ВІХРАВЫ́ РУХ,

рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.

Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.

Да арт. Віхравы рух. Віхравыя трубкі.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНІ́ЧНАЯ КА́СА,

орган страхавання рабочых на прадпрыемствах Рас. імперыі на пач. 20 ст. Паводле закону «Аб абавязковым страхаванні рабочых ад няшчасных выпадкаў і на выпадак хваробы» (1912) бальнічная каса магла быць заснавана пры наяўнасці на прадпрыемстве 200 чл. (калі было менш — стваралася агульная каса для рабочых некалькіх прадпрыемстваў). У 1914 у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. было 99 бальнічных кас (39 тыс. чл.). Штомесяц чл. касы плацілі ўзнос у памеры 2—3% ад сумы заробку, уладальнік прадпрыемства ўносіў ​2/3 сумы ад узносаў рабочых. З гэтых сродкаў хворыя атрымлівалі дапамогу ў памеры 25—50% сярэдняга заробку (але не больш як на працягу 26 тыдняў). Жанчынам выдавалі дапамогу па цяжарнасці ад палавіны да ​2/3 заробку на працягу 4 тыдняў да родаў.

М.​М.​Забаўскі.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТЭ́З (ад грэч. diathesis схільнасць),

стан арганізма, пры якім фізіял. раздражняльнікі могуць быць прычынай паталаг. змен. Д. звязваюць са спадчыннымі, прыроджанымі і набытымі ўласцівасцямі, на якія ўплывае асяроддзе. Найчасцей бывае ў дзяцей. Адрозніваюць 3 формы Д.: эксудатыўна-катаральны (у дзяцей ранняга ўзросту, да 2—3 гадоў знікае) з высыпкай на скуры і слізістых абалонках, запаленнямі дыхальных шляхоў і хваробамі стрававальна-кішачнага тракту; лімфатыка-гіпапластычны (выяўляецца ў 2—7 гадоў) з паніжанай устойлівасцю і схільнасцю да хвароб эндакрынных залоз і нерв. сістэмы; нервова-артрытычны (бывае рэдка, у 7—14 гадоў) з парушэннямі абмену рэчываў і звязаным з імі ўзбуджэннем ц. н. с. Лячэнне хвароб, якія ўзніклі на аснове Д., па агульных правілах з улікам асаблівай схільнасці арганізма да Д. Асобную групу складае дыятэз гемарагічны.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДАТКО́ВАЕ РАССЛЕ́ДАВАННЕ,

у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД дадатковае следства або дазнанне, якое праводзіцца паводле распараджэння пракурора ці вызначэння суда па крымінальнай справе, скончанай следствам. Праводзіцца ў выпадках: выяўлення пракурорам або судом непаўнаты папярэдняга следства, якая не можа быць папоўнена ў суд. пасяджэнні; істотнага парушэння органамі следства ці дазнання закону, якое перашкаджае разгляду справы судом; наяўнасці падстаў для прад’яўлення абвінавачанаму інш. абвінавачання, звязанага з раней прад’яўленым; для змянення абвінавачання на больш цяжкае або на такое, якое істотна адрозніваецца ад абвінавачання, што ўтрымліваецца ў абвінаваўчым заключэнні; наяўнасці падстаў для прыцягнення да крымін. адказнасці па гэтай справе інш. асоб і інш. падстаў, прадугледжаных заканадаўствам. Указанні пракурора і суда аб Д.р. абавязковыя для следчых і інш. дзярж. органаў, грамадскіх арг-цый і грамадзян.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,

пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл. Мендэля законы).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),

вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.

Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,

характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.

Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз. гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.

С.​М.​Ляшчоў, Я.​М.​Рахманько.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, абсяг,

звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.

Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКА́ЗНІК,

галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.

Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.​Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.​Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.​Каваль; «Хлеб у нас свой», І.​Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.​Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.​Колас).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)