ДЗЕ́ЧКА (Эдуард Міхайлавіч) (н. 24.1.1936, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металаапрацоўкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958), у ім і працаваў. З 1970 рэктар Рэсп. міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, з 1990 у БПА. Навук. даследаванні па працэсах апрацоўкі металакерамічных матэрыялаў і свідравання глыбокіх адтулін у сталях.

Тв.:

Обработка отверстий в металлокерамических деталях. Мн., 1965;

Сверление глубоких отверстий в сталях. Мн., 1979.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КІ НІ́КАР,

балота на ПнЗ Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы канала Нараўка (зарэгуляваны прыток р. Нараў). Нізіннага тыпу. Пл. 7,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,7 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,3 м. Частка балота ў межах Белавежскай пушчы. На тэр. пушчы балота не асушана, пераважаюць гіпнава-асаковыя асацыяцыі, месцамі драбналессе з хвоі, вольхі і бярозы. Сярод балота адзіны на Беларусі ўчастак лесу з белай піхты. Астатняя ч. асушана, пад ворывам і сенажаццю.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮШЭ́С ЛЕ́ТНІ,

сорт грушы нар. селекцыі. Раянаваны на Беларусі, акрамя Гомельскай вобл.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная, негустая. Пачынае плоданашэнне на 7-ы год. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўраджайны, моцна пашкоджваецца бактэрыяльным ракам і паршой. Плады ніжэй за сярэднюю велічыню (50—70 г), шырокагрушападобныя. Скурка зеленавата-жоўтая з буравата-чырвоным румянцам і цёмна-кармінавымі крапінкамі на сонечным баку. Мякаць жаўтавата-белая, сакаўная, прыемнага салодкага смаку з ледзь прыкметнай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Дзюшэс летні.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САВІЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Крупскага р-на Мінскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1,3 тыс. га (1997). Уключае 4 кварталы Дзянісавіцкага і 7 кварталаў Сакаловіцкага лясніцтваў Крупскага лясгаса, а таксама ч. тарфяных балот Падбалонне і Бабнік, Рожкі, Калінаўка. Растуць хвоя, бяроза, елка, асіна. вольха, трапляюцца дуб і клён, з кусцікавых раслін — багун, верас, журавіны, брусніцы, чарніцы, з травяністых — асокі, падвей, хвошч; шмат сфагнавых імхоў.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БЫШ (Фёдар Іванавіч) (5.3.1906, в. Коханаў Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.11.1980),

генерал-палкоўнік (1962). Скончыў аб’яднаную бел. вайск. школу (1931), Ваен. акадэмію Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, Волхаўскім, Паўн.-Зах., Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір бамбардзіровачнага авіяпалка, дывізіі. Удзельнік абароны Ленінграда, вызвалення Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі, Берлінскай аперацыі. Да 1972 у Сав. Арміі.

Ф.І.Добыш.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МБСКІ ((Dąbski) Ян) (4.4.1880, с. Кукізава Львоўскай вобл., Украіна — 5.6.1931),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1-ю сусв. вайну ў польскіх легіёнах. У 1919—30 пасол польскага сейма. У 1920—21 нам. міністра замежных спраў Польшчы, старшыня польскай дэлегацыі на мірных рус.-ўкр.-польскіх перагаворах у Мінску і Рызе. 18.3.1921 падпісаў з польскага боку Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога Зах. Беларусь адыходзіла да Польшчы. Адзін з лідэраў Польскай нар. партыі «Вызволене». Аўтар успамінаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў пл. 0,4 га. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Уклеенка.

т. 6, с. 188

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАНЬКО́-МАЙСЮ́К (Леанід Васілевіч) (н. 10.10.1957, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1982). З 1982 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1972. Першы зб. паэзіі «Вандроўнік» (1983). Аўтар зб. вершаў «Над пляцам» (1986), вершаў, паэм, эсэ «Тут» (1990), «Акропаль» (1994), прозы «Пра тое, як я...» (1992). Распрацоўвае тэмы творчасці, працы, кахання. Асобныя вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Стомленасць Парыжам: Вершы і эсэ. Мн., 1995.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ ПАРК,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва. Закладзены ў пач. 19 ст. ў г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. каля 4 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны 1-павярховы палац на левым беразе Зах. Дзвіны (будынак неаднаразова перабудоўваўся і страціў пачатковы выгляд). Парк выцягнуты з У на З, у паўд. ч. зберагліся алеі, у заходняй — старыя ліпы. Растуць мясц. пароды дрэў, у т. л. конскі каштан звычайны, вяз шурпаты ніцы і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫНА (Ніна Мікалаеўна) (30.6.1909, г. Растоў Яраслаўскай вобл., Расія — 9.9.1990),

рускі археолаг. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі дзярж. ун-т (1930). У 1935—38 працавала ў Эрмітажы, з 1936 у Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР (Ленінград). На Беларусі вывучала Краснасельскія крэменездабыўныя шахты (Ваўкавыскі р-н). Распрацавала методыку пошуку і даследавання шахтаў, дала іх характарыстыку, вызначыла датаванне і прыналежнасць да шнуравой керамікі культур. Даследавала больш за 50 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў на Панямонні і Падзвінні.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)