КЛАВІКО́РД (позналац. clavichordium ад лац. clavis ключ + грэч. chordē струна),
струнны ўдарны клавішны муз. інструмент. Клавіятура размешчана ўнутры плоскай прамавугольнай скрынкі розных памераў ад малых (актаўных) да параўнальна вялікіх (даўж. да 1,5 м). На канцы кожнай клавішы прымацаваны метал. штыфт з плоскай галоўкай — тангент, які пры націсканні клавішы ўдарае па струне. Гук К. пяшчотны, цёплы, ціхі, але выразны, дыяпазон 1—5 актаў. Выкарыстоўваўся звычайна для камернага музіцыравання. Быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах. У л-ры ўпамінаецца з 15 ст. На пач. 19 ст. К. выцеснены фартэпіяна.
На Беларусі ўпамінанні пра К. адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю капэл у Гродне (клавікардысты Е.Баркоўскі, М.Гжанкоўскі, Б.Карчміт, Д.Пташынскі, Б.Сітанскі, Ю.Ярмаковіч; навучанне дзяўчынак ігры на К. вялося ў мясц.тэатр. школе) і Слоніме (Д.Грабенбаўэр, паводле кантракта з М.К.Агінскім, абавязваўся арганізаваць «школу сістэматычнага навучання пэўных асоб на клавікордах»). К. выкарыстоўваўся ў аркестры ў Будславе (Мядзельскі р-н; 1837). К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха (пач. 19 ст.). У 20 ст. выкарыстоўваецца пры выкананні старадаўняй музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в.Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎТУН (сапр.Новік) Валянціна Міхайлаўна
(н. 6.4.1946, в. Дземяхі Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэтэса. Канд.філал.н. (1979). Скончыла БДУ (1969). Настаўнічала на Гродзеншчыне, працавала ў «Сельской газете», выд-ве «Юнацтва», у 1979—81 і з 1990 у час. «Полымя». Друкуецца з 1966. У паэт. зб-ках «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1986), «Лісты да цябе» (1988) размова пра час і сваё пакаленне, людзей вёскі і іх праблемы. Сутнасць яе лірыкі — маральна-этычныя ўзаемаадносіны ў грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фалькл. сюжэтах. Адна з важных тэм яе творчасці — асэнсаванне значнасці асобы бел. паэтэсы Цёткі (А.Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кн. апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай бел. паэзіі, перакладаў з рус. і ўкр. моў. Прэзідэнт Усебел. жаночага фонду св. Ефрасінні Полацкай (з 1993).
Тв.:
Святло народнага слова: Паэтычны лад бел.нар. песні. Мн., 1984;
Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі: Кн. для настаўніка. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУПІ́ЦКІЯ МУЗЫ́КІ»,
бел. фальклорны ансамбль. Створаны ў 1982 пры Крупіцкім цэнтр. Доме культуры Мінскага р-на, у 1986 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік У.Гром, балетмайстар Г.Чорны. Уключае інстр. ансамбль (16 музыкантаў), вак. (5 спевакоў) і танц. (12 выканаўцаў) групы. Сярод нар. інструментаў басэтля, колавая ліра, дуда, акарына, «салавей» і інш. У рэпертуары апрацоўкі нар. песень і танцы розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Крупіцкая полька», «Журавель», «Герань», харэаграфічная замалёўка «Пава», мініяцюра «Люстэрка», творы муз. спадчыны 18—19 ст. (А.Абрамовіча, А. і М. Ельскіх, В.Казлоўскага, Мацея Радзівіла, Ю.Шадурскага), сучасных бел. кампазітараў. Зрабіў больш за 100 запісаў на Бел. радыё. Даследуе і захоўвае бел.нар.муз. інструменты (больш за 100 інструментаў). Займаецца дабрачыннай дзейнасцю: з яго ўдзелам у в. Крупіца пабудаваны сучасны Цэнтр здароўя. Пра яго зняты кіна- і відэафільмы. Удзельнік 1-й Сусв. фалькларыяды (г. Брунсюм, Галандыя, 1996), Дзён бел. культуры ў Японіі (г. Нагоя, 1995). Лаўрэат і дыпламант многіх міжнар.фалькл. фестываляў, у т. л. ў Італіі (г. Сабаўдыя, 1988, Гран пры), Югаславіі (г. Нові-Сад, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.
І.Дз.Назіна.
Інструментальная група ансамбля «Крупіцкія музыкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧКО́ЎСКІ,
(Kruczkowski) Леан (28.6.1900, г. Кракаў, Польшча — 1.8.1962), польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыў Вышэйшую прамысл. школу ў Кракаве (1918). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры ваеннапалонных у Германіі. Ў 1945—48 нам. міністра культуры і мастацтва ПНР. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. У першым зб. вершаў «Молаты над светам» (1928) адлюстраваў крах ідэалаў маладога пакалення Польшчы. У рэаліст.гіст. рамане «Кардыян і хам» (1932) асэнсоўвае ролю шляхты ў паўстанні 1830—31. Раман «Паўлінава пер’е» (1935) пра галіцыйскую вёску напярэдні 1-й сусв. вайны. Раман «Цянёты» (1937), п’еса «Немцы» (паст. 1949; Дзярж. прэмія Польшчы 1950) антыфаш. накіраванасці. У п’есах «Помста» (1948), «Юльюш і Этэль» (1954), «Наведванне» (1955), «Першы дзень свабоды» (1960), «Смерць губернатара» (1961) філас.-псіхал. і маральная праблематыка. У зб.апавяд. «Эскізы з пекла праўдзівых людзей» (1963) гістарызм спалучаны з маральнымі аспектамі. Аўтар публіцыстычных кніг «У атмасферы дыктатуры» (1938), «Сустрэчы і супастаўленні» (1950), «Сярод сваіх і чужых» (1954) і інш.Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1955. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Брыль, П.Пестрак, Я.Міско.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ВА Мікалай Мікалаевіч (н. 31.1.1946, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). У 1976—78 выкладчык, у 1990—96 нам. дырэктара Мінскага маст. вучылішча. У 1982—84 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, экслібрысе ў тэхніках лінарыта, акварэлі, літаграфіі. У творах, якія вызначаюцца эмацыянальнай узнёсласцю, імкненнем да манументальнасці і эпічнасці вобразаў, лаканізмам графічнай мовы, распрацоўвае тэму гіст. і маст. спадчыны бел. народа. Аўтар партрэтаў К.Каліноўскага (1976, 1977, 1978), Ф.Багушэвіча, Цёткі, К.Каганца, В.Дуніна-Марцінкевіча (усе 1979), кампазіцыйнага партрэта «Вялікі князь Вітаўт» (1990); серый «Шляхамі Янкі Купалы», «За радкамі паэта» («Прысвячэнне Міколу Гусоўскаму», трыпціх; абедзве 1980), «Якуб Колас. Маладыя гады», «Родны кут Якуба Коласа» (абедзве 1982), «Крокі ў неўміручасць. Подзвіг Т.Лук’яновіча» (1985), «З вандровак па Беларусі» (1977—96); акварэляў «Успаміны пра Гальшаны» (1972), «За волю, роўнасць, незалежнасць» (1994—96), «Купалавы Ляўкі», «На радзіме А.Т.Касцюшкі» (абедзве 1997), «Шляхамі Язэпа Драздовіча» (1996—98) і інш., Аформіў альбом «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (1985), творы К.Каганца, В.Каратынскага, Я.Купалы, Цёткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАРТАЛО́ГІЯ,
медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер. вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.
Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.
На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер. вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер. вод і кліматычных фактараў і інш.
Літ.:
Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСА́ВА Акіра (23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц.яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,
цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл.Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).
Літ.:
Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕХ, ЧЭХ, РУС,
паводле польскіх і чэшскіх летапісных легенд, стараж.слав. князі, браты. Паходзілі з Харватыі або з Паноніі (цяпер тэр. Венгрыі), сыны яе правіцеля Пана. Паводле польскіх і чэш. хронік (найб. раннія — 14 ст.), Лех — стваральнік польскай дзяржавы. Ён заснаваў яе першую сталіцу — г. Гнезна (значыць «гняздо») у Вял. Польшчы на месцы, дзе знайшоў гняздо белага арла (выява гэтай птушкі стала гербам Польшчы). Ад Леха вяла радаслоўную першая (легендарная) польская дынастыя. У імені Лех увасобілася стараж. назва палякаў — ляхі. Чэх упершыню згадваецца ў хроніцы Космача (пач. 12 ст.), пазней у хроніках 14 ст. Даліміла і Пулкавы. Паводле польскіх крыніц (Велікапольскай хронікі, Хронікі Длугаша), ён — самы малодшы брат Леха. Чэшская паэма «Суд Любушы» паведамляе, што Чэх з дружынай пасяліўся на берагах трох рэк на 3, Пд і У ад сучаснай Прагі. Лічыцца заснавальнікам Чэшскай дзяржавы. Рус упершыню згадваецца ў Велікапольскай хроніцы як сярэдні брат Леха і Чэха, паводле Длугаша, ён унук Леха. Лічыцца заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы. У міфе праЛ., Ч., Р. адлюстравалася адзінства паходжання слав. народаў.
Літ.:
«Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв.: Пер. с лат.М., 1987.