ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),

працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.​Я.​Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.

Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл. Гіпергенныя радовішчы).

На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.

В.​К.​Лукашоў.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КІ МО́ВЫ,

найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.

У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАЗА́ЎРЫ (Dinosauria),

самая шматлікая група вымерлых паўзуноў падкл. архазаўраў. 2 атр.: Д. яшчаратазавыя (Saurischia) і Д. птушкатазавыя (Omithischia). Больш за 600 відаў. Паходзілі ад трыясавых архазаўраў — тэкадонтаў, вядомы з трыясу да мелу на ўсіх мацерыках (акрамя Антарктыды). Росквіт у юрскім перыядзе. Паявіліся на Зямлі каля 225 млн., вымерлі каля 65 млн. гадоў назад.

Даўж. цела ад 20—60 см (кампсагнаты) да 30 м, маса ад 3 кт да 136 т (ультразаўр). Галава адносна малая, поласць чэрапа зусім маленькая. Тазавы пояс у Д. яшчаратазавых 3-прамянёвы, у птушкатазавых 4-прамянёвы. Першыя з Д. яшчаратазавых (тэраподы) хадзілі на 2 нагах, пярэднімі канечнасцямі захоплівалі здабычу. Д. яшчаратазавыя — драпежнікі, ад іх паходзілі расліннаедныя (заўраподы); буйныя, хадзілі на 4 нагах (апатазаўры, брахіязаўры, дыпладокі). Д. птушкатазавыя спачатку ўстойліва трымаліся і хадзілі на 2 нагах (арнітаподы), потым на 4. Некат. з іх мелі шыпы і пласціны на спіне і хвасце (стэгазаўры) ці панцыр і рогі на галаве (цэратапсы), цела было ўкрыта панцырам (анкілазаўры). Адкладвалі яйцы. Кіроўныя выкапнёвыя (з дапамогай іх рэшткаў вызначаюць геал. ўзрост кантынентальных адкладаў).

П.​Ф.​Каліноўскі.

Дыназаўры. Яшчаратазавыя: 1 — тыраназаўр; 2 — брахіязаўр; 3 — платэазаўр. Птушкатазавыя: 4 — кентруразаўр; 5 — трыцэратопс; 6 — качканосы.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,

працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.

А.​Я.​Супрун.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКІ ПРАРЫ́Ў 1920,

прарыў Паўн. атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі (5 кананерскіх лодак, 2 тральшчыкі, 2 пасыльныя судны) праз умацаваны раён праціўніка на Дняпры каля г.п. Лоеў у савецка-польскую вайну 1920. Мэта аперацыі — прайсці ад Гомеля (вусце р. Сож) уніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 1-й арміі Паўд.-Зах. фронту каля сутокаў Прыпяці і Дняпра. Каб увесці праціўніка ў зман адносна сапраўднага месца прарыву, маракі разам з партызанамі і падпольшчыкамі папсавалі яго лініі сувязі, разведалі праходы, напалі на суседнія польск. гарнізоны, наладзілі несапраўдную пераправу на Пн ад Лоева. Ноччу 2 чэрв. атрад пад агульным кіраўніцтвам каманд. флатыліяй П.​І.​Смірнова па Сажы ад в. Карпаўка (па рацэ вышэй Лоева) падышоў да Лоева і на світанку з боем прарваўся праз умацаваны раён і ўчастак з разбураным мостам. Пры падтрымцы 57-й дывізіі кананеркі (2 з іх страчаны) дасягнулі вусця Прыпяці каля в. Печкі, дзе адбылася пераправа войск Чырв. Арміі.

Літ.:

Паўловіч Р.К. Баявыя дзеянні Дняпроўскай флатыліі на тэрыторыі Беларусі ў 1919—1920 гт. і ў верасні 1939 г. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1997. № 4.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБЛІ́ ((Mably) Габрыэль Бано дэ) (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),

французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М.; Л., 1950;

Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.​Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.​Л.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,

уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.

Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ у вылічальнай тэхніцы,

функцыянальная частка вылічальнай машыны для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі. Ствараецца на базе розных запамінальных прыстасаванняў. Асн. элементы: носьбіт інфармацыі, блок кіравання (выконвае пошук месца на носьбіце, запісвае і счытвае інфармацыю) і канал сувязі П. з інш. блокамі ЭВМ. Асн. параметры: аб’ём і час доступу для запісу ці счытвання інфармацыі.

П. сучасных ЭВМ мае шматступеньчатую іерархічную структуру. што забяспечвае спалучэнне вял. ёмістасці і высокага хуткадзеяння. У іерархію П. ўваходзяць: знешняя П. вял. ёмістасці на аптычных дысках, магнітных дысках, барабанах, стужках і інш.; унутраная, ці аператыўная П. (мае адносна невял. аб’ём і вял. хуткадзеянне); звышаператыўная П. (кэш-П., П. неадкладнага доступу, мае час доступу, значна меншы за час доступу да аператыўнай П., і служыць буферам паміж працэсарам і аператыўнай П.); рэгістры — запамінальныя прыстасаванні аб’ёмам 1 слова ў розных блоках працэсара; пастаянная П. (доўгачасовая, аднабаковая) для захоўвання канстант, падпраграм і мікрапраграм; буферная П. як прамежкавае звяно паміж запамінальнымі прыстасаваннямі розных узроўняў ЭВМ. Пры праграмаванні складаных задач аперацыйная сістэма забяспечвае рэжым віртуальнай П., калі П. падзяляецца на асобныя старонкі і кожнаму карыстальніку аддаецца адвольны аб’ём П., незалежны ад рэальнага аб’ёму асн. П. ЭВМ і абмежаваны толькі разраднасцю адрасоў у камандах.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)