БЛАКА́ДА (англ. blockade),

1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш. Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш. эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.

2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКА-МАГІЛЁЎСКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі. Займае тэрыторыю на ПнЗ Магілёўскай і невял. ч. на Пд Віцебскай абл. Мяжуе з Цэнтральна-бярэзінскай раўнінай на З, Аршанскім узв. на Пн, Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на ПнУ і Чачэрскай раўнінай на Пд. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ больш як на 200 км, з З на У ад 50 да 120 км. Вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 224 м над узр. м. каля в. Палыкавічы Шклоўскага р-на, найніжэйшы — 131 м у даліне р. Сож у Чэрыкаўскім р-не (абодва ў Магілёўскай вобл.). Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на З і Пд 40—50 м. Пл. каля 11,5 тыс. км².

У тэктанічных адносінах раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, сілікатныя буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, цэментныя мел і мергель, фасфарыты, торф, падземныя воды.

Асн. рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўж. 2—3 км, глыб. 20—30 м. Рачная сетка належыць да бас. Дняпра. Найб. рэкі Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На Пд цякуць правыя прытокі Беседзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Т-ры студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя (найб. урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя супынкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі. Пад лесам 20—30% тэр., пераважаюць хвоя і бяроза, значная доля елкі і дуба (раўніна ў падзоне дубова-цемнахвойных лясоў). Пад с.-г. ўгоддзямі 50—70% тэр. (пад ворнымі землямі 35—45%). У межах Аршанска-Магілёўскай раўніны Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік.

Н.​К.​Кліцунова, І.​Э.​Паўлоўская.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІІ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА СХО́ДУ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дапаможныя органы палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца палатамі са свайго складу на першых сесіях і дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў парламента. Яны вядуць законапраектную работу, папярэдні разгляд і падрыхтоўку пытанняў, што адносяцца да ведання палат. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае ні наменклатуры пастаянных камісій і іх арганізацыйнай структуры, ні іх колькасці: гэтыя пытанні вырашаюцца непасрэдна на сесіях палат. На снежаньскай 1996 сесіі Палатай прадстаўнікоў створаны 11 пастаянных камісій: па заканадаўстве; па нацыянальнай бяспецы; па эканам. пытаннях; па дзярж. будаўніцтве, мясц. самакіраванні; па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і харчаванні; па бюджэце і фінансах; па аграрных пытаннях; па адукацыі, культуры, навуцы і тэхнічным прагрэсе; па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фіз. культуры і спорце; па правах чалавека і нац. адносінах; па міжнар. справах і сувязях з СНД. Савет Рэспублікі на студзеньскай 1997 сесіі стварыў 5 пастаянных камісій: па заканадаўстве і дзярж. будаўніцтве; па эканоміцы, бюджэце і фінансах; па сац. пытаннях; па рэгіянальнай палітыцы; па міжнар. справах і нац. бяспецы. Склад камісій і іх кіраўнікі зацверджаны пастановамі палат. У выпадку неабходнасці палаты Нац. сходу могуць ствараць часовыя камісіі па любым пытанні (рэвізійную, следчую і інш.). Часовая камісія спыняе сваю дзейнасць пасля выканання пастаўленых перад ёю задач або датэрмінова па рашэнні адпаведнай палаты.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧО́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Чачэрская раўніна,

фізіка-геаграфічны раён Перадпалескай правінцыі, на ПдУ Беларусі. Займае паўд.-ўсх. частку Магілёўскай, паўн.-ўсх. і ўсх. часткі Гомельскай абласцей, заходзіць на тэр. Расіі. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Аршанска-Магілёўскай раўнінамі, Гомельскім Палессем. Працягласць з Пн на Пд 80—130 км, з 3 на У 30—60 км, пл. 8,3 тыс. км². Выш. 140—190 м над узр. мора.

У тэктанічных адносінах паўд. і цэнтр. часткі Ч.р. прымеркаваны да Жлобінскай седлавіны, крайняя Пн — да паўд. схілаў Аршанскай упадзіны. Крышт. фундамент перакрыты асадкавымі пародамі верхняга дакембрыю, дэвону, юры, мелу (мел, мергель), палеагену (пяскі, алеўрыты, гліны) і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (20—100 м) уключае адклады марэнныя (чырвона-бурыя валунныя супескі, суглінкі з праслоямі пяску, пясчана-жвіровай сумесі) дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, водна-ледавіковыя, алювіяльныя, балотныя і інш.

Паверхня хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносныя вышыні 5—7 м, радзей да 15 м. Пераважаюць другасна-марэнныя раўніны, месцамі перакрытыя маламагутным чахлом з лёсападобных суглінкаў, на Пн — з водна-ледавіковых супескаў. Каля гарадоў Чачэрск і Слаўгарад дэнудацыйныя краявыя марэнныя грады (выш. 20—30 м), да якіх прымеркаваны лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод. На міжрэччах трапляюцца суфазійныя западзіны, месцамі эолавыя формы рэльефу; на У ад Слаўгарада — карставыя западзіны. У даліне р. Сож вылучаюцца пойма (плоская, часам забалочаная, шыр. 2,5—3 км) і 2 надпоймавыя тэрасы (выш. 6 м і 14—15 м). Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мел, сапрапелі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -7,4 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 637 мм за год. Рака Сож пераразае раўніну з Пн на Пд, мае прытокі Проня, Касалянка, Добрыч, Горна, Чачора, Ліпа, Галуба, Кляпінка, Покаць, Беседзь; у зах. ч. раўніны — прытокі р. Дняпро — Паўна, Ухлясць, Баброўка, Гутлянка, Ракатун. На Пд раўніны пашыраны глебы дзярнова-палева-падзолістыя, на астатняй ч. — дзярнова-падзолістыя ў рознай ступені ападзоленыя; у катлавінах — дзярнова-глеевыя і дзярнова-карбанатна-глеевыя; у далінах рэк — поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя забалочаныя, радзей тарфяна-балотныя. Лясістасць да 30%. Масівы хваёвых кусцікава-зеленамошпых і лішайнікава-кусцікавых лясоў чаргуюцца з бярэзнікамі арляковымі і чорнаалешнікамі вятроўнікавымі. На правабярэжжы р. Сож пераважаюць хвойнікі імшыстыя і лішайнікавыя. Участкамі дубровы, шыракаліста-яловыя і шыракаліста-хваёвыя лясы. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. У межах Ч.р. біял. заказнік рэсп. значэння Чачэрскі.

т. 17, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТАЎНЫ́Я СКА́ЗЫ,

сінтаксічныя канструкцыі, якія ўводзяцца ў пэўны сказ і выконваюць у ім тыя ж функцыі, што і ўстаўныя словы. Маюць форму простых і складаных сказаў рознай будовы. Далучаюцца да паясняльных ці ўдакладняльных членаў асн. сказа пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнай, злучнікавай сувязі і займаюць у адносінах да іх постпазіцыйнае становішча. У адрозненне ад пабочных сказаў не маюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў.

У мове выконваюць важную семант. ролю. Могуць выражаць значэнні: суадпаведнасці — «Мікола Ігнатовіч, — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог» (М.​Лынькоў); супраціўнасці, супрацьпастаўленасці або ўступальнасці — «Я гляджу і не магу нагледзецца (што з таго, што ноч і змрок густы!) на цябе, Вялікая Мядзведзіца» (П.​Панчанка), «Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы)» (К.​Крапіва); падкрэсленасці — «Максім з чамаданам і клункамі ў руках увайшоў у прасторную і высокую — хоць цэпам махай — залу вакзала» (М.​Машара); прызначанасці — «А ніжэй маста, адразу ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг» (І.​Шамякін); абумоўленасці — «І цікавілася маці — сэрца матчына вядома, — як на службе там дзіцяці, ці там лепей, ці мо дома» (Я.​Купала); месца — «У адным сяле (не важна дзе) хадзіў Баран у чарадзе» (К.​Крапіва); часу — «На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тодаравіч вярнуўся дадому» (К.​Чорны); прычыны — «Яны аднекуль здалёку прывезлі калючых саджанцаў — блізка ад Рослікаў саду нідзе не было» (Р.​Сабаленка); умовы — «Я свой абавязак (калі спатрэбіцца) заўсёды выканаю» (А.​Якімовіч); паяснення — «Дзям’ян быў з тых на Панятоўшчыне (так называлася вёска, дзе ён жыў з маленства), якія маўкліва і засмучана сустрэлі ворагаў» (П.​Кавалёў); заўвагі аб характары дзеяння, эмацыянальным стане, паводзінах асобы, яе адчуванні і інш. У.с. ўзбагачаюць зместава-інфармацыйную структуру сказа, яго семант. аб’ём, унутр. моўна-стылістычныя, выяўл. магчымасці і як сродкі дакладнага адлюстравання рэчаіснасці шырока ўжываюцца ў розных жанрах маст. л-ры.

Літ.:

Гл. пры арт. Устаўныя словы.

А.​І.​Наркевіч.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл. Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-т разгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыя РСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас. яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.

П.​К.​Башко, М.​В.​Біч, Э.​М.​Савіцкі.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧЫЯ АДНО́СІНЫ,

сістэма рэальных узаемадзеянняў паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт; сац.-эканам. форма развіцця прадукц. сіл; неад’емны бок любога спосабу вытв-сці. Асновай вытворчых адносін з’яўляюцца формы ўласнасці на сродкі вытв-сці, якія характарызуюць адпаведны гіст. спосаб прысваення людзьмі ствараемых даброт, злучэння вытворцаў са сродкамі вытв-сці. Вядучай і вызначальнай ступенню з’яўляецца ўласна вытв-сць. Вытворчыя адносіны праяўляюцца як эканам. інтарэсы ўсіх удзельнікаў, суб’ектаў грамадскай вытв-сці, як галоўны стымул развіцця вытв-сці, прадукц. сіл і прадукцыйнасці працы. У працэсе грамадскай вытворчасці вытворчыя адносіны відазмяняюцца, удасканальваюцца. Кожная сістэма вытворчых адносін мае гіст. характар. На змену аджылай сістэме прыходзіць новая, якая параджаецца папярэдняй. Кожны цыкл вытворчых адносін абумоўлены развіццём прадукц. сіл і абвастрэннем супярэчнасцей паміж імі і вытворчымі адносінамі, у сістэме якіх узнікаюць пераходныя формы, спалучаюцца папярэднія, аджываючыя і новыя, што нараджаюцца (напр., у прыгонных адносінах спалучаюцца паншчына і аброк, адработачная рэнта і рэнта прадуктамі і нават грашовая рэнта; акцыянерны капітал і манапалістычны капітал ва ўмовах капіталізму ўтвараюць пераходныя да сацыялізму эканам. формы). Новыя вытворчыя адносіны, як правіла, адпавядаюць прыродзе больш развітых прадукцыйных сіл. Сукупнасць вытворчых адносін складае эканам. базіс грамадства, які спараджае адпаведную надбудову — маральныя, навук., прававыя, маст. погляды і адпаведныя ім установы, што садзейнічаюць развіццю і ўмацаванню эканам. базісу. Вытворчыя адносіны — аб’ект эканам. палітыкі грамадства, якое праз дзярж. ўладу ўздзейнічае на вытв-сць, больш-менш адэкватна выкарыстоўвае тэарэт. палажэнні паліт. эканоміі, пераводзячы іх на мову сац.-паліт. дзеяння мас, народа.

С.​Я.​Янчанка.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён на ПнУ Беларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл. каля 3 тыс. км². Выш. ад 135 м (урэз р. Зах. Дзвіна каля в. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каля в. Загараны Гарадоцкага р-на).

У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах. ч. Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.

Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн. ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас. Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-ра студз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.

А.​Ф.​Санько.

т. 5, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОМНІКІ ПРЫРОДЫ.

Першыя спісы помнікаў прыроды на Беларусі зацверджаны ў 1923 і 1926 дзярж. пастановай, дзе яны абвешчаны дзярж. уласнасцю і ўстаноўлены парадак аховы помнікаў старадаўнасці, мастацтва, побыту і прыроды. У 1963, зыходзячы з пастановы Савета Міністраў Беларусі «Аб ахове помнікаў прыроды на тэрыторыі Беларускай ССР», складзены новы, больш поўны спіс помнікаў прыроды які штогод дапаўняецца і ўдакладняецца. У залежнасці ад асаблівасцей аховы помнікі прыроды падзяляюць на батанічныя, геалагічныя, гідралагічныя. Паводле іх значнасці і унікальнасці, на аснове навук. даследаванняў адрозніваюць помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (зацвярджаюцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі) і помнікі прыроды мясцовага значэння (зацвярджаюцца мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі). Пры неабходнасці адасаблення зямельных участкаў у землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў помнікі прыроды ўтвараюцца рашэннем Савета Міністраў Беларусі. Да помнікаў прыроды адносяць невялікія па плошчы аб’екты — старадаўнія паркі, асобныя векавыя або рэдкія пароды дрэў, каштоўныя насаджэнні, буйныя валуны і іх кангламераты, геалагічныя агаленні, крыніцы, элементы рэльефу і інш. У шырокім сэнсе тэрмін «помнік прыроды» выкарыстоўваюць і ў адносінах да запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў, каб падкрэсліць іх значэнне ў захаванні прыроднай спадчыны. Дзярж. кантроль за аховай і выкарыстаннем помнікаў прыроды ажыццяўляюць Мінпрыроды Беларусі і яго тэрытарыяльныя органы, мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы і інш. На 1.1.2004 на Беларусі пад аховай знаходзіцца 337 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, у іх ліку 23 старадаўнія паркі, 31 участак каштоўных насаджэнняў, 3 месцы росту відаў раслін, якія знікаюць, 58 асобных рэдкіх парод і векавых дрэў або іх груп, 27 геалагічных агаленняў, 31 камавы ўзгорак і элемент рэльефу, 158 валуноў і валунна-галечных кангламератаў, 5 мінеральных крыніц, 1 парк камянёў; 572 помнікі прыроды мясцовага значэння, у іх ліку 95 паркаў, 103 участкі каштоўных насаджэнняў і 51 асобнае дрэва, 65 камавых узгоркаў і элементаў рэльефу, 8 геалагічных агаленняў, 189 валуноў і валунна-галечных кангламератаў, 60 крыніц і азёр. Агульная плошча ўсіх помнікаў прыроды 16,6 тыс. га.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЫ́ПІН Пётр Аркадзевіч (14.4.1862, г. Дрэздэн, Германія — 18.9.1911),

расійскі дзярж. дзеяч. Буйны памешчык. Скончыў Пецярб. ун-т (1884), служыў у мін-вах унутр. спраў і дзярж. маёмасцей. З 1899 пав., потым губ. маршалак ковенскага дваранства, у чэрв. 1902 — сак. 1903 гродзенскі губернатар. Па яго ініцыятыве ў Гродне адчынены рамеснае, жаночае прыходскае, яўр. двухкласнае вучылішчы, рабіў захады па паляпшэнні ўмоў для развіцця сельскай гаспадаркі губерні. З сак. 1903 да крас. 1906 губернатар Саратаўскай губ., дзе задушыў сял. рух. З крас. 1906 міністр унутр. спраў, адначасова з ліп. і старшыня Савета Міністраў. Прыхільнік і актыўны праваднік рэпрэсій (ваен.-палявыя суды, прымяненне смяротнай кары і інш.) у барацьбе з рэвалюцыяй паводле прынцыпу: «спачатку заспакаенне, а потым рэформы». Урад С. 16.6.1907 распусціў 2-ю Дзярж. думу і выдаў дыскрымінацыйны у адносінах да прац. мас новы выбарчы закон, у выніку чаго ўсталявалася «трэцячэрвеньская манархія». С. спрыяў выданню закона ад 18.10.1906 аб ануляванні некат. абмежаванняў сял. правоў (канчаткова адменены падушны падатак і кругавая парука, ліквідаваны некат. абмежаванні ў перамяшчэнні сялян і г.д.). Правёў агр. рэформу (гл. Сталыпінская аграрная рэформа), накіраваную на фарміраванне значнага слоя заможнага сялянства і сял. буржуазіі, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Але глыбокія сац.-эканам. супярэчнасці ў краіне, абвостраныя самой агр. рэформай, абумовілі няўдачу палітыкі С. 14.9.1911 смяротна паранены агентам ахранкі эсэрам Дз.​Р.​Багровым.

Літ.:

Столыпин: Жизнь и смерть: Сб. публицистики. Саратов, 1991;

Рыбас С.Ю., Тараканова Л.В. Реформатор: Жизнь и смерть Петра Столыпина. М., 1991;

Бок М.П. П.А. Столыпин: Воспоминания о моем отце. М., 1992;

Зырянов П.Н. Петр Столыпин: Полит. портрет. М., 1992;

Хотулев В.В. Петр Столыпин. М.;

Смоленск, 1998;

Федоров Б.Г. Петр Столыпин: «Я верю в Россию». Биография П.А. Столыпина. Т. 1—2. СПб., 2002.

В.​П.​Панюціч.

П.А.Сталыпін.

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)