ПАРМО́Н (Валянцін Мікалаевіч) (н. 18.4.1948, г. Брандэнбург, Германія),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1997, чл.-кар. 1991). Беларус. Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1972). З 1977 у Ін-це каталізу Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1978 у Новасібірскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, фота- і радыяцыйнай хіміі. Распрацаваў тэорыю спектраў электроннага парамагн. рэзанансу стабільных бірадыкалаў, навук. асновы фотакаталітычных метадаў пераўтварэння сонечнай энергіі ў хім., радыяцыйна-тэрмічнага каталізу (новы кірунак у радыяцыйным каталізе). Пад яго кіраўніцтвам створаны першыя ў Расіі сонечныя каталітычныя рэактары, каталізатары на аснове аксідаў урану, якія спалучаюць функцыі ядз. паліва і каталізатараў для акумуляцый хім. энергіі.
Тв.:
Стабильные бирадикалы. М., 1980 (разам з А.І.Какорыным, Г.М.Жыдаміравым);
Фотокаталитическое преобразование солнечной энергии. Ч. 2. Молекулярные системы для разложения воды. Новосибирск, 1985 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА НА СУДО́ВУЮ АБАРО́НУ,
комплекс канстытуцыйна замацаваных працэсуальных правоў, якія гарантуюць абарону асн. матэрыяльных правоў і свабод чалавека. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на суд. абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. законныя правы і свабоды, а таксама ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. У судаводстве ўсе грамадзяне маюць права на абарону і на кваліфікаваную юрыд. дапамогу для яе ажыццяўлення (у выпадках, прадугледжаных законам, юрыд. дапамога аказваецца за кошт дзярж. сродкаў); права на прэзумпцыю невінаватасці, права не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных (доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыд. сілы); права асуджанага на перагляд прыгавору вышэйстаячым судом ва ўстаноўленым законам парадку. Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства таксама гарантуецца права на зварот у суддля абароны асабістых, маёмасных, сямейных і інш. правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАДНІКІ́электрычныя,
рэчывы (целы, матэрыялы) з высокай электраправоднасцю. У адрозненне ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў маюць значную колькасць свабодных зараджаных часціц (носьбітаў зарадаў), якія ў эл. полі набываюць упарадкаваны рух. Асн. П. — металы і іх сплавы, электраліты, плазма.
У металах носьбітамі эл. току з’яўляюцца электроны, у электралітах — іоны, у плазме — электроны і іоны. Пры нізкіх т-рах многія металы і некаторыя паўправаднікі набываюць звышправоднасць і становяцца звышправаднікамі. Метал. П. выкарыстоўваюцца ў эл.кабелях і правадах электрычных, абмотках эл. машын, трансфарматараў, прылад і апаратаў; электраліты — пераважна ў эл. акумулятарах. Адзін з найлепшых П. — серабро, выкарыстоўваецца для тонкіх правадоў вымяральных прылад, для электродаў, якія уплаўляюць у кераміку, шкло і інш.Найб. пашыраны П. — медзь, спалучае электраправоднасць з трываласцю, гнуткасцю, каразійнай устойлівасцю. Больш лёгкі і танны П. — алюміній, аднак з меншай электраправоднасцю і трываласцю. Медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя правады шырока выкарыстоўваюцца ў лініях электраперадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа, прызначаная ў асн.для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл. ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.
Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ АДХО́ДЫ,
вырабы, матэрыялы, рэчывы і біял. аб’екты, не прыдатныя да далейшага выкарыстання, у якіх утрыманне радыенуклідаў перавышае вызначаныя нормы. Паводле агрэгатнага стану Р.а. падзяляюцца на вадкія, цвёрдыя, газападобныя; паводле ўзроўню актыўнасці — на групы нізкага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; паводле хім. якасцей — на гаручыя і негаручыя.
Утвараюцца ў працэсе работы і рамонту энергет.ядз. рэактараў на АЭС, суднах і інш.; пры выкарыстанні радыеізатопных крыніц і прэпаратаў у тэхніцы, навуцы, медыцыне, у працэсе апрацоўкі руд, горных парод і інш. Метады перапрацоўкі і захавання Р.а. залежаць ад іх фіз. і хім. якасцей. Для вадкіх Р.а. выкарыстоўваюць метады канцэнтравання і захавання ў стальных ёмістасцях, для цвёрдых — захаванне ў спец. бетонных сховішчах. Біял. Р.а. (трупы эксперым. жывёл і інш.) спальваюць тэрмічным або хім. спосабам ў спец. могільніках.
На Беларусі асобны тып Р.а. — прадукты дэзактывацыі аб’ектаў і тэр. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕ́РВЫ (франц. réserve ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) запасы, рэсурсы, грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на захоўванні і ў выпадку патрэбнасці могуць быць выкарыстаны з пэўнымі мэтамі.
2) Крыніца, адкуль чэрпаюцца неабходныя дадатковыя матэрыялы і сілы, напр., рэзервы вытворчыя, працоўныя Р. і інш. 3) Фарміраванні ўзбр. сіл, а таксама людскія рэсурсы і запасы матэрыяльных сродкаў, прызначаныя для папаўнення і забеспячэння дзеючых арміі і флоту. Р. як элемент аператыўнага пастраення (баявога парадку) прызначаны для рашэння нечаканых задач, што ўзнікаюць у ходзе аперацыі (бою). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць Р.: стратэг., аператыўныя, тактычныя; агульнавайск., процітанк., процідэсантныя, спец. войск (інж., хім., сувязі) і інш. У Рэспубліцы Беларусь стратэг. Р. — асобныя злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі, а таксама запасы матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, узбраення, што захоўваюцца на цэнтр. складах (базах); аператыўны Р. — злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камандзіраў армейскіх карпусоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭА́ЦЫЯ (польск. rekreacja адпачынак ад лац. recreatio аднаўленне),
дзейнасць чалавека ў вольны час, накіраваная на аднаўленне і ўмацаванне здароўя, фіз. і духоўных сіл, працаздольнасці.
Рэкрэацыйныя патрабаванні чалавека залежаць ад узроўню развіцця прадукц. сіл і характару вытв. адносін, а таксама ад узросту, прафесіі і інш. Рост аўтаматызацыі працы ў спалучэнні з урбанізацыяй у эпоху навукова-тэхн. рэвалюцыі вядуць да скарачэння фіз. нагрузак і рухальнай актыўнасці, росту псіхаэмацыянальнага напружання і стомленасці чалавека. Пасіўны адпачынак не забяспечвае поўнага аднаўлення працаздольнасці, патрабуецца актыўнае развіццё рэкрэацыйных заняткаў. Жыццядзейнасць людзей абумоўлівае неабходнасць узаемазвязанага рэкрэацыйнага асяроддзя: бліжэйшае наваколле — двор, азялененыя пляцоўкі, паркі і скверы; таксама загарадныя рэкрэацыйныя тэр.; для працяглага адпачынку — спецыялізаваныя курортна-турысцкія раёны і цэнтры.
Пры праектаванні рэкрэацыйных тэрыторый прадугледжваюцца прыродаахоўныя мерапрыемствы і іх рэкрэацыйная ёмістасць. На Беларусі 319 устаноў адпачынку, санаторнага лячэння і турызму на 47 тыс. месцаў; для Р. — каля 2 млн.гатэр. (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНА (Ія Сяргееўна) (н. 2.3.1936, г. Варонеж, Расія),
расійская актрыса. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1990). Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 у Маскоўскім т-ры Массавета, з 1978 у Маск. маст.акад. т-ры імя М.Горкага (з 1989 — імя А.Чэхава). Творчасці С. уласцівы мяккая, абаяльная манера ігры, пранікнёны лірызм, майстэрства псіхал. аналізу: Соня («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага), Паліна Андрэеўна («Чайка» Чэхава), Ліка («Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай). З 1960 здымаецца ў кіно: «Дама з сабачкам» (1960), «Грэшніца» (1962), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж» («Асіна шчасце», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1990), «Ганна Карэніна», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Месяц жнівень» (1971), «Кожны дзень доктара Каліннікавай» (1973), «Раманс пра закаханых» (1974), «Нос» (1977), «Гараж» (1980), «Прыватнае жыццё» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Прадоўжыся, прадоўжыся, зачараванне...» (1984), «Сюжэт для двух апавяданняў» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМА́ТАЎ (Ілья Ільіч) (27.7.1907, в. Малая Бярсеніха Уржумскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 3.1.1989),
бел. вучоны ў галіне хім. машынабудавання. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-ртэхн.н. (1962), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-тхім. машынабудавання (1934). З 1946 ва Усесаюзным НДІхім. машынабудавання (нам. дырэктара, у 1959—65 дырэктар). У 1967—77 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйна-хім. машынабудаванні, радыяцыйнай хіміі. Прапанаваў канструкцыі вакуумнага абсталявання для атамнай прам-сці, выкарыстанне ультрагуку і вібрацыйнай тэхнікі для інтэнсіфікацыі працэсаў растварэння і экстракцыі. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Тв.:
Использование изотопов и излучений в народном хозяйстве Белорусской ССР // Весці АНБССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1971. № 2;
Образование карбонильных соединений при радиолизе этиленгликоля в метаноле // Там жа. 1977. № I.
Літ.:
И.И.Саламатов // Весці АНБССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1977. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААХО́ВЫ ЗБРО́Я,
зброя, прызначаная для выкарыстання грамадзянамі ў мэтах самааховы; адзін з відаў т.зв. грамадз. зброі (побач са спартыўнай, паляўнічай і халоднай зброяй).
Падзяляецца на: агнястрэльную зброю гладкаствольную (у т. л. з патронамі траўматычнага дзеяння) і бясствольную (з патронамі траўматычнага, газавага і святлогукавога дзеяння), газавую (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. прыстасаванні са слёзатачывымі або раздражняльнымі рэчывамі), электрашокавыя прыстасаванні і іскравыя разраднікі (дазваляюць уздзейнічаць на нападаючага высокім эл. напружаннем і выклікаюць у яго часовую недзеяздольнасць). Газавыя пісталеты і рэвальверы звычайна падобныя на папулярныя мадэлі баявой зброі. Для самааховы можа выкарыстоўвацца і паляўнічая зброя. Класіфікацыя, правілы набыцця і выкарыстання С.з. ўстанаўліваюцца адпаведным заканадаўствам краіны.
Літ.:
Щелоков А.А. Оружие самозащиты. М., 1993;
Газовые пистолеты и револьверы: Справ. пособие. Мн., 1997.