ПАЎФАБРЫКА́Т,
выраб, прадукт працы, які патрабуе наступнай дадатковай або канчатковай дапрацоўкі для пераўтварэння ў гатовы выраб, а таксама гатовая прадукцыя аднаго прадпрыемства, якая можа выкарыстоўвацца як элемент гатовай прадукцыі іншага.
т. 12, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САНІЦЫ,
разнастайныя выявы, высечаныя на сценах пячор, скальных паверхнях ці асобных камянях. Сустракаюцца ва ўсіх краінах свету і адносяцца да розных эпох — ад палеаліту да сярэдневякоўя. Гл. таксама наскальнае мастацтва.
т. 12, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́ДА (ад франц. rokade),
ракадныя дарогі (чыг., шашэйныя або грунтавыя), якія праходзяць паралельна лініі фронту і прызначаны для манеўравання войскамі, матэрыяльнымі сродкамі, а таксама адпаведныя лініі сувязі ў прыфрантавой паласе.
т. 13, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУРЭ́НТНАЯ ПАСЛЯДО́ЎНАСЦЬ,
паслядоўнасць, кожны член якой, пачынаючы з пэўнага нумара, вылічваецца па рэкурэнтнай формуле; тое, што зваротная паслядоўнасць. Тэрмін «рэкурэнтнасць» увёў А.Муаўр. Гл. таксама Набліжанае вылічэнне, Паслядоўных набліжэнняў метад.
т. 13, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́ (франц. sabot),
1) чаравікі на драўлянай падэшве (на Беларусі наз. дзеравяшкі) або выдзеўбаныя з дрэва (клумпы), а таксама абутак, які нагадвае такія чаравікі.
2) Прыстасаванне для блакіроўкі колаў машын.
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ ВО́ІНСКІ,
першы вайскова-крымінальны і вайскова-працэсуальны кодэкс Расіі. Распрацаваны ў перыяд стварэння Пятром I рэгулярнай арміі. Выдадзены ў 1715. Нормы артыкула воінскага выкарыстоўваліся ў агульнацывільных судах. Дзейнічаў да выдання ў 1839 вайскова-крымінальнага статута.
Паводле артыкула воінскага найб. цяжкімі злачынствамі лічыліся здрада, замах на воінскіх начальнікаў, невыкананне загаду, дзеянні супраць дзяржавы, арміі і інш. Артыкул воінскі прадугледжваў меры пакарання: біццё бізунамі, шпіцрутэнамі, клеймаванне жалезам, высылку на катаргу, пакаранне смерцю і інш. Артыкул воінскі змяшчаў таксама артыкулы аб вартаўнічай ахове, у яго была ўнесена воінская прысяга і інш. У 18—19 ст. артыкулам называлі, акрамя таго, параграф статута, а таксама ружэйныя прыёмы.
т. 1, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, аэробы (ад аэра... + грэч. bios жыццё),
арганізмы, здольныя жыць толькі ў прысутнасці малекулярнага кіслароду. Да іх належаць амаль усе жывёлы і расліны, а таксама многія грыбы і мікраарганізмы. Неабходную для жыццядзейнасці энергію яны атрымліваюць за кошт акісляльных працэсаў з удзелам кіслароду. Аблігатныя (строгія) аэробныя арганізмы развіваюцца толькі ў прысутнасці кіслароду (напр., воцатна-кіслыя бактэрыі), факультатыўныя (умоўныя) — пры паніжанай яго колькасці ці без кіслароду (дрожджы). Асобнае месца сярод аэробных арганізмаў займаюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — цыянабактэрыі, водарасці, сасудзістыя расліны. Кісларод, які вылучаецца гэтымі арганізмамі, забяспечвае ўсіх астатніх аэробаў. Арганізмы, здольныя развівацца пры нізкай канцэнтрацыі кіслароду (≤ 1 мг/л), наз. мікрааэрафіламі. Гл. таксама Анаэробныя арганізмы.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ КАМУНІКАТЫ́ЎНАЙ ЛІНГВІ́СТЫКІ (БАКЛ),
недзяржаўная лінгвістычная арг-цыя, заснаваная 2.2.1991 у Мінску з мэтай прапаганды функцыянальнага падыходу да даследавання мовы (прагма-, псіха-, сацыя- і этналінгвістыкі). З 1992 спрабуе таксама захаваць і пашырыць сувязі і супрацоўніцтва мовазнаўцаў у СНД, Балтыі, Польшчы і Балгарыі. Буйнейшыя групоўкі БАКЛ на Беларусі ў Мінску, Гродне, Мазыры і Гомелі, а таксама ў С.-Пецярбургу, Маскве, Цверы (Расія), у Кіеве, Запарожжы, Нежыне, Адэсе, Чарнаўцах (Украіна), у Кішынёве і Бельцах (Малдова). БАКЛ мае кантакты з лінгвістычнымі арг-цыямі ў Брытаніі, ЗША, Чэхіі. З 1993 прадстаўляе Беларусь у Пастаянным міжнародным камітэце лінгвістаў, праводзіць канферэнцыі, выдае зборнікі артыкулаў і тэзісаў.
Дз.Г.Багушэвіч.
т. 2, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НА,
пласкадоннае драўлянае грузавое судна з палубай, двухсхільным дахам і мачтай. Даўж. 21—45 м, шыр. 4—11 м, грузападымальнасць ад 50 да 600 т. На рэках Беларусі з’явілася ў 2-й чвэрці 19 ст., паступова выцесніла байдак і віціну. Бытавала да пач. 20 ст. Хадзіла ўверх і ўніз па цячэнні ракі з дапамогай вёслаў, бусакоў, ветразяў, а таксама буксірнага парахода. Падзяляліся на барачныя (руская берліна з закругленым носам, стромкай кармой і разгорнутымі бакамі) і лодачныя (заходняя, або нямецкая, з доўгім вострым носам і завостранай кармой). Рускія берліны хадзілі па Дняпры і Прыпяці, заходнія — па Нёмане, Прыпяці, а таксама ў Прусіі і Польшчы.
Н.І.Буракоўская.
т. 3, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.
т. 1, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)