расійскі акцёр. На сцэне з 1869 (Жытомір, Харкаўская трупа Н.Дзюкава). З 1875 выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі. Мастацтва вызначалася душэўнасцю, шчырасцю, прастатой. Раскрыў якасцірус.нац. характару ў ролях Жадава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Бялугіна («Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.Салаўёва), Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Трагедыйны бок таленту выявіўся ў ролях Гамлета, Шэйлака («Гамлет», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Кіна («Кін» А.Дзюма-бацькі); тэма адзіноты «маленькага» чалавека ў ролях Ражнова («Гора-злашчаснасць» В.Крылова), Сяргея Артамонава («Ал лёсу не схаваешся» Аркадзьева) і інш. Сярод вучняў П.М.Арленеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)], катаробіі,
арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАСІ́РЫ (ням. Kürassier ад франц. cuirassier латнік),
воіны цяжкай кавалерыі армій еўрап. краін канца 16 — пач. 20 ст. (у Расіі ў 1731—1917), якія мелі ў якасці засцерагальнага ўзбраення кірасу (адсюль назва) і каску, былі ўзброены палашом, карабінам і пісталетам. Прызначаліся для нанясення ў баі вырашальнага ўдару, атакавалі звычайна ў самкнутым баявым парадку. У шэрагу выпадкаў складалі адборны кав. рэзерв.
Да арт.Кірасіры. 1. Радавы кірасірскага палка. 1732—42. 2. Обер-афіцэр Ваеннага ордэна кірасірскага палка. 1813—14. 3. Радавы Маларасійскага кірасірскага палка. 1844—45. 4. Радавы лейб-кірасірскага пскоўскага палка. 1856. 5. Обер-афіцэр лейб-гвардыі коннага палка. 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭВЕ́ТКІ (Natantia),
падатрад беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках і субтропіках, ёсць прэснаводныя. На Беларусі акліматызавана (1982, ахаладжальныя вадаёмы Бярозаўскай ДРЭС) К. ўсходняя субтрапічная рачная (Macrobrachium nipponense).
Даўж. 2—30 см. Брушка значна даўжэйшае за галавагрудзі. Пярэднія ногі (2—3 пары) узброены клюшнямі. Брушныя канечнасці служаць для плавання, выношвання ікры (у самак) і ў якасці капулятыўнага органа (у самцоў). Некаторыя К. мяняюць афарбоўку цела, сярод глыбакаводных ёсць формы, якія свецяцца. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Раздзельнаполыя. Аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДЧЫК,
асоба, якая займаецца разведвальнай дзейнасцю ў інтарэсах пэўнай дзяржавы (гл.Разведвальныя органы). У залежнасці ад формы развед. дзейнасці адрозніваюць: Р. галоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, спец. падрыхтаваныя для аператыўнай работы, якія выкарыстоўваюць афіц. пасады ў развед. органах); Р. негалоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, якія ажыццяўляюць развед. дзейнасць без раскрыцця сваёй прыналежнасці да органаў знешняй разведкі); Р. нелегалаў, уякасці якіх выкарыстоўваюцца спецыяльна падрыхтаваныя і накіраваныя за рубеж з развед. заданнем кадравыя супрацоўнікі разведкі або агенты (з мэтай маскіроўкі яны выдаюць сябе за інш. асоб); нелегаламі наз. таксама агентаў-іншаземцаў (пастаянныя жыхары пэўнай краіны, якія перайшлі на нелегальнае становішча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́МУЭЛЬСАН (Samuelsson) Бенгт Інгемар (н. 21.5.1934, г. Хальмстад, Швецыя),
шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН, замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў мед. каледж Лундскага ун-та. З 1958 у Каралінскім ін-це (з 1972 праф., з 1982 рэктар), у 1967—72 праф. Стакгольмскага каралеўскага вет. каледжа. Вылучыў і ўстанавіў хім. структуру і біяхім. якасці некат. простагландзінаў і звязаных з імі біялагічна актыўных рэчываў. Паказаў іх утварэнне з арахідонавай к-ты, а таксама, што арахідонавая к-та і ферментатыўныя сістэмы ўтварэння простагландзінаў ёсць ва ўсіх ядз. клетках жывёльных арганізмаў. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрэмам і Дж.Р.Вейнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЫХ МУЗЫ́ЧНЫ,
здольнасць чалавека ўспрымаць, запамінаць, уяўляць асобныя якасцігукаў музычных, адчуваць функцыян. сувязі паміж імі; неабходная перадумова кампазітарскай і выканальніцкай дзейнасці. Вылучаюць асн. віды С.м.: абсалютны (здольнасць распазнаваць, вызначаць, уяўляць абс. вышыню асобных муз. гукаў) і адносны, ці інтэрвальны (здольнасць выяўляць гукавышынныя суадносіны паміж гукамі). С.м. ўключае пачуцці ладавае і рытму, слых меладыйны, гарманічны і інш. Існуе спецыфічная яго форма — унутраны слых (муз.-слыхавыя ўяўленні) — здольнасць мысленна ўяўляць асобныя гукі, меладычна-тэмат. развіццё, гарманічную паслядоўнасць, тэмбрава-каларыстычныя фарбы, тэмп, дынаміку, агогіку, драматургію муз. твора і інш.; неад’емная якасць прафесіяналізму выканаўцы. С.м. развіваецца і ўдасканальваецца ў працэсе заняткаў музыкай, у прыватнасці сальфеджыо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКО́ВАЕ МАСТА́ЦТВА,
творы жывапісу, скульптуры і графікі, якія маюць самаст. характар, свабодныя ад прамых утылітарных функцый і не прызначаныя для ансамбля ў якасці яго састаўной і неад’емнай часткі. Назва ад «станка», на якім ствараюцца творы С.м., — мальберт, скульптурны станок. Творы С.м. разглядаюцца адасоблена ад наваколля, іх значэнне не мяняецца ад месца, дзе яны знаходзяцца, хаця ўмовы экспанавання і асвятлення могуць спрыяць альбо перашкаджаць поўнаму раскрыццю іх якасцей. У эпоху Адраджэння, з распадам універсальных комплексаў, характэрных для сярэдневякоўя, С.м. стала адной з умоў росквіту маст. культуры. У 17—20 ст. С.м. з яго псіхалагізмам, шматграннасцю і багаццем нюансаў — асн. род маст. творчасці, вызначальны ў жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭАЛІ́ТЫ (ад грэч. zeō кіплю + lithos камень),
група мінералаў з класа сілікатаў, водныя алюмасілікаты кальцыю і натрыю, радзей інш. шчолачных і шчолачназямельных металаў. Бываюць сінт. і прыродныя (анальцым, натраліт, гейландыт, ламантыт, шабазіт і інш.).
Белыя ці бясколерныя, жаўтаватыя, ружаватыя крышталі розных крышталеграфічных сінганій. Шчыльнасць 1900—2800 кг/м³ Тэрма- і кіслотаўстойлівыя. Пры награванні ўспучваюцца (адсюль назва), лёгка аддаюць і зноў паглынаюць нязвязаную ваду, не мяняючы сваёй структуры. Радовішчы прыродных Ц. пашыраны ў свеце, у т. л. на Беларусі. Сінт. атрымліваюць крышталізацыяй пры 80—100 °C сумесі сілікатаў і алюмінату натрыю. Выкарыстоўваюць пры высушванні, ачыстцы і раздзяленні рэчываў, уякасці іонаабменнікаў, каталізатараў ці іх носьбітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ПКА МАНАМА́ХА,
залаты філігранны галаўны ўбор сярэднеазіяцкай работы 14 ст., з сабалінай апухай, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і ўвянчаны крыжам; рэгалія маскоўскіх вял. князёў і рас. цароў, сімвал самадзяржаўя ў Расіі. У канцы 15—пач. 16 ст. набыла вядомасць легенда аб візант. паходжанні Ш.М., якую нібыта прыслаў імператар Канстанцін Манамах свайму ўнуку вял.кн. кіеўскаму Уладзіміру Манамаху. Гэтая легенда выкарыстана пры стварэнні паліт. тэорыі «Масква — трэці Рым». Ш.М. з канца 15 ст. вянчалі (каранавалі) пры ўступленні на прастол маскоўскіх вял. князёў, а ў 16—17 ст.рас. цароў. З 1724 уякасці каранацыйнага вянца выкарыстоўвалася імператарская карона. Ш.М. зберагаецца ў Аружэйнай палаце ў Маскве.