ГІСТАРЫ́ЧНАГА КРУГАВАРО́ТУ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць поглядаў на гіст. працэс і канцэпцый грамадскага развіцця, паводле якіх грамадства ўвогуле і яго асобныя галіны (дзяржаўнасць, паліт. жыццё, культура і г.д.) змяняюцца ўнутры ўстаноўленага замкнёнага цыкла. Прадугледжвае паслядоўную змену пэўных формаў (часта па аналогіі з ростам і развіццём жывога арганізма) з нязменным вяртаннем да зыходнага становішча гіст. руху, пасля чаго адбываецца адраджэнне і пачынаецца новы цыкл змен. Падобная тэорыя была формай навук. асэнсавання гісторыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (у Арыстоцеля, Палібія ў вучэнні пра змену і кругаварот дзярж. формаў у рамках пэўнага цыкла). У філасофіі гістарычнага кругавароту тэорыя пераважала да ўзнікнення тэорыі грамадскага прагрэсу (18 ст.). Яе распрацоўвалі Н.Макіявелі, Дж.Віка, Ш.Фур’е і інш. У 19 і 20 ст. Гістарычнага кругавароту тэорыя захавала пэўны ўплыў, знайшла адлюстраванне ў працах М.Я.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна і інш. Напачатку яна была спробай знайсці ў плыні гіст. падзей пэўныя заканамернасці, сэнс, парадак і рытм, потым стала тэарэт. асновай даследавання індывід. асаблівасцей лакальных цывілізацый і культур, дасягненняў розных народаў, а таксама пэўнай процівагай тэорыям лінейнага прагрэсу і тэорыі грамадска-эканам. фармацый. Паўплывала на фарміраванне філас.-гіст. поглядаў многіх вучоных, у т. л. Г.Гегеля і інш.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991;

Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ. М., 1991.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.В.Сабалеўскі.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЭ́Р (Рэйнгольд Морыцавіч) (11.1.1875, Кіеў — 23.6.1956),

савецкі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). З 1913 праф. (з 1914 дырэктар) Кіеўскай, з 1920 Маскоўскай кансерваторый. У сваёй творчасці прадаўжаў традыцыі рус. муз. класікі (лініі эпічнага сімфанізму). Аўтар 5 опер, якія мелі вял. значэнне для развіцця муз. культуры Азербайджана і Узбекістана (у т. л. «Шахсенем», 1927; «Лейлі і Меджнун», 1940, і «Гюльсара», 1949, абедзве з Т.Садыкавым). З 7 яго балетаў асабліва значныя «Чырвоны мак» (паст. 1927, пазней «Чырвоная кветка»; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. 1933 і 1950), «Медны коннік» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Тарас Бульба» (1952), «Дачка Кастыліі» (1955). Аўтар праграмных сімф. твораў, у т. л. 3-я сімфонія «Ілья Мурамец» (1911), сімф. карціна «Запарожцы» (1921), паэма «Запавет» (1929), канцэртаў, у т. л. для арфы (1938) і каларатурнага сапрана (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) з аркестрам, інстр. ансамбляў (за 4-ы квартэт Дзярж. прэмія СССР 1948), п’еса для фп., скрыпкі, віяланчэлі з фп., рамансаў і песень, музыкі да драм. спектакляў. Старшыня Усерас. т-ва драматургаў і кампазітараў (1924—30).

Літ.:

Бэлза И. Р.М.Глиэр. М., 1962;

Р.М.Глиэр: Статьи. Воспоминания. Материалы. Т. 1—2. М.; Л., 1965—67;

Гулинская З.К. Р.М.Глиэр. М., 1986.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),

найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.

Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).

Літ.:

Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,

камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.

Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.

Літ.:

Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;

Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.

П.Я.Антонаў.

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ПА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

адносна ўстойлівая сукупнасць людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю і нормамі ўзаемаадносін. Асн. функцыі групы сацыяльнай: сумеснае дасягненне агульных мэт, сацыялізацыя людзей, задавальненне іх патрэб у эмацыянальным кантакце і падтрымцы. Групы падзяляюцца на малыя і вялікія. Малая група сацыяльная (пярвічная, нефармальная, фармальная, харызматычная, рэфератная) адрозніваецца непасрэднымі кантактамі паміж яе членамі, налічвае ад 2 да 20 і болей чал. Паняцце «пярвічная група» ўведзена для абазначэння сям’і, суседскіх і сяброўскіх кампаній, забяспечвае першасную сацыялізацыю індывідаў і характарызуецца высокай ступенню эмацыянальнасці ўзаемаадносін, салідарнасцю і развітой групавой самасвядомасцю. Нефармальная група ўтвараецца на аснове міжасобасных кантактаў, узаемных сімпатый і падабенства інтарэсаў яе членаў. Фармальная фарміруецца для дасягнення пэўных мэт і адрозніваецца развітой арганізацыйнай структурай. Харызматычная займае прамежкавае становішча паміж нефармальнай і фармальнай групамі. Асаблівую ролю ў ёй адыгрывае лідэр, які мае велізарную прыцягальную сілу і абаянне. Рэферэнтная група (уяўная і рэальная) — група, каштоўнасці і нормы якой служаць эталонам. Вялікая група сацыяльная — шматлікая супольнасць людзей, якія часта не ўступаюць у непасрэдны кантакт паміж сабой, але маюць падобнае сац. становішча і аб’ектыўную агульнасць інтарэсаў — класы, сац. слаі, праф. групы, этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, племя), узроставыя групы (моладзь, пенсіянеры) і інш.

Літ.:

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии: Пер. с. пол. М., 1969.

А.У.Рубанаў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЕ́ВІЧ (Антон Антонавіч) (3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ. — 8.12.1937),

збіральнік і папулярызатар бел. муз. фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. З 1896 жыў у Пецярбургу, служыў у дэпартаменце гандлю і промыслу. З 1906 чл. бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». У 1910 заснаваў прыватнае выдавецтва (гл. Грыневіча выдавецтва). У 1919 у Мінску, заг. Бел. нар. дома, выкладчык музыкі ў школе, у бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, у кааператыве друкароў. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік» (абодва 1920). У апошнім акрамя нар. песень змясціў і свае муз. творы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, Г.Леўчыка. У 1921 зняволены ў лукішскую турму. У 1922—23 сакратар Т-ва бел. школы, выкладчык музыкі ў Віленскай бел. гімназіі. У 1923 выдаў бел. падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 — «Дзіцячы спеўнік». З 1925 жыў у Мінску, быў сакратаром муз. падсекцыі Інбелкульта, старшынёй песеннай камісіі. Зрабіў каля 300 запісаў нар. меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. У 1928—33 жыў у Гарадку, Віцебску. 6.9.1933 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Частка фалькл. архіва Грыневіча за 1906—24 у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі.

Літ.:

Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;

Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983. № 9.

А.С.Ліс.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НЧЫК (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 1.8.1923, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1957—70 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1970 заг. кафедры бел. л-ры Гомельскага ун-та, з 1980 — Мінскага ун-та культуры. Даследуе праблемы народнасці л-ры, узаемадзеянне л-ры і фальклору, асновы бел. вершаскладання, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Глебкі і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў для студэнтаў пед. ін-таў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917—1940» (т. 1, 1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX — пачатак XX ст.» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985). У 1973—85 гал. рэдактар рэсп. навук. зб. «Беларуская літаратура».

Тв.:

Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;

Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969;

Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

«Сымон-музыка» Якуба Коласа і традыцыі фінскага эпасу // Бел. літаратура. Мн., 1982;

Вып. 10;

Классики белорусской литературы Янка Купала и Якуб Колас в контексте славянских культур // Славянские культуры и мировой культурный процесс. Мн., 1985.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЧЭ́НКА (Барыс Дзмітрыевіч) (9.12.1863, каля с. Рускія Цішкі Харкаўскага р-на, Украіна — 6.5.1910),

украінскі пісьменнік, вучоны і грамадскі дзеяч. У 1881—94 настаўнічаў. Адзін з арганізатараў Укр. радыкальнай партыі (1904). Старшыня Усеўкр. настаўніцкай суполкі (1905—07), т-ва «Просвіта» (1906—09). Прытрымліваўся пазіцый народніцтва, асветніцтва і нац.-дэмакратыі. У зб-ках вершаў «Пад вясковай страхой» (1886), «Пад хмарным небам» (1893), «Песні і думы» (1895), «Хвіліны» (1903), шматлікіх апавяданнях, аповесцях адлюстраваў жыццё ўкр. народа ў 2-й пал. 19 ст., яго імкненне да нац. вызвалення. Аўтар гіст. драм «Ясныя зоркі» (1895), «Стэпавы госць» (1897), «Нахмарылася» (1895—99). Даследаваў творчасць І.Катлярэўскага, Р.Квіткі-Аснаўяненкі, Я.Грабінкі і інш. У публіцыст. працах «Пісьмы з Украіны Наддняпроўскай» (1892—93), «Перад шырокім светам» (1907), «Народныя настаўнікі і ўкраінская школа» (1906) крытыкаваў нац. палітыку рус. царызму. Выдаў «Слоўнік украінскай мовы» (т. 1—4, 1907—09), «Этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Чарнігаўскай і суседніх з ёй губернях» (1895—99), фалькл. зб-кі «Песні і думкі» (1895), «Думы кабзара» (1897); склаў бібліягр. паказальнік «Літаратура ўкраінскага фальклору. 1777—1900» (1901). Пераклаў на ўкр. мову многія творы сусв. л-ры. На бел. мову асобныя творы Грынчэнкі перакладалі Э.Валасевіч, М Казбярук.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1963.

Літ.:

Білецький О. Борис Грінченко // Білецькій О. Зібрання праць. Київ, 1965. Т. 2.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МА (ад лац. gummi камедзь),

рызіна, вулканізат, эластычны матэрыял, які атрымліваюць вулканізацыяй каўчуку. Найважнейшая ўласцівасць гумы — высокаэластычнасць: здольнасць без значных астаткавых дэфармацый вытрымліваць шматразовыя расцяжэнні на 500—1000% у шырокім інтэрвале тэмператур.

Атрымліваюць гуму пераважна вулканізацыяй кампазітаў (гумавых сумесей), аснову якіх (звычайна 20—60% па масе) складаюць каўчукі (гл. Каўчук натуральны, Каўчукі сінтэтычныя). У састаў сумесей уваходзяць таксама вулканізуючыя агенты, напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. інгрэдыенты мэтавага прызначэння, агульная колькасць якіх можа дасягаць 15—20. Выбар каўчуку і склад гумавай сумесі абумоўлены прызначэннем, умовамі эксплуатацыі і тэхн. патрабаваннямі да вырабаў, тэхналогіяй вытв-сці. Паводле прызначэння і ўмоў эксплуатацыі адрозніваюць наступныя асн. групы: агульнага прызначэння (выкарыстоўваюць пры т-рах ад -50 да 150 °C); цеплаўстойлівую (для працяглай эксплуатацыі пры 150 — 200 °C); марозаўстойлівую (выкарыстоўваюць пры т-рах ніжэй за -50 °C); маслабензаўстойлівую; устойлівую да ўздзеяння агрэсіўных хім. рэчываў (кіслот, шчолачаў, азону); дыэлектрычную; электраправодную; магнітную; вогнеўстойлівую; радыяцыйнаўстойлівую; вакуумную; фрыкцыйную, харч. і мед. прызначэння і інш. Атрымліваюць таксама сітаватую гуму, гуму каляровую і празрыстую. Выкарыстоўваюць у тэхніцы, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне, побыце. Асартымент гумавых вырабаў налічвае больш за 70 тыс. найменняў. Больш за палавіну аб’ёму вырабленай гумы выкарыстоўваюць у вытв-сці шын.

Літ.:

Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.

Я.І.Шчарбіна.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)