сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).
Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́ЧАК (Campanula),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 12 дзікарослых: З. балонскі (C. bononiensis), жорсткавалосы, або аленевы (C. cervicaria), крапівалісты (C. trachelium), круглалісты (C. rotundifolia), мучністы (C. farinosa), персікалісты (C. persicifolia), раскідзісты (C. patula), рэпчатападобны, або рапунцэлепадобны (C. rapunculoides), рэпчаты, або рапунцэль (C. rapunculus), сібірскі (C. sibirica) скучаны, або зборны (C. glomecata), шыракалісты (C. latifolia) і 10 інтрадукаваных: бледна-вохрысты (C. ochroleuca), карлацкі (C. carpatica), кропкавы (C. punctata), сармацкі (C. Sarmatica), сярэдні (C. media), узгоркавы (C. collina), часночніцалісты (C. alliarifolium) і інш.відаў. З. рэпчаты, сібірскі і шыракалісты занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце амаль сядзячае або на кароткіх чаранках, чаргаванае, суцэльнае, іншы раз у прыкаранёвай разетцы. Кветкі званочкавыя, лейкападобныя. адкрытыя да колападобных, рознага колеру (найчасцей сінія, блакітныя, фіялетавыя, белыя), адзіночныя або ў галінастых суквеццях. Чашачка 5-зубчастая, часта з прыдаткамі паміж зубцамі. Плод — каробачка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Карані і лісце некат. відаў (напр., З. рэпчатага) ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЗААЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі (у 1932—58 Аддзел фауны Ін-та біялогіі). Лабараторыі (1998): экалогіі наземных пазваночных жывёл, арніталогіі, энтамалогіі, іхтыялогіі, водных беспазваночных жывёл, гідраэкалогіі, паразіталогіі. Аспірантура (з 1958), дактарантура па спецыяльнасцях «заалогія» і «гідрабіялогія» (з 1994).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах нарастання антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў вядзення экалагічнага маніторынгу; навук. абгрунтаванне развіцця і расшырэння сеткі ахоўных прыродных тэр.; вядзенне Чырв. кнігі рэдкіх і знікаючых відаў жывёл. Вынікі даследаванняў: распрацаваны метадычныя асновы, прынцыпы складання і прагноз стану і дынамікі жывёльнага свету, канцэпцыя для планавання рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў найб. значных відаў і груп паляўнічай фауны, рыбных запасаў вял. азёр Беларусі і ахове рэдкіх і знікаючых відаў рыб, рэканструкцыя фауны і акліматызацыя гідрабіёнтаў у падагрэтых водах энергет. аб’ектаў, меры па барацьбе з узбуджальнікамі паразітозаў і пераносчыкамі каранцінных і асабліва небяспечных захворванняў на тэр. Беларусі. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.Е.Макушок, чл.-кар. І.М.Сяржанін; працуюць акад.Нац.АН Беларусі і Рас.АН Л.М.Сушчэня, чл.-кар. М.М.Пікулік (дырэктар), 7 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл.Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс.га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,
геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыроды рэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач.дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс.м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, алігахеты (Oligochaeta),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. Каля 27 сям., больш за 5 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у глебе, прэсных вадаёмах, каля 200 відаў марскія. На Беларусі 8 сям., больш за 60 відаў. Найб. трапляюцца дэндрабена васьмігранная (Dendrobaena octaedra), малы чырв. чарвяк (Lumbricus rubellus), наіда зменлівая, або змейка вадзяная зменлівая (Nais variabilis), стылярыя азёрная (Stylaria lacustris), трубачнік звычайны (Tubifex tubifex), шчацінкабрух празрысты (Chaetogaster diaphanus), эаласома гемпрыхава (Aeolosoma hemprichi), энхітрэус белы (Enchytraeus albus). Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл; корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.
Даўж. ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5—600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы. Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты. Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі. Гл. таксама Дажджавыя чэрві, Кольчатыя чэрві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛПЫ (Anthropoidea, або Simia),
падатрад млекакормячых атр.прыматаў. 2 групы (140 відаў): шыраканосыя малпы і вузканосыя М., або М. Старога Свету. Вузканосых М. 3 сям.: ніжэйшыя вузканосыя — мартышкі, вышэйшыя вузканосыя — чалавекападобныя і людзі — гамініды. М. паходзяць з палеацэну і эацэну (60—25 млн. гадоў назад) ад выкапнёвых даўгапятаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Пашыраны ў.Еўропе (1 від), Паўд. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць пераважна ў лясах і гарах тропікаў. Большасць відаў вядзе стадны спосаб жыцця, пераважна дрэвавы (акрамя гелад, маготаў, павіянаў). У Чырв. кнізе МСАП — каля 60 відаў.
Ад даўж. 15 см і масы каля 70 г (ігрунка карлікавая) да 2 м і 300 кг (гарыла). Валасяное покрыва развітое (акрамя твару і вушных ракавін), развітая мімічная мускулатура. Будова мозга складаная, кара са шматлікімі звілінамі і барознамі. У вузканосых М. ноздры скіраваны ўніз. Вял. палец кісці ў іх проціпастаўлены астатнім пальцам; маюць пазногці. Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня (у ігрунак 2—3). Гл. таксама Арангутан, Гарыла, Гібоны, Мартышкі, Павіяны, Шымпанзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́КМУС (галанд. lakmoes),
фарбавальнік, які атрымліваюць з некаторых відаў лішайнікаў. Водны раствор Л. (фіялетавага колеру) выкарыстоўваюць як індыкатар (гл.Індыкатары хімічныя); у кіслым асяроддзі ён афарбоўваецца ў чырвоны колер, у шчолачным — у сіні, у нейтральным не мяняе колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛА́СТАЎЧЫНЫ ГНЁЗДЫ»,
гнёзды некаторых відаў саланган — птушак падатр.стрыжоў, падобныя да ластаўчыных (адсюль назва). Пабудаваны з выдзяленняў пад’язычных слінных залоз. Саланганы прымацоўваюць іх пад столлю ў глыбіні высокіх пячор і гротаў. У некат. краінах Паўд.-Усх. Азіі «Л.г.» — далікатэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯСНЫ́Я ЦЭ́НЫ цэны, дыферэнцыраваныя па паясах, кожны з якіх уключае некалькі адм.-тэр. адзінак, мясцовасцей з падобнымі прыродна-эканам. ўмовамі вытв-сці, рэалізацыі і спажывання асобных відаў прадукцыі; цэны аднаго і таго ж тавару, характэрныя для шэрагу рэгіёнаў.