вадкасць, уласцівасці якой вызначаюцца квантавымі эфектамі (захоўваннем вадкага стану да абс. нуля т-ры, звышцякучасцю і інш.). З рэальных вадкасцей толькі ізатопы гелію (3He і 4He) маюць уласцівасці К.в., якія адкрыты і даследаваны Л.Капіцай у 1938 для вадкага 4He.
Пры нізкіх т-рах К.в. можна разглядаць як сукупнасць неўзаемадзейных элементарных узбуджэнняў (квазічасціц) з пэўнай залежнасцю энергіі ад імпульсу. У адпаведнасці з цэлым ці паўцэлым значэннем спіна адрозніваюць бозе-вадкасці (напр., вадкі 4He, атамы якога маюць спін, роўны 0) і фермі-вадкасці (вадкі 3He, спін 1/2). Уласцівасці фермі-вадкасці маюць электроны праводнасці ў нармальных (незвышправодных) металах і ядз. матэрыя ў нейтронных зорках (пульсарах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГЕНЕ́З,
сукупнасць працэсаў пераўтварэння асадкавых горных парод пры іх апусканні ў глыбокія гарызонты літасферы ва ўмовах нарастання ціску і т-ры; заключная стадыя літагенезу, якая апераджае працэсы метамарфізму. На стадыі М. працягваецца пераўтварэнне асадкавых парод, пачатае на стадыях дыягенезу і катагенезу. У адрозненне ад катагенезу працэсы М. працякаюць пры больш высокай т-ры (300—450 °C) і геастатычным ціску (400—600 МПа), сярод іх вял. роля стрэсавых дэфармацый і цвердафазавых рэакцый. На стадыі М. фарміруюцца бластычныя, шыпападобныя і катакластычныя структуры, тэкстуры кліважу і крышталізацыйнай сланцаватасці. У выніку працэсаў М. ўтвараюцца кварцыта-пескавікі, кварцыты, філітападобныя сланцы, мармурызаваныя вапнякі і даламіты, графітызаваныя антрацыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ БАГА́ЦЦЕ,
сукупнасць даброт, створаных у грамадстве за ўвесь папярэдні перыяд развіцця. Найважнейшы паказчык сац.-эканам. стану краіны, які характарызуе эканамічны патэнцыял грамадства. Уключае: вытв. магутнасці грамадства, таварныя запасы, у т. л.дзярж. рэзервы, прыроднае багацце, інтэлектуальны фонд грамадства (назапашаны вытв. вопыт людзей, іх адукац. патэнцыял, дасягненні навук.-тэхн. думкі, інфарм. рэсурсы), сац. інфраструктуру, асабістую маёмасць грамадзян. Найб. значныя зрухі ў складзе Н.б. адбываюцца ў перыяды навукова-тэхнічнай рэвалюцыі — хутка павялічваюцца і аднаўляюцца вытворчыя фонды, у складзе невытв. фондаў усё большую долю складае маёмасць навук., навуч. і інш. падобных устаноў, паскараюцца тэмпы ўцягнення прыродных рэсурсаў у гасп. абарачэнне, павышаецца навук.-тэхн. ўзровень кадраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСТО́Н (ад грэч. neustos які плавае),
сукупнасць мікраарганізмаў, раслін і жывёл, што жывуць на мяжы воднага і паветр. асяроддзя, у зоне плёнкі паверхневага нацяжэння вады. Складаецца з арганізмаў, якія жывуць на паверхні вады (эпінейстон) і ў падпаверхневым (на глыб. да 5 см) слоі (гіпанейстон). У складзе эпінейстона — клапы-вадамеркі, жукі-вертуны, павукі-даламеды, некат. віды мух і інш., сярод раслін — раска, сальвінія плаваючая і інш. У складзе гіланейстона пераважаюць бактэрыі, прасцейшыя, лічынкі планктонных і донных беспазваночных, дробныя лёгачныя малюскі, ікра, лічынкі і маляўкі рыб. На Беларусі Н. найб. багаты ў стаячых вадаёмах, затоках. Паводле якаснага і колькаснага складу Н. вызначаюць ступень і інтэнсіўнасць забруджвання вады (біяіндыкацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЕЛІ́РНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць пунктаў зямной паверхні, для якіх вышыні вызначаны нівеліраваннем (геаметрычным); вышынная апорная геадэзічная сетка. Вышыні вызначаюцца паводле прынятай у краіне сістэме вышынь над узроўнем мора. Пункты Н.с. замацоўваюць нівелірнымі маркамі і рэперамі. Паводле дакладнасці Н.с. падзяляюцца на 4 класы. Дакладнасць 1-га класа 0,5 мм на 1 км нівелірнага ходу, 2-га класа — 5 мм на 1 км, 3-га класа — 10 мм на 1 км, 4-га класа — 20 мм на 1 км. Н.с. Беларусі з’яўляецца састаўной часткай Н.с. краін СНД, лік вышынь якой вядзецца паводле Балтыйскай сістэмы вышынь ад нуля Кранштацкага футштока. Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя пункты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́Д (лац. subspecies),
таксанамічная катэгорыя (ранг) у сістэматыцы раслін і жывёл, рангам ніжэйшая за від. Сукупнасць геаграфічна (радзей экалагічна або геахраналагічна) адасобленых папуляцый віду, у якіх большасць асобін адрозніваецца адным або некалькімі (звычайна марфал.) прыкметамі ад асобін інш. папуляцый таго ж віду. Бел. назва П. складаецца з 2 слоў. Лац. назву П. ўтвараюць дадаткам трэцяга слова (падвідавога эпітэта) да назвы віду. Напр., адзін з П. ліса звычайнага (Vulpes vulpes) — ліс сярэднярускі, абазначаецца як Vulpes vulpes vulpes. Міжнар. кодэкс заал. наменклатуры прызнае П. за найніжэйшую таксанамічную адзінку. Міжнар. кодэкс бат. наменклатуры прызнае і інфрападвідавыя (ніжэйшыя за П.) катэгорыі (варыетэт, форма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНЫ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ СЛОЙ,
сукупнасцьэл. зарадаў процілеглых знакаў, размешчаных уздоўж мяжы падзелу фаз. Утвараецца электронамі, іонамі, а таксама арыентаванымі палярнымі малекуламі, якія маюць уласны дыпольны момант. Абумоўлівае электракінетычныя з’явы.
Будова П.э.с. істотная для эл.-хім. рэакцый, для электролізу і інш.Напр., у хім. крыніцах току (гл.Гальванічны элемент) пры апусканні металу ў электраліт метал «аддае» дадатныя іоны, а сам набывае адмоўны зарад. Дадатныя іоны электраліту прыцягваюцца паверхняй металу і ўздоўж паверхні дакранання фаз утвараецца П.э.с. Эл. поле, якое ўзнікла паміж зараджанымі слаямі, перашкаджае далейшаму растварэнню металу і пры пэўным значэнні спыняе яго.
Утварэнне падвойнага электрычнага слоя пры апусканні металу ў электраліт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВА́Я КАНСТЫТУ́ЦЫЯ,
сукупнасць функцыянальных і марфал. палавых асаблівасцей арганізма чалавека, якія сфарміраваліся пад уплывам спадчынных і знешнеасяродзевых фактараў; адзін з аспектаў агульнай канстытуцыі чалавека. Характарызуе індывід. палавыя асаблівасці і іх устойлівасць да шкодных уздзеянняў. У мужчын і жанчын адрозніваюць слабы, сярэдні і моцны тып П.к. з 3 групамі-падтыпамі ў кожным тыпе (усяго 9). Вызначаюць тып П.к. па вектарнай шкале, удакладняюць па развіцці палавых прыкмет (першасных і другасных). П.к. абмяжоўвае сексуальныя магчымасці чалавека і ад яе залежыць індывід. ўстойлівасць да фактараў, якія шкодна ўплываюць на сексуальную сферу. Вызначэнне П.к. неабходна для ацэнкі сексуальных праяў канкрэтнага чалавека, размежавання іх паталогіі і нормы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́Я (ад палі... + ...графія),
сукупнасцьтэхн. сродкаў, спосабаў і метадаў друкарскага размнажэння тэкставай і відарыснай інфармацыі; галіна тэхнікі. Друкарскае размнажэнне (друкаванне) вызначаецца фарміраваннем на задрукаванай паверхні (напр., на паперы) графічнай інфармацыі фарбавым слоем, які найчасцей перадаецца з друкарскай формы ў адпаведнасці з выдавецкім арыгіналам. Пад П. разумеюць таксама паліграфічную прамысловасць, якая вырабляе друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы і інш.). Яна з’яўляецца матэрыяльна-тэхн. базай друку, выдавецкай справы. Паліграф. прадпрыемствы — друкарні, маюць наборныя машыны і друкарскія машыны. Асн.вытв. працэсы ў П.: наборныя працэсы, друкарскія (атрыманне адбіткаў), брашуровачна-пераплётныя і аддзелачныя. Тэхн. асновай П. стала кнігадрукаванне, якое ў Еўропе ўзнікла ў 1440-я г.