КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,

княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн. ВКЛ Кейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕРМАН ((Kellermann) Бернгард) (4.3.1879, г. Фюрт, Германія — 17.10.1951),

нямецкі пісьменнік. Чл. Ням. АМ (з 1950). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Мюнхене. Друкаваўся з 1904. У ранніх раманах «Іестэр і Лі» (1904), «Інгеборг» (1906), «Мора» (1910) і інш. уплыў неарамантызму. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тунэль» (1913), які выкрывае супярэчнасці паміж творчай працай, талентам і бурж. цывілізацыяй. Раманы «9 лістапада» (1920), «Браты Шэленберг» (1925, экранізацыя 1926), «Горад Анаталь» (1932), «Песня дружбы» (1935), «Блакітная стужка» (1938) адметныя спалучэннем рэалізму і экспрэсіянізму. Вяршыня творчасці К. — раман «Скокі смерці» (1948) пра трагедыю ням. народа пры фаш. дыктатуры. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, кніг дарожных нарысаў. Нац. прэмія ГДР 1949.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М.; Л., 1930;

Избр. соч. Т. 1—4. Л., 1934—35;

Пляска смерти. М., 1986;

Море. Голубая лента. Симферополь, 1991.

Літ.:

Федоров А.А. Творчество Келлермана. М., 1961;

Бергельсон Г. Бернгард Келлерман. М.;Л., 1965.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДУ ((Le Doux) Франсуа Габрыэль) (1755?, Парыж — 2.2.1823),

танцоўшчык, балетмайстар, педагог. Паводле паходжання француз. Паслядоўнік Ж.Ж.Навера. З 1770 саліст т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» («Гранд-Апера») у Парыжы. У 1782—85 па запрашэнні падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза працаваў балетмайстрам у яго прыдворным т-ры ў Гродне, выкладаў у балетнай школе ў Паставах (у 1784 паставіў уласны «Балет вод, або Купель Дыяны»). Пасля смерці Тызенгаўза па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага сфарміраваў і ўзначальваў балетную трупу «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» (дэбютавала 24.9.1785 яго балетам «Гілас і Сільвія», падрыхтаваным у Пастаўскай балетнай школе; працавала да 1794). Аснову трупы складалі прыгонныя артысты Гродзенскага балета, у т. л. яго вучні М.Рымінскі, Е.Валінскі, Д.Сітанская, М.Малінская, Р.Лаўцэвіч. У 1785—89 паставіў больш за 30 балетаў, у т. л. на ўласныя лібрэта («Ванда, каралева Польская» і інш.). У 1800 арганізаваў у Варшаве балетную школу, у 1805—07 узначальваў балетную трупу Нац. т-ра В.​Багуслаўскага, у 1817 адкрыў прыватную школу салонных танцаў.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да 28.6.1944 у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 24 групы (241 чал.) у г. Лепель (кіраўнік А.​А.​Марунька), вёсках Ворань (М.​М.​Александровіч), Гарадчэвічы (С.​А.​Будкевіч), Губіна (Марунька), Загорцы (А.​П.​Ярашэўскі), Заслаўкі (П.​К.​Пацей), Кісцялёва (С.​В.​Шнітка), Ляхавічы (К.​А.​Яско), Радунь (П.​В.​Хацько), Саснягі (Г.​Ф.​Шатыронак), Свядзіца (С.​А.​Пад’ельскі) і інш. У друкарні, створанай сумесна з партызанамі, выдавалі лістоўкі, плакаты, адозвы, газ. «Калгасная праўда» Лепельскага і газеты Бешанковіцкага, Ветрынскага, Чашніцкага і Ушацкага падп. райкомаў. Падпольшчыкі ўдзельнічалі ў вызваленні з лагера смерці сав. ваеннапалонных, забяспечвалі іх акупац. дакументамі, уладкоўвалі на працу, перапраўлялі да партызан; зрывалі пастаўкі харчавання для ням. арміі; вялі антыфаш. прапаганду сярод салдат варожых фарміраванняў; праводзілі дыверсіі на чыгунцы. Вясной 1943 здабылі і перадалі партызанам план фаш. карнай аперацыі «Котбус». За час акупацыі загінула 70 падпольшчыкаў.

У.​І.​Гуленка.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАЎ (Уладзімір Емяльянавіч) (сапр. Самсонаў Леў Аляксандравіч; 27.11.1930, Масква — 26.3.1995),

расійскі пісьменнік, публіцыст. З 1974 у эміграцыі. Жыў у Парыжы, Бруселі. Гал. рэдактар час. «Континент» (1974—92). Друкаваўся з 1952. Аповесць «Жывы чалавек» (1962; інсцэніроўка 1965) пра падлетка, які апынуўся пасля арышту бацькі па-за грамадствам. У раманах «Сем дзён тварэння» (1971), «Каранцін» (1973) драматызм штодзённага жыцця ва ўмовах сав. рэчаіснасці, зварот да хрысціянскага ідэалу. Раманы «Зазірнуць у бездань» пра адмірала Калчака, «И аз воздам» (абодва 1986) пра лёс казакоў і Расіі. Аўтар зб-ка вершаў і паэм «Пакаленне на варце» (1956), апавяданняў і аповесцей «Мы абжываем зямлю» (1961), «Як у садзе пры даліне» (1993), раманаў «Каўчэг для няпрошаных» (1976), «Качаванне да смерці» (1994), п’есы «Пазыўныя тваіх паралелей» (1964), аўтабіягр. кн. «Развітанне з ніадкуль» (кн. 1—2, 1974—82), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1991—93;

Избранное. М., 1994.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл. Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл. Залатая Арда), Хулагу-хана (гл. Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ТЭРЭ́ЗІЯ (Maria Theresia; 13.5.1717, Вена — 29.11.1780),

эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).

Помнік у Вене (канец 19 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ (Даніла Канстанцінавіч) (30.9.1914, г. Пінск — 7.7.1996),

бел. дзеяч культуры, вучоны-хімік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Сын Я.Коласа. Скончыў хім. ф-т БДУ (1936), вучыўся ў аспірантуры БДУ і працаваў там выкладчыкам. У Вял. Айч. вайну працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це і хім. групе АН БССР (Ташкент). У 1943 дэкан хімфака БДУ (на ст. Сходня пад Масквой). З 1944 у Ін-це хіміі АН БССР (ст. навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, заг. лабараторыі). Пасля смерці Я.​Коласа (1956) збіральнік яго спадчыны, арганізатар Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, дзе ў 1957—80 працаваў дырэктарам, з 1980 да канца жыцця ст. навук. супрацоўнікам. Пад яго кіраўніцтвам музей стаў важным асяродкам коласазнаўства. Распрацаваў канцэпцыю мемарыялізацыі памятных мясцін Я.​Коласа на Стаўбцоўшчыне (гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял). Прапагандаваў спадчыну Я.​Коласа, выступаў у друку, на радыё і тэлебачанні, у школах. Аўтар успамінаў, артыкулаў па коласазнаўстве і праблемах культуры.

Тв.:

Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа. Мн., 2000.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧА АДА́МА ДОМ-МУЗЕ́Й,

літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял. Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.​Аляшкевіча, В.​Ваньковіча, Р.​Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.​Асецкага, К.​Качана, П.​Крахалёва, А.​Шыбнёва, прысвечаныя паэту.

С.​М.​Анісімава.

Міцкевіча Адама дом-музей. Фрагмент экспазіцыі.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́РДАК ((Murdoch) Айрыс) (15.7.1919, Дублін — 8.2.1999),

англійская пісьменніца. Скончыла Оксфардскі (1942) і Кембрыджскі (1948) ун-ты. У 1952—67 выкладала філасофію ў Оксфардскім ун-це і Каралеўскім каледжы мастацтваў у Лондане. Як пісьменніца фарміравалася пад уплывам філасофіі экзістэнцыялізму (кн. «Сартр — рамантычны рацыяналіст», 1953). Вядомасць прынёс першы раман «Пад сеткай» (1954). У раманах «Звон» (1958), «Адсечаная галава» (1961), «Дзікая ружа» (1962), «Чорны прынц» (1972), «Мора, мора» (1978), «Вучань філосафа» (1983) і інш. філас. і маральна-этычныя праблемы: свабоды і наканаванасці, жыцця і смерці, чалавека і яго веры. Звярталася і да гісторыка-паліт. тэматыкі (раман «Чырвонае і зялёнае», 1965). Аўтар філас.-эстэт. прац «Пра ўзвышанае і прыгожае» (1959), «Экзістэнцыялісты і містыкі: Нататкі пра раман новай утылітарнай эпохі» (1970), п’ес, інсцэніровак. Яе творы насычаны літ. рэмінісцэнцыямі, спалучаюць псіхалагізм, экспрэсіўнасць, драматызм падзей і характараў з «гатычнымі» элементамі, умоўнасцю, прытчавасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—3. М., 1991;

Отсеченная голова: Романы. Мн., 1995.

Е.​А.​Лявонава.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)