помнік архітэктуры 14—19 ст. за 3 км ад г. Пскоў (Расія) каля р. Вялікая на Снетнай гары (адсюль назва). Манастыр упершыню згадваецца ў 1299. Меў зямельныя ўгоддзі, рыбныя промыслы. Манастыр быў добра ўмацаваны. На яго неаднаразова нападалі лівонскія рыцары, польскія і шведскія атрады. З 1804 архірэйскі дом. Пасля 1917 скасаваны. Найб.стараж. пабудова С.м. — мураваны сабор Раства Багародзіцы (1310). У яго інтэр’еры захаваліся фрэскі 1313, выкананыя сербскімі мастакамі. Крыты цвінтар быў упрыгожаны кафляй. У комплекс таксама ўваходзяць каменныя трапезная палата (пач. 16 ст.) са стоўпападобнай царквой (1519), 8-гранная шатровая царква «пад званы» (усе 16 ст.). Уваход на тэр. манастыра цераз мураваную браму (17 ст.). У 19 ст. комплекс абнесены мураванай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́НСЕРАВА СТРАФА́,
дзевяцірадковая страфа з рыфмоўкай АбАббВбВВ. Памер першых 8 радкоў — 5-стопны ямб, 9-ы радок напісаны 6-стопным ямбам. Калі твор складаецца з некалькіх С.с., то цотныя пачынаюцца радкамі з жаночай клаўзулай, няцотныя — з мужчынскай (або наадварот). Упершыню гэты від страфы ўжыты англ. паэтам 16 ст. Э.Спенсерам (адсюль назва) у паэме «Каралева фей». С.с. напісана паэма Дж.Байрана «Паломніцтва Чайльд Гарольда»:
Ты і ў элінаў старажытнай Спарты
Служанкай не лічылася зямной,
А на зямлі, о Муза, нашы барды
Аганьбілі паклёпам і маной
Цябе, дачку нябёс! Ды твой спакой
Не патурбую, хоць і я, бывала,
У Дэльфах быў і храм разглядваў твой
І піў з крыніцы. Без тваёй ухвалы
Аповесць простую пачну пісаць памалу.
(Пер. Р.Барадуліна)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІР-ВАЛЫ́НСКІ,
горад у Валынскай вобл. Украіны. Каля 40 тыс.ж. (1999). Чыг. станцыя. Прам-сць: харч. (цукр., кансервавая і інш.), швейная, мэблевая. Успенскі сабор. (1160), Васільеўская царква (канец 13 — пач. 14 ст.), палаты епіскапаў (16 ст.).
Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 988 як горад-крэпасць Уладзімір. У 12 ст. ўваходзіў ва Уладзіміра-Валынскае княства, з 1199 — Галіцка-Валынскае княства. З 1370 у ВКЛ. У 1431 атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Уладзімір у складзе Зах. Валыні адышоў Расіі і наз. У-В. У 1919 далучаны да Польшчы, з 1939 у складзе Украіны, у Валынскай вобл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фаш. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ШЭР (Fischer) Эміль Герман (9.10.1852, г. Эйскірхен, Германія — 15.7.1919),
нямецкі хімік-арганік і біяхімік, стваральнік навук. школы, заснавальнік хіміі прыродных злучэнняў. Замежны ганаровы чл. С.-Пецярбургскай АН (1913). Скончыў Страсбургскі ун-т (1874). З 1879 у Мюнхенскім, з 1882 у Эрлангенскім, з 1885 у Вюрцбургскім, з 1892 у Берлінскім ун-тах. Прэзідэнт Ням.хім.т-ва (1894—95, 1902, 1906). Навук. працы па хіміі вугляводаў, бялкоў, пурынавых злучэнняў. Даследаваў амінакіслотны састаў бялкоў. Прапанаваў простую наменклатуру для вугляводаў (1890), распрацаваў іх класіфікацыю. Упершыню выкарыстаў для сінтэзу хім. злучэнняў ферменты (1894). Даказаў, што амінакіслоты звязваюцца паміж сабою пры дапамозе карбаксільнай групы і амінагрупы і ўтвараюць пептыды (1902). Нобелеўская прэмія 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЯРКО́ЎСКІ Аляксандр Георгіевіч (н. 6.7.1931, С.-Пецярбург),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1975). Нар.арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955, кл. Ю.Шапорына). У 1950—57 выкладаў у Маскоўскім хар. вучылішчы. У 1976—80 нам. міністра культуры Расіі. Творчасці ўласціва цікавасць да гіст.-гераічнай, лірычнай і маладзёжнай тэматыкі. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Адважны трубач» (паст. 1985), «Час раставаць снягам» (паст. 1988); аперэты, кантатна-аратарыяльныя і сімф. творы, рамансы, песні (больш за 170), музыка да кінафільмаў (больш за 60). Аўтар твораў на вершы бел. паэтаў (М.Танка, У.Дубоўкі, А.Куляшова), апрацовак нар. песень і інш., многія з якіх упершыню былі выкананы бел. выканаўцамі. Аўтар кн. «Жыццё маё — музыка: Успаміны. Уражанні» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФРАНЦЫ́СК СКАРЫ́НА І ЯГО́ ЧАС»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік, прысвечаны Ф.Скарыну. Выдадзены ў Мінску ў 1988 выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». У ім упершыню ў поўным і сістэматызаваным выглядзе выкладзены набыткі і дасягненні сучаснага скарыназнаўства. У алфавітным парадку змешчана 728 артыкулаў, прысвечаных скарынінскім выданням, папярэднікам і сучаснікам бел. першадрукара, сац.-паліт. умовам жыцця бел. грамадства ў 15—16 ст., развіццю асветніцкіх традыцый Скарыны, адлюстраванню яго вобраза ў л-ры і мастацтве. Даюцца асобныя артыкулы пра даследчыкаў жыцця і дзейнасці Скарыны. Амаль трэцяя частка кнігі адведзена фотаздымкам прадмоў і пасляслоўяў Скарыны да яго выданняў і адаптаваныя іх тэксты. Асобна ў храналагічнай паслядоўнасці змешчаны дакументы пра бел. першадрукара з каментарыямі да іх і л-ра пра яго. Даведнік багата ілюстраваны.
Вокладка энцыклапедыі «Францыск Скарына і яго час».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВА́РЦШЫЛЬД (Schwarzschild) Карл (9.10.1873, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 11.5.1916),
нямецкі астраном і фізік. Чл. Берлінскай АН (1912). Скончыў Мюнхенскі ун-т. З 1901 праф. Гётынгенскага ун-та і дырэктар абсерваторыі пры ун-це, з 1909 дырэктар Патсдамскай астрафіз. абсерваторыі, з 1912 праф. Берлінскага ун-та. Навук. працы па зорнай астраноміі і астрафізіцы, агульнай тэорыі адноснасці, тэорыі гравітацыі, геам. оптыцы. Заклаў асновы тэорыі зорных атмасфер і ўнутр. будовы зорак (1906). Склаў каталог фатагр. велічынь больш як 3500 зорак. Атрымаў агульныя ўраўненні зорнай статыстыкі (1910—12). Упершыню знайшоў дакладнае рашэнне ўраўнення Эйнштэйна для статыст. цэнтральна-сім. гравітацыйнага поля (1916). Прадказаў гравітацыйны калапс і вывеў формулу гравітацыйнага радыуса (Шварцшыльдаўскі радыус).
Літ.:
Амбарцумян В.А. Карл Шварцшильд // Творцы науки о звездах... Л., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РДЭН (Worden) Альфрэд Мерыл (н. 7.2.1932, г. Джэксан, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1955), Мічыганскі ун-т (1963), Аэракасм. школу пілотаў-даследчыкаў ВПС ЗША (1965), Імперскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (Вялікабрытанія, 1965). Ў 1966—72 у атрадзе касманаўтаў НАСА. З 1972 у н.-д. цэнтры НАСА. 26.7—7.8.1971 з Д.Скотам і Дж.Ірвінам (гл. Дадатак) здзейсніў палёт да Месяца (як пілот каманднага модуля) на касм. караблі «Апалон-15» (3 дні адзін знаходзіўся на селенацэнтрычнай арбіце). Упершыню ажыццявіў выхад у адкрыты космас па-за межамі каляземнай арбіты. Правёў у космасе 12,3 сут. Залаты медаль міру ААН (1971). Яго імя занесена ў Міжнар. залу гонару касманаўтыкі. З 1975 на кіраўнічых пасадах у аэракасм. кампаніях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́ЛЬЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял.кн.ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г.спец. школа-інтэрнат.