КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),
група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).
Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.
Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаны брыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.
Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн.дол. ЗША, каля 10 тыс.дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс.чал. штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л.з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч.прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн.дол., імпарт — каля 250 млн.дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,
эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.
Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.
Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.
Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн.с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АД РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
сукупнасць фіз. і хім. сродкаў аховы арганізма, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў працы персаналу і пражывання насельніцтва пры магчымым уздзеянні радыеактыўнага выпрамянення. Уключае: ахову ад вонкавага выпрамянення «закрытых» крыніц (радыеактыўныя прэпараты, ядз. рэактары, рэнтгенаўскія і паскаральныя ўстаноўкі і інш.); ахову біясферы ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі «адкрытых» радыеактыўных крыніц (адходы ядз. прам-сці, прадукты выпрабаванняў ядз. зброі і выкідаў прадпрыемствамі атамнай прам-сці, работа з «адкрытымі» радыеактыўнымі прэпаратамі і інш.).
Ахова ад вонкавага выпрамянення мае на мэце аслабленне выпрамянення пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам асяроддзя: для паглынання альфа- і бэта-часціц дастаткова аркуша паперы, гумавых пальчатак, адзення ці слоя паветра таўшч. 8—9 см; для паглынання электронаў — некалькіх мм алюмінію, плексігласу або шкла; для паглынання гама-квантаў — матэрыялы, якія ўключаюць элементы з вял. атамнымі нумарамі (вальфрам, свінец, жалеза і інш.), для нейтронаў — водазмяшчальныя рэчывы (парафін, гідрыды металаў, бетон і інш.). Каб знізіць пранікальную здольнасць другаснага выпрамянення (напр., жорсткага зыходнага гама-выпрамянення, тармазнога выпрамянення пры паглынанні бэта-часціц), дадаткова ўжываюць літый або бор. Ахова ад вонкавага апрамянення праводзіцца з улікам спектральнага складу іанізавальнага выпрамянення, магутнасці яго крыніц, адлегласці, на якой знаходзіцца абслуговы персанал, і працягласці знаходжання ў сферы ўздзеяння выпрамянення. Ахоўныя прыстасаванні падзяляюцца на суцэльныя, частковыя, ценявыя і паасобныя (ахоўныя сцены, перакрыцці падлогі і столі, дзверы, назіральныя вокны, кантэйнеры і інш.). Ахова біясферы прадугледжвае спец. захады па зніжэнні канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў у вадзе і паветры да гранічна дапушчальных канцэнтрацый (пастаянна ўдакладняюцца і пераглядаюцца; гл.Дозы выпрамянення). Уздзеянне радыеактыўных рэчываў, што трапляюць у арганізм чалавека і жывёлы, зніжаюць пры дапамозе радыеахоўных рэчываў, якія ўводзяць у арганізм перад ці на працягу ўздзеяння іанізавальнай радыяцыі. Іх умоўна падзяляюць на сродкі агульнабіял. дзеяння, якія павышаюць натуральную радыерэзістэнтнасць — агульную супраціўляльнасць арганізма (вадкія экстракты і настойкі элеўтэракоку калючага, жэньшэню, лімонніку кітайскага, лагахілусу, вітаміны, гармоны, каферменты, вітамінна-амінакіслотныя комплексы, некат. мікраэлементы і антыбіётыкі, біястымулятары) і спецыфічныя радыеахоўныя рэчывы — радыепратэктары, якія ствараюць умовы штучнай радыерэзістэнтнасці. Да іх належаць пераважна рэчывы сінт. паходжання, увядзенне якіх за некалькі мінут ці гадзін перад апрамяненнем у арганізм чалавека і жывёлы паніжае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення. Найбольш эфектыўныя індалілалкіламіны і серазмяшчальныя злучэнні (напр., амінаалкілтыяфасфаты, пептыды і адпаведныя ім дысульфіды, серазмяшчальныя амінакіслоты, дытыякарбаматы, вытворныя тыязалідзіну). Яны выкарыстоўваюцца ў асноўным для індывід. засцярогі арганізма ад вонкавага апрамянення ў надзвычайных абставінах (аварыйныя, ваен. ўмовы) і для пераважнай аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Найбольш эфектыўныя сумесі з радыепратэктараў, якія валодаюць рознымі механізмамі ахоўнага дзеяння.
Ва ўстановах, дзе праводзяцца работы з крыніцамі іанізавальных выпрамяненняў, ажыццяўляецца дазіметрычны і радыеметрычны кантроль. Пры рабоце з «закрытымі» крыніцамі робяць замеры індывід. дозаў для ўсіх відаў апрамянення, перыядычны кантроль магутнасцяў дозаў на рабочых месцах і ў сумежных памяшканнях. Пры правядзенні работ з вял. крыніцамі ўстанаўліваюць прылады з аўтам. сігналізацыяй. Пры наяўнасці «адкрытых» крыніц дадаткова кантралююць колькасць радыеактыўных рэчываў у паветры рабочых памяшканняў, забруджанне рабочых паверхняў, абсталявання, рук і адзення працуючых, радыеактыўнасць сцёкавых водаў і паветра, што выдаляецца ў атмасферу. У выпадках буйнамаштабных аварый на АЭС (накшталт Чарнобыльскай) прадугледжваюцца паэтапныя мерапрыемствы: першачарговыя — укрыццё, эвакуацыя і ўвядзенне стабільнага ёду насельніцтву ў першыя дні пасля аварыі; перасяленне, абмежаванні на ўжыванне харч.прадуктаў з забруджаных тэрыторый, дэзактывацыйныя работы і рэкультывацыя с.-г. угоддзяў і інш.
Літ.:
Владимиров В.Г., Красильников И.И., Арапов О.В. Радиопротекторы: структура и функция. Киев, 1989;
Beir V. Health effects of exposure to low levels of ionizing radiation. Washington, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),
геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.
Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб.стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.
На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (14C) метадам (Л.М.Вазнячук, А.І.Зімянкоў, І.Л.Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс.г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн.г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн.г. назад.
Літ.:
Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;
Шкала геологического времени: Пер. с англ.М., 1985;
Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,
комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл.Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл.Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч.прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г.меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.
С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл.Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл.Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.
Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.
На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.М.Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш.Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.
Літ.:
Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;
Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;
Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаўхім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн.прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБШЧЫ́НА,
устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв.звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл.Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл.Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.
Літ.:
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);
Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДАЛЬ,
галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.
Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст.Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.
Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл.Гандлёвы цэнтр).
На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст.гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр.ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.
Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.
Літ.:
Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РСТВА,
выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап.маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.
Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сцькафлі. У цэлым узоры бел.нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл.Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл.Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл.Ракаўская кераміка).
У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт.Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.