ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчы с.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІПЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі (Certhiidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 2 (4) роды, 17 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. Жывуць пераважна ў хваёвых і мяшаных лясах, гняздуюцца ў дуплах, трэшчынах ствалоў, пад карой. На Беларусі 2 віды роду Пішчуха (Certhia); звычайная (C. familiaris) — гняздуецца на ўсёй тэр., і караткапальцая (C. brachydactyla) — залётны від.
Даўж. да 17 см, маса да 30 г. Дзюба даўж. да 1,5 см, тонкая, загнутая ўніз. Хвост цвёрды, ногі дужыя, учэпістыя, з загнутымі кіпцюрамі. Кормяцца насякомымі, павукамі, насеннем. Нясуць да 9 яец двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.
П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НКА (Emberiza calandra, або Miliaria calandra),
птушка сям. аўсянкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, на сухадольных лугах з хмызняковымі зараснікамі, палях, каля населеных пунктаў. У канцы лета вывадкі П аб’ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін і больш. На Беларусі рэдкі гнездавальны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 60 г. Апярэнне аднастайна-шэрае, святлейшае на горле, грудзях і брушку, з бурымі падоўжанымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Корміцца пераважна насеннем раслін, парасткамі, часткова дробнымі беспазваночнымі. Нясе 4—6 яец двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД-А́ЙЛЕНД,
мяса-яечная парода курэй. Выведзена ў 19 ст. ў ЗША скрыжаваннем мясц. курэй з палевымі кахінхінамі, дамініканскімі, чырвона-бурымі малайскімі курамі і бурымі легорнамі. Выкарыстоўваюць для стварэння матчыных ліній пры вытв-сці бройлераў і гібрыдных нясушак з павышанай яйцаноскасцю. Гадуюць у ЗША, краінах Зах. Еўропы і інш.
Тулава шырокае. Крылы невял., слабаразвітыя. Галава сярэдняй велічыні з невял. лістападобным грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Дзюба і ногі жоўтыя. Апярэнне карычнева-чырвонае, сустракаецца чорнае пер’е на хвасце, крылах і шыі. Маса пеўняў 3—3,5, курэй 2,3—2,5 кг. Яйцаноскасць 170—180 яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна прам-сці буд. матэрыялаў, аб’ядноўвае горнаабагачальныя камбінаты, якія ажыццяўляюць здабычу і вытв-сць таварнага азбесту.
Фарміраванне азбеставай прамысловасці пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Італія, Канада), калі шырокае развіццё атрымала вытв-сць тэрмастойкіх азбеставых вырабаў і азбестацэментных буд. матэрыялаў. Сучасная азбеставая прамысловасць выпускае больш за 3 тыс. розных матэрыялаў і вырабаў. Асноўныя запасы азбесту сканцэнтраваны ў Канадзе і Расіі (па вытв-сці азбесту б.СССР займаў 1-е месца ў свеце). Агульныя запасы азбеставага валакна ацэньваюцца ў 123 млн.т (без б.сацыяліст. краін). Большая іх частка (88%) належыць прамыслова развітым краінам, пераважна Канадзе (77%, правінцыя Квебек). Вытв-сць азбеставага валакна ў свеце складае больш за 4 млн.т у год, у т. л. ў Канадзе і Рас. Федэрацыі каля 2 млн.т у кожнай. У Расіі азбеставая прамысловасць сканцэнтравана на камбінатах «Уралазбест», «Туваазбест», «Арэнбургазбест» і інш. Запасы разведаны на 28 радовішчах, пераважна на Сярэднім і Паўд. Урале і ПдУсх. Сібіры. Азбеставая прамысловасць развіта ў Казахстане, дзе пабудаваны камбінат «Кустанай-азбест» на базе Джэтыгарскага радовішча. Буйныя вытворцы азбесту таксама ПАР, Зімбабве, Італія, Аўстралія, ЗША, Кітай. Здабываюць азбест пераважна адкрытым спосабам (у кар’ерах), у невял. аб’ёмах — падземным. Абагачальныя ф-кі — высокамеханізаваныя і аўтаматызаваныя прадпрыемствы з абагачальным абсталяваннем і ўстаноўкамі ачысткі паветра сярэдняй магутнасцю 330 тыс.т азбесту за год. Буйнейшыя пастаўшчыкі азбеставага валакна на сусв. рынак — Канада, Расія, ПАР, Зімбабве. Гал. імпарцёры прадукцыі — ЗША, Японія, ФРГ, Францыя, Вялікабрытанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКАЯ ВЯСНА́»,
міжнародны фестываль музыкі, які праводзіцца штогод з 1984 у Мінску ў пач. красавіка. Ініцыятар і арганізатар фестывалю Ю.Гільдзюк. Мае на мэце ўсебаковую падтрымку і прапаганду прафес.муз. мастацтва, выяўленне новых дасягненняў і імён у кампазітарскай і выканальніцкай творчасці. Канцэртныя праграмы ўключаюць музыку розных эпох і жанраў, новыя творы сучасных бел. і замежных кампазітараў. Многія фестывалі мелі пэўную тэматыку: «Год В.А.Моцарта» (1991), «Новыя імёны» (1992), «Год С.В.Рахманінава» (1993), «Велікоднае прынашэнне» (1994), «Да 40-годдзя Перамогі» (1995), «Ф.Шуберт і І.Брамс — нашы сучаснікі» (1997), «У святле скрыпкі» (1999). У рамках фестывалю праводзяцца аўтарскія канцэрты бел. кампазітараў. У фестывалі ўдзельнічалі вядомыя бел. калектывы, у т. л.Дзярж.акад.сімф. аркестр, Дзярж.акад. харавая капэла, Дзярж. камерны хор, Дзярж. камерны аркестр, ансамбль салістаў «Класік-Авангард», Мінскі абл. камерны хор «Санорус», ансамбль нар. музыкі «Свята», акад. хор Бел. тэлебачання і радыё, калектывы Бел. акадэміі музыкі; піяністы І.Алоўнікаў, Ю.Бліноў, Гільдзюк, А.Сікорскі; кларнетыст Г.Забара; трубач А.Кавалінскі, вакалісты С.Данілюк, М.Гулегіна, Н.Галеева, М.Жылюк, Н.Руднева, В.Скорабагатаў і інш., замежныя творчыя калектывы, кампазітары і асобныя выканаўцы з Расіі, Прыбалтыкі, Малдовы і інш., у т. л.рас. кампазітары С.Губайдуліна, Э.Дзянісаў, А.Шнітке, А.Эшпай; Дзярж. акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, выканаўцы-інструменталісты Ю.Башмет, Э.Вірсаладзе, М.Пятроў, У.Співакоў, В.Траццякоў, дырыжор А.Янчанка, спявачкі І.Архіпава, М.Біешу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАЎДНЁВЫ УЭ́ЛЬС (New South Wales),
штат Аўстраліі, на ПдУ краіны. Пл. 801,6 тыс.км². Нас. каля 6 млн.чал. (1998). Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г.Сідней. У межах штата знаходзіцца сталіца Аўстраліі — г.Канбера. Паверхня — пераважна раўніна ўздоўж р. Мурэй і яе прытокаў — рэк Дарлінг і Марамбіджы. На УВялікі Водападзельны хрыбет і прыморская нізіна (шыр. 20—40 км). Клімат на прыморскай нізіне субтрапічны вільготны (ападкаў 1200—1500 мм за год), на астатняй тэр. больш кантынентальны і сухі (ападкаў да 250 мм за год). Сярэднія месячныя т-ры ад 10—12 °C (ліп.) да 22—26 °C (студз.). На раўніне — засушлівае рэдкалессе і паўпустынныя хмызняковыя саванны, на ўзбярэжжы — вільготныя лясы. Найб. населены і эканамічна развіты штат Аўстраліі. Здабыча каменнага вугалю (Ньюкасл і інш.), поліметалаў (Брокен-Хіл), серабра, медзі, волава, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд. (с.-г. тэхніка, судны, легкавыя аўтамабілі, станкі і інш.), чорная і каляровая металургія, хім., нафтахім., харч., тэкст., папяровая, шкляная. Лесанарыхтоўкі (на У). У сельскай гаспадарцы найб. развіты вырошчванне збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, кукуруза), гадоўля мясной буйн. раг. жывёлы (на У) і авечак (на З). Пояс збожжавых культур цягнецца з Пн на Пд уздоўж зах. схілаў гор. Значныя пл. арашальных зямель. На ўзбярэжжы — малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, на Пн — вырошчванне цукр. трыснягу. Пашыраны вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пчалярства. Марское рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Суднаходства па р. Мурэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,
колькасць і якасць прадукцыі ад адной жывёлы за пэўны перыяд (дзень, месяц, лактацыю, год). Залежыць ад пароды, скараспеласці, полу, узросту, працягласці гасп. выкарыстання і ўмоў утрымання жывёл. Паводле кірункаў П. вылучаюць пароды: у гадоўлі буйн. раг. жывёлы — малочныя, малочна-мясныя, мясныя; у свінагадоўлі — мясныя, мяса-сальныя, сальныя; у авечкагадоўлі — воўнавыя, мяса-воўнавыя, мяса-сальныя, сальныя, малочныя, смушкавыя, футравыя; у птушкагадоўлі — мясныя, яечныя, мяса-яечныя.
Малочная П. (малочнасць) кароў за лактацыю ад 600—2000 кг (мясныя пароды) да 6—10 тыс.кг (малочныя пароды); коз малочных парод 450—550 кг; авечак да 500; кабыл 1000—3000; вярблюдзіц 750—2000 кг. Мясную П. ацэньваюць па масе, скараспеласці (узрост, у якім жывёла дасягае неабходных паказчыкаў) і забойным выхадзе (адносіны масы тушы да жывой масы). Маса бычкоў у 15—18 месяцаў — 400—500 кг, куранят-бройлераў (60 сут) — 1,5 кг. Забойны выхад у буйн. раг. жывёлы 55—65%, у свіней 75—80%, у авечак і коз 45—55%. Воўнавая П. танкарунных авечак 3—8, грубашэрсных 1—4 кг, сярэдні начос пуху з коз 0,3—0,6 кг. Яечная П. курэй 230—240 (да 360) яец за год, качак 120—180, індычак 100—150, гусей 50—80, перапёлак 250—300. Маса курыных яец 50—60, гусіных 100—180, індычых 100—110 г. Пчаліная сям’я за сезон дае мёду да 150 (таварнага 30—50), воску 1,5—2,5 кг, пропалісу 100—200 г.