КАРПЕ́НКА (Марыя Іосіфаўна) (н. 9.7.1932, в. Дзярэчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. публіцыст. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыла БДУ (1956). Працавала ў рэдакцыі газ. «Магілёўская праўда», з 1972 гал. рэдактар час. «Работніца і сялянка» (з 1995 «Алеся»). Аўтар кніг публіцыстыкі «Бярозка на Манхетэне» (1975), «Кожнаму хочацца шчасця» (1977), «Горкі вецер з Гудзона», «Камісарскі сад» (абедзве 1983), «Жанчыны Беларусі» (1984) і нарысаў, прысвечаных людзям бел. зямлі. На бел. мову пераклала кнігу У.​Саніна «Пункт вяртання» (1986).

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПУ́ШКА (Фёдар Уладзіміравіч) (н. 22.4.1947, в. Брэдзева Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1986). Скончыў БДУ (1968). З 1991 у Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі (у 1992—97 нам. дырэктара), з 1997 працуе ў Англіі. Навук. працы па лазерных крыніцах выпрамянення, метадах і сродках аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Адкрыў аптычную бістабільнасць у паўправадніковых матэрыялах (1977), эксперыментальна даказаў існаванне эфектаў прасторавага гістэрэзісу і папярочных хваль пераключэння (1983).

С.​П.​Апанасевіч.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСЕ́КА (Раман Міхайлавіч) (н. 1.5.1936, в. Ахрэмавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1967), праф. (1992). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957; цяпер Бел. дзярж. эканам. ун-т), працуе ў ім з 1965 (з 1979 прарэктар, з 1991 рэктар). Даследуе праблемы эканомікі і арганізацыі гандлю, развіцця вышэйшай эканам. адукацыі. Аўтар навук. дапаможнікаў для ВНУ «Арганізацыя гандлю» (1985), «Кіраванне працэсамі працы на прадпрыемствах гандлю» (1993, з М.​І.​Кабушкіным) і інш.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЦКІ (Сяргей Дзям’янавіч) (5.11. 1913, в. Мудроўка Мінскага р-на — 20.9.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Варонежскі зоатэхн. ін-т (1938). Працаваў у Смаленскай вобл. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., 1-м Укр. франтах Удзельнік вызвалення Луцка, Бродаў, Перамышля.

Камандзір кав. эскадрона, ст. лейт. К. вызначыўся пры выхадзе на чэхаславацкую граніцу 19—20.9.1944, калі яго эскадрон захапіў 2 варожыя батарэі, 7 аўтамашын, знішчыў больш за 70 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

С.​Дз.Карыцкі.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІН (Васіль Мікалаевіч) (15.8.1897, г. Кіржач Уладзімірскай вобл., Расія — 1974),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1960), праф. (1963). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя Ціміразева (1924). З 1959 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, у 1962—71 у БДУ. Навук. працы па селекцыі с.-г. жывёл.

Тв.:

Значение искусственного осеменения в животноводстве. Мн., 1961;

Совершенствование породы крупного рогатого скота методом разведения по линиям. Мн., 1962;

Организация контроль-ассистентской службы в молочном скотоводстве. Мн., 1968.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́МАЎ,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Разанскай вобл., на левым беразе р. Ака. Засн. ў 1152, да 1471 Гарадзец-Мяшчэрскі, з сярэдзіны 15 ст. да 1681 цэнтр Касімаўскага царства (у складзе Рус. дзяржавы). 37,9 тыс. ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. Чыг. станцыя (за 8 км ад К.). Сеткавязальная і аўчынна-футравая ф-кі; суднарамонтны, халадзільнага машынабудавання і інш. з-ды. Краязнаўчы музей. Мінарэт (15 ст.), мусульм. маўзалеі (16—17 ст.), цэрквы і сабор (пач. 18—19 ст.).

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́МАЎ (Мухамеджан) (9.5.1907, г. Рыштан Ферганскай вобл., Узбекістан — 5.7.1971),

таджыкскі акцёр. Нар. арт. СССР (1941). Вучыўся ў Какандскім пед. і Ташкенцкім каап. тэхнікумах, удзельнічаў у тэатр. самадзейнасці. З 1931 у трупе Таджыкскага т-ра імя Лахуці (Душанбе), з пач. 1940-х г. вядучы акцёр гэтага т-ра. Сярод лепшых ролей: Рахімбек («Чырвонапалачнікі» С.​Улуг-зада), Саліх-бай («Бай і батрак» Хамзы), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Атэла, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Займаўся рэжысёрскай дзейнасцю. Здымаўся ў кіно.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧА́НАЎ (Яўген Іванавіч) (20.8.1919, в. Доўгавічы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Крымскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах — сяржант, камандзір стралк. аддзялення. Вызначыўся ў баях за р. Одэр. 27.1.1945 аддзяленне К. першае фарсіравала раку, у баі за расшырэнне плацдарма знішчыла каля 100 гітлераўцаў. Цяжка паранены К. не пакінуў поля бою. 28.1.1945 асабістым прыкладам падняў воінаў у атаку. Загінуў у гэтым баі.

Я.І.Качанаў.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЭ́ЎСКІ (Браніслаў Эдуардавіч) (н. 17.2.1951, в. Масцішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фіз.-хім. гідрадынамікі. Д-р фіз.матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі (з 1996 заг. сектара). У 1985—90 у БПІ. Навук. працы па фіз.-хім. гідрадынаміцы намагнічвальных вадкадысперсных асяроддзяў, па структурна-тэрмадынамічным пераўтварэнні і з’явах дысіпатыўнай самаарганізацыі ў дысперснай фазе, што склала навук. аснову атрымання кампазіцыйных матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі.

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́СЛЕР (Карл Фёдаравіч) (1.12.1815, Дамраў Кёнігсбергскай акругі, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 15.3.1881),

расійскі заолаг. Чл.-кар. Пецярб. АН (1874). Скончыў Пецярб. ун-т (1838). З 1844 у Кіеўскім, у 1861—73 у Пецярб. ун-це (з 1867 рэктар). Навук. працы па іхтыяфауне Чорнага, Аральскага, Каспійскага мораў, бас. рэк Нява, Волга, Анежскага і Ладажскага азёр, фауне пазваночных еўрап. ч. Расіі.

Тв.:

Путешествие с зоологической целью к северному берегу Черного моря и в Крым в 1858 г. Киев, 1860.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)