ЗЫБ,
хвалі на паверхні акіянаў і мораў, якія ўтвараюцца з ветравых хваль пасля поўнага спынення ветру ці ў выніку выхаду апошніх з раёна іх узнікнення ў вобласць, дзе ветру няма. Хвалі З. звычайна даўжэйшыя за ветравыя (даўж. да 300—400 м, выш. да 10—15 м, перыяд да 17—20 с) і больш рэгулярныя (правільныя). З. пры бязветранасці з хвалямі правільнай формы і малой стромкасці называюць мёртвым З.
т. 7, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́БРЫЯ (Calabria),
вобласць на Пд Італіі, пераважна на п-ве Калабрыя. Пл. 15,1 тыс. км². Нас. каля 2,5 млн. чал. (1993). Уключае правінцыі: Катандзара, Казенца, Рэджа-ды-Калабрыя. Адм. ц. — г. Катандзара. Найб. гарады: Рэджа-ды-Калабрыя, Казенца, Кратоне. Вырошчваюць вінаград, масліны, цытрусавыя, інжыр. Агародніцтва і кветкаводства экспартнага кірунку. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. ГЭС на горных рэках. Металургічная, маш.-буд., хім., цэм., харч., тэкст., швейная, дрэваапр. прам-сць. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
т. 7, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЫ́ ЗАДАЧА,
адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЯ́ВІЯ (Kujawy),
гістарычная вобласць у Польшчы паміж сярэднім цячэннем р. Вісла і верхнім цячэннем р Нотаць. У старажытнасці была населена зах.-слав. племем куяваў. З 1139 асобны ўдзел, з 1231 ваяводства, з 1247 удзельнае княства. З пач. 14 ст. частка тэр. К., а з 1388 уся К. — у складзе каронных зямель. Паводле 1-га і 2-га падзелаў Польшчы (1772, 1793) адышла да Прусіі. У складзе адноўленай Польшчы з 1918.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКА́НЫ ПАЎСТА́ННЕ, рух «людзей у белых вопратках»,
паўстанне ў Сярэдняй Азіі супраць улады Арабскага халіфата на чале з Муканам (араб. «закрыты пакрывалам», Хашым Ібн Хакім) у 770—780-я г. Мукана прапаведаваў вучэнне, у аснове якога ляжалі ідэі маздакізму (гл. Маздакіцкі рух). Гал. цэнтры М.п. знаходзіліся ў Маверанахры; паселішча Наршах (каля Бухары), Самарканд і горная вобласць Санам. Ў 776—783 арабы захапілі гэтыя цэнтры, а каля 783—785 канчаткова задушылі паўстанне.
т. 11, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),
1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.
2) Вобласць пашырэння жыцця.
3) Група падобных месцапражыванняў.
4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.
5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).
т. 3, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Сібірскі антыцыклон,
вобласць высокага атм. ціску ў Сібіры, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск да 1070 мб). Азіяцкі антыцыклон — вынік моцнага ахаладжэння мацерыка, з чым звязана працяглая халодная (месцамі ніжэй за -50 °C) маласнежная зіма ва ўнутрымацерыковых раёнах. На надвор’е Беларусі ўплывае зах. адгалінаванне азіяцкага антыцыклону: устанаўліваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з т-рамі паветра ўдзень каля -10...-20 °C у зімовыя месяцы, вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.
т. 1, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,
вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТА-ФРА́НКА, порт-франка (ад італьян. porto franco свабодны порт),
порт, горад або прыморская вобласць, у межах якіх дазваляецца свабодны, бязмытны ўвоз і вываз замежных тавараў. Прыкладам такой зоны ў 19 ст. служыла Адэса, якая на працягу 40 гадоў разам з прылеглай да яе тэрыторыяй была вылучана з агульнай мытнай тэр. Рас. імперыі. У гэтай зоне дазвалялася выгружаць, захоўваць, перапакоўваць і перапрацоўваць тавары без пошлін і абмежаванняў, пакуль іх не вывозілі ў глыб Расіі.
т. 12, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ВА (Марыя Аляксандраўна) (сапр. Броніна; 1897, в. Локшы, Віцебская вобласць — 28.4.1920),
адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля ў Бабруйску і Бабруйскім пав. ў гады грамадз. вайны і ваен. замежнай інтэрвенцыі. Чл. Бабруйскага падп. к-та КП(б)ЛіБ. Стварыла Ясеньскі раённы падп. к-т, які аб’ядноўваў 15 парт. ячэек у вёсках Бабруйскага пав. 25.4.1920 арыштавана польскімі акупантамі ў час павятовай падп. парт. канферэнцыі, што адбывалася на яе кватэры. Пасля катаванняў расстраляла разам з П.П.Фёдаравым. Яе імем названа вуліца ў Бабруйску.
т. 2, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)