговы цукар), мальтоза (соладавы цукар), лактоза (малочны цукар). З інш. прыродных алігацукрыдаў найб. вядомы рафіноза (у цукр. бураках і інш. вышэйшых раслінах), мелецытоза (у соку хвойных дрэў), трэгалоза (гал. цукар гемалімфы многіх насякомых), цэлабіёза (асн. структурная адзінка цэлюлозы).

Атрымліваюць алігацукрыды ферментатыўным або частковым кіслотным гідролізам поліцукрыдаў; шэраг аналагаў сінтэзаваны штучна. Маюць важнае значэнне ў харчаванні чалавека (асабліва цукроза і лактоза). Зрэдку бывае непераноснасць арганізмам асобных відаў алігацукрыдаў, што абумоўлена прыроджанай адсутнасцю ў кішачным соку ферментаў, якія расшчапляюць алігацукрыды на монацукрыды (суправаджаецца захворваннямі, часам гібеллю арганізма).

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ (Gobbi) Ціта (24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),

італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд. ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш. еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.​Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.​Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.​Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

Ц.Гобі ў ролі Скарпія.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЛУКО́МЛЬ,

горад у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе Лукомскага возера. Таварная чыг. станцыя, за 20 км ад пасажырскай чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. За 23 км на Пд ад Чашнікаў, 118 км ад Віцебска. 15,1 тыс. ж. (2000). Працуюць Лукомская ДРЭС, з-ды: малочны, хлебны, аб’ёмнага домабудавання, керамзітавы, «Этон» і «Эласт» па выпуску электратэхн. прадукцыі, доследная азёрна-рыбная гаспадарка, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, мед. аб’яднанне, Дом быту, 2 б-кі, Палац культуры, кінатэатр. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля Н. (ва ўрочышчы Гарадок на р. Лукомка) стаянка эпохі позняга мезаліту (5—4-е тыс. да н.э.).

Узнік у сувязі з буд-вам Лукомскай ДРЭС (пачалося ў 1964) на месцы р.п. Піянерны Бешанковіцкага р-на. Са студз. 1965 у Чашніцкім р-не. З 31.12.1965 гар. пасёлак, з 31.7.1970 горад. 6,7 тыс. ж. у 1970.

У цэнтры Новалукомля.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЫ́ЛЬ Міхась (сапр. Лешчанка Язэп Казіміравіч; н. 1.11.1915, в. Покрашава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Бел. пед. тэхнікуме (1930—33). 23.2.1933 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д.​Усходзе. У 1935 вызвалены, жыў у Варонежы (1935—41), дзе вучыўся ў пед. ін-це, працаваў на машынабудаўнічым з-дзе, настаўнічаў. З пач. Вял. Айч. вайны на Укр. фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША. Друкавацца пачаў у 1929. На эміграцыі выйшлі зб-кі яго паэзіі «Ростань» (1947), «Пад зорамі белымі» (1954), «Першая рана» (1960), «Цяжкія думы» (1961). Аўтар паэм «Пад небам Случчыны каханай» (1943), «Міжагнёўе» (1982), рамана «Із агню ды ў полымя» (1990—97). Рэдактар час. «Беларуская думка».

Тв.:

Міжагнёўе: Выбр. тв. Ню Ёрк, 1990.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНКРА́Т Ганна Купрыянаўна (13.2.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 4.2.1995),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыла студыю БДТ-1 (1934). З 1933 працавала ў БДТ-1, з 1938 у Бабруйскім калг.-саўг. т-ры, з 1946 у Бабруйскім, у 1947—72 у Гродзенскім абл. драм. т-рах. Выканаўца характарных, драм. роляў. Творчасці ўласцівы спасціжэнне сац. прыроды вобраза, пластычнасць знешняга малюнка ролі. Стварыла яркія праўдзівыя характары: у БДТ-1 — Ульяна («Бацькаўшчына» К.​Чорнага); у Бабруйскім калг.-саўг. т-ры — Настулька, Вера Міхайлаўна («Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы); у Гродзенскім т-ры — Паліна («Трыбунал» А.​Макаёнка), Ганна Іванаўна («Гэта было ў Мінску» А.​Кучара), Паліксена, Купавіна, Уланбекава, Усціння Навумаўна, Курыцына, Кабаніха («Праўда добра, а шчасце лепш», «Ваўкі і авечкі», «Выхаванка», «Свае людзі — паладзім», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Навальніца» А.​Астроўскага), Рашэль, Надзея, Васіліса, Прытыкіна («Васа Жалязнова», «Апошнія», «На дне», «Варвары» М.​Горкага).

Н.​В.​Трацэўская.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦА,

рабочы пасёлак у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна) на аўтадарозе Столін—Сарны. За 7 км на Пд ад Століна, 238 км ад Брэста. 6,8 тыс. ж. (2000).

У 19 ст. вёска Столінскай вол. Пінскага пав. У 1886—332 ж., 31 двор, царква. З пабудовай чыгункі Лунінец—Роўна (1885) чыг. ст. Гарынь. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Сталінскага пав. Палескага ваяв., 948 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 у Столінскім р-не Пінскай вобл., з 1954 Брэсцкай вобл. З 6.7.1960 рабочы пасёлак.

Працуюць з-ды: абліцовачна-фасаднай керамікі, кансервавы, камбінат буд. матэрыялаў, лесазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, камбінат быт. абслугоўвання; 3 сярэднія і сярэдняя вочна-завочная школы, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, цэрквы — правасл., хрысціян веры евангельскай, хрысціян баптыстаў-евангелістаў. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІНА Ія Сяргееўна (н. 2.3.1936, г. Варонеж, Расія),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 у Маскоўскім т-ры Массавета, з 1978 у Маск. маст. акад. т-ры імя М.​Горкага (з 1989 — імя А.​Чэхава). Творчасці С. уласцівы мяккая, абаяльная манера ігры, пранікнёны лірызм, майстэрства псіхал. аналізу: Соня («Пецярбургскія сны» паводле Ф.​Дастаеўскага), Паліна Андрэеўна («Чайка» Чэхава), Ліка («Маскоўскі хор» Л.​Петрушэўскай). З 1960 здымаецца ў кіно: «Дама з сабачкам» (1960), «Грэшніца» (1962), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж» («Асіна шчасце», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1990), «Ганна Карэніна», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Месяц жнівень» (1971), «Кожны дзень доктара Каліннікавай» (1973), «Раманс пра закаханых» (1974), «Нос» (1977), «Гараж» (1980), «Прыватнае жыццё» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Прадоўжыся, прадоўжыся, зачараванне...» (1984), «Сюжэт для двух апавяданняў» (1991) і інш.

І.С.Савіна.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЗА́Р (Salazar) Антоніу ды Алівейра

(de Oliveira; 28.4.1889, г. Санта-Комба-Дан, Партугалія —27.7.1970),

партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Скончыў Каімбрскі ун-т (1916), у 1916—28 праф. паліт. эканоміі гэтага ун-та. Адзін з заснавальнікаў партыі Каталіцкі цэнтр (1918). З 1921 дэп. парламента. У 1928—40 міністр фінансаў. У 1932—68 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Партугаліі, адначасова ваен. міністр (1936—44) і міністр замежных спраў (1936—47). Абапіраючыся на засн. ім у 1930 партыю Нац. саюз, устанавіў у краіне унітарна-карпаратыўную дзяржаву (юрыд. аформлена паводле канстытуцыі 1933). У 2-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт Партугаліі. Пасля 1945 імкнуўся да супрацоўніцтва з зах. дзяржавамі, асабліва ў ваен.-паліт. галіне (у 1949 Партугалія ўступіла ў НАТО). З пач. 1960-х г. вёў калан. вайну супраць нац.-вызв. руху ў Анголе, Гвінеі-Бісау і Мазамбіку. У 1968 адышоў ад дзярж. спраў.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)