ГАНЧАРЭ́НКА (Рыгор Рыгоравіч) (н. 30.11.1950, г. Талас, Кіргізія),
бел. вучоны-генетык. Чл-кар. АН Беларусі (1996), д-рбіял.н. (1991), праф. (1993). Чл. Амерыканскай АН і мастацтваў (Нью-Йорк; 1995). Скончыў Новасібірскі ун-т (1979). З 1982 у Гомельскім ун-це, з 1986 у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі (Гомель). Навук.працы па генетыцы прыродных папуляцый жывёл і раслін, генасістэматыцы, малекулярнай эвалюцыі, радыяцыйнай генетыцы і мутагенезе, кіраванні генет. рэсурсамі прыродных папуляцый у лясных экасістэмах, будове генет. картаў, энтамалогіі. Прэмія АН Беларусі 1995.
Тв.:
Руководство по исследованию хвойных видов методом электрофоретического анализа изоферментов. 2 изд., Гомель, 1989 (разам з У.Я.Падутавым, У.У.Паценка);
Intra-and interspecific genetic differentiation in closely related Pines from Pinus subsections Sylvestres and Cembrae in the former Soviet Union (разам з А.Я.Сіліным, У.Я.Падутавым) // Plant systematics and evolution. Vienna, 1992—95;
Allozyme variation in natural populations of Eurasian Pines (з імі ж) // Silvae Genetica. Frankfurt a M., 1993—96. Vol. 42—43, 45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВЕЙ, Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук.працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.
Тв.:
Рус.пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.
нац.Л., 1948.
Літ.:
Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎС ((Gauß) Карл Фрыдрых) (30.4.1777, г. Браўншвайг, Германія — 23.11.1855),
нямецкі матэматык, астраном і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), акад. Парыжскай (1820) і Пецярбургскай (1824) АН. Вучыўся ў Гётынгенгскім ун-це (1795—98), з 1807 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук.працы па матэматыцы, астраноміі, фізіцы і геадэзіі. Даказаў асн. тэарэму алгебры пра існаванне хоць бы аднаго кораня ва ўсякім алгебраічным ураўненні, прапанаваў метад вылічэння эліптычнай арбіты нябеснага цела Сонечнай сістэмы па трох назіраннях. У 1832 стварыў абс. сістэму адзінак (міліметр, міліграм, секунда), разам з В.Веберам пабудаваў першы ў Германіі эл.-магн. тэлеграф (1833). Вывучаў зямны магнетызм, распрацаваў тэорыю патэнцыялу і сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (гл.Гаўса тэарэма). Заклаў матэм. асновы вышэйшай геадэзіі, прапанаваў найменшых квадратаў метад. Распрацаваў тэорыю пабудовы відарысаў у складаных аптычных сістэмах (1840), выказаў думку пра канечнасць скорасці распаўсюджвання эл.-магн. узаемадзеянняў, прыйшоў да высновы аб магчымасці існавання нееўклідавай геаметрыі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. тр. по земному магнетизму. Л., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАРНЕ́РЫ (Guarneri),
сям’я італьян. майстроў смычковых інструментаў. Нарадзіліся ў г. Крэмона, Італія.
Андрэа (1622 ці 1626 — 7.12.1698), старэйшы прадстаўнік сям’і. Вучань Н.Амаці. Працаваў у Крэмоне. Спачатку вырабляў інструменты паводле мадэлі Амаці, пазней стварыў уласную мадэль. Яго скрыпкі і віяланчэлі вылучаюцца пяшчотным, не вельмі моцным гукам. П’етра Джавані (18.2.1655—26.3.1720), сын Андрэа. Магчыма, вучань Амаці. Працаваў у Крэмоне і Мантуі. Вырабляў інструменты ўласнай мадэлі з прыгожым гукам. Джузепе Джамбатыста (25.11 1666—1739), сын Андрэа. Працаваў у Крэмоне. Спачатку камбінаваў мадэлі бацькі і Амаці, потым імітаваў працы свайго сына Джузепе Антоніо. П’етра (14.4.1695—7.4.1762), сын Джузепе Джамбатыста. Працаваў у Крэмоне, потым у Венецыі. Яго інструменты блізкія да вырабаў бацькі. Джузепе Антоніо (21.8.1698—17.10.1744), сын Джузепе Джамбатыста, вядомы як дэль Джэзу. Побач з А.Страдывары адзін з найб. выдатных майстроў. Стварыў уласны індывід. тып скрыпкі з прыгожым моцным гукам, багатым выразным тэмбрам, разлічаны на ігру ў вял. канцэртнай зале. Скрыпкі і альты яго работы высока цэняцца і цяпер. На яго інструментах ігралі Н.Паганіні, А.В’ётан, Э.Ізаі, Ф.Крэйслер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІРА́К ((Dirac) Поль Адрыен Марыс) (8.8.1902, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 20.10.1984),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і квантавай тэорыі поля. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930), замежны чл.АНСССР (1931). Скончыў Брыстольскі (1921) і Кембрыджскі (1926) ун-ты. У 1932—69 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1971 праф. ун-та штата Фларыда (ЗША). Навук.працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі электрычных часціц і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў матэм. апарат квантавай механікі — тэорыю пераўтварэнняў, прапанаваў метад другаснага квантавання (1926—27). Незалежна ад Э.Фермі ў 1926 распрацаваў статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл.Фермі—Дзірака статыстыка), разам з В.Гайзенбергам адкрыў абменнае ўзаемадзеянне (1928). Развіў рэлятывісцкую тэорыю руху электрона (гл.Дзірака ўраўненне) і прадказаў існаванне пазітрона (1928). Выказаў гіпотэзы аб існаванні элементарнага магн. зараду (1931) і антырэчыва (1933). Нобелеўская прэмія 1933 (разам з Э.Шродынгерам).
Тв.:
Рус.пер. — Лекции по квантовой теории поля. М., 1971;
Общая теория относительности. М., 1978;
Принципы квантовой механики. М., 1979.
Літ.:
Поль Дирак и физика XX века: Сб. науч. тр.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),
бел.паэт.Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд.Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТШМІТ ((Gutschmidt) Карл) (н. 12.9.1937, г. Фербелін, Германія),
нямецкі мовазнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1976), праф. (1982). З 1967 выкладае бел. філалогію ў Берлінскім ун-це; заг. аддзялення слав. моў. З 1996 праф. Ін-та славістыкі Дрэздэнскага тэхн. ун-та. Даследуе праблемы бел. фразеалогіі («Стан і праблемы даследавання фразеалогіі ў Беларускай ССР», 1976), запазычанняў («Балтыйскія запазычанні ў беларускай літаратурнай мове», 1974), стылістыкі («Аб развіцці стыляў беларускай прозы», 1983), лексікаграфіі («Дзве новыя працы па беларускай лексікаграфіі», 1969), параўнальнага вывучэння моў («Беларуска-ўкраінскія ізалексы», 1971, «Даследаванні балтыстыкі ў Беларускай ССР», 1978). Аўтар прац па дыяхронным і сінхронным вывучэнні бел. мовы («Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», 1976; «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспекце», 1972), гісторыі развіцця і станаўлення бел. мовы («А.Брукнер і беларуская філалогія», 1980; «Мацей Мурко і беларуская філалогія», 1988). Выдаў зб. «Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Усходняй Еўропе ў другой палове 19 — пач. 20 ст.» (1989). Пераклаў на ням. мову творы Ядвігіна Ш., З.Бядулі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ (надзвычайны). Адбыўся ў Мінску 20—23.11.1936 і 15—19.2.1937. Прысутнічалі 843 дэлегаты, пераважную большасць якіх складалі камуністы і камсамольцы. Парадак дня: аб праекце Канстытуцыі СССР (А.Р.Чарвякоў); выбары дэлегатаў на VIII Усесаюзны Надзвычайны з’езд Саветаў; праект Канстытуцыі БССР (М.М.Галадзед). На пасяджэннях у ліст. 1936 з’езд абмеркаваў і аднагалосна адобрыў праект Канстытуцыі СССР, абраў на VIII Усесаюзны з’езд Саветаў 63 дэлегаты і ў сувязі з пачаткам яго работы (25 ліст.) спыніў сваю працу. У лют. 1937 з’езд разгледзеў і прыняў за аснову праект Канстытуцыі БССР, утварыў рэдакцыйную камісію для разгляду паправак і дадаткаў. У апошні дзень працы зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай ССР 1937. ЦВК рэспублікі было даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб выбарах і прызначыць дату выбараў у Вярх. СаветБССР. Работу з’езда характарызавалі здравіцы І.В.Сталіну і інш. кіраўнікам саюзнага і рэсп. маштабу. У абставінах культу асобы работа з’езда праходзіла па строгім рэгламенце, пад кантролем парт. і адм. структур.
Літ.:
Бюлетэнь Надзвычайнага XII з’езда Саветаў БССР. [Мн., 1936], № 1—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,
горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд.прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.
Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.