многааперацыйны станок з лікавым праграмным кіраваннем. Аснашчаны інструментальным магазінам вял. ёмістасці і прыстасаваннямі дляаўтам. змены інструменту. Дае магчымасць весці комплексную мех. апрацоўку вял. колькасці паверхняў загатоўкі рознымі спосабамі — тачэннем, фрэзераваннем, свідраваннем і інш. Кіраванне працэсамі апрацоўкі загатовак ажыццяўляецца па зададзенай праграме. Высокая прадукцыйнасць спалучаецца з магчымасцю рознаварыянтнай і хуткай пераналадкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТРО́Н,
прылада, якая складаецца з крыніцы святла (святловыпрамяняльны дыёд), аптычна спалучанай з прыёмнікам святла (фотарэзістар, фотадыёд, фотатранзістар і інш.). Элементы аптрона змешчаны ў агульным корпусе, алегарычна ізаляваны. У аптроне выконваецца прамое і адваротнае электронна-аптычнае пераўтварэнне. Выкарыстоўваецца для сувязі паміж асобнымі вузламі электронных прылад, напр. у выліч. і вымяральнай тэхніцы і аўтаматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, іберамаўрская культура,
археалагічная культура плямёнаў канца верхняга палеаліту, якія 12—10 тыс.г. таму назад насялялі ўзбярэжныя раёны Марока, Алжыра і Туніса. Назва ад стаянкі каля г. Аран (Алжыр). Для аранскай культуры характэрны крамянёвыя пласціны з прытупленым краем і прылады з адшчэпаў, сустракаюцца касцяныя шылы, долаты, каменныя падвескі, прасвідраваныя ракавіны і інш. вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЁЗА (італьянскае arioso),
1) невялікая напеўная арыя, часта лірычнага характару, у оперы або кантаце. Займае прамежкавае становішча паміж арыяй і рэчытатывам. Ад арыі адрозніваецца меншымі памерамі, адсутнасцю пэўнай структуры, ад рэчытатыву — прастатой і напеўнасцю мелодыі. Сустракаюцца арыёзы ў стылі меладызаванага рэчытатыву.
2) У інструментальнай музыцы тэрмін «арыёза» выкарыстоўваецца для абазначэння жанру і пявучага характару выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫЯС СА́НЧЭС ((Arias Sanchez) Оскар) (нарадзіўся 1941, горад Эрэдыя, Коста-Рыка),
костарыканкі дзяржаўны і палітычны дзеяч, эканаміст. Атрымаў адукацыю ва універсітэтах Бостана (ЗША), Коста-Рыкі і Эсекса (Вялікабрытанія). З 1984 лідэр партыі нацыянальнага вызвалення. У 1986—90 прэзідэнт Коста-Рыкі. Аўтар палітычнай праграмы міру для Цэнтральнай Амерыкі (план Арыяса Санчэса). Нобелеўская прэмія міру 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎКА,
вадасховішча ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у пойме ракі Нясета. За 10 км на Захад ад гарадскога пасёлка Клічаў, каля вёскі Арэхаўка. Створана ў 1983 для рыбагадоўлі, арашэння і рэкрэацыі. Плошча 1,02 км², даўжыня 1,6 км, найбольшая шырыня 0,86 км, найбольшая глыбіня 5,5 м. Наліўное. Напаўняецца вадой з ракі Нясета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д ТРА́КТАРНЫХ ДЭТА́ЛЯЎ І АГРЭГА́ТАЎ.
Створаны ў 1959 у г. Бабруйск на базе рамонтных майстэрняў. З 1977 у ВА«Мінскі трактарны завод», значна расшыраны. Вырабляе і пастаўляе трактарнаму з-ду вузлы і дэталі для трактароў. Асн. прадукцыя (1995): дыскі счаплення, раздатачныя каробкі, гідраўзмацняльнікі рулявога кіравання, шлангі (высокага ціску і полівінілхларыдныя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙДАРА́ЦКАЯ ГУБА́,
заліў у паўд. частцы Карскага м., каля зах. берагоў п-ва Ямал. Даўж. каля 180 км, шыр. каля ўвахода 78 км, глыб. да 20 м. Т-ра вады на паверхні летам 5—6 °C. У асобныя гады запоўнена льдамі і цяжкапраходная для суднаў у летнія месяцы. Зімой замярзае. Упадаюць рэкі Байдарата і Юрыбей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЎЛО́ЎНІКІ,
прылады для адбору пробаў паветра з мэтаю вызначэння ступені і характару бактэрыял. забруджвання. Адрозніваюць бактэрыяўлоўнікі, прынцып дзеяння якіх заснаваны на прапусканні паветра праз вадкія (вада, пажыўны булён) ці сухія (вата) паглынальнікі, накіраванні струменя паветра на цвёрдае пажыўнае асяроддзе, паглынанні бактэрый дробнымі кроплямі распыленай вадкасці. Забруджванне вызначаюць праз высяванне ўлоўленых бактэрый на пажыўнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́СТА (лац. ballista ад грэч. ballō кідаю),
старажытная кідальная машына. Прыводзілася ў дзеянне сілай пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, вяровак і інш.) і прызначалася для разбурэння крэпасцяў і знішчэння іх абаронцаў. Выкарыстоўвалася да канца 5 ст. Далёкасць кідання цяжкіх снарадаў (камянёў, бярвёнаў і інш.) дасягала 400—800 м, лёгкіх стрэл — да 1000 м.