ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,

баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.​І.​Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.​П.​Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс. чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.​І.​Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.​А.​Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л. франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУП ТЭО́РЫЯ,

раздзел алгебры, які вывучае ўласцівасці алгебраічных аперацый, што найчасцей сустракаюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях; выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. раздзелах навукі (асабліва пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі). Канчатковая мэта груп тэорыі — апісаць усе магчымыя групавыя аперацыі (гл. Група). Асновы груп тэорыі закладзены Э.Галуа (1831).

Першыя тэарэмы груп тэорыі даказаны Ж.Лагранжам у канцы 18 ст., а потым А.Кашы, Н.Абелем і інш. Напачатку груп тэорыя вывучала канечныя групы падстановак, у канцы 19 — пач. 20 ст. — канечныя групы з элементамі любой прыроды, а потым і бясконцыя і тым самым стала на абстрактны, аксіяматычны шлях развіцця і стала прыкладам для перабудовы ў пач. 20 ст. алгебры і ўсёй матэматыкі. Груп тэорыя падзяляецца на шэраг вял. раздзелаў, якія найчасцей вылучаюцца дастатковымі ўмовамі на групавую аперацыю (канечных груп тэорыя, абелевых груп тэорыя, нільпатэнтных груп тэорыя, пераўтварэнняў груп тэорыя, выяўленняў груп тэорыя і інш.) ці ўнясеннем у групу дадатковых структур, звязаных пэўным чынам з групавой аперацыяй (тапалагічных, алг. і ўпарадкаваных груп тэорыя і інш.). Асн. праблема груп тэорыі — класіфікацыя простых канечных груп, якія адыгрываюць ролю «будаўнічых блокаў» адвольнай групы; лічыцца, што такая класіфікацыя створана, аднак да сучаснага моманту (1997) дакладна выверанага тэксту яе няма.

У Беларусі сістэм. даследаванні па груп тэорыі пачалі Дз.А.Супруненка (1945; групы падстановак і матрыц), С.А.Чуніхін (1953; канечныя групы); зараз даследаванні вядуцца пад кіраўніцтвам У.П.Платонава (тапалагічныя і лінейныя алг. групы, мнагастайнасці груп), Л.А.Шамяткова (тэорыя фармацый), А.Я.Залескага (выяўленні лінейных алг. груп).

Літ.:

Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;

Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;

Шеметков Л.А. Формации конечных групп. М., 1978.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1919—22,

вайна Грэцыі пры падтрымцы дзяржаў Антанты (Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, ЗША) супраць Турцыі. Грэцыя, якая прэтэндавала на ч. тэр. Турцыі, аслабленай пасля 1-й сусв. Вайны, 15.5.1919 высадзіла дэсант у г. Ізмір. У ходзе наступлення (чэрв.ліп. 1920) яе войскі прарвалі абарону тур. партыз. атрадаў і прасунуліся на 150—250 км у глыб Анатоліі, уступілі ва Усх. Фракію. Акупацыя значнай ч. тэр. Турцыі (у т. л. 16.3.1920 Стамбула брыт. войскамі) актывізавала ў ёй нац.-вызв. рух (гл. Кемалісцкая рэвалюцыя). У процівагу султанскаму (стамбульскаму) у г. Анкара створаны рэв. ўрад на чале з Мустафой Кемалем (Атацюркам). Сфарміраваныя ім ваен. атрады на чале з Ісмет-пашой у выніку 2 бітваў каля с. Інёню (10.1 і 31.3.1921) часова прыпынілі грэч. наступленне. Летам 1921 грэч. сілы (96 тыс. чал.) прарвалі абарону тур. атрадаў (51 тыс. чал.) і выйшлі да р. Сакар’я, аднак у выніку бітвы 23.8—13.9.1921 былі адкінуты тур. войскам (вярх. галоўнакаманд. Атацюрк). Ва ўмовах выхаду з антытур. кааліцыі Францыі (20.10.1921) і Італіі анкарскі ўрад з ваен. дапамогай Сав. Расіі да лета 1922 рэарганізаваў і пераўзброіў свае ваен. часці, якія 26.8.1922 перайшлі ў наступленне (гал. ўдар у раёне Аф’ён-Карахісара), разбілі грэкаў каля Думлупынара (30 жн.), вызвалілі Ізмір (9 вер.), да 18 вер. — усю Анатолію. У палон трапіла 40 тыс. вайскоўцаў грэч. арміі. Паражэнне Грэцыі прывяло да хваляванняў у яе арміі (вер. 1922), адрачэння ад прастола караля Канстанціна I, пакарання смерцю 5 міністраў на чале з прэм’ерам Д.​Гунарысам.

Літ.:

Гасратян М.А., Орешкова С.Ф., Петросян Ю.А. Очерки истории Турции. М., 1983. С. 165—175.

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.​Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Хастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.

Літ.:

Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;

Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;

Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁД,

вада ў цвёрдым стане. Адрозніваюць аморфны Л. і 10 яго крышт. мадыфікацый. У прыродзе вядома адна форма Л. — са шчыльн. 0,92 г/см³, цеплаёмістасцю 2,09 кДж (кгК) пры 0 °C, цеплынёй плаўлення 334 кДж/кг. Л. празрысты, у тонкім слоі бясколерны, у вял. масе блакітнаваты. Звычайна чысцейшы за ваду, аднак можа мець мех. прымесі — цвёрдыя часцінкі, кропелькі раствораў, бурбалачкі газу. Л. бывае атмасферны (снег, іней, град), водны (сала, ледзяное покрыва, ледзяныя іголкі, донны Л.), падземцы (утварае зімовае прамярзанне глеб і вечную мерзлату) і ледавіковы. Адно з самых пашыраных цвёрдых цел на зямной паверхні (каля 30 млн. км³). Займае вял. прасторы ў Антарктыдзе (мацерыковы Л.), Арктыцы (марскі Л.), у горных раёнах (ледавікі), у абласцях пашырэння вечнай мерзлаты. Ва ўмовах Беларусі Л. утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней, у цёплую пару выпадае з воблакаў у выглядзе граду. У геал. мінулым на тэр. Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое неаднаразова ўтваралася ў час мацерыковых зледзяненняў антрапагену, на прылеглых да яго тэрыторыях была вечная мерзлата. Л. аказвае значны ўплыў на фарміраванне ўмоў пражывання на Зямлі і гасп. дзейнасці чалавека. Абледзяненні самалётаў, суднаў, ліній сувязі і электраперадач, дарожнага палатна прыводзяць да аварый, гляцыяльныя селі знішчаюць населеныя пункты, прамысл. і трансп. збудаванні, рачныя заторы і зажоры выклікаюць мясц. паводкі і інш. Л. скарыстоўваюць для захавання і ахаладжэння харч. прадуктаў, біял. і хім. прэпаратаў.

Ёсць звесткі пра наяўнасць Л. на планетах Сонечнай сістэмы і ў каметах.

т. 9, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,

баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.​Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;

Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.​Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.​Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв. Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел. паліт. к-т пад кіраўніцтвам П.​П.​Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац. паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),

выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр. бел. вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.​Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.​Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)