ЛУ́ННІК (Lunaria),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. ажываючы (L. rediviva), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы месцы росту ў Мінскай (Налібоцкая пушча) і Віцебскай абласцях. Расце каля ручаёў і крыніц у густых лісцевых і хвойна-шыракалістых лясах, часам утварае зараснікі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Л. аднагадовы (L. annua).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцябло прамастойнае. Лісце сэрцападобнае, буйназубчастае. Кветкі ліловыя, пахучыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — плоскі стручок даўж. да 5 см. Пры выспяванні створкі з насеннем аддзяляюцца, на расліне застаюцца белыя, празрыста-плевачныя з перламутравым адлівам бліскучыя перагародкі. Дэкар. расліны.

Луннік ажываючы.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],

адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКТА́Р,

цукрыстая вадкасць, сакрэт нектарнікаў кветкавых раслін. Уяўляе сабою водны раствор цукроў (пераважна цукрозы, глюкозы і фруктозы) з невял. дамешкам азоцістых рэчываў, арган. к-т, дэкстрынаў, мінер. солей, спіртоў, ферментаў, фітагармонаў, эфірных алеяў і інш. Выдзяляецца пры цвіценні. Канцэнтрацыя Н. залежыць ад віду расліны (як і склад цукроў) і надвор’я (вільготнасці і інш.), колькасць — таксама ад узросту расліны, стадыі цвіцення, часу дня, глебавых і інш. умоў. Прываблівае да кветак жывёл-апыляльнікаў (пераважна насякомых), для якіх служыць кормам; уплывае на прарастанне пылку, апладненне, развіццё завязі і інш.; валодае бактэрыястатычным дзеяннем. Меданосныя пчолы ўздзеяннем ферментамі і выпарэннем ч. вады ператвараюць Н. у мёд. Н. некат. ядавітых раслін і мёд з яго атрутныя для чалавека, часам для пчол.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМАФІ́ТЫ [ад грэч. psammos пясок + ...фіт(ы)],

расліны рухомых пяскоў, пераважна пустынь. Маюць шэраг прыстасаванняў для існавання на пясках, што перавейваюцца ветрам і агаляюць карані або засыпаюць расліны і перашкаджаюць прарастанню насення. Дрэўныя і кустовыя П. ўтвараюць моцныя прыдаткавыя карані на засыпаных пяском ствалах (напр., саксаул, кандым) і парасткі з прыдаткавых пупышак на аголеных каранях (пясчаная акацыя і інш.). Травяністыя П. ўтвараюць падземныя парасткі часам у выглядзе доўгіх каранёў, што хутка растуць праз тоўшчу пяску (напр., асака пясчаная). Многія П. — эфемеры. Для памяншэння выпарэння вады шматгадовыя П. маюць дробнае моцна рэдукаванае лісце або пазбаўлены яго (фотасінтэз і транспірацыя адбываюцца праз сцябло). Плады П. лятучыя (маюць розныя прыдаткі) і не заносяцца пяском.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́СНА, троліус (Trollius),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейская (T. europaeus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лясных палянах, узлесках, лугах. У культуры вырошчваюцца П.: азіяцкая (T. asiaticus), алтайская (T. altaicus), кітайская (T. chinensis), Ледэбура (T. ledebourii). Большасць садовых форм і сартоў з’яўляюцца гібрыдамі П. азіяцкай, еўрапейскай і кітайскай і аб’яднаны пад назвай П. культурная (T. × culturum).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 50—100 см. Сцёблы прамыя, малагалінастыя. Лісце пальчата-раздзельнае, пераважна прыкаранёвае. Кветкі буйныя, часта адзіночныя, жоўтыя або аранжавыя, маюць пялёсткі-нектарнікі з нектарнай ямкай пры аснове. Плод — шматлістоўка. Ядавітыя. Дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Пярэсна еўрапейская.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ДА, грудніка (Sida),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).

Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ЧКІ (Sempervivum),

род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. атожылкавыя (S. sobolifera), які часта выдзяляюць у род Jovibarba. Трапляюцца па сухіх пясчаных месцах у хваёвых лясах. Як дэкар. расліны вырошчваюць С. дахавыя (S. tectorum) і каўказскія (S. caucasicum).

Шматгадовыя травы выш. да 40 см. Лісце мясістае, чаргаванае, ніжняе — у шчыльнай разетцы. Неквітучыя атожылкі ў выглядзе шарападобных разетак. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, ружовыя, чырв ці пурпурныя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — лістоўка. Пасля плоданашэння расліна адмірае. Лісце і маладыя парасткі спажываюць як салату. Дэкар., лек., харч., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скочкі: 1 — закаўказскія; 2 — каўказскія.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯТРАФІ́ЗМ (ад бактэрыі + грэч. trophe ежа, засваенне),

узаемна карысныя адносіны паміж каранямі раслін і бактэрыямі; форма жыўлення вышэйшых раслін. Бактэрыі (напр., клубеньчыкавыя) сінтэзуюць розныя пажыўныя рэчывы, вітаміны, якімі жывяцца расліны. Бактэрыятрафізм характэрны, напрыклад, для бабовых раслін.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРЫГЕ́НЫ (лац. Aborigines ад ab origine ад пачатку),

1) карэнныя насельнікі (людзі, жывёлы, расліны) краіны ці якой-н. мясцовасці. Паводле стараж.-рым. паданняў, абарыгенамі наз. племя, якое жыло каля падножжа Апенін.

2) У біялогіі тое, што аўтахтоны.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУХМАЛАНО́СНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія назапашваюць у тканках крухмал і выкарыстоўваюцца для яго атрымання. Гал. К.к. — бульба, кукуруза. Вырошчваюць таксама батат, маніёк ядомы (у клубнях 20—40% крухмалу), сагавую пальму (з аднаго ствала атрымліваюць 110—160 кг крухмалу) і інш.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)