МАХДЗІ́СТАЎ ПАЎСТА́ННЕ ў Судане,
паўстанне 1881—99 супраць англа-егіпецкіх улад і мясц. знаці. На 1-м этапе М.п. ўзначаліў мусульм. прапаведнік Мухамед Ахмед (гл. Махдзі Суданскі). У студз. 1883 паўстанцы занялі г. Эль-Абейд, у ліп. 1883 разбілі атрад англ. ген. У.Хікса. 26.1.1885 яны авалодалі адм. цэнтрам Судана г. Хартум, пры гэтым быў забіты англ. губернатар Ч.Дж.Гордан. Ў ходзе паўстання створана вял. мусульм. дзяржава са сталіцай у г. Амдурман. Пасля смерці Махдзі Суданскага (чэрв. 1885) дзяржаву ўзначаліў яго бліжэйшы паплечнік халіф Абдалах ібн аль-Саід Мухамед, пры якім яна ўключала б.ч. сучаснага Судана. У 1896 англ. войскі на чале з Г.Г.Кітчэнерам пачалі наступленне на дзяржаву махдзістаў, 2.9.1898 разбілі іх у бітве пры Амдурмане. Канчаткова паўстанне задушана пасля гібелі ў ліст. 1899 Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда.
т. 10, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-МАГО́Н ((Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс) (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж. ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.
т. 9, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,
паходы ўкр. сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс. чал.), пасля чаго ўкр.
войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.
т. 10, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧЫЯР ((Mečiar) Уладзімір) (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),
славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.А.Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.—вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.
М.С.Даўгяла.
т. 10, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ IX [свецкае Мастаі-Ферэці (Mastai-Ferretti) Джавані Марыя; 13.5.1792, г. Сенігалія, Італія — 7.2.1878],
папа рымскі з 1846. У 1846—47 правёў ліберальныя рэформы ў Папскай вобл., абвясціў амністыю для больш чым 10 тыс. палітзняволеных. У пач. Рэвалюцыі 1848—49 сфарміраваў урад (сак. 1848) з удзелам памяркоўных лібералаў, згадзіўся на абвяшчэнне канстытуцыі, адпраўку войск на аўстра-італьянскую вайну 1848—49. Але ў крас. 1848 асудзіў нац. вайну супраць Аўстрыі, заклікаў да інтэрвенцыі супраць аб’яўленай у Рыме рэспублікі, пакінуў Рым. Вярнуўся ў 1850 пасля падзення рэспублікі, праводзіў рэакц. палітыку. Аўтар «Сілабуса» (пералік грамадска-паліт. і рэліг. рухаў, якія падрываюць аўтарытэт папства). Пры ім скліканы ўсяленскі (I Ватыканскі) сабор (1869—70; гл. Ватыканскія саборы). Пасля ліквідацыі папскай улады над Рымам (1870) адмовіўся прызнаць аб’яднаную італьян. дзяржаву. Кананізаваны Іаанам Паўлам II (2000).
т. 12, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛІ́ПАЎ (Іван) (сапр. Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),
бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.
Тв.:
У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Каханоўскі Г.А.Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
Г.А.Каханоўскі.
т. 12, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНАРО́ЎСКІ (Андрэй) (?—1740),
украінскі казацкі старшына, удзельнік змовы Мазепы. Пляменнік Мазепы. Пасля разгрому шведаў у Палтаўскай бітве 1709 разам з Мазепам уцёк за мяжу. Арыштаваны ў Гамбургу па патрабаванні рус. ўрада. Сасланы ў Якуцк, дзе і памёр. Вобраз Вайнароўскага створаны ў аднайм. паэме К.Ф.Рылеева.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВА́ШЕ ЗДОРО́ВЬЕ»,
штомесячная незалежная газета. Выходзіць з 1994 у Мінску на рус. мове. Друкуе парады нар. медыцыны больш як 80 краін свету, дамашнія рэцэпты. Асвятляе пытанні аздараўлення насельніцтва рэспублікі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рацыянальнага харчавання, маральна-этычныя праблемы сям’і, праблемы здаровага ладу жыцця і інш.
т. 4, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКІ ПАЛО́Н,
перыяд у гісторыі стараж. яўрэяў. Доўжыўся ад узяцця Іерусаліма вавілонскім царом Навухаданосарам II і насільнага вывядзення значнай часткі яўрэяў у Вавілонію (585 да н.э.) да яе заваявання перс. царом Кірам II (538 да н.э.), пасля чаго яўрэям было дазволена вярнуцца ў Палесціну і аднавіць Іерусалім.
т. 3, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭЖЭ́ (франц. agrege літар. прыняты ў таварыства),
вучоная ступень, уведзеная ў Францыі з 1808. Прысуджаецца выпускнікам ун-та пасля здачы спец. конкурсных экзаменаў. Дае права выкладаць у ліцэях, на прыродазнаўчанавук. і гуманітарных ф-тах ун-таў. Дыплом агрэжэ прыкладна эквівалентны дыплому, што атрымліваюць выпускнікі ун-таў СНД.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)