трэцяя літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКО́ЛІЧНАЯ ШЛЯ́ХТА,
адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты Беларусі ў 16—19 ст. Называлася таксама шляхтай засцянковай, заградовай, загоннай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна ж набліжалася да прац. сялянства. Паходзіла са свабодных людзей (баяр, зямян і інш.), якія маглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглава-чыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі). Зямлёй валодала паводле родава-спадчыннага права, апрацоўвала яе самастойна, але ў дапамогу нярэдка наймала агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У 1796 у 8 паветах б.ВКЛ складала 61% усёй шляхты, у 1839 у зах. губернях Рас. імперыі — 56%. Указам Мікалая I ад 19.10.1831 ваколічная шляхта выключана з дваранскага саслоўя і пераведзена ў катэгорыю аселых аднадворцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМу квантавай тэорыі поля,
асноўны (энергетычна найніжэйшы) стан квантавых палёў, узбуджэнні якога супастаўляюцца адпаведным элементарным часціцам. Характарызуецца мінім. энергіяй, нулявымі імпульсамі, момантам імпульсу, эл. зарадам і інш.квантавымі лікамі. Пад вакуумам разумеюць таксама стан поля, дзе адсутнічаюць якія-н. рэальныя часціцы.
Флуктуацыі вакууму тыпу часціца — антычасціца абумоўліваюць спантаннае выпрамяненне атамаў, рассеянне святла па святле, зрух атамных узроўняў, экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы (т.зв. асімптатычная свабода). Вакуум можа мець іншую сіметрыю, чым ураўненні зыходнай квантавай тэорыі (напр., В.Хігса, θ — вакуум). Вакуум нагадвае кандэнсаванае асяроддзе, таму ў ім могуць адбывацца палярызацыя, фазавыя пераходы і інш. эфекты, якія вывучаюцца і ў шэрагу выпадкаў з высокай дакладнасцю пацверджаны эксперыментальна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВЫ,
рускія акцёры, браты.
Сяргей Васілевіч (19.9.1827, Масква — 17.6.1862). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1844), працаваў у трупе Малога т-ра. Да 1853 выступаў пераважна ў вадэвілях. Новы этап у творчасці пачаўся са з’яўленнем п’ес А.Астроўскага: Бародкін («Не ў свае сані не садзіся»), Разлюляеў («Беднасць не загана»), Ціхан («Навальніца») і інш.Павел Васілевіч (1832, Масква — 10.4.1879). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1850). Працаваў у Маскоўскай балетнай трупе імператарскіх тэатраў, у правінцыі. З 1860 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Асабліва ўдаваліся яму ролі ў п’есах Астроўскага: Любім Тарцоў («Беднасць не загана»), Падхалюзін («Свае людзі — паладзім») і інш., выступаў таксама ў камедыях А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Сухаво-Кабыліна, вадэвілях.
Васільевы — яркія прадстаўнікі рус. акцёрскай школы, вызначаліся прастатой і натуральнасцю выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСНЯЦО́Ў (Апалінарый Міхайлавіч) (6.8.1856, в. Рабава Кіраўскай вобл., Расія — 23.1.1933),
рускі жывапісец і графік. Акад. Пецярбургскай АМ (1900). Вучыўся ў брата В.М.Васняцова, В.Дз.Паленава, І.Я.Рэпіна. Чл.Т-ваперасоўнікаў (з 1889). З 1903 узначальваў «Саюз рускіх мастакоў». Аўтар манум. эпічных пейзажаў і серый, гіст. палотнаў, прысвечаных старадаўняй Маскве, Падмаскоўю, Уралу і інш.Асн. творы: «Радзіма» (1886), «Змярканне» (1889), «Сібір» (1894), «Вуліца ў Кітай-горадзе. Пачатак 17 стагоддзя» (1900), «Возера» (1902), «Красная плошча ў 2-й палове 18 стагоддзя» (1925) і інш. Вядомы таксама як археолаг, педагог і тэарэтык мастацтва. У Нац.маст. музеі Беларусі яго карціны: «Веснавая цішыня» (1881), «Дняпро перад бурай» (1888), «Горнае возера. Урал» (1892), «Скіт» (1901?) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТО́ ((Watteau) Жан Антуан) (10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),
французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар. жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.Жыло і К.Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).
Літ.:
А.Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.К.Золотов. М., 1971;
Герман М. Антуан Ватто. 2 изд. Л., 1984.
А.Вато.А.Вато. Паломніцтва на востраў Кіферу. 1717.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧКІ́ (Bidens),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 230 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў Амерыцы. На Беларусі па берагах вадаёмаў, на тарфяніках, у сырых лясах і хмызняках звычайна трапляюцца мясцовыя ваўчкі паніклыя (Bidens cernua) і трохраздзельныя (Bidens tripartita), рэдка — прамяністыя (Bidens radiata), а таксама занесеныя з Паўн. Амерыкі ваўчкі аблісцелыя (Bidens frondosa).
Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае (верхняе рэдка чаргаванае), простае, цэласнае, 3—5-раздзельнае або рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, двухполыя, сабраныя ў гама- або гетэрагамныя кошыкі. Кошыкі адзіночныя або сабраныя ў гронка- ці шчытападобныя агульныя суквецці. Плод — сямянка з 2—4 учэпістымі шчацінкамі. Лек. (мачагонны, патагонны, вітамінны і інш. сродак) і тэхн. (фарбавальныя) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬЦАВА́ННЕ (ад ням. wälzen качаць, перакочваць),
перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.
У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз.вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл.таксамаКрывяносная сістэма.