ПЯТРО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 31.12.1918, с. Бяляева Веліжскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1964). Скончыў Кіеўскае ваен. вучылішча сувязі (1938), экстэрнам юрыд. ф-т Львоўскага ун-та (1951). З 1938 у органах дзяржбяспекі. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд. і 4-м Укр. франтах. З 1945 у Прыкарпацкай ваен. акрузе. У 1954—58 у цэнтр. апараце КДБ СССР, у 1956—59 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР па БВА. У 1959—70 старшыня КДБ БССР. У 1970—80 нач. асобага аддзела КДБ пры СМ СССР ў Паўн. групе войск. Дэп. Вярх. Савета БССР (1961—67), чл. ЦК КПБ (1960—71).

Я.​С.​Фалей.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВА́НІЧЫ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень — в. Раваніцкая Слабада. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Чэрвень, 85 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Смалявічы. 885 ж., 324 двары (2001). Спірт- і вінзаводы, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі ў гонар партыз. брыгады імя М.​Шчорса і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Раваніцкі палацава-паркавы комплекс і касцёл св. Антонія (1790). У вёсцы ў 19 ст. дзейнічалі Раваніцкая суконная мануфактура і Раваніцкая фабрыка шавецкіх шпілек.

Т.​І.​Маслоўская.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г. Рагачоў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі, з 2.4.1777 у Магілёўскай губ., з 23.12.1796 — у Беларускай губ. У гэты час паўд. частка павета далучана да Гомельскага пав., а на Пн яму перададзена частка Чэрыкаўскага і большая частка скасаванага Быхаўскага пав. З 27.2.1802 у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. З 1861 падзяляўся на 18 валасцей, меў 9 мястэчак. Пл. каля 7451 км², нас. 121,6 тыс. чал. (1864), 142,9 тыс. чал. (1885). У 1917 было 14 валасцей. З 26.4.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 3.3.1924 у складзе БССР. 17.7.1924 скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў Бабруйскую і Магілёўскую акругі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́Ў-НА-ДО́НЕ,

горад, цэнтр Растоўскай вобл., у Расіі. Засн. ў 1749 як мытня і порт. Нас. 1013 тыс. ж. (2000). Порт на р. Дон, за 46 км ад яе ўпадзення ў Азоўскае м. Трансп. вузел: 4 чыг. лініі, аэрапорт, 5 аўтастрад. Прам-сць: машынабудаванне (70% рас. выпуску збожжаўборачных камбайнаў), у т. л. с.-г. (ВА «Растсельмаш» і інш.), станкабуд., авіяц., эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст., швейная і інш.), харчасмакавая (мясакамбінаты, вінны і кансервавы з-ды; тытунёвая), дрэваапрацоўчая. Вытв-сць буд. матэрыялаў, ф-ка клавішных інструментаў. 9 ВНУ, у т. л. Растоўскі дзяржаўны універсітэт, кансерваторыя. 4 тэатры. Філармонія. Цырк. Музеі: краязн., выяўл. мастацтваў. Сабор 18 ст.

т. 13, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХЦЕ́ЕНКА (Іван Навумавіч) (21.9.1905, в. Шэкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 29.6.1988),

бел. вучоны ў галіне батанікі. Д-р біял. н. (1961), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Бацька Л.​І.​Рахцеенкі. Скончыў БСГА (1930). З 1951 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (дырэктар), з 1955 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (да 1978 заг. лабараторыі). Навук. працы па эколага-фізіял. асновах узаемадзеяння раслін у фітацэнозах, прынцыпах падбору біялагічна сумяшчальных відаў для высокапрадукцыйных змешаных лясных насаджэнняў.

Тв.:

Рост и взаимодействие корневых систем древесных растений. Мн., 1963;

Корневое питание растений в фитоценозах. Мн., 1971 (у сааўт.);

Эколого-физиологические основы взаимодействия растений в фитоценозах. Мн., 1976 (у сааўт.).

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНЫ КРАЙ»,

газета, якая выдавалася Цэнтр. бел. радай Гродзеншчыны з 22.6 да 10.7.1919 у Гродне на бел. мове. Адлюстроўвала пазіцыі бел. эсэраў. Вызначальныя ў газеце — незалежніцкія матывы. Дамагалася бел. дзяржаўнасці, свабоды ад усякага ціску звонку, апелявала да патрыят. пачуццяў насельніцтва, якія павінны яднаць яго дзеля супраціўлення акупацыі. Пратэставала супраць паланізатарскіх акцый польскіх улад. Патрабавала стварэння бел. войска, развіцця бел. школьніцтва, т-ра. Пісала пра заключэнне міру ў Версалі, пра заснаванне ў Гродне Грамады бел. моладзі, яе культ.-асветную праграму Публікавала гіст. матэрыялы, вершы і прозу мясц. аўтараў. У газеце друкаваліся пад псеўданімамі Б.​Тарашкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, П.​Мядзёлка. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскімі ўладамі.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗЕНШЭЙН (Давід Іосіфавіч) (май 1903, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1920—29 сакратар Віленскіх гаркомаў КСМ Літвы і КПЗБ, 2-і сакратар Віленскага, сакратар Гродзенскага акр. к-таў КПЗБ. Кіраваў цэнтр. краёвай рэдакцыяй КПЗБ. З 1934 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг» і інш. выданняў КПЗБ і КСМЗБ на мовах насельніцтва Зах. Беларусі. Тройчы (1921, 1929, 1936) арыштаваны польск. ўладамі і асуджаны на розныя тэрміны зняволення. З кастр. 1939 супрацоўнік абл. газ. «Вольная праца» ў Беластоку, у Вял. Айч. вайну — падп. газ. «Белостокская правда», пасля вайны — газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча») і «Wolność» («Свабода»). У 1953—59 на журналісцкай рабоце ў Мінску.

Э.​Р.​Іофе.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗІНГ (Барыс Львовіч) (5.5.1869, С.-Пецярбург — 20.4.1933),

расійскі фізік і вынаходнік, заснавальнік электроннага тэлебачання. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1891). У 1894—1918 і з 1924 у ВНУ Ленінграда, з 1931 у Архангельскім лесатэхн. ін-це. Адначасова з 1924 у Ленінградскай эксперым. эл.-тэхн. лабараторыі, у 1928—31 у Цэнтр. лабараторыі правадной сувязі. Навук. працы па электрадынаміцы і радыёфізіцы. Вынайшаў першую электронную сістэму стварэння і перадачы тэлевізійнага відарыса (1907), дзе выкарыстаў электронна-прамянёвую трубку і безынерацыйны фотаэлемент. Здзейсніў перадачу тэлевізійнага відарыса на адлегласць і прадэманстраваў яго прыём (1911). Стварыў больш за 120 розных схем і сістэм тэлевізійнай апаратуры.

Літ.:

Горохов П.К. Б.​Л.​Розинг — основоположник электронного телевидения. М., 1964.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ,

апазіцыйны паліт. рух у асяроддзі партуг. афіцэраў, які падрыхтаваў і ажыццявіў Партугальскую рэвалюцыю 1974. Узнік у вер. 1973 як лабісцкая арг-цыя прафес. вайскоўцаў; з канца 1973 палітызаваўся, да сак. 1974 наз. Рух капітанаў. У сак.—крас. 1974 «цэнтр. камісія» руху распрацавала план узбр. выступлення супраць аўтарытарнага рэжыму М.​Каэтану (пераемнік дыктатара А.Салазара). Абапіраўся на капітанаў (каля 2 тыс. чал. у 1974) і інш. афіцэраў партуг. узбр. сіл. Пасля перамогі рэвалюцыі (крас. 1974) праграма руху (у т. л. дэмакратызацыя дзярж. ладу, спыненне вайны у афр. калоніях Партугаліі) прызнана праграмай Часовага ўрада Партуг. Рэспублікі. У снеж. 1975 рэарганізаваны, страціў паліт. значэнне.

Літ.:

Гл. пры арт. Партугальская рэвалюцыя 1974.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦАРСКАЕ ВО́ЙСКА,

цяжкаўзброеная конніца, якая з’яўлялася гал. сілай феад. армій Зах. і Цэнтр. Еўропы ў 11—14 ст. Р.в. складалі рыцары з дробнамаянтковых і сярэдніх феадалаў, іх узбр. слугі — конныя і пешыя лучнікі, капейшчыкі (пікінёры) і пажы. Узбраенне: меч, цяжкае кап’ё (піка), а часам сякера на доўгім дзяржанні, булава або паліца; у якасці засцерагальнага ўзбраення — латы. Ніжэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай Р.в. было кап’ё, у якое ўваходзілі рыцар, збраяносец, конныя і пешыя лучнікі і пажы; вышэйшай арганізац.-тактычнай адзінкай — сцяг (уключаў 25—80 коп’яў). Бой Р.в. зводзіўся гал. чынам да адзінаборства рыцараў. Найб. развіцця Р.в. дасягнула ў 11—13 ст. (гл. Крыжовыя паходы). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р.в. паступова страціла сваё значэнне.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)