СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),

біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).

У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРН (ад швед. skarn гразь, адкіды),

высокатэмпературная кантактава-метасаматычная, поўнакрышт., масіўная, светлаафарбаваная горная парода, складзеная з вапнавых, магнезіяльна-жалезістых і марганцавых сілікатаў і алюмасілікатаў. Утвараецца шляхам хім. ўзаемадзеяння кантактуючых алюмасілікатных і карбанатных парод з высокатэмпературнымі растворамі. Паводле механізму пераносу рэчыва адрозніваюць С. дыфузійны (біметасаматычны) і С. інфільтрацыйны; паводле саставу вылучаюць С.: вапнавы, магнезіяльны, марганцавы. Пры класіфікацыі С. ўлічваюць таксама глыбіні і час утварэння адносна кансалідаваных інтрузіўных сілікатных парод, характар працэсаў пры скарнаўтварэнні і інш. фактары. Са С. звязаны радовішчы многіх карысных выкапняў: жалезныя, вальфрамавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, малібдэнавыя руды, каштоўныя камяні (гранаты, у т. л. грасуляр, шпінэлі і інш.).

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНАЯ КІСЛАТА́,

моцная двухасноўная к-та, H2SO4; адзін з асн. прадуктаў хім. прам-сці.

Бязводная (100%-ная) С.к. — бясколерная масляністая вадкасць, шчыльн. 1830,5 кг/м³ (20 °C), tпл 10,4 °C, tкіп 296,2 °C (кіпіць з раскладаннем). З вадой і трыаксідам серы SO3 (гл. Серы аксіды) змешваецца ў любых суадносінах. У водных растворах практычна цалкам дысацыіруе на іоны. Канцэнтраваная С.к. — моцны акісляльнік (асабліва пры награванні); акісляе многія металы (напр., медзь, ртуць), неметалы (вуглярод, серу і інш.), бромісты і ёдзісты вадарод. Разбаўленая ўзаемадзейнічае з актыўнымі, размешчанымі ў электрахім. радзе напружанняў да вадароду, металамі з вылучэннем вадароду. Утварае солі сульфаты і гідрасульфаты, а таксама эфіры (сульфаты арган.). У прам-сці С.к. атрымліваюць кантактным і нітрозным (вежавым) спосабамі. Зыходнае рэчыва для атрымання С.К. — дыаксід серы, які акісляюць да SO3 кіслародам пры 440 °C у прысутнасці каталізатара (кантактны спосаб) або аксідамі азоту, растворанымі ў С.к. (нітрозны спосаб). Выкарыстоўваюць у вытв-сці мінер. угнаенняў, розных мінер. кіслот і солей, лек. і мыйных сродкаў, фарбавальнікаў, хім. валокнаў, выбуховых рэчываў, а таксама для ачысткі нафтапрадуктаў, у металургіі і гідраметалургіі урану, медзі, нікелю і інш. металаў, як электраліт у свінцовых акумулятарах, асушальнік і інш. С.к. — вельмі агрэсіўнае рэчыва (клас небяспечнасці 2), выклікае цяжкія апёкі скуры, пара пашкоджвае слізістыя абалонкі і лёгкія; ГДК аэразолю С.К. ў атм. паветры 0,1 мг/м³ (сярэднясутачная); смяротная канцэнтрацыя 0,18 мг/л (экспазіцыя 60 мін).

Літ.:

Васильев Б.Т., Отвагина М.И. Технология серной кислоты. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫ ВУ́ГАЛЬ,

цвёрды гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, разнавіднасць вуглёў выкапнёвых, прамежкавая паміж бурым вугалем і антрацытам. Мае ў гаручай масе 75—92% вугляроду, 2,5—5,7 вадароду, 1,5—15% кіслароду, мінер. прымесей (крэменязём, гліністае рэчыва і інш.) ад 1—2% і больш. Прымесі пры згаранні вызначаюць яго попельнасць. Колер чорны, радзей шэра-чорны. Адрозніваюць К.в. бліскучы, паўбліскучы, паўматавы, матавы. Шчыльн. 1220—1340 кг/м³. Найб. цеплыня згарання (у пераліку на сухое бяспопельнае рэчыва) 39,5—36,8 МДж/кг. Утвараецца з прадуктаў разлажэння арган. рэшткаў вышэй шых раслін, змененых працэсамі метамарфізму ва ўмовах павышаных т-р і ціску. Вылучаюць 5 генет. груп К.в., кожная з якіх паводле тыпу рэчыва падзяляецца на класы. Вядомы практычна ва ўсіх геал. сістэмах — ад дэвону да неагену, але найб. пашыраны ў карбоне, пермі і юры. Залягае ў выглядзе лінзападобных пакладаў і пластоў, магутнасцю да дзесяткаў і соцень метраў на глыбінях ад паверхні да 2,5 км і глыбей.

Важнай характарыстыкай К.в. з’яўляецца ступень яго рэгіянальнага метамарфізму, або узровень пераўтварэння арган. ч. пры павышэнні ціску і т-ры з пагружэннем вугляноснай тоўшчы на глыбіню. Адбываецца паступовая змена хім. саставу вуглёў, іх фіз. уласцівасцей і ўнутрымалекулярнай будовы. На вышэйшай (канчатковай) стадыі метамарфізму К.в. ператвараецца ў антрацыты, а пры яўна выражанай крышт. структуры — у графіты. Узрастанне ступені метамарфізму ў арган. рэчыве К.в. выклікаецца паслядоўным павелічэннем адноснай колькасці вугляроду і змяншэннем колькасці кіслароду і вадароду, лятучых рэчываў; змяняюцца таксама цеплыня згарання, здольнасць спякацца і фіз. ўласцівасці вугалю. Гал. тэхнал. ўласцівасці, якія вызначаюць каштоўнасць К.в., — спякальнасць і каксаванне. Прамысл. класіфікацыі К.в. заснаваны на розных параметрах якасцей і саставу вуглёў — на цеплыні згарання, колькасці звязанага вугляроду і лятучых кампанентаў, на цеплыні згарання і здольнасці да каксавання (Японія); на генет. асаблівасцях і цеплыні згарання (Расія, Украіна) і г.д. Па велічыні выхаду лятучых рэчываў і характарыстыцы негаручых рэшткаў К.в. падзяляюцца на 10 марак: даўгаполымныя, газавыя, газаватлустыя, тлустыя, коксавыя тлустыя, коксавыя, коксавыя іншыя, слабаспякальныя, збедненыя спякальныя і бедныя. Сусв. рэсурсы К.в. па розных ацэнках вагаюцца ад 8 да 16 трыльёнаў т. Найб. разведаныя запасы сканцэнтраваны ў Расіі, Казахстане, ЗША, Германіі, Польшчы, на Украіне. Выкарыстоўваецца К.в. як тэхнал. і энергет. сыравіна, для атрымання вадкага паліва. Пры вытв-сці коксу атрымліваюць многія хім. рэчывы, на аснове якіх выпускаюць угнаенні, пластмасы, сінт. валокны, лакі, фарбы і інш. З К.в. ў прамысл. маштабах атрымліваюць многія каштоўныя элементы: ванадый, германій, галій, серу і інш. Гл. таксама Вугальная прамысловасць.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗКІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ.

крыягенныя тэмпературы, тэмпературы ніжэй за 120 К. Т-ры. меншыя за 0,3 К, адносяць да звышнізкіх. Пры Н.т., асабліва блізкіх да абсалютнага нуля, цеплавы рух атамаў рэчыва памяншаецца і пачынаюць праяўляцца яго квантавыя ўласцівасці (напр., звышправоднасць, звышцякучасць). Пры Н.т. стан цвёрдага рэчыва разглядаецца як упарадкаваны, што дазваляе апісваць яго ўласцівасці з дапамогай квазічасціц. Кандэнсаваны (вадкі або цвёрды) стан рэчыва пры Н.т. вывучае фізіка нізкіх тэмператур. Эфекты, што праяўляюцца пры Н.т., выкарыстоўваюць у касм. матэрыялазнаўстве, крыябіялогіі, крыяэлектроніцы і інш.

Атрыманне Н.т. заснавана на звадкаванні газаў у спец. устаноўках — звадкавальніках, дзе моцна сціснуты газ пры расшырэнні да звычайнага ціску ахаладжаецца і кандэнсуецца (паводле Джоўля—Тамсана эфекту). Як холадаагенты выкарыстоўваюць паветра, азот, неон, вадарод, гелій (т-ра кіпення Тн = 4,2 К). Для падтрымання Н.т. Тн холадаагента павінна быць пастаяннай пад атм. ціскам, для чаго выкарыстоўваюць спец. тэрмастаты. Адпампоўваннем газу, што выпараецца, з герметызаванай пасудзіны памяншаюць ціск над вадкасцю і гэтым зніжаюць т-ру яе кіпення. Так дасягаюцца Н.т.: ад 77 да 63 К пры дапамозе вадкага азоту, ад 27 да 24 К — вадкага неону, ад 20 да 14 К — вадкага вадароду, ад 4,2 да 1 К — вадкага гелію. Пры больш нізкіх т-рах вадкія газы цвярдзеюць і страчваюць ахаладжальныя якасці (за выключэннем ізатопа гелію ​4Не, які застаецца вадкім амаль да абс. нуля). Метадам адыябатычнага размарожвання парамагнітных солей дасягаюць т-ры 10​−3 К, гэтым жа метадам з выкарыстаннем ядзернага парамагнітнага рэзанансу ў сістэме атамных ядраў дасягнута т-ра 10​−6 К. Т-ры парадку 10​−3 К атрымліваюць таксама больш зручным метадам — растварэннем вадкага ​3Не у вадкім ​4Не. Вымярэнне Н.т. да 1 К ажыццяўляюць газавым тэрмометрам. У дыяпазоне 0,3—5,2 К нізкатэмпературная тэрмаметрыя засн. на залежнасці ціску насычаных пароў гелію ад т-ры. У практычнай тэрмаметрыі выкарыстоўваюць пераважна тэрмометры супраціўлення.

На Беларусі даследаванні з выкарыстаннем Н.т. вядуцца з 1964 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1980-х г. — у Цэнтры крыягенных даследаванняў пры гэтым ін-це (В.​І.​Гасцішчаў, С.​Я.​Дзям’янаў і інш.), а таксама ў інш. ін-тах Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Лоунасмаа О.В. Принципы и методы получения температур ниже 1 К: Пер. с англ. М., 1977;

Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр. М., 1989;

Вепшек Я. Измерение низких температур электрическими методами: Пер. с чеш. М. 1980.

С.​Я.​Дзям’янаў.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),

1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.

2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ, седыментацыя,

прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш. Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТЫЛХАЛІ́Н,

воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіял. функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і інш. растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некат. раслінных ядах.

Фізіял. значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстр. вучоным О.​Лёві (1921). Ацэтылхалін — хім. перадатчык нерв. імпульсаў у месцах кантактаў нерв. валокнаў з нерв. клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нерв. сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нерв. сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЕ ў хіміі,

працэс злучэння якога-н. рэчыва з кіслародам; хімічная рэакцыя, пры якой адбываецца адыманне электронаў ад атамаў, пераразмеркаванне электроннай шчыльнасці паміж атамамі (гл. Акісленне-аднаўленне). Ступень акіслення не заўсёды адпавядае валентнасці атама і можа быць адмоўнай або дадатнай велічынёй. Сярод працэсаў акіслення вылучаюцца: акісленне арган. злучэнняў, у т. л. нафтапрадуктаў, акісленне металаў і акісленне біялагічнае. Сучаснае разуменне механізма акіслення арган. злучэнняў засн. на пераксіднай тэорыі, паводле якой з кіслародам рэагуюць злучэнні, што папярэдне перайшлі ў актыўны стан (гл. Пераксіды арганічныя). Пачатковая стадыя акіслення — ланцуговая хімічная рэакцыя. Актыўныя акісляльнікі — кісларод O2, азон O3, пераксід вадароду H2O2, хлор Cl2, фтор F2, перманганат калію KMnO4 і інш.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛІ́Н (Вал, Val),

α-амінаізаваляр’янавая кіслата, (CH3)2 CHCH(NH2)—COOH, адна з незаменных амінакіслот. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў у выглядзе L-ізамера, удзельнічае ў сінтэзе пантатэнавай кіслаты і пеніцыліну. Крышталічнае рэчыва. Добра раствараецца ў вадзе. Будову валіну вызначыў і даказаў штучным сінтэзам ням. біяхімік Э.​Фішэр. Колькасць валіну ў бялку ад 4,1 (міяглабін коней) да 8% (сываратачны альбумін чалавека, казеін малака), у асобных выпадках да 13—14% (эластын злучальных тканак). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў валіне 1,6 г. Адсутнасць валіну ў ежы вядзе да адмоўнага азоцістага балансу, у выніку затрымліваецца рост, у нерв. сістэме адбываюцца дэгенератыўныя змены. Валін выкарыстоўваюць у вытв-сці граміцыдзіну.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)