спецыяльна пабудаваныя і адпаведна абсталяваныя збудаванні для аздараўленчых і вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па розных відах спорту.
Першыя С.з. — ант. стадыёны, іпадромы, амфітэатры, цыркі Стараж. Грэцыі і Рыма. Распаўсюджанне хрысціянства, якое адмаўляла культ гарманічна развітага чалавечага цела, прыпыніла буд-ва С.з. у сярэднія вякі. С.з. 19 ст. ў Зах. Еўропе (басейны, гімнастычныя залы) стылістычна паўтаралі ант. ўзоры. Памеры і арх. асаблівасці робяць сучасныя С.з. моцнымі кампазіцыйнымі акцэнтамі забудовы населенага пункта, мікрараёна, зоны адпачынку і інш. (стадыёны «Маракана» ў Рыо-дэ-Жанейра і «Раздан» у Ерэване, спарт. комплексы «Лужнікі» і «Алімпійскі» ў Маскве і інш.). Адрозніваюць С.з. спецыялізаваныя (велатрэкі, басейны, тэнісныя корты і інш.) і комплексныя (стадыёны, палацы спорту, манежы, комплексныя пляцоўкі, шматзальныя карпусы і інш.). Паводле аб’ёмна-планіровачных вырашэнняў падзяляюцца на адкрытыя і крытыя, паводле прызначэння — для летніх і зімовых відаў спорту, вучэбна-трэніровачныя і дэманстрацыйныя (з трыбунамі для гледачоў). Набылі пашырэнне шматмэтавыя спарт.-відовішчныя збудаванні для спарт. спаборніцтваў, мітынгаў, сходаў, канцэртаў, кінапаказаў і інш.
На Беларусі будынкі і памяшканні для заняткаў спортам і фізкультурай будавалі з 18 ст. (манежы, фехтавальныя залы). З канца 19 ст. вядомы спец.спарт. залы для барацьбы, цяжкай атлетыкі, велатрэк (Мінск). Актыўнае буд-ва С.з. пачалося ў канцы 1920-х г. (іпадром у Мінску, стадыёны ў Гомелі, Магілёве, Мінску, Оршы; усе знішчаны ў Вял.Айч. вайну). У пасляваен. гады С.з. сталі абавязковай ч. забудовы гарадоў, паркаў культуры і адпачынку, цэнтр. сядзіб калгасаў і саўгасаў, тэрыторый пры навуч. установах. Для буйных рэсп., усесаюзных і міжнар. спаборніцтваў пабудаваны унікальныя С.з., якія вызначаюцца арыгінальнасцю арх. прыёмаў, навізной планіровачна-тэхнал. вырашэнняў: стадыён «Дынама» ў Мінску, Мінскі палац спорту, спарт. комплексы «Працоўныя рэзервы», «Раўбічы», «Стайкі», Палац лёгкай атлетыкі спарт.к-таУзбр. Сіл Беларусі, Палац тэніса ў Мінску (гл. Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь), конна-спарт. манеж «Ратамка», Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, Палац спорту ў Гомелі (1964) і інш. Найчасцей С.з. ўзводзяць паводле індывід. праектаў, з выкарыстаннем спец. канструкцый для перакрыцця вял. (да 56 м) пралётаў. У 2-й пал. 1990-х г. рэалізавана праграма буд-ва ў абл. гарадах палацаў спорту (лядовых палацаў) для спаборніцтваў па фігурным катанні, хакеі і інш.: Мінскі лядовы палац спорту, у Брэсце (арх. І.Боўт, В.Шаўчэнка), Віцебску (арх. Боўт, А.Шафрановіч), Гомелі (арх. Боўт, С.Міцько), Гродне (арх. М.Жучко, У.Еўдакімаў, А.Пархута, А.Тараненка), Магілёве (арх. А.Вераценнікаў, М.Гроднікаў, Г.Зыблюк, А.Касаткін). Умяшчальнасць трыбун 3150—2000 месцаў. С.з. вызначаюцца своеасаблівымі планіровачнай структурай, вырашэннем інтэр’ераў і дызайнам, выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Спарт. залы палацаў перакрыты уніфікаванымі фермамі пралётам 48 м пры выш. залы да 12 м (у Мінску — 9 м). Рэканструяваны крыты каток у парку імя М.Горкага (арх. А.Прасяная, Ю.Кузьміна і інш.) і адкрытая лядовая пляцоўка Палаца спорту (арх. Боўт, Шафрановіч) у Мінску. З 1999 ствараецца Нац.алімп. комплекс у Мінску.
Літ.:
Кистяковский А.Ю. Проектирование спортивных сооружений. 2 изд. М., 1980;
Яго ж. Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985;
Спортивная панорама // Архитектура и стр-во. 2000. №4.
С.А.Сергачоў, С.Дз.Філімонаў.
Да арт.Спартыўныя збудаванні. Крыты стадыён спартыўнага комплексу «Алімпійскі» ў Маскве.Да арт.Спартыўныя збудаванні. Лядовы палац спорту ў Гомелі. Архітэктары І.Боўт, С.Міцько.Да арт.Спартыўныя збудаванні. Адкрытая лядовая пляцоўка Палаца спорту ў Мінску.Да. арт.Спартыўныя збудаванні. Палац спорту ў Віцебску. Архітэктары І.Боўт, А.Шафрановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯГ ВО́ІНСКІ,
знак, які аб’ядноўвае воінскую часць і ўказвае на яе прыналежнасць да ўзбр. сіл пэўнай дзяржавы; сімвал воінскіх гонару, доблесці і славы. Уяўляе сабой палотнішча пэўнага колеру і памеру, прымацаванае да дрэўка з метал. навершам (наканечнік накшталт кап’я ці інш. сімвалічнай выявы).
С.в. існавалі ў розных народаў, найб.стараж. ў краінах Усходу. Напачатку ролю С.в. выконвалі пэўныя фігуры (сава, сфінкс, арол і інш.), размешчаныя на версе дрэўка. У стараж. славян сцяг меў выгляд шаста з пучком травы ці конскай грывы на версе. У 9 ст. з’явіліся сцягі з тканіны (чатырох-. радзей трох або шматвугольнае палотнішча, звычайна шматкаляровае з простым малюнкам, які добра чытаецца; мацавалася на дрэўку або рэйцы, шнуры); з 11 ст. мелі выявы гербаў (крыжоў) і пэўныя геральдычныя колеры. Асн. разнавіднасці: напр., харугва — старадаўняя назва баявых сцягоў у вайск. падраздзяленнях шэрагу краін, у т. л.ВКЛ; штандар — С.в. ў сярэдневякоўі ў кав. часцях і злучэннях армій Рас. і Герм. імперый і інш. Існуюць сцягі больш дробных памераў (значок, вымпел, гюйс і інш.). У Расіі да пач. 20 ст. назва, форма і колер С.в. неаднаразова мяняліся. Сцягі Чырв. Арміі існавалі з 1918, рабіліся з чырв. тканіны, мелі розныя памеры, змест і характар малюнкаў. У 1926 зацверджаны адзіны ўзор сцягоў часцей РСЧА. У Вял.Айч. вайну зацверджаны новыя ўзоры Чырв. сцягоў для воінскіх часцей і злучэнняў (21.12.1942), для гвардыі (11.6.1943), для часцей і злучэнняў ВМФ (5.2.1944). З 1975 С.в. стаў называцца Баявым Сцягам.
На Беларусі С.в. вядомы з сярэдневякоўя. У час Грунвальдскай бітвы 1410, паводле апісання Длугаша, у войску ВКЛ 30 харугваў мелі выяву герба «Пагоня» на чырв. полі, а 10 — выяву герба «Калюмны» (белыя слупы або калоны на чырв. фоне). На карціне, прысвечанай Аршанскай бітве 1514 (створана ў 1520-х г. невядомым аўтарам і захоўваецца ў музеі Войска Польскага ў Варшаве), паказаны не толькі дзярж. сцяг ВКЛ з выявай «Пагоні», але і белыя флюгеры з намаляваным чырв. крыжам св. Георгія. У 16 ст. на вял. харугве ВКЛ з шоўку (згодна з паведамленнем А.Гваньіні, яна мела «сем локцяў кітайкі») была выява Божай Маці. Бела-чырвона-белы сцяг з’явіўся ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18. С.в. (сцягі партызанскія) у 1918—20 і 1941—44 мелі партыз. атрады, палкі і брыгады, якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі.
С.в. (Баявы Сцяг) воінскай часці Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь складаецца з падвойнага прамавугольнага палотнішча чырвонага колеру, дрэўка з навершам і падтокам, шнура з кутасамі і сцягавых стужак. Уручаецца воінскай часці ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Заўсёды захоўваецца ў часці, а на полі бою — у раёне баявых дзеянняў воінскай часці. С.в. служыць напамінам кожнаму ваеннаслужачаму аб гераічных традыцыях і свяшчэнным абавязку абароны Айчыны. Пры страце Баявога Сцяга камандзір часці і непасрэдныя віноўнікі падлягаюць ваен. суду, а вайск. часць расфарміроўваецца.
Літ.:
Устав внутренней службы Вооруженных Сил Республики Беларусь. Мн. 2001;
Шатунов Г.П. Символ воинской чести, доблести и славы. М., 1975;
Маковеев М.С. О знамени: которому присягаем. М., 1974;
Топильский В.Ф. Знамя части. Л., 1974;
Басаў А.Н., Куркоў І.М. Флагі Беларусі ўчора і сёння. Мн., 1994.
С.А.Фамін, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Сцяг воінскі. 1—2 — харугвы атрадаў ВКЛ у Грунвальдскай бітве 1410; 3 — сцяг штаба злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай вобласці. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; 4 — Баявы Сцяг воінскай часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРГЕ́НЕЎ Іван Сяргеевіч (9.11.1818, г. Арол, Расія — 3.9.1883),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1833—34), скончыў Пецярбургскі ун-т (1837). Літ. дзейнасць пачаў як паэт — рамант. вершы і паэма «Сцяно» (нап. 1834, апубл. 1913). На фарміраванне яго літ.-эстэт. поглядаў паўплываў В.Бялінскі. Пад уплывам натуральнай школы напісаў паэму «Памешчык» (1846), аповесць «Петушкоў» (1848), пачаў развенчваць рамантычнага, «дэманічнага» героя (аповесці «Андрэй Коласаў», 1844; «Тры партрэты», 1846; «Брэтэр», 1847). У цыкле апавяданняў «Запіскі паляўнічага» паказ духоўных якасцей і адоранасці рус. сялянства, паэтызацыя прыроды. У гогалеўскіх традыцыях напісаны п’есы «Безграшоўе» (1846), «Нахлебнік» (1848, апубл. 1857), «Месяц у вёсцы» (1855), «Снеданне ў прадвадзіцеля» (паст. 1849) і інш. Сацыяльныя, маральныя і духоўныя праблемы ў аповесцях «Муму» (1854), «Заезны дом» (1855). У лірыка-філас. аповесцях «Дзённік лішняга чалавека» (1850), «Паездка ў Палессе» (нап. 1853—57), «Зацішша» (1854), «Якаў Пасынкаў» (1855), «Перапіска», «Фауст» (абедзве 1856), «Ася» (1858), «Першае каханне» (1860) тып «лішняга чалавека», псіхалагічна глыбокія жаночыя характары, гісторыі трагічнага, нераздзеленага кахання. У рамане «Рудзін» (1856) тэма «лішняга чалавека» раскрыта глыбей і шырэй. Адно з найвялікшых яго маст. дасягненняў — раман «Дваранскае гняздо» (1859). У аснове рамана «Напярэдадні» (1860) думка пра неабходнасць свядома-гераічнай асобы. Раман «Бацькі і дзеці» (1862) пра ідэйныя, сац., філас., эстэт. спрэчкі 1860-х г. Пазней у творах Т. з’явіліся песімістычныя настроі (аповесці «Здані», 1864; «Даволі», 1865; раман «Дым», 1867). У перыяд народніцкага руху вярнуўся да вобраза «лішняга чалавека» (аповесць «Веснавыя воды», 1872) і гераічнай тэмы (раман «Новае», 1877). У кн. «Вершы ў прозе» (ч. 1, 1882) роздум над жыццём, сутнасцю паэзіі. Т. — мастак-рэаліст, тонкі псіхолаг, пранікнёны лірык. Яго творчасць паўплывала на развіццё сусв. л-ры. У 19 — пач. 20 ст. ўрыўкі з яго твораў перадрукоўваліся ў газетах, што выходзілі на Беларусі. Шырока адзначыла бел.дэмакр. грамадскасць яго юбілейныя даты. Першыя пераклады твораў Т. на бел. мову апублікаваны ў газ. «Наша ніва». З 1860-х г. п’есы Т. вядомы бел. гледачу. Іх паказвалі мясц. і прыезджыя тэатр. калектывы; п’есы «Нахлебнік», «Безграшоўе» і «Месяц у вёсцы» былі і ў рэпертуары бел. аматарскіх калектываў. Інсцэніроўкі рамана «Напярэдадні» былі ўвасоблены на сцэнах Бел.т-раімя Я.Коласа (1950), Гродзенскага абл.драм.т-ра (1952), рамана «Дваранскае гняздо» — абл.драм. т-раў Брэсцкага (1950) і Пінскага (1953), п’еса «Месяц у вёсцы» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1996). На Бел. тэлебачанні паводле твораў Т. паст. фільмы «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975), «Зацішша» (1982), «Бацькі і дзеці» (1984). Творчасць пісьменніка даследавалі бел.літ.-знаўцы А.Вазнясенскі, І.Замоцін. На бел. мову асобныя творы Т. пераклалі Я.Сіпакоў, Я.Шарахоўскі, У.Шахавец, В.Шашалевіч, А.Якімовіч і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч. и писем. Т. [1—28]. М., 1960—68;
Полн. собр. соч.: В 30 т. Т. [1—24], 2 изд. М., 1978—2001;
Бел.пер. — Выбр. апавяданні. Мн., 1947;
Апавяданні. Мн., 1937;
Апавяданні. Мн., 1939;
Запіскі паляўнічага. Мн., 1951;
Рудзін;
Напярэдадні. Мн., 1952;
Вершы ў прозе. Мн., 1994.
Літ.:
Замоцін І. І.С.Тургенеў // Зап. Ін-та літаратуры і мастацтва БелАН. 1934. Кн. 2;
Пустовойт П.Г. И.С.Тургенев — художник слова. М., 1980;
И.С.Тургенев в воспоминаниях современников. Т. 1—2. 2 изд. М., 1983;
Муратов А.Б. Тургенев-новеллист (1870—1880-е г.). Л., 1985;
Роман И.С. Тургенева «Отцы и дети» в русской критике. Л., 1986;
Вишневская И.Л. Театр Тургенева: (Некоторые пробл. интерпретации классики на сов. сцене). М., 1989;
Набоков В.В. Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев: Пер. с англ.М., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАГА́Л (Chagall) Марк (Моўша Хацкелевіч, Майсей Захаравіч; 7?.7.1887, г. Віцебск — 28.3.1985),
бел. і франц. мастак яўрэйскага паходжання. Ганаровы д-р ун-та ў г. Глазга (Вялікабрытанія; 1959). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1906), рысавальнай школе пры Т-ве заахвочвання мастацтваў (1907—08), прыватнай школе А.Званцавай у Л.Бакста і М.Дабужынскага (1908—10) у Пецярбургу. Удзельнік выставак аб’яднанняў «Асліны хвост» (1912), «Бубновы валет» (1916), «Свет мастацтва» (1919, 1922). У 1910—14 жыў у Парыжы, дзе пад уплывам еўрап. авангардысцкіх кірункаў і рус.нар. мастацтва пісаў карціны, якім уласцівы рытмічная арганізацыя кампазіцыі, геаметрызаванасць аб’ёмаў, напружанасць і эмацыянальнасць колеру, часта дамінаванне яўр.рэліг. і фалькл. тэматыкі: «Я і мая вёска» (1911), «Расіі, аслам і іншым» (1911—12), «Аўтапартрэт з сямю пальцамі», «Яўрэй моліцца» (абодва 1912). З 1914 у Віцебску, з 1915 у Расіі. З 1918 паўнамоцны прадстаўнік па справах мастацтваў у Віцебскай губ., заснавальнік Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. З 1920 у Маскве. У 1921—22 выкладаў у прац. калоніі «III Інтэрнацыянал» для беспрытульнікаў у г.п. Малахаўка пад Масквой. У 1922 ці 1923 эмігрыраваў у Парыж, з 1941 у ЗША, у 1947 вярнуўся ў Францыю. Працаваў у жывапісе, станковай і кніжнай графіцы, тэатр.-дэкарацыйным, манум., дэкар.-прыкладным мастацтве, скульптуры. Асн. тэмы творчасці — сімвалічна асэнсаваныя, выяўленыя праз спалучэнне розначасовых і рознапрасторавых эпізодаў мантажу віды Віцебска, Парыжа, свет цырка, закаханыя, матывы іудзейскай містыкі: «Віцебск» (1908), «Стары Віцебск», «Блакітныя закаханыя» (абодва 1914), «Зялёныя закаханыя» (пасля 1914), «Ружовыя закаханыя», «Шэрыя закаханыя» (абодва 1916), «Сіні дом у Віцебску», «Шэры дом у Віцебску» (абодва 1917), «Над горадам» (1918), «Павянчаныя Эйфелевай вежай» (1928), «Стары горад» (1929), «Аголеная над Віцебскам» (1933), «У часу няма берагоў» (1939—41), «Масты Сены» (1953), «Каровы над Віцебскам» (1966), «Анёл над Віцебскам» (1977), «Мастак над Віцебскам» (1977—78, варыянт 1982); серыя літаграфій «Успаміны аб Віцебску» (пач. 1960-х г.). Крыніца сюжэтаў для кампазіцый Ш. — яўр. местачковы побыт, трактаваны ў наіўна-паэт., гратэскна-сімвалічным, іранічна-фантаст. духу. Яны вылучаюцца жывапісным тэмпераментам, эмацыянальнасцю і пластычнай выразнасцю, сакавітым колерам і адначасова мяккім лірызмам. Аўтар партрэтаў: «Мяснік» («Партрэт дзеда», 1910), «Партрэт брата Давіда з мандалінай» (1914), «Бэла ў белым каўнерыку» (1917), «Вянчанне» (1918), аўтапартрэтаў; ілюстрацый да кніг «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1923—27), «Байкі» Ж.Лафантэна (1925—30), Бібліі (1930—39, 1952—56), «Тысяча і адна ноч» (1946), «Дафніс і Хлоя» Лонга (1952), вершаў А.Вазнясенскага (1969—70), «Бура» У.Шэкспіра (1975), «І на зямлі» А.Мальро (1977); сцэнаграфій балетаў «Алека» на музыку П.Чайкоўскага (1942), «Жар-птушка» І.Стравінскага (1945) у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку і інш. Працаваў у манум. мастацтве: размалёўкі плафонаў т-раў «Гранд-Апера» ў Парыжы (1963—64) і «Метраполітэн-опера» (1965—66), вітражы для Іерусалімскай клінікі (1962), Рэймскага сабора (1974), касцёла св. Стэфана ў г. Майнц (Германія, 1978—85), мазаікі для Нац. банка ў г. Чыкага (ЗША, 1972) і інш. Пісаў вершы. У г. Ніца (Францыя) створаны музей Ш., прысвечаны яго творам на біблейскія тэмы, у Віцебску — Дом-музей, Артцэнтр імя Ш., яму пастаўлены помнік (1992, скульпт. А.Гвоздзікаў). У 1994 і 1997 у Віцебску адбыліся 1-ы і 2-і Міжнар. пленэры Ш.
Тв.:
Рус.пер. — Ангел над крышами: Стихи Проза. Статьи. Выступления. Письма. М., 1989;
Моя жизнь. СПб., 2000;
Бел.пер. — Паэзія. Мн., 1989.
Літ.:
Апчинская Н. Марк Шагал: Графика. М., 1990;
Яе ж. Марк Шагал: Портрет художника. М., 1995;
Подлипский А. Марк Шагал: Основные даты жизни и творчества. 2 изд. Витебск, 2000;
Яго ж. Васильковые годы Марка Шагала. или Витебск в судьбе художника. Витебск, 1997;
Meyer F. Mare Chagall: Life and work. New York, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ШЛЮБЕ І СЯМ’І.
Складаецца з нарматыўных актаў, якія рэгулююць адносіны паміж грамадзянамі на аснове шлюбу, замацоўваюць правы і абавязкі членаў сям’і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнар. права, забяспечваюць ахову мацярынства і бацькоўства, законных правоў і інтарэсаў дзяцей, спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Асн. заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы сямейнага права, — Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, прыняты 9.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.9.1999. Ён складаецца з 7 раздзелаў (241 артыкул).
У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны задачы заканадаўства аб шлюбе і сям’і, умацавання сям’і як натуральнай і асн. ячэйкі грамадства на прынцыпах агульначалавечай маралі, роўнасці, павагі і ўзаемадапамогі членаў сям’і. Раздзел «Шлюб» вызначае парадак і ўмовы ўзяцця шлюбу, заключэння шлюбнага дагавора, правы і абавязкі мужа і жонкі, парадак спынення шлюбных адносін, парадак і вынікі ўстанаўлення паходжання дзяцей ад бацькоў, якія знаходзяцца або не знаходзяцца ў шлюбе паміж сабой. Раздзел «Сям’я» ўстанаўлівае падставы ўзнікнення правоў і абавязкаў сям’і, адказнасць за выхаванне дзяцей, асабістыя немаёмасныя праваадносіны ў сям’і (вызначэнне прозвішча, грамадзянства, месца жыхарства дзяцей, выхаванне, забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, догляду і нагляду за імі), маёмасныя праваадносіны бацькоў і дзяцей (кіраванне справамі і маёмасцю непаўналетніх і непрацаздольных дарослых дзяцей, парадак выплаты або спагнання аліментаў, падставы спынення аліментных абавязацельстваў); вызначае парадак і прававыя вынікі ўсынаўлення дзіцяці, мэты і вынікі ўстанаўлення апекі і апякунства, пытанні выхавання дзяцей у прыёмнай сям’і, патранатнага выхавання дзяцей — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў. У раздзеле «Ахова дзяцінства» абвяшчаецца роўнасць і прыярытэт правоў дзяцей, вызначаюцца сац. (права на жыццё, годныя ўмовы жыцця, абарону здароўя, правы на адукацыю і працу, адпачынак і вольны час) і матэрыяльныя (на матэрыяльнае забеспячэнне, на жыллё) правы дзяцей. У раздзеле «Акты грамадзянскага стану» вызначаюцца парадак рэгістрацыі нараджэння, заключэння шлюбу, устанаўлення бацькоўства, усынаўлення, смерці, змены імя і інш. У спец. раздзеле ўстанаўліваецца парадак прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ў адносінах да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама парадак прымянення заканадаўства аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаў і адпаведных міжнар. дагавораў.
У выпадку адсутнасці ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і парадку рэгулявання асобных відаў сямейных адносін выкарыстоўваюцца нормы Грамадз. кодэкса Рэспублікі Беларусь. Нарматыўныя акты па пытаннях шлюбных і сямейных адносін могуць прымаць Прэзідэнт, Урад і інш. органы дзярж. кіравання. 17.1.2001 прыняты дэкрэт Прэзідэнта «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі і афармлення скасавання шлюбу». Указам Прэзідэнта ад 21.1.1998 зацверджаны «Асноўныя напрамкі дзяржаўнай сямейнай палітыкі Рэспублікі Беларусь». Пастановамі Савета Міністраў ад 28.10.1999 зацверджаны палажэнні: аб органах апекі і апякунства ў Рэспубліцы Беларусь, аб парадку кіравання маёмасцю падапечных, аб прыёмнай сям’і. Пленум Вярх. суда Рэспублікі Беларусь прыняў пастановы «Аб судовай практыцы па справах аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў» (26.9.2002), «Аб судовай практыцы па справах аб усынаўленні (удачарэнні)» (20.12.2000) і інш. Міністэрствамі адукацыі і фінансаў зацверджана «Інструкцыя аб парадку пакрыцця расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія змешчаны ў дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы на дзяржаўнае забеспячэнне, а таксама ў апякунскую, прыёмную сям’ю» (кастр. 2002). Нормы, якія рэгулююць сямейныя адносіны, ёсць у міжнар. канвенцыях аб спагнанні за мяжой аліментаў (у Рэспубліцы Беларусь уведзена ў дзеянне 28.9.1996), аб абароне дзяцей і супрацоўніцтве ў адносінах міжнар. ўсынаўлення (у Беларусі ўведзена ў дзеянне 1.11.2003) і інш.
Літ.:
Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1998;
Пенкрат В.И. Семейное право Мн., 1998;
Функ Я.И. Брачный договор: Имуществ. отношения супругов, их участие в хозяйств. обществах и товариществах. 2 изд. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАРНАЕ, ЗЯМЕЛЬНАЕ І ЭКАЛАГІЧНАЕ ПРАВА
Даследаванні па пытаннях зямельнага права, прававых праблемах землекарыстання, землеўладкавання і арганізац. форм мясц. гаспадаркі на Беларусі пачалі праводзіцца з 1921 у Ін-це бел. культуры, з 1935 — у Ін-це філасофіі створаны Ін-т філасофіі і права АН Беларусі. У 1978 у гэтым ін-це створаны сектар, у 1986 — аддзел прававых праблем сельскай гаспадаркі і аховы навакольнага асяроддзя (заг. аддзела М.В.Сторажаў), дзе рыхтавалі навук. кадры, даследаваліся прававыя пытанні арганізацыі с.-г. вытв-сці, землекарыстання і аховы прыроды. Пытанні прававога становішча калгасаў, правоў і абавязкаў калгасных органаў кіравання і спецыялістаў с.-г. прадпрыемстваў па кіраванні вытв-сцю даследавалі В.С.Карпік, Л.М.Малчадская, В.М.Сторажаў; прававыя пытанні сац. аховы і забеспячэння калгаснікаў — І.В.Гушчын; землекарыстання, насенняводства і здабычы торфу — Л.М.Мароз, М.У.Пухонта, А.А.Шынгель; кантрактацыі с.-г. прадукцыі — Карпік, Н.Г.Станкевіч і інш.
З набыццём Рэспублікай Беларусь суверэнітэту праблемы аграрнага, зямельнага і экалагічнага права даследавалі ў аддзеле с.-г. і экалагічнага права (з 2000 аддзел прыродарэсурснага, аграрнага і экалагічнага права) Ін-та дзяржавы і права Нац.АН Беларусі; на кафедры экалагічнага і агр. права юрыд. ф-та БДУ (з 1991 заг. А.І.Бабылёў, з 1993 — Сторажаў); на кафедры дзярж., працоўнага і с.-г. права юрыд. ф-та Гродзенскага ун-та і інш. З пач. 1990-х г. праводзіліся даследаванні ў галіне прыродарэсурснага, аграрнага і экалагічнага права: арганізацыйна-прававым забеспячэнні аховы лясоў (Е.У.Лаеўская), прававым рэгуляванні дзейнасці сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак (С.П.Кацуба), с.-г.вытв. кааператываў (І.П.Кузьміч), прававым рэгуляванні агр. адносін у дзярж. сектары эканомікі (В.С.Елісееў), прававой ахове навакольнага асяроддзя гарадоў (Н.А.Шынгель, Г.І.Ушкевіч), прававым рэжыме асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў (В.Я.Лізгаро), прававых праблемах платнага прыродакарыстання (Л.М.Мароз), рэалізацыі экалаг. функцыі дзяржавы ў заканад. дзейнасці Парламента Рэспублікі Беларусь (Н.А.Карповіч), прававым рэгуляванні аховы і карыстання жывёльнага свету (Г.І.Зайчук), праве спец. лесакарыстання (І.С.Шахрай).
Створаны падручнікі і навуч. дапаможнікі, выдаюцца манаграфічныя даследаванні, праводзяцца міжнар. канферэнцыі па праблемах агр., зямельнага і эканамічнага права. У кастр. 1998 у Мінску на базе Бел.эканам. ун-та праведзена міжнар. канферэнцыя «Аграпрамысловае, гаспадарчае і экалагічнае права ва ўмовах пераходнай эканомікі»; у 1999 — міжнар. кангрэс «Прававыя праблемы зямельнай і аграрнай рэформы ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Расіі, Беларусі, Украіны і інш. краінах СНД, дзяржавах Балтыі». У 2004 Гомельскім тэхн. ун-там імя П.В.Сухога арганізавана міжнар.навук.-практычная канферэнцыя «Аграрная галіна: сацыяльна-эканамічныя і прававыя праблемы станаўлення і перспектывы развіцця».
Літ.:
Карпик В.С., Сторожев Н.В. Права и обязанности внутриколхозных органов управления. Мн., 1969;
Яго ж. Правовой режим мелиорированых земель. Мн., 1986;
Ядевич Н.И. Производственная деятельность межхозяйственных предприятий в сельском хозяйстве. Мн., 1981;
Яе ж. Договорные отношения сельскохозяйственных предприятий Мн., 1991;
Сторожев Н.В., Молчадская Л.Н. Права и обязанности специалистов сельскохозяйственных предприятий по управлению производством. Мн., 1982;
Станкевич Н.Г. Правовое обеспечение Продовольственной программы. Мн., 1986;
Яе ж. Земельное право Республики Беларусь. Мн., 2000;
Мороз Л.Н. Улучшение природных ресурсов: договорные отношения Мн., 1994;
Яго ж. Недра в Республике Беларусь: Проблемы правового регулирования, использования и охраны. Мн., 1995;
Бобылев А.И., Балашенко С.А. Вопросы общей теории экологического права. Мн., 1991;
Бобылев А.И., Демичев Д.М., Шингель Н.А. Правовой режим использования и охраны природных объектов и природных ресурсов. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯЛОГІЯ І БІЯХІМІЯ РАСЛІН
Сістэматычныя даследаванні па фізіялогіі раслін на Беларусі пачаліся ў 1920-я г. М.М.Гайдуковым у БДУ і БСГА. Вывучалася храматычная адаптацыя ў раслін. З 1928 кафедры гэтых устаноў узначальваў Ц.М.Годнеў, які разам з супрацоўнікамі (А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, С.У.Калішэвіч, В.Ф.Купрэвіч і інш.) даследаваў прыроду і механізмы функцыянавання фотасінтэтычнага апарату: біясінтэз хларафілу, будову пластыд, змяшчэнне пігментаў у расл. клетцы, сувязі фотасінтэзу з прадукцыйнасцю раслін. У 1950-я г. ў Ін-це біялогіі АН Беларусі распрацоўваліся пытанні стану хларафілу ў раслінах і спецыфічныя механізмы яго ўтварэння (Н.К.Акуловіч, Ц.М.Годнеў, У.Л.Калер, А.А.Шлык), рост і развіццё раслін на тарфяных глебах (Н.М.Стасенка, Р.І.Царова, В.М.Цярэнцьеў). Для вывучэння біясінтэзу хларафілу ўпершыню на Беларусі быў выкарыстаны метад мечаных атамаў. Асн. вынікі даследаванняў апублікаваны ў манаграфіі Ц.М.Годнева «Хларафіл. Яго будова і ўтварэнне ў расліне» (1963; адзначана ў 1967 прэміяй АНСССРімя К.А.Ціміразева). З канца 1950-х г. у Ін-це біялогіі АН Беларусі даследуюцца механізмы выбіральнага ўздзеяння гербіцыдаў і рэгулятараў росту на расліны (А.П.Валынец, В.П.Дзеева, С.М.Маштакоў, Н.В.Санько, З.І.Шэлег), фізіялогія і біяхімія бульбы (А.С.Вечар, М.М.Ганчарык), лубіну (А.В.Міроненка), функцыі некаторых форм пластыд раслін (А.С.Вечар, У.М.Рашэтнікаў), біяхімія пладова-ягаднага вінаробства (А.С.Вечар, Л.А.Юрчанка). У 1960—70-я г. ў Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі М.М.Ганчарык і яго вучні атрымалі фундаментальныя вынікі па параўнальным уздзеянні бясхлорных і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіялогію, біяхімію і прадукцыйнасць с.-г. раслін; даследавалі структурна-функцыянальную ўзаемарэгуляцыю ў хларапластах (В.М.Іванчанка), электрадыфузійныя ўласцівасці і іонную пранікальнасць клетачных мембран (С.Г.Галакціёнаў, М.М.Ганчарык, У.М.Юрын), фізіялогію і прадукцыйнасць раслін пры імпульсным дажджаванні (Б.І.Лягенчанка, Ч.А.Раманоўскі). Значныя вынікі атрыманы ў даследаванні морфафізіялагічных заканамернасцей і шляхоў рэалізацыі патэнцыяльнай прадукцыйнасці збожжавых на ўзроўні асобнай расліны і монавідавых супольнасцей (С.А.Калер, М.А.Ламан, Н.М.Стасенка, К.І.Хмурэц, Б.Н.Янушкевіч), распрацаваны фізіялагічныя абгрунтаванні кірункаў селекцыі на высокую прадукцыйнасць і ўстойлівасць раслін (С.І.Грыб, М.А.Ламан, М.Ц.Чайка). Заснавальнікам патафізіялогіі раслін на Беларусі з’яўляецца В.Ф.Купрэвіч. Яго вучні даследуюць фізіёлага-біяхімічную прыроду патагенезу, заканамернасці спалучанай эвалюцыі расліны-гаспадара і паразіта (Д.К.Гесь, В.В.Карпук, Г.М.Падчуфарава, Г.І.Спірыдонава, З.Я.Сярова, Л.С.Юшко), антыбіятычную актыўнасць, уздзеянне і ахоўныя ўласцівасці фізіялагічна актыўных рэчываў (А.П.Валынец, С.М.Палянская, Р.А.Прохарчык, У.П.Шуканаў).
Вывучаюцца пратэіназна-інгібітарная сістэма і яе роля ў бялковым метабалізме раслін (В.В.Буснюк, В.І.Домаш), арганізацыйныя структуры і сістэмы рэгуляцыі воднага гамеастазу раслін, асаблівасці функцыянавання аквапарынаў (С.А.Анкуд, Т.С.Гігалашвілі, Л.Р.Емяльянаў, Ж.І.Казлова, А.В.Плакс, У.Г.Рэуцкі). З 1990-х г. вядуцца даследаванні па абгрунтаванні іанітапоннай тэхналогіі круглагадовага атрымання міні-клубняў бульбы ў біятэхнічных комплексах, біяфізічных метадах экспрэс-дыягностыкі патэнцыяльнай прадукцыйнасці і ўстойлівасці збожжавых культур (У.А.Баброў, Т.Г.Янчэўская і інш.). У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі вывучаюцца фізіялогія і біяхімія культуры тканак і пратапластаў, трансгенных раслін (І.В.Галдзянкова, У.М.Рашэтнікаў, А.У.Спірыдовіч, Т.І.Фаменка), рэакцыя раслін урбанізаваных ландшафтаў на ўздзеянне тэхнагеннага забруджвання навакольнага асяроддзя (Я.А.Сідаровіч, А.А.Сяргейчык, С.А.Сяргейчык).
Літ.:
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;
Новые направления в физиологии растений. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх.ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс.км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн.Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г.Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх.ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-растудз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-растудз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 мм — найб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-растудз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс.ж.), Гянджа (281 тыс.ж.), Сумгаіт (235 тыс.ж.), Мінгечаур, Шэкі.
Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст.н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл.Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж.мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст.манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц.феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл.«Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл.Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб.дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав.сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт.вобл. (1923, гл.Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл.Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджане ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт.вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.
Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб.нар. партыя, Азерб.сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб.сац.-дэмакр. партыя і інш.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн.т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд.м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд.кВт∙гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн.т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн.га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн.га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн.га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал.тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс.т, малака — 84,8 тыс.т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.
Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.
Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс.чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс.чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс.чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс.чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б.СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.
Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс.ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс.ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп.б-каімя Ахундава, Фундаментальная б-каАН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.
Літаратура. Азерб.л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ.азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).
На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац.арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л.нац.арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац.маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.
Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст.найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап.муз. культура. Асновы сучаснай азерб.прафес.муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб.т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.
Тэатр. Вытокі азерб.тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац.драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж.т-р (азерб., рус., арм.драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб.драм. трупа пераўтворана ў Азерб.дзярж.т-р (Азерб.акад.т-рімя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн.Азерб.тэатр.т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.
Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц.т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.
Герб і сцяг Азербайджана.Азербайджан. Горад Баку.Да арт.Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.Да арт.Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.Да арт.Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.Да арт.Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.Да арт.Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.Да арт.Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.Да арт.Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.Да арт.Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВАННЕ І МЕТАЛААПРАЦОЎКА
Як базавая галіна прамысловасці яна забяспечвае выпуск прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння і бытавой тэхнікі. Паводле агульнапрынятай класіфікацыі, вытворчыя аб’яднанні і прадпрыемствы галіны падзяляюць на 3 групы: машынабудаванне, прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў, рамонт машын і абсталявання. На Беларусі гэтыя групы ўключаюць каля 30 галін, больш за 670 прадпрыемстваў з сярэднегадавой колькасцю прамыслова-вытворчага персаналу больш за 400 тыс. чалавек. Па ўдзельнай вазе ў валавой прадукцыі (22,2%), асноўных вытворчых фондах (28%), колькасці занятых (36,5%) гэты комплекс займае 1-е месца ў прамысловасці Беларусі (2002).
Машынабудаванне (група А) на Беларусі прадстаўлена 348 прадпрыемствамі 20 падгалін, вядучымі з якіх з’яўляюцца аўтамабільная прамысловасць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне і навукаёмісты комплекс; уключае таксама электратэхнічную, станкабудаўнічую, падшыпнікавую і інструментальную прамысловасць, будаўніча-дарожнае і машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці, вытворчасць санітарна-тэхн. і газавага абсталявання.
Як галіна прамысловасці машынабудаванне і металаапрацоўка пачала развівацца на Беларусі ў 2-й пал. 18 ст. Адной з першых у 1768 каля г. Маларыта была адкрыта мануфактура, дзе выраблялі катлы для вінакурэння і разнастайны гасп. інвентар. З 1780 на Вішнеўскім металургічным заводзе (Валожынскі р-н) выпускалі с.-г. прылады і рэчы хатняга ўжытку. У 1840-я г. адным з найбольшых быў металургічны завод у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н). У 1873 у пас. Барань (Аршанскі р-н) пачаў працаваць драцяна-цвіковы завод Пазней пабудаваны заводы металаапрацоўчы ў Віцебску (1877), Кашарскі машынабудаўнічы і чыгуна-металургічны ў Мінску (1881), суднабудаўнічы ў Пінску (1884), чыгуналіцейны і машынабудаўнічы ў Лідзе (1901), механічны і машынарамонтны завод «Гігант» у Мінску (1907, з 1912 — з-д «Энергія»), чыгунамедналіцейны і механічны ў Магілёве (1915) і інш. Дзейнічалі майстэрні па рамонце паравозаў і вагонаў у Гомелі, Пінску, Баранавічах. У 1913 удзельная вага металаапрацоўчай вытворчасці ў цэнзавай прамысловасці Беларусі дасягнула 3,8%, на прадпрыемствах галіны працавала больш за 2,5 тыс. рабочых (6,6% ад усіх рабочых, занятых у прамысловасці).
Значнае развіццё машынабудаванне і металаапрацоўка атрымалі ў 1920—30-я г. У 1918 пачаў працаваць суднабудаўнічы завод у Гомелі, «Чырвоны металіст» у Віцебску (выпускаў с.-г. машыны). На адноўленым у Мінску заводзе «Энергія» ў 1926 зроблены доследны ўзор такарнага станка — першы бел. станок. На базе мінскіх чыгуналіцейнага і машынабудаўнічага заводаў «Метал», «Усход» і с.-г. майстэрні ў 1928 створаны машынабудаўнічы завод «Камунар» (з 1934 Мінскі станкабуд. завод імя Кірава), які вырабляў ціскі, свідравальныя станкі, каменедрабілкі, тачкі і інш. У 1928—30 пабудаваны Гомельскі завод с.-г. машынабудавання (Гомсельмаш), які выпускаў сіласарэзкі, сячкарні, бульбасартавальныя машыны, з 1934 — малатарні, сенакасілкі і інш. У 1928 на базе механічных і жалезаліцейных майстэрняў заснаваны чыгуна- і медналіцейны завод у Оршы (выпускаў вентылятары і запчасткі для с.-г. машын, з 1960 спецыялізуецца на выпуску плоскашліфавальных станкоў). У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання ў БССР сталі Мінск, Віцебск і Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прамысловасці, электрарухавікоў. У 1940 у Мінску асвоены выраб радыёпрыёмнікаў на заводзе, перавезеным з Вільні. Выпуск прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў параўнанні з 1913 павялічыўся ў 58 разоў, удзельная вага гэтай галіны ў прамысловасці краіны ў 1940 дасягнула 15,2%, у т. л. машынабудавання 6,3%. У пачатку Вял.Айч. вайны частка машынабудаўнічых заводаў эвакуіравана на ўсход СССР, астатнія разбураны ў гады акупацыі.
У пасляваенныя гады адноўлены разбураныя прадпрыемствы, створаны новыя галіны: па вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, веласіпедаў, падшыпнікаў і інш. У 1944 пачата будаўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода, на якім у 1947 выраблены першы бел. аўтамабіль-самазвал — 6-тонны МАЗ-205; у 1945 — Мінскага мотавелазавода, які ў 1947 выпусціў першую партыю веласіпедаў; у 1946 — Мінскага трактарнага завода, які ў 1950 асвоіў выпуск тралёвачных трактароў; у 1948 — Мінскага падшыпнікавага завода, першая прадукцыя на якім атрымана ў 1951. Хуткаму асваенню і выпуску складанай прадукцыі спрыяла наяўнасць кваліфікаваных кадраў, стварэнне навуковай, навукова-канструктарскай і эксперым. базы. У 1950-я г. створаны новыя галіны машынабудавання — радыёпрамысловасць, прыладабудаванне, электратэхнічная і электронная прамысловасць, машынабудаванне для лёгкай і харч. прамысловасці. Пабудаваны Мінскі радыёзавод (з 1951 выпускаў радыёлы «Мінск—Р-7», з 1954 — тэлевізары «Беларусь», з 1968 — «Гарызонт», з 1969 — радыёпрыёмнікі «Акіян»), Аршанскі завод лёгкага машынабудавання (з 1953 выпускаў быт. швейныя машыны, пасля таксама тэхналагічнае абсталяванне для швейнай і трыкатажнай вытворчасці), мінскія заводы электратэхнічны (з 1956 электрашчыты, сілавыя трансфарматары, электрападстанцыі і інш.), гадзіннікавы (з 1956 ручныя жаночыя гадзіннікі «Зара», з 1963 мужчынскія «Прамень»), аўтаматычных ліній (з 1957 металарэзныя станкі, з 1959 аўтаматычныя лініі), электронных вылічальных машын (з 1960 лямпавыя ЭВМ «Мінск-1», з 1964 — «Мінск-2»), халадзільнікаў (з 1962 халадзільнікі «Мінск-1»), Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне (з 1958—25-тонныя аўтамабілі-самазвалы МАЗ-525, з 1961—27-тонныя БелАЗ-540) і інш.
У 1960—90-х г. паглыблялася спецыялізацыя прадпрыемстваў, нарастаў аб’ём вытворчасці прадукцыі, ішла рэканструкцыя і змена профілю многіх машынабудаўнічых заводаў. Перавага аддавалася паскоранаму развіццю маламеталаёмістых і працаёмкіх галін машынабудавання: электратэхнічнай і электроннай, радыёэлектроннай, прыладабудаванню, а таксама с.-г. і аўтамабільнаму машынабудаванню. Замацоўвалася вядучая роля Мінска як асн. цэнтра машынабудавання Беларусі. У гэты перыяд заводы будавалі і ў гарадах зах. абласцей — у Брэсце, Гродне, Лідзе, Лунінцы, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Смаргоні і інш. У металаапрацоўцы пашырыўся выраб металічных канструкцый, сантэхн. абсталявання, метызаў; створана база для рамонту аўтамабіляў, трактароў, лакаматываў, вагонаў, самалётаў, с.-г. машын, прылад і абсталявання. Колькасць прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі ў 1990 дасягнула 335, а ўдзельная вага галіны ў валавой прадукцыі краіны склала 34,2%.
У пач. 1990-х г. многія прадпрыемствы гэтай галіны мелі вельмі вялікія вытв. магутнасці, што дазваляла забяспечваць прадукцыяй уласныя патрэбы і большую яе частку вывозіць за межы рэспублікі. Значнае развіццё атрымалі навукаёмістыя і высокатэхналагічныя вытворчасці, прадукцыя якіх (у т. л. ваенная) карысталася значным попытам. Аднак выявілася і моцная залежнасць машынабудавання ад паставак асобных вузлоў, дэталей, запчастак з розных рэгіёнаў былога Саюза. У выніку распаду СССР гэтыя сувязі былі парушаны, што негатыўна адбілася на выпуску прадукцыі. Звузіўся і рынак пастаўкі вырабаў машынабудавання, што прывяло да рэзкага змяншэння аб’ёмаў вытворчасці і прастойвання вытворчых магутнасцей. Таму ў 1991—95 адбыўся спад вытворчасці ўсіх відаў прадукцыі машынабудавання. Паступовае павелічэнне яе аб’ёмаў пачалося з 1996, хоць узровень 1990 пакуль не дасягнуты (гл.табл.). Змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці звязана не толькі са звужэннем рынку збыту, але і з недастатковай канкурэнтаздольнасцю значнай часткі прадукцыі айч. машынабудавання на сусветных рынках.
Пасля 1996 Мін-вам прамысловасці распрацаваны і ажыццяўляюцца шэраг праграм і навуковае забеспячэнне развіцця найважнейшых галін машынабудавання, у т. л. мікраэлектроннай, мед. тэхнікі, аўтатрактарабудавання, станкабудавання, радыёэлектронікі, тэлекамунікацый, прыладабудавання, кар’ернай тэхнікі і інш. Да прыярытэтных кірункаў развіцця машынабудавання ў краіне адносіцца стварэнне новых пакаленняў аўтамабільнай, дарожнай і спец. тэхнікі, аўтобусаў, трактароў, машын для лясной і камунальнай гаспадаркі; дызельных рухавікоў, адпаведных стандартам «Еўра-2» і «Еўра-3», збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, сродкаў вымярэння і тэхн. дыягностыкі, сілавых трансфарматараў і электратэхн. матэрыялаў, тэлевізійных прыёмнікаў, мед. тэхнікі і інш.
Аўтамабільная прамысловасць складае 25,7% у аб’ёме валавой прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, прадстаўлена 38 прадпрыемствамі. Галоўныя з іх: Мінскі, Беларускі (ВА «БелАЗ» у Жодзіне) і Магілёўскі аўтамаб. заводы, Мінскі завод колавых цягачоў. Працуе таксама шэраг спецыялізаваных заводаў, якія вырабляюць асобныя вузлы, дэталі, зап. часткі (Мінскі рысорны, баранавіцкія зап. частак і аўтаагрэгатны, аршанскі «Аўтадэталь», гродзенскія аўтамаб. агрэгатаў, механічны і «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага абсталявання ў Барысаве і інш.). Наменклатура Мінскага аўтазавода ўключае больш за 150 мадэлей і мадыфікацый аўтамабіляў і больш як 30 мадэлей і мадыфікацый прычэпаў і паўпрычэпаў. Сярод іх аўтамабіль высокай праходнасці МАЗ-6317, цягач МАЗ-6425, трохвосевы самазвал МАЗ-55165, аўтапоезд для лясной прамысловасці ў складзе седлавога цягача МАЗ-64228 і трохвосевага паўпрычэпа МАЗ-99864 і інш. У 2001 Швейцарскі інстытут якасці SYS прызнаў сістэму якасці аўтамабіляў МАЗ адпаведнай міжнар. стандарту ISO-9001. На заводзе таксама асвоены выпуск аўтобусаў (1994) і тралейбусаў (2002). Беларускі аўтазавод выпускае кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 220 т, для гарнаруднай і буд. прам-сці (у т. л. 130-тонны БелАЗ-75131), аўтапаязды з самазвальнымі прычэпамі, франтальныя пагрузчыкі, колавыя бульдозеры і аўтагрэйдэры, цягачы-эвакуатары і аэрадромныя цягачы, цяжкавозы для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў, шлакавозы для металург. прадпрыемстваў і інш. Ствараюцца новыя мадэлі аўтамабіляў, ажыццяўляецца буйная мадэрнізацыя вытв. комплексу прадпрыемства. Заводу належыць да 30% сусветнага рынку кар’ернага транспарту. Магілёўскі аўтазавод з 1958 выпускае адна- і двухвосевыя цягачы, самаходныя скрэперы. Асн. яго прадукцыя — цягачы МаАЗ-6444, -6908, -64425, скрэперы МаАЗ-6014, -60145, -6007, бульдозеры МаАЗ-7914, -40486, самазвалы МаАЗ-27506, -7503, машыны для падземных работ, пагрузчыкі, аўтабетонамяшалкі. Тэхніка прадпрыемства пастаўляецца на экспарт. З 1991 як самаст. прадпрыемства працуе Мінскі завод колавых цягачоў, які выпускае седлавыя цягачы вял. магутнасці, бартавыя аўтамабілі, прычэпы да іх, аўтамабілі-самазвалы і аўтапаязды для перавозкі труб, колавыя шасі рознага прызначэння, у т. л. армейскія шматмэтавыя поўнапрывадныя шасі. У 2002 экспарт грузавых аўтамабіляў склаў 10 597 шт., з іх 9376 у краіны СНД (у т. л. 8431 у Расію), а 1221 у Ірак, Латвію, Літву, Кітай, Сірыю, Манголію і інш. Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод пачаў выпускаць веласіпеды з 1946, матацыклы з 1956. Зараз выпускае каля 50 мадэлей веласіпедаў і 8 мадэлей матацыклаў. Прадукцыя завода экспартуецца ў 15 краін. З 1990 завод «Купава» (Мінск) выпускае 20 мадэлей і 130 мадыфікацый прычэпаў і кузаваў для выязнога гандлю прамысл. і харч. таварамі.
Трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне — адна з найважнейшых галін машынабудавання Беларусі. Доля яе ў валавой прадукцыі машынабудавання складае 22,9%. На прадпрыемствах галіны вырабляецца больш за 300 найменняў машын і абсталявання для сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых вытворчасцей. Вядучае прадпрыемства галіны, якое ўваходзіць у сямёрку найбуйнейшых вытворцаў трактарнай тэхнікі ў свеце — Мінскі трактарны завод. Ён выпускае больш за 50 мадэлей розных відаў тэхнікі і каля 100 мадыфікацый для розных кліматычных умоў. Найб. вядомыя маркі трактароў «Беларус-420», -320», -320А», -1221» магутнасцю 130 к.с., «Беларус-1523» — 150 к.с. Створаны і праходзяць выпрабаванні новыя мадэлі — «Беларус-2522» магутнасцю 250—280 к.с. і гусенічны «Беларус-1802» — 180 к.с. У іх канструкцыі — найноўшыя дасягненні сусветнага і айч. трактарабудавання. За гады існавання МТЗ выпусціў больш за 3 млн. трактароў, з іх больш як 500 тыс. на экспарт. Трактары маркі «Беларус» працуюць больш чым у 100 краінах свету, у т. л. ў ЗША, Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Кітаі, Расіі.
Другое найбуйнейшае прадпрыемства галіны — ВА «Гомсельмаш». Яго прадукцыя — самаходныя кормаўборачныя камбайны КСК-100А, «Палессе-800», сеялкі дакладнага высеву «Палессе-12», плугі, касілкі-плюшчылкі, культыватары-акучвальнікі і інш. На прадпрыемстве вырабляюцца ўборачныя комплексы на базе універсальных энергасродкаў УЭС-250 і УЭС-2-250 (для збірання траў, кукурузы, збожжавых, зернебабовых, цукровых буракоў). Завод «Лідаграпраммаш» (да 1993 аўтарамонтны завод) выпускае сеялкі збожжавых, зернебабовых і травяных культур (маркі СПУ), мінеральных угнаенняў (СУ), агароднінныя (АГП, АТВ), дакладнага высеву (СТВ), бароны, плугі, касілкі, прэс-падборшчыкі. З 1997 ён выпускае збожжаўборачныя камбайны «Ліда-1300», з 1999 серыйна збожжаўборачныя камбайны CASI-525 на аснове супрацоўніцтва з міжнар. карпарацыяй (выраб с.-г. машын у Германіі, Нідэрландах, ЗША, Вялікабрытаніі). Прадукцыя пастаўляецца на экспарт. РУВП «Бабруйскаграмаш» вырабляе машыны для ўнясення вадкіх арганічных угнаенняў. Заводы с.-г. машынабудавання працуюць таксама ў Оршы, Бабруйску, Брэсце, Полацку, Пінску, Іванаве, Ляхавічах і інш. (вырабляюць машыны для ўнясення ўгнаенняў, плугі, збожжасушылкі, культыватары, абсталяванне для жывёлагадоўчых ферм і інш.).
Станкабудаўнічая і інструментальная прамысловасць — адна з важнейшых галін машынабудавання. У 2001 у валавой прадукцыі машынабудавання яна склала 3,8%. Мае 9 станкабудаўнічых, 4 інструментальныя, 2 заводы па выпуску тэхнал. аснасткі і абсталявання, 2 — па вытворчасці кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, заводы па вырабе ліцця і загатовак, 2 праектна-тэхнал. арганізацыі. Найбуйнейшыя з іх: мінскія станкабудаўнічыя з-ды імяКастр. рэвалюцыі і імя Кірава, аўтаматычных ліній і інструментальны; віцебскія станкабудаўнічыя імя Камінтэрна і «ВІСТАН», заточных станкоў «ВіЗАС»; гомельскія станочных вузлоў, станкабудаўнічы, ліцейны і «Гідрапрывод»; Аршанскі станкабудаўнічы, Баранавіцкі аўтаматычных ліній, Кобрынскі інструментальны «Сітама», Ваўкавыскі ліцейнага абсталявання. Наменклатура галіны — 350 тыпапамераў металарэзных, 60 — дрэваапрацоўчых станкоў, 45 тыпапамераў кавальска-прэсавых машын. Найб. высокапрадукцыйныя і дасканалыя станкі: падоўжна-стругальныя, фрэзерныя, даўбёжныя, балансіровачныя, шматаперацыйныя, апрацоўчыя цэнтры, працяжныя, адразныя, для апрацоўкі оптыкі, зубаапрацоўчыя паўаўтаматы і аўтаматы для аўтам. ліній, шараапрацоўчыя, фрэзерна-свідравальна-расточныя з лікавым праграмным кіраваннем, такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем і інш. На экспарт пастаўляецца 40,4% прадукцыі галіны, у т. л. 36,4% у краіны СНД і 4% у краіны далёкага замежжа. Апошнім часам выпуск станкоў зменшыўся, што звязана са зніжэннем пакупной здольнасці прадпрыемстваў машынабудавання. На Беларусі распрацавана і выконваецца дзярж. мэтавая праграма «Станкабудаванне», накіраваная на развіццё станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Вядуцца распрацоўка і асваенне вытворчасці станкоў новых канструкцый, якія б адпавядалі сусветным аналагам.
Электратэхнічная прамысловасць дае 5,8% валавой прадукцыі машынабудавання краіны. Уключае больш за 100 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. значныя: заводы Мінскі электратэхнічны (РУП імя В.І.Казлова), Магілёўскі «Электрарухавік», Лідскі электравырабаў, Мазырскі і Гомельскі кабельныя, Шчучынскі «Аўтапровад», Брэсцкі электралямпавы, гомельскія «Электраапаратура», электратэхнічны, Лунінецкі «Палессеэлектрамаш», Маладзечанскае ВА «Электрамодуль». Прадукцыю электратэхн. прамысловасці выпускаюць таксама прадпрыемствы Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Паставаў, Новалукомля і інш. Асноўныя яе віды: электрарухавікі (пераважна асінхронныя для прадпрыемстваў айч. станкабудавання, лёгкай прамысловасці, для камплектавання быт. электравырабаў), трансфарматары, камплектныя трансфарматарныя падстанцыі, нізкавольтная апаратура, электрапрыборы для прамысловых і быт. мэт, электраправады і кабелі розных тыпаў і прызначэння, святлотэхнічнае абсталяванне (у т. л. энергаэканамічныя свяцільнікі з кампактнымі люмінесцэнтнымі лямпамі), электрычныя лямпы напальвання, паўправадніковыя вентылі і блокі, электравымяральныя прылады, акумулятары, пакетныя выключальнікі, магнітныя пускальнікі, электрапрасы, электрапліткі і інш.
Першыя на Беларусі электрычныя вырабы (лямпы напальвання) выпускаў у 1913—15 Альбярцінскі электралямпавы завод (каля Слоніма). Да Вял.Айч. вайны электратэхн. прадукцыю (пераважна электрарухавікі невял. магутнасці) выраблялі неспецыялізаваныя прадпрыемствы У 1940 іх выпушчана 7,7 тыс. агульнай магутнасцю 11,8 тыс.кВт. Прамысловы выраб электрарухавікоў пачаўся ў 1950 на Магілёўскім заводзе «Электрарухавік», сілавых трансфарматараў — у 1956 і камплектных трансфарматарных падстанцый — у 1957 на Мінскім электратэхнічным заводзе, кабельнай прадукцыі — у 1959 на Мазырскім кабельным заводзе (з 1974 у ВА «Беларуськабель»), лямпаў напальвання рознага прызначэння — у 1966 на Брэсцкім электралямпавым заводзе, паўправадніковых вентыляў — у 1970 на Маладзечанскім заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў.
У 2001 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 403 тыс.шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2999 тыс. кВа, асвятляльных лямпаў 105 млн.шт., кабельных вырабаў па масе медзі 5 тыс.т. Прадукцыя галіны экспартуецца ў краіны СНД, Францыю, Польшчу, Літву, Латвію, Чэхію і інш. У 2001 экспартавана 76,8 млн.шт. асвятляльных лямпаў, 105,8 тыс.шт. трансфарматараў, 149,4 тыс.шт. электрарухавікоў і генератараў, 16,9 тыс.т ізаляваных правадоў.
Падгаліны навукаёмістага комплексу даюць каля 28% агульнага аб’ёму машынабудавання. Вырабляюць праграмна-тэхнічныя сродкі, ЭВМ агульнага карыстання, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, аптычныя і інш. прылады, сродкі сувязі, інтэгральныя мікрасхемы, тэлекамунікацыйную тэхніку і да т.п. Навукаёмістыя прадпрыемствы ўваходзяць у склад міждзяржаўных карпаратыўных структур. Напр., навукова-вытворчае аб’яднанне «Інтэграл», Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар», Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (БелОМА) у рамках сумесных навукова-тэхнічных праграм распрацоўваюць оптыка-механічнае і кантрольнае абсталяванне для вытворчасці звышвялікіх інтэгральных схем. РУП вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі «БелВТІ» вырабляе праграмна-тэхн. сродкі, ЭВМ сям’і «Мінск», аўтаматычныя тэлефонныя станцыі; БелОМА — высокадакладныя оптыка-механічныя і оптыка-электронныя прыборы і сістэмы. ВА «Гарызонт» (г. Мінск) і ВА «Віцязь» (г. Віцебск) выпускаюць сучасныя канкурэнтаздольныя мадэлі тэлевізараў. Прыладабудаванне рэспублікі спецыялізуецца на выпуску прылад і кантрольна-вымяральнай апаратуры (у т. л. для вымярэння механічных, цеплавых і электрычных велічынь), гадзіннікаў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, аналітычных, аптычных і інш. прылад, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці. Пачало развівацца ў 18 ст. (з Беражанскай гадзіннікавай мануфактуры), як галіна сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысловага, энергетычнага і быт. прызначэння выпускаюць заводы: Брэсцкі электрамеханічны, Віцебскі прыладабудаўнічы, Гродзенскі «Радыёпрылада», Магілёўскі «Электрарухавік», мінскія ВА вылічальнай тэхнікі, гадзіннікавы і прыладабудаўнічы, Віцебскае ВА «Электравымяральнік» і інш. Навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы вядуцца ў Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым інстытуце. Значная частка прадукцыі экспартуецца ў Расію, Латвію, Літву, Польшчу і інш.Радыёпрамысловасць дае амаль палову прадукцыі прыладабудавання. Спецыялізавана на выпуску радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў, абсталявання для радыёсувязі і тэлебачання, сродкаў радыё- і правадной сувязі, электронных узмацняльнікаў і інш. Першыя радыёпрыёмнікі на Беларусі выпушчаны ў Мінску ў 1940 на радыёзаводзе (засн. на базе завода «Дрэваапрацоўшчык», з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7», з 1992 Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі — БелВАР). З 1951 працуе 2-і радыёзавод, які ў 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т» (з 1997 Мінскае прадпрыемства «Завод «Гарызонт»). У краіне працуе больш за 50 прадпрыемстваў радыёпрамысловасці: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, адна- і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае ВА «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» у г. Маладзечна (стэрэамагнітолы, радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевізійная апаратура і інш.), Віцебскае ВА «Віцязь» (тэлевізары і інш. прадукцыя). Каля 62% вытворчасці тэлевізараў пастаўлена на экспарт, пераважна ў Расію (2002).
Падшыпнікавая прамысловасць вырабляе 1,3% прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі. Дзейнічаюць заводы Мінскі падшыпнікавы (пабудаваны ў 1948—51, выпускае шарыкавыя падшыпнікі — радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя аднарадныя і шматрадныя, ролікавыя радыяльныя, сферычныя двухрадныя, ігольчастыя ролікавыя, шарнірныя і інш.) і Гомельскі падшыпнікавы (з 1949 выпускае падшыпнікавы і шарыкі да іх, з 1954 — веласіпедныя падшыпнікі). Выпуск падшыпнікаў качэння (млн.шт.): 68,1 у 1960, 101,3 у 1970, 148,0 у 1980, 148 у 1990, 30 у 2003. Прадукцыя выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, трактарах, станках, пракатных станах, турбабурах і інш.; экспартуецца ў Расію, Украіну, ЗША, Польшчу, Балгарыю і інш.
Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне вырабляе 2,4% прадукцыі галіны. Працуе больш за 30 прадпрыемстваў, якія выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, скрэперы, экскаватары, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, іншую дарожнабудаўнічую і меліярацыйную тэхніку, машыны і абсталяванне для камунальнай гаспадаркі, прамысловасці буд. матэрыялаў і тарфяной. Найбольшыя прадпрыемствы: заводы «Ударнік» ААТ «Амкадор», магілёўскія «Строммашына» і ліфтабудаўнічы, Мазырскі меліярацыйных машын, Ваўкавыскі дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Беларускі экскаватарны (у г.п. Коханава Віцебскай вобл.), ВА «Белкамунмаш» і «Будмаш» у Мінску і інш. Выпуск асн. прадукцыі: у 1990—226 бульдозераў, 1847 скрэпераў, 149 экскаватараў, 14 тыс. ліфтаў; у 2002 адпаведна 31, 55, 38, 3,1 тыс. Прадукцыя пастаўляецца ў Расію, Украіну, ЗША, Балгарыю, Латвію, Літву, Польшчу, Турцыю і інш.
Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад дае 8,5% прадукцыі асноўнай галіны. Спецыялізавана на выпуску тэхналагічнага абсталявання і запчастак для лёгкай і харч. прамысловасці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, быт. прылад (халадзільнікаў, пральных, швейных і пасудамыйных машын, электрапыласосаў і інш.).
Развіццё галіны пачалося з 18 ст. У 1768 пачала дзейнічаць Маларыцкая металургічная мануфактура, на якой рабілі катлы для вінакурняў, малаткі і інш. У 1828—1914 Альбярцінскі чыгуналіцейны завод (каля Слоніма) вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак і інш. З 1881 Кашарскі машынабуд. і чыгуна-медналіцейны заводы ў Мінску выпускалі абсталяванне для вінакурнай, крухмальнай і мукамольнай прамысловасці. У 1920—30-я г. Мінскі завод «Энергія» асвоіў вытворчасць станкоў для тэкстыльнай і абутковай прамысловасці. У пасляваенны час створаны спецыялізаваныя заводы: швейных машын у Оршы (1952, з 1968 завод лёгкага машынабудавання), быт. халадзільнікаў у Мінску (1959), пасудамыйных машын у Гродне (1963), гандлёвага машынабудавання ў Баранавічах (1964, машыны для перапрацоўкі мяса, цеста, гародніны).
Абсталяванне і запчасткі для лёгкай прамысловасці выпускаюць: спецыялізаванае ВА «Прамшвеймаш» у Оршы, прадпрыемствы ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе; часткова мінскія трактарны завод і механічны імя С.І.Вавілава; для гандлю і грамадскага харчавання — завод гандлёвага машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску, Бел.ВА гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхмаш» у Брэсце і інш.; быт. машыны і прылады — АТ «Атлант» у Мінску (халадзільнікі і маразільнікі), Бел. вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «БелВАР» у Мінску (электрабыт. прылады), АТ «Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод (электра- і радыёапаратура, персанальныя камп’ютэры і інш.), Гомельскі завод «Электраапаратура» (электрапліткі, смажыльныя шафы, электраміксеры, разеткі і інш.), Мінскі «Тэрмапласт» (электраміксеры), авіярамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы). Значная частка прадукцыі галіны ідзе на экспарт, напр., у 2002 экспарт халадзільнікаў і маразільнікаў склаў 721,3 тыс.шт., з іх 75,5% пастаўлена ў Расію, астатнія ў Германію, Францыю, Італію, Літву і інш. краіны.
Прамысловасць металічных канструкцый і вырабаў (група Б), рамонт машын і абсталявання (В) даюць каля 12% аб’ёму вытворчасці ўсёй галіны. Сектар металаканструкцый і вырабаў аб’ядноўвае больш за 400 прадпрыемстваў і вытворчасцей, спецыялізаваных на выпуску буд. канструкцый, с.-г. і агародніцкага інвентару, металічнай трансп. тары і фізкультурна-спарт. інвентару і інш. Найбольшыя прадпрыемствы — заводы тэхналагічных металаканструкцый у Магілёве і Мінску, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, Аршанскі доследна-механічны завод «Металіст», Мазырскі завод мантажных загатовак, Клімавіцкі завод металавырабаў.
Рамонт машын і абсталявання вядуць больш за 3,8 тыс. прадпрыемстваў і вытворчасцей. Працуюць пераважна сярэднія і невялікія прадпрыемствы па рамонце грузавых і легкавых аўтамабіляў, трактароў і с.-г. машын. Яны размешчаны пераважна ў малых гарадах і пасёлках гар. тыпу. Ажыццяўляюць таксама рамонт металарэзных і дрэваапрацоўчых станкоў, кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, рухомага саставу чыгунак, суднаў, буд. і дарожных машын, трамваяў, вагонаў метро і тралейбусаў, грамадзянскіх самалётаў, верталётаў і авіяцыйных рухавікоў, сродкаў вылічальнай тэхнікі, прылад і металавырабаў. Найбуйнейшыя прадпрыемствы — Іванаўскае міжраённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхніка, Аршанскі трактарарамонтны завод, Дзяржынскі завод «Рамдэталь», аўтарамонтныя заводы ў Лідзе, Полацку, Гарадку, Лепелі, Вілейцы, Кобрыне, Магілёве, экскаватарарамонтны ў Пінску.
Суднабудаванне на Беларусі спецыялізавана на выпуску і рамонце рачных суднаў, несамаходных баржаў, земснарадаў, маторных лодак і інш.
Першае прадпрыемства па будаванні байдарак і яхтаў з’явілася ў 1785 — Крычаўская суднаверф. У 1884 пабудаваны параходабудаўнічы завод у Пінску (з 1939 суднарамонтны, з 1961 суднабудаўніча-суднарамонтны завод), у 1918 — Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у 1925 — суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску (у 1939 рэканструяваны ў суднарамонтны завод), у 1929 — Петрыкаўская суднабудаўнічая верф (у 1974 рэканструявана ў суднабудаўніча-суднарамонтны завод). У 1920—30-я г. суднарамонтныя майстэрні пабудаваны ў Магілёве і Мазыры, верфі драўлянага суднабудавання — у Рэчыцы, Барысаве, Нароўлі.
У 1960—90-я г. суднабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, карпусы суднаў тыпу «рака—мора», пасажырскія судны розных мадыфікацый, у т. л. на падводных крылах («Палессе»), несамаходныя баржы, грэйферныя земснарады, брандвахты і інш. У апошні час (2002) Рэчыцкі завод выпускае карпусы грунтаадвазных баржаў унутранага плавання, Гомельскі завод — велікагрузны цеплаход тыпу «рака—мора», астатнія рамантуюць самаходныя і несамаходныя рачныя судны. Пра выпуск асобных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі гл. табл.
Літ.:
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Белоруссии. Мн., 1972;
Филатов И.Г. Экономика машиностроения Белорусской ССР. Мн., 1976;
Рогач П.И., Сосновский В.Н. Размещение производительных сил. Мн., 2000, Промышленность Республики Беларусь. Мн., 2003.
П.І.Рогач.
Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў Рэспубліцы Беларусь
Віды прадукцыі
1940
1950
1960
1970
1980
1990
1995
2000
2003
Аўтамабілі грузавыя, тыс.шт.
—
2,4
18,7
29,8
40,1
42
12,9
14,7
18,1
Трактары, тыс.шт.
—
0,036
34,2
80,3
89,6
100,7
28
22,5
26,7
Металарэзныя станкі, тыс.шт.
6
4,8
16,8
27,6
31,2
15,5
4,7
5,4
5,2
Трансфарматары сілавыя, тыс. кВА
—
—
903
4636
7387
6204
2493
2173
4677
Газавыя пліты, тыс.шт.
—
—
35,9
287,3
351
535,2
359
465
538,2
Аўтобусы, шт.
—
—
—
—
—
999
62
914
499
Матацыклы, тыс.шт.
—
—
101,4
152,4
217
225
42
37
33
Веласіпеды, тыс.шт.
—
70
286,6
519,7
695
846
271
586
773
Тэлевізары, тыс.шт.
—
—
103,2
634,8
552
1302
250
532
690
Радыёпрыёмныя ўстройствы, тыс.шт.
0,4
46,3
118,6
423,6
499
979
277
101
33
Гадзіннікі бытавыя, млн.шт.
—
—
0,9
3,4
7,3
13,4
6,6
5,6
2,7
Халадзільнікі і маразільнікі, тыс.шт.
—
—
—
216,5
614
728
746
812
886
Электрарухавікі магутнасцю ад 0,25 да 100 кВт, тыс.кВт
11,8
13,2
342,1
1558
3150
3315
500
800
800
Камбайны кормаўборачныя, тыс.шт.
—
—
15
34
39,3
9,5
1,1
0,3
0,1
Персанальныя ЭВМ, тыс.шт.
—
—
—
—
—
—
12,9
15
26,3
Фотаапараты, тыс.шт.
—
—
297,2
535,9
1412
885
34
3
—
Пральныя машыны, тыс.шт.
—
—
—
—
—
33,1
36,9
88,1
63,3
Швейныя машыны, тыс.шт.
—
—
—
—
—
4,6
18,5
7,9
1,5
РУВП «Беларускі аўтамабільны завод». Цэх галоўнага канвеера.Галоўны зборачны канвеер Мінскага аўтамабільнага завода (ВА «БелаўтаМАЗ»).Эксперыментальны цэх Галаўнога спецыялізаванага канструктарскага бюро па збожжа- і кормаўборачнай тэхніцы ВА «Гомсельмаш».Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мінскі трактарны завод»: 1 — галоўны зборачны канвеер; 2 — корпус цэха аддзелкі і афарбоўкі трактароў.ВА «Гарызонт». Участак тэхналагічнай зборкі тэлевізараў.Мінскі завод халадзільнікаў ВА «Атлант». Зборачны цэх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн.руб. у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.