ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),

хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.

Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл. Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.

Да арт. Геатэхналогія: 1 —здабыча солі падземным растварэннем; 2 — здабыча карысных выкапняў гідраўлічным спосабам; 3 — здабыча серы падземнай выплаўкай.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,

працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл. Дысперсія хваль).

Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш. віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГІЕ́ВІЧ Зміцер Рыгоравіч (н. 8.8.1912, в. Сухое Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. З 1929 у Мінску. Працаваў у Радыёцэнтры Беларусі. Вучыўся ў Мінскім вышэйшым пед. ін-це (1932). У 1933 рэпрэсіраваны. У 1935 вярнуўся ў г. Калінкавічы Гомельскай вобл. Працаваў на фанернай ф-цы ў Мазыры. У Вял. Айч. вайну на фронце. З 1945 у газ. «За честь Родины» (Вена). З 1950 у газ. «Зищитник Родины» (Адэса). У 1956—61 у газ. Паўд. групы войск «Ленинское знамя» (Будапешт). З 1961 жыве ў Адэсе. Дэбютаваў вершамі на бел. мове ў 1930 (пад псеўд. Змітро Віталін). Аўтар зб. вершаў «Будзем жыць!» (1932). У Адэсе пад сваім прозвішчам на рус. мове выдаў кнігі прозы пераважна на ваен. тэматыку: «На блакітным Дунаі» (1955), «Першы бой» (1957), «Прывітанне з юнацтва» (1964), «Трывожная восень» (1966), «Высокі востраў» (1969), «Маршавая рота» (1971), «Навальніца на світанні» (1973), «Сосны пасярод поля» (1975), «Добрыя прыкметы» (1978), «Няма апошніх рубяжоў» (1982) і інш.

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАДО́ЛЬСКІ Януар Іванавіч (19.9.1797, г. Гродна — 20.3.1875),

бел. жывапісец-баталіст. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы і Расіі. Жывапісу вучыўся ў Варшаве ў А.​Брадоўскага (з 1815), у Рыме ў К.​Вернэ (1832—37). Удзельнік паўстання 1830—31. Стварыў рамант. карціны на гіст. тэматыку «Бітва пад Рашынам» (1832), «Бітва пад Самасьерай» (1860), «Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну» (1866). Аўтар серыі батальных кампазіцый на тэму рус.-перс. і рус.-тур. войнаў, у якіх удзельнічаў сам: «Узяцце крэпасці Карс», «Узяцце Ачакава», «Штурм крэпасці Ахалцых», «Фельдмаршал Паскевіч прымае дэлегацыю жыхароў Эрзурума», «Асада крэпасці Абасабад» і інш. Сярод інш. твораў: «Сцэна з 1831 года», «Заключэнне Туркманчайскага міру», «Паляванне на аленя», «Дзед з унукам на паляванні» і інш. У творчасці С. дакументальная дакладнасць адлюстравання спалучаецца з выдатна распрацаванай кампазіцыяй, яркай маляўнічасцю жывапісных вырашэнняў.

Літ.:

Дробаў Л.М. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Яго ж. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.

Л.​Н.​Дробаў.

Я.Сухадольскі. Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну. 1866.

т. 15, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРМЯ́ГА,

1) грубае нефарбаванае даматканае сукно.

2) Верхняе адзенне з такога сукна. Вядома ўсх. славянам, палякам, літоўцам, мардве і інш. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1395, у 15—16 ст. уваходзіла ў царскае летняе ездавое ўбранне. На Беларусі С. — верхняя мужчынская і жаночая вопратка белага ці шэрага колеру (на Пд Гродзеншчыны карычневага). Апраналі звычайна на кашулю, з поясам. Насілі ў халодную пару (на Віцебшчыне паверх насова і футра). Даўнія С. доўгія, двухшвовыя, прамога з суцэльнай спінкай крою, больш познія — карацейшыя, прыталеныя, у зборкі, раскошанага крою. Адна- і двухбортныя, без каўняра ці з каўняром, зашпільваліся на гаплікі, гузікі. Святочную С. аздаблялі шнурком, вышыўкай, аплікацыяй (каляровая тканіна, скура). Кроем спінкі, размяшчэннем дэкору (узоры накшталт зігзагаў, галінак дрэў, кветак) вылучаліся белыя С. з-пад Камянца; абшываліся паласой чорнага аксаміту.

Літ.:

Левинсон-Нечаева М.Н. Приложение: Материалы к истории рус. нар. одежды // Крестьянская одежда населения Европейской России (XIX — начало XX в.);

Определитель М., 1971.

М.​Ф.​Раманюк.

Святочная сярмяга.

т. 15, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА, Чарэя. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, каля в. Чарэя, за 26 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 3,38 км², даўж. 6,71 км, найб. шыр. 1,12 км, найб. глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 17,3 км. Пл. вадазбору 17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд, складаецца з некалькіх плёсаў. Схілы катлавіны выш. да 10 м, на Пд да 18 м, участкамі на ПдУ і З паніжаюцца да 2 м, разараныя, часткова пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі на Пн, ПнЗ і З зліваюцца са схіламі, абрывістыя, абразійныя, на Пд і ПдУ сплавінныя. Дно ў прыбярэжнай частцы выслана глінай, пясчанымі і пясчана-ілістымі адкладамі, глыбей — ілам. У цэнтры востраў пл. 0,02 км². Зарастае да глыб. 4 м, шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 50 м. Злучана пратокай з азёрамі Галаўня і Чамярыца, упадаюць больш за 10 ручаёў і меліярац. каналаў, выцякае ручай у воз. Родамля.

т. 17, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬМІ́ (Valmy),

вёска ў Францыі, у дэпартаменце Марна. 20.8.1792 войскі рэв. Францыі на чале з Ш.​Дзюмур’е і Ф.​Келерманам упершыню далі адпор аўстра-прускім інтэрвентам і франц. раялістам пад кіраўніцтвам К.​Браўншвейгскага, якія імкнуліся аднавіць абсалютызм, і вымусілі іх адступіць.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕНБАЎЭР (Beckenbauer) Франц (н. 11.9.1794, Мюнхен),

нямецкі спартсмен і трэнер (футбол). Чэмпіён свету (1974), Еўропы (1972). Лічыўся адным з лепшых у свеце футбольным абаронцам, у 1972 і 1976 прызнаны лепшым футбалістам Еўропы. Пад кіраўніцтвам Бекенбаўэра каманда ФРГ стала чэмпіёнам свету (1990).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХУ́Л, Кагул (Cahul),

горад, раённы цэнтр у Малдове, каля р. Прут. Засн. ў 1835 пад наз. Кагул. 44,3 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Вінаробныя, кансервавыя, масларобныя і інш. з-ды; вытв-сць жалезабетонных вырабаў. Гісторыка-краязнаўчы музей, карцінная галерэя. Тэатр.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ КІНАЗДЫ́МКА,

кіназдымка аб’ектаў пад вадой. Выконваецца звычайнымі кіназдымачнымі апаратамі праз ілюмінатары падводных лодак, глыбакаводных апаратаў, праз празрыстыя сценкі басейнаў і акварыумаў, а таксама кінаапаратамі, размешчанымі ў воданепранікальных боксах (камерах). Аператар кіруе кінаапаратам уручную або дыстанцыйна, напр. з палубы судна.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)