Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.
Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс.км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).
На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.
Літ.:
Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІЛЁЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),
вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус.нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб.філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ.нар. паэзію, творы Т.Гацье, С.Т.Колрыджа, Р.Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах.Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах.Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРФАГЕ́Н (ад фінікійскага Картадашт — літар. новы горад),
старажытны горад-дзяржава ў Паўн.Афрыцы, у 7—2 ст. да н.э. найбуйнейшая дзяржава. Засн. выхадцамі з фінікійскага г. Тыр у 825—814 да н.э. на ПнУ сучаснай дзяржавы Туніс. Быў цэнтрам пасрэдніцкага гандлю паміж Усх. і Зах. Міжземнамор’ем. Развіццё гандлю спрыяла заснаванню К. калоній уздоўж узбярэжжа і на а-вах Зах. Міжземнамор’я. Паступова пашырыў свае зямельныя ўладанні ў бас.р. Баград, дзе ўзніклі латыфундыі з працай рабоў і мясц. насельніцтва.
Меў алігархічную форму праўлення: уладу ўзначальвалі асобныя групы гандл.-рамеснай арыстакратыі; заканад. ўлада належала савету 10 (з сярэдзіны 5 ст. да н.э. савет 30) і савету старэйшын (з сярэдзіны 5 ст. да н.э. колькасць чл. павялічана з 100 да 300). На чале выканаўчай улады былі 2 суфеты (перавыбіраліся штогод). У К. развіваліся сельская гаспадарка і рамёствы; у прыватных майстэрнях разам з рабамі працавалі і свабодныя грамадзяне, у дзяржаўных — дзярж. рабы. Фінікійскія калоніі, якія ўваходзілі ў склад К. (Утыка, Лептыс-Магна, Лептыс-Мінор. Гіпон і інш.), мелі блізкую да яго сац. і паліт. структуру, карысталіся аўтаноміяй, плацілі К. падатак (гандл. пошліну). У саюзе з этрускамі К. разграміў грэкаў у бітве пры Алаліі (534 да н.э.), знішчыў Тартэс, замацаваў сваё панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Паражэнне ў бітве каля Гімеры (каля 480 да н.э.) спыніла экспансію К. ў Грэцыю. У сярэдзіне 5 ст. да н.э. дзяржава, створаная К., уключала Паўн. Афрыку. Зах. Сіцылію, Паўд. Іспанію, Сардзінію. Каля трох стагоддзяў К. намагаўся захапіць грэч. калоніі на п-ве Сіцылія. Імкненне К. да гегемоніі прывяло да Пунічных войнаў 264—146 да н.э. з Рымам. У выніку 3-й Пунічнай вайны 149—146 К. захоплены і разбураны рымлянамі. У 1 ст. да н.э. адноўлены, у перыяд Рым. імперыі адзін з буйных гарадоў Міжземнамор’я, у 5—7 ст.н.э. пад уладай вандалаў, Візантыі. У 698 разбураны арабамі.
Мастацтва К., фінікійскае па паходжанні, зазнала ўплывы Стараж. Егіпта і Грэцыі (антрапаморфныя саркафагі 4—3 ст. да н.э., маўзалей Атэбана ў г. Дуга, 200 да н.э., дойлід Абарыш) і мела змешаны характар (кантакты з мастацтвам этрускаў, ібераў, лівійцаў). К. складаўся з Верхняга горада (цытадэль Бірса з храмам бога Эшмуна), Ніжняга горада і сельскага прадмесця Мегара; быў абкружаны ровам і 2 магутнымі мурамі з вежамі. У 7—2 ст. да н.э. знойдзены ювелірныя і бронз. вырабы, гліняныя свяцільні, пасудзіны, статуэткі, рытуальныя і партрэтныя маскі. Захаваліся вапняковыя, радзей мармуровыя прымітыўныя стэлы, прысвечаныя фінікійскім багам Таніт і Ваалу-Амону. Мастацтва рым. перыяду (2—3 ст.) вызначаецца імкненнем да раскошы і грандыёзнасці. Была створана прамавугольная сетка вуліц, на ўзгорку Бірса пабудаваны капітолій, замест храма Эшмуна — храм Эскулапа, у горадзе — тэатр, адэон, амфітэатр, тэрмы з мазаікамі, мармуровымі абліцоўкамі і статуямі. У жыллёвым буд-ве пераважаў эліністычна-рым. перыстыльны тып дома, прыстасаваны да афр. клімату, з басейнамі, невял. свяцілішчамі. Інтэр’еры аздабляліся фрэскамі і мазаікамі. Была пашырана пераважна дэкар. і надмагільная скульптура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр.Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВтгадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцыз-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),
рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс.км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс.км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс.м³/с, макс. — да 15 тыс.м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн.м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял.эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн.га у Егіпце і каля 1,1 млн.га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс.км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл.Егіпет Старажытны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia),
Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах.Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр.Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г.Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт·гадз, у 1993 атрымана 440 кВт·гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.
дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс.км². Нас. 5648,4 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г.Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар.к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».
Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л.вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд.т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд.м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-растудз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.
Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.
Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э.Л. — рым. ўладанне. У 5 ст.н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняўЛ. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).
У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр.Л. захавалася англ-франц.ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.
24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн.Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст.Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л.ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб.Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл.ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.
Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн.т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд.м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд.кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн.т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш.Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн.т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн.т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч.прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн.га). 470 тыс.га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш.Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн.га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс.км. У краіне 4,4 тыс.км нафтаправодаў, 0,4 тыс.км прадуктаправодаў, 1,9 тыс.км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд.дол., імпарт 7,3 млрд.дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.
Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст.л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.С.Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн.літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр.Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр.Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лівіі.Да арт.Лівія. Лівійская пустыня.Да арт.Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),
чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.
Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн.км² сушы, што ў 3разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.
Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх.Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).
Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.
Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;
Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (эканам.),
каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасуцэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.
У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд.Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл.Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.
У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл.Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв.спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.
Літ.:
Марфунин А.С. История золота. М., 1987;
Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ.Т. 2. М., 1993;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.