Рэспубліка Казахстан (Казакстан Республикасы), дзяржава ў цэнтр.ч. Еўразіі. Мяжуе на 3, Пн і У з Рас. Федэрацыяй, на ПдУ з Кітаем, на Пд з Кыргызстанам, Узбекістанам і Туркменістанам. Падзяляецца на 19 абласцей. Пл. 2724,9 тыс.км². Нас. 15,9 млн.чал. (1997). Сталіца — г. Астана. Дзярж. мова — казахская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (16 снежня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1995 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў і ўзначальвае адзіную сістэму выканаўчай улады. Вышэйшы орган дзярж. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з Сената (49 дэпутатаў) і ніжняй палаты (мажыліса, 67 дэпутатаў). Кабінет міністраў узначальвае прэм’ер-міністр. Мясц. кіраўніцтва ў абласцях ажыццяўляюць губернатары, прызначаныя прэзідэнтам. Вышэйшая суд. інстанцыя — Вярх. Суд, ніжэйшыя суд. звенні — абласныя і мясц. суды.
Прырода. Большая ч. К. — слаба расчлянёная раўніна з выш. да 300 м (73 тэрыторыі) і 300—500 м (72 тэрыторыі). На Зп-аў Мангышлак (упадзіна Карагіе, 132 м ніжэй узр. м.) і Прыкаспійская нізіна, якая на ПнУ пераходзіць ва Урала-Эмбінскае плато і горы Мугаджары. На Пнпаўд. ўскраіна Заходне-Сіб. раўніны. Праз Тургайскую лагчыну яна злучаецца з Туранскай нізінай, занятай пустыняй Кызылкум. У цэнтры К. знаходзіцца Казахскі драбнасопачнік з асобнымі горнымі масівамі (Кызылтас, Каркаралы, Улутау) з выш. 1000—1500 м. На ПдЗ ён пераходзіць у павышаную плоскую раўніну пустынь Бетпак-Дала і Муюнкум. На паўд.-ўсх. і ўсх. ускраінах узвышаюцца горныя сістэмы Цянь-Шаня, Джунгарскага Алатау, Тарбагатая і Алтая. Паўд.-ўсх.ч. тэрыторыі характарызуецца павышанай сейсмічнасцю. К. багаты карыснымі выкапнямі: каля 30% сусв. разведаных запасаў хрому, 25% урану і марганцу, 19% свінцу і інш.Асн. радовішчы: нафты (Тэнгіз, Каражанбас, Мёртвы Култук), нафтагазавыя (Узень, Карачаганакскае), каменнага і бурага вугалю (Карагандзінскі, Экібастузскі, Тургайскі, Майкубенскі бас.), медзі (Джэзказганскае, Базшакольскае), поліметалічных руд (Ачысай, Рудны Алтай, Тэкелі), золата (Аўэзаў), жал. руд (Сакалоўска-Сарбайскае, Атасуйскае), храмітаў (Храмтау), фасфарытаў (Каратау), азбесту (Джэтыгара), барытаў (Індэрскае), алюмінію (Тургайскае). Вял. запасы сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў, кухоннай солі. Клімат К. рэзка кантынентальны. Зіма на Пн і ў цэнтр. раёнах суровая з моцнымі маразамі і вятрамі, на Пд больш мяккая, лета гарачае. Сярэдняя т-растудз. ад -18,7 °C на Пн да -3 °C на Пд, ліп. адпаведна 18,8 °C і 26,3 °C. Колькасць ападкаў змяншаецца з 390 мм на Пн да 300 мм у цэнтры і 100 мм на Пд; у гарах павялічваецца да 900—1600 мм. Больш за 2700 ледавікоў, агульная пл. зледзянення каля 2000 км². Рачная сетка развіта слаба, месцамі ў зах. і цэнтр. раёнах пастаянныя вадатокі адсутнічаюць. Гал. рэкі: Іртыш з прытокамі Бухтарма, Ішым і Табол; Сырдар’я, Урал, Ілі, Эмба належаць да вял. бяссцёкавых бас. Каспійскага і Аральскага мораў; Чу, Сарысу, Нура, Тургай і інш. разбіраюцца на арашэнне або знікаюць у пясках. Сістэма вадасховішчаў (Чардарынскае, Бухтармінскае, Капчагайскае і інш.) і арашальных каналаў (Іртыш — Караганда). Азёр каля 48 тыс. Найбуйнейшыя — Балхаш, Алаколь, Зайсан, Тэнгіз, Маркаколь. Большасць азёр саленаватыя і салёныя. Глебы ў паўн.ч. чарназёмныя (9,5% тэр. краіны), у цэнтры пераважаюць каштанавыя (34%), у паўн.ч. пустыннай зоны і паўд. паўпустыннай масівы бурых і шэра-бурых (44%) глеб. Для пустынных раёнаў характэрны пясчаныя і такырападобныя глебы, трапляюцца лугавыя, алювіяльныя, у гарах — горна-лясныя, горналугавыя і горна-тундравыя глебы. Расліннасць стэпаў разнатраўна-злакавая з кавылём і ціпчаком, трапляюцца асінава-бярозавыя колкі. Пераважаюць паўпустынныя палынова-злакавыя і пустынныя палынова-салянкавыя групоўкі раслін. Пад лесам каля 13 млн.га, пераважна саксаульнікі. У гарах вышынная пояснасць. У адгор’ях сухія стэпы, у сярэднягор’ях — хваёвыя лясы, вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Жывёльны свет налічвае 155 відаў млекакормячых, 480 — птушак, 49 — паўзуноў, каля 150 відаў рыб. З млекакормячых пашыраны грызуны: вял. суслік, хамяк, палёўкі, тушканчыкі, пясчанкі; з капытных — лось, сайгак, джэйран, у гарах — марал, горны казёл, архар, кабан, казуля; з драпежнікаў — воўк, чырвоны ліс, гарнастай, стэпавы тхор, ліс-карсак; з паўзуноў — яшчаркі, стэпавы ўдаў, гадзюка, шчытаморднік. Шмат птушак: шэрая гусь, стэпавы арол, чаплі, бакланы і інш. Каспійскае м. багатае каштоўнай рыбай (бялуга, асетр, сяўруга і інш.). На тэр. К. — Алмацінскі, Аксу-Джабаглы, Барсакельмес, Наўрзумскі, Кургальджынскі, Усцюрцкі, Маркакольскі запаведнікі і прыродны нац. парк Баянаульскі.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — казахі (50,6%) і рускія (32,2%). Нац. меншасці: украінцы (4,5%), немцы (1,9%), узбекі (2%), татары (1,8%), беларусы (каля 1%) і інш. У апошнія гады адзначаецца эміграцыя насельніцтва ў Расію і ФРГ. Пануючыя рэлігіі — іслам (47%) і хрысціянства (44%). Сярэдняя шчыльнасць 5,8 чал. на 1 км² (1996). Найб. шчыльна заселены с.-г. раёны Пн і арашальныя землі ПдУ. Гар. насельніцтва 56%. Буйныя гарады (1995, тыс.чал.): Алматы (1200), Караганда (608,6), Чымкент (438,8), Сяміпалацінск (344,7), Усць-Каменагорск (333), Паўладар (331), Джамбул (312), Астана (277), Акцюбінск (266,6), Кустанай (233,9).
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У 1-м тыс. да н.э. большасць мясц. стэпавых плямён перайшла да качавой жывёлагадоўлі. Тагачаснае насельніцтва ў «Авесце» названа турамі, у стараж.-грэч. крыніцах, у т. л. ў «Гісторыі» Герадота — скіфамі, масагетамі, у стараж.-перс. тэкстах — сакамі. У 1-м тыс. да н.э. сакі засялялі тэр. ад сучасных Сямірэчча і ўсх. Туркестана да Прычарнамор’я і ад Алтайскіх гор да Харэзма. У 8—7 ст. да н.э. яны кантактавалі з Асірыяй і Мідыяй, з 6 ст. да н.э. і з Ахеменідаў дзяржавай. Сакі мелі даволі развітую для тых часоў культуру. Пры раскопках іх кургана Ісык у перадгор’і Заілійскага Алатау знойдзена пахаванне т.зв. «залатога чалавека» (5 ст. да н.э.). Сакі ваявалі на баку персаў супраць грэкаў у Марафонскай бітве (490 да н.э.). У 3 ст. да н.э. ў Сямірэччы склаліся плем. саюзы усуняў, у раёне Каратау і Сырдар’і — кангюй, паміж Аральскім і Каспійскім морамі — аланаў. У 1 ст.н.э. кангюй стварылі буйную дзяржаву на тэр. ад усх. Туркестана да Прыаралля (гл.Кангюй). Пазней тэр. ад Ціхага ак. да Каспійскага м. і нават частку Цэнтр. Еўропы займалі гуны. У час вялікага перасялення народаў цюркскамоўныя гуны прасунуліся з Цэнтр. Азіі на З Еўропы. У 552 цюрк. правадыр Бумын прыняў тытул кагана і заснаваў Цюркскі каганат. які ў 603 распаўся на самастойныя Усх. і Зах. Цюркскія каганаты. У 704—756 у Сямірэччы існаваў Цюргешскі каганат, які вёў барацьбу з кітайцамі і арабамі. У 756—940 існаваў Карлукскі каганат (гл.Карлукі), у 9—11 ст. у зах. і паўд.-зах. раёнах К. — Агузскі каганат, які падтрымліваў сувязі з Руссю. У 8—11 ст.паўн.-ўсх. і цэнтр. раёны К. насялялі цюрк. плямёны кімакаў і кіпчакоў. У 11 ст. кіпчакі кантралявалі тэр. ад Іртыша да Волгі, яны заснавалі Кіпчакскае ханства (існавала да 1219) і падпарадкавалі плямёны агузаў у бас. сярэдняга і ніжняга цячэння Сырдар’і. Гэтыя землі ўсх. гісторыкі называлі Дэшт-і-Кіпчак. (Кіпчакскі стэп). У 11—12 ст. кіпчакі — найб. шматлікія з усіх цюрк. народаў Цэнтр. Азіі і Усх. Еўропы. Яны стваралі і развівалі гарады (на Пд К. іх было 33, у Сямірэччы — 27), з’явіліся іх пісьменнасць і л-ра, развіваліся навукі (матэматыка, філасофія, астраномія). У 1219—21 тэр. К. заваявана манголамі і падзелена на ўлусы паміж сынамі Чынгісхана (стэпавая ч. ўвайшла ва ўлус Джучы, Пд і ПдУ — Чагатая, ПнУ — Угедэя). Пасля смерці Джучы ўлусам валодаў яго сын Батый, які ў 1243 заснаваў Залатую Арду. На тэр. К. ўзніклі таксама дзяржавы Белая Арда, Магалістан, Узбекскае ханства, Нагайская Арда і інш. У 1465 у міжрэччы Чу і Таласа заснавана Казахскае ханства. Пры хане Хакпазару [1538—80] да Каз. ханства далучаны землі да р. Жайык (Урал). Да сярэдзіны 16 ст. канчаткова сфарміравалася этн. тэрыторыя казахаў, на якой склаліся 3 каз жузы (арды) — Старэйшы, Сярэдні і Малодшы; завяршыўся працэс фарміравання каз. этнасу і ўмацавання яго дзяржаўнасці. Пры хане Тауке [1680—1718] распрацаваны збор законаў «Жэты Жаргы» («Сем устанаўленняў»), чым юрыдычна замацаваны нормы жыцця тагачаснага каз грамадства. З 1630-х г.міжнар. становішча Каз. ханства пагоршылася. У 17—18 ст. пачасціліся ўварванні на тэр. К. землі выклікала ўздым іх нац.-вызв руху. Паўстанні пад кіраўніцтвам Срыма Датава (1783—97), хана Кенесары Касымава (1837—47) і паўстанне 1916 задушаны рас. войскамі. У пач. 20 ст.нац.-вызв. рух казахаў узначальвалі А.Букейханаў, А.Байтурсынаў, М.Чакаеў, Х.Дасмухамедаў, Б.Каратаеў, М.Дулатаў, Амангельды Іманаў і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісарамі рас. Часовага ўрада ў К. сталі Букейханаў, М.Тынышпаеў. На 1-м Усеказ. з’ездзе 21—28.7.1917 створана каз.паліт. партыя «Алаш». На 2-м Усеказ. з’ездзе (5—13.12.1917, Арэнбург) прынята рашэнне ўтварыць тэр.-нац. аўтаномію каз. абласцей і сфарміраваць урад — часовы нар. савет «Алаш-Арда» на чале з лідэрам партыі «Алаш» Букейханавым. Пасля Кастр. рэвалюцыі ўрад «Алаш-Арда» распушчаны. У грамадз. вайну 1918—22 большую частку К. захапілі белагвардзейцы, да лета 1920 К. заняла Чырв. Армія і тут устаноўлена сав. ўлада.
26.8.1920 утворана Кірг. (з 1925 Каз.) АССР у складзе РСФСР. Пачаліся канфіскацыя гаспадарак буйных баяў, арышты дзеячаў «Алаш-Арды». У час К. стаў адной з жытніц СССР. Сюды мігрыравала каля 1,5 млн.чал., у т. л. і выхадцы з Беларусі. Тэр. К. была адным з ядзерных палігонаў СССР. У 1955 тут засн. касмадром Байканур. З сярэдзіны 1980-х г. у К. абвастрыліся эканам. і міжнац. праблемы, што выклікала масавыя хваляванні моладзі ў Алма-Аце (снеж. 1986), г. Новы Узень (чэрв. 1989), якія былі разагнаны ваен. сілай. 25.10.1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. 1.12.1991 на ўсенар. выбарах першым прэзідэнтам К. абвешчаны Н.А.Назарбаеў (у выніку рэферэндуму 29 4.1995 тэрмін яго паўнамоцтваў прадоўжаны да 2000). 10.12.1991 Каз. ССР перайменавана ў Рэспубліку Казахстан. 16.12.1991 прыняты Закон «Аб дзярж незалежнасці Рэспублікі Казахстан», 21.12.1991 К. далучыўся да СНД. 30.8.1995 прынята Канстытуцыя, паводле якой К. абвешчаны дэмакратычнай, свецкай, унітарнай дзяржавай. У снеж.зах.-манг. плямён джунгараў (айратаў), пачаўся перыяд «вял. бедстваў» казахаў. Казахі Малодшага жуза апынуліся ў акружэнні падданых Расіі казакоў, калмыкаў і башкіраў, цярпелі ад набегаў хівінцаў. У гэтых умовах каз. хан Абулхайр звярнуўся да Расіі з просьбай аб пратэкцыі. 10.10.1731 ч. казахаў прыняла рас. падданства, у выніку чаго пачалося далучэнне тэр. К. да Расіі — будаваліся крэпасці і ўмацаваныя лініі, якія служылі апорнымі пунктамі. Працэс асваення каз. стэпаў Рас. імперыяй завяршыўся ў 1860-я г.: у 1863 рас. войскі занялі Сазак, у 1864 — Аўліе-Ату (цяпер Джамбул), Чымкент і інш. У выніку рас.адм.-тэр. рэформы было парушана тэр. адзінства К. Выцясненне казахаў з абжытых імі зямель на пустынныя і паўпустынныя калектывізацыі і планавага асядання качэўнікаў за межы рэспублікі эмігрыравала больш за 1 млн.чал. У 1930-я г. рэпрэсіі набылі масавы характар. У К. створаны канцэнтрацыйныя лагеры: Карагандзінскі асобага рэжыму (Карлаг), Акмолінскі жонак «здраднікаў радзімы» («Алжыр»), У 1930—40-я г.сав. ўладамі ў К. высланы карэйцы, курды, немцы і інш. У Вял.Айч. вайну К. стаў адной з тылавых апор фронту, у 1941—45 тут пабудавана 460 заводаў і фабрык, вытв-сць хлеба дасягнула 5,8 млн.т, мяса 743 тыс.т, вугалю 34 млн.т. У выніку асваення цалінных зямель (з 1954) 1995 на парламенцкіх выбарах перамаглі праўрадавыя партыі і рухі. К. — член ААН (з 1992), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Паўн.Атл. савета супрацоўніцтва, «Саюза чатырох» у межах СНД (Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан), Цэнтральнаазіяцкага дагавора. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў вер. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Саюз «Нар. адзінства Казахстана», Сацыяліст. партыя К., Нац.-дэмакр. партыя К. «Жэлтаксан», Партыя нац. незалежнасці К. «Алаш», Нар. кангрэс К. і інш.
Гаспадарка. К. — індустрыяльна-агр. дзяржава. Доля ў валавым унутр. прадукце: прам-сці 21,8%, сельскай гаспадаркі 11,4, гандлю 18,4, транспарту 9,5, будаўніцтва 7, падаткаў 8,5, інш. 23,4%. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (22%), сельскай гаспадарцы (22%), абслуговых галінах. Пашырана здабыўная прамысловасць. На сыравіну і матэрыялы з яе прыпадае каля 70% кошту экспарту. У паліўнаэнергет. рэсурсах пераважаюць каменны і буры вугаль (у 1996 здабыта 76,6 млн.т; Карагандзінскі, Экібастузскі і інш. басейны). Здабыча нафты і газавага кандэнсату (23 млн.т), прыроднага газу (6,4 млрд.м³; п-аў Мангышлак, Эмбінскі р-н), уранавых руд (2,8 тыс.т, 4-е месца ў свеце), медзі, свінцова-цынкавых руд, золата, жал. руд (13,2 млн.т), храмітаў, фасфарытаў. Вытв-сць электраэнергіі 58,7 млрд.кВтгадз (1996), пераважна на ЦЭС (Алматы, Караганда, Петрапаўлаўск, Джамбул, Чымкент, Паўладар, Экібастуз і інш.). Шэраг ГЭС (Бухтармінская, Усць-Каменагорская, Капчагайская). Чорная металургія прадстаўлена камбінатам поўнага цыкла (Тэміртау), заводамі ферасплаваў (Ярмак, Акцюбінск). Выплаўляецца 5,8 млн.т сталі, 2,5 млн.т чыгуну, 2,4 млн.т пракату (1996). У каляровай металургіі вылучаюцца вытв-сці: медзеплавільная (Балхаш, Джэзказган), свінцова-цынкавая (Усць-Каменагорск, Чымкент), алюмініевая (Паўладар), выплаўка тытану і магнію. Канцэнтраты на прадпрыемствы каляровай металургіі пастаўляюць Жайрэмскі, Ачысайскі, Тэкелінскі, Джэзказганскі і інш. горнаўзбагачальныя камбінаты. Машынабудаванне прадстаўлена прадпрыемствамі па выпуску трактароў (2465 шт., Паўладар), машын для буд. арашальных сістэм (Уральск, Астана), вытв-сці кармоў (Акцюбінск). Развіты электратэхніка і станкабудаванне (Алматы), вытв-сць горна-шахтавага абсталявання (Усць-Каменагорск, Караганда), экскаватараў (Кентау), газавай апаратуры (Астана), малалітражных рухавікоў (Петрапаўлаўск). Хім.прам-сць выкарыстоўвае прыродную сыравіну і адходы чорнай і каляровай металургіі. З-ды па вытв-сці фосфарных (Джамбул) і азотных (Караганда) угнаенняў, сінт. каўчуку (Тэміртау), сернай к-ты (653,3 тыс.т, 1996), пластмасы. Нафтаперапрацоўка ў Паўладары, Чымкенце, Атырау. На базе цытворнага палыну і анабазісу працуе фармацэўтычная прам-сць. Ва ўсіх абласцях К. выпускаюцца буд. матэрыялы: цэмент (1,1 млн.т, 1996), цэгла (282 млн.шт.), азбест, кардон, рубероід, жалезабетонныя вырабы. З галін лёгкай прам-сці развіты абутковая (Алматы, Караганда, Джамбул, Кустанай), валюшна-лямцавая (Петрапаўлаўск), баваўняная (Алматы, Сяміпалацінск, Чымкент), шарсцяная, трыкат., дывановая (203 тыс.м²).
У харч. прам-сці вылучаюцца мясная, цукр., мукамольная, маслабойная, рыбная, кансервавая, тытунёвая, саляная (221 тыс.т) галіны. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (больш за палавіну ўсёй таварнай прадукцыі). Асн. галіна — авечкагадоўля (цэнтр. і паўд. раёны). У пустынных раёнах гадуюць каракульскіх авечак. Па вытв-сці танка- і паўтанкаруннай воўны, бараніны К. займае вядучае месца ў СНД. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): авечак і коз — 19,6, буйн. раг. жывёлы — 6,9, у т. л. кароў — 3. На ўсёй тэр. — конегадоўля (1,6 млн. галоў), у паўн. раёнах — свінагадоўля (1,6 млн. галоў), у зах. і ўсх. — вярблюдагадоўля. Развіта птушкагадоўля. У перадгор’ях паўд. К. — шаўкаводства, па Алтаі — пчалярства і маралагадоўля. С.-г. ўгоддзі займаюць 173,9 млн.га, у т. л. ворныя землі 31,6 млн.га (1995). З асваеннем цалінных і абложных зямель (1954—60, 25,5 млн.га) К. стаў буйным вытворцам збожжа. Пасевы пераважна ў паўн. стэпавых і перадгорных усх. і паўд. раёнах. На Пн сеюць яравую пшаніцу, ячмень, проса, на Пд — азімую пшаніцу, на арашальных землях — рыс.С.-г.вытв-сць (млн.т, 1996): збожжа — 11,2, бульбы — 1,7, бавоўны — 0,2, цукр. буракоў — 0,3, сланечніку — 0,1, агародніны — 0,8 і інш. Садоўніцтва і вінаградарства, бахчаводства. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 14,5 тыс.км. Гал. чыгункі: Арысь—Чу—Алматы—Барнаул, Арысь—Акцюбінск—Арэнбург, Барнаул—Паўладар—Астана—Карталы, Чу—Караганда—Астана—Петрапаўлаўск, Камень-на-Обі—Какчэтаў—Кустанай. Працягласць аўтадарог каля 190 тыс.км (95% з цвёрдым пакрыццём). На Каспійскім м., воз. Балхаш, рэках Іртыш, Сырдар’я, Урал развіта суднаходства. Газаправоды Сярэдняя Азія—Цэнтр, Бухара—Урал, Бухара—Ташкент—Чымкент—Джамбул—Алматы; нафтаправоды Узень—Атырау—Самара, Атырау—Орск, Омск—Паўладар—Чымкент. Буйныя аэрапорты ў Алматы, Акцюбінску, Астане. Экспарт (6230 млн.дол. ЗША, 1996): вугаль, нафта, каляровыя металы, збожжа, воўна і інш. Імпарт (4261 млн.дол. ЗША, 1996): радыёпрыёмнікі, электратэхн. вырабы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, харч. прадукты. Б.ч. знешнегандл. абароту прыпадае па долю краін СНД (52,9% экспарту і 68,2% імпарту). Сярод краін СНД вылучаюцца Расія, Узбекістан, Украіна, Кыргызстан, Беларусь, з замежных — ФРГ, КНР, Турцыя, Вялікабрытанія, Літва. Беларусь экспартуе ў К. шыны пнеўматычныя гумавыя, аўтамабілі грузавыя, халадзільнікі і маразільнікі, запчасткі да аўтамабіляў, цукар і інш., набывае збожжа, пракат, адходы і лом чорных металаў, фасфаты і інш. Курорты: Баравое. Алма-Арасан, Сарыагач і інш. Грашовая адзінка — тэнге.
Узброеныя сілы. Складаюцца з войск сухап., ППА і ВПС. Агульная колькасць (1994) 80 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках на ўзбраенні больш за 3 тыс. баявых машын пяхоты, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў, 7 тыс.артыл.сістэм. Войскі ППА аснашчаны зенітна-ракетнымі і зенітна-артыл. комплексамі, станцыямі разведкі і цэлеўказання і інш. У ВПС 200 баявых самалётаў, 300 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,7, жанчын 70,1 гадоў. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 81 чал., урачамі — 1 на 276 чал. Узровень нараджальнасці 19 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,9%. Дзіцячая смяротнасць 62 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1992 дзяржава гарантуе прыярытэтнае развіццё сістэмы адукацыі, яе прававую і экалагічную накіраванасць, незалежнасць ад паліт. і ідэалаг. уздзеянняў. Усе навуч. ўстановы, што даюць агульную сярэднюю адукацыю, абавязаны забяспечыць веданне вучнямі каз. мовы ў адпаведнасці з дзярж.адукац. стандартам. Свабодна вывучаецца і ўжываецца і рус. як мова міжнац. зносін. З канца 1980-х г. адраджаецца навучанне на родных мовах многіх этнічных груп, што жывуць у К. (ням., узб., уйгурскай, тур., польск., курдскай, тат., дунганскай). Агульную адукацыю даюць школы 3 ступеней: пач., асноўная (9-гадовая, абавязковая), старэйшая. У 1992/93 навуч.г. ў К. каля 9 тыс.агульнаадук. школ (больш за 3 млн. вучняў); больш за 400 прафес.-тэхн. навуч. устаноў (больш за 200 тыс. навучэнцаў); больш за 240 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 230 тыс. навучэнцаў); 63 ВНУ (каля 300 тыс. студэнтаў, больш за 50% — казахі). Буйнейшыя ВНУ: Каз.нац.ун-т (з 1934), Каз.політэхн.ін-т, Каз.пед.ін-т (з 1928), Каз.с.-г.ін-т (з 1930), Карагандзінскі ун-т (з 1972), Карагандзінскі політэхн.ін-т. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка К., б-каНац.АН, навук.с.-г., навукова-тэхнічная. Музеі: Цэнтр.дзярж. музей К., Каз.маст. галерэя, Музей прыроды, краязнаўчыя, мемарыяльныя і інш.Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац.АН (з 1946), н.-д. установах галіновых мін-ваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1989 у К. выходзіла 453 перыяд. выданні, у т. л. 160 на каз. мове, а таксама на рус., ням., карэйскай і уйгурскай мовах. Найб. значныя — «Казахстанская правда» (з 1920), «Казах адабіеці» («Казахская літаратура», з 1934), «Егамеды Казахстан» («Незалежны Казахстан»), часопісы «Саясат» («Палітыка»), «Дипломатический курьер» і інш. Радыёвяшчанне з 1928, тэлебачанне з 1958 (на каз., рус., карэйскай, уйгурскай, ням. мовах). Дзейнічае казахстанская тэлерадыёвяшчальная кампанія (на каз. і рус. мовах). Інфарм. агенцтвы: нац. Казпрэс, незалежная Дана-прэс і Казрэву.
Літаратура К. бярэ вытокі ў вуснай нар. творчасці. Каз. фальклор мае больш за 40 жанравых разнавіднасцей: песні, казкі, гераічныя ліра-эпічныя паэмы, найб. спецыфічныя нац. жанры — айтысы (песенна-паэт. спаборніцтвы акынаў), талгаў (філас. роздумы), арнаў (прысвячэнні) і інш.Найб.стараж. помнікі фальклору — гераічныя паэмы («Алпамыс», «Кабланды-батыр» і інш.) услаўляюць подзвігі волатаў (батыраў), а таксама ліра-эпічныя паэмы («Кыз-Жыбек» і інш.) пра вернасць і самаадданасць закаханых, іншы раз пра іх трагічны лёс. Першы каз. твор, аўтарства якога ўстаноўлена (паэт Асан-Кайгын), адносіцца да 15 ст. Пачатак новай індывід. паэзіі звязаны з творчасцю Бухара-Жыраў Калкаманава (18 ст.), аўтара надзённых вострапаліт. вершаў. Пераходны этап ад фалькл. да пісьмовых твораў — паэт. спадчына Махамбета Утэмісава, прасякнутая заклікам да барацьбы з прыгнятальнікамі. Творчасць Утэмісава і яго паслядоўнікаў Ш.Жарылгасава, С.Аранава і інш. мела дэмакр. кірунак. У сярэдзіне 19 ст. пачало развівацца нац. асветніцтва. Важную ролю ў станаўленні нац. пісьмовай л-ры адыграла дзейнасць Ч.Валіханава і І.Алтынсарына. Вытокі пісьмовай рэаліст. л-ры ў творчасці Абая Кунанбаева, лірыка, сатыра, празаічныя філас. «Павучанні» якога адлюстроўвалі жыццё тагачаснага грамадства; прадаўжальнікі яго традыцый у пач. 20 ст. — С.Тарайгыраў, С.Данентаеў, С.Кабееў, М.Сералін. Пачынальнікамі новай каз. л-ры былі С.Сейфулін, Б.Майлін, І.Джансугураў, С.Муканаў, М.Аўэзаў. У 1920-я г. ў л-ру прыйшлі паэты А.Такмагамбетаў, І.Байзакаў, Ж.Сыздыкаў, К.Абдыкадыраў, А.Тажыбаеў, Т.Жарокаў, празаікі І.Мусрэпаў, С.Шарыпаў, Г.Мустафін, драматургі Ж.Шанін, С.Абланаў. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. У 1930-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон каз. л-ры (паэмы «Альбатрос» Сейфуліна, «Кюйшы» і «Кулагер» Джансугурава, «Сонца загаварыла» Жарокава, раманы «Азамат Азаматавіч» Майліна, «Тэміртас» і «Загадкавы сцяг» Муканава, «Мае равеснікі» С.Ерубаева, драма «Амангельды» і апавяданні Мусрэпава). Шырокую папулярнасць набыла творчасць Джамбула Джабаева. У гады Вял.Айч. вайны развівалася патрыят. грамадзянская лірыка (вершы Джамбула Джабаева, Такмагамбетава, Жарокава, Г.Арманава, А.Сарсенбаева, Х.Бекхожына, паэма «Сказанне пра смерць паэта» К.Аманжолава і інш.), драматургія (п’есы Аўэзава, Ш.Хусаінава, Мусрэпава). Тэма вайны развівалася і ў пасляваеннай каз. л-ры (раманы Мусрэпава, А.Нурпеісава, Т.Ахтанава, паэмы Жарокава, Дж.Мулдагаліева і інш.). Зварот да сучаснасці выявіўся ў раманах «Сырдар’я», «Стэпавыя хвалі» Муканава, «Караганда» і «Мільянер» Мустафіна, «Племя маладое» Аўэзава, «Акбазат» Т.Алімкулава, «Тэміртау» З.Шашкіна, «Гудок у стэпе» М.Каратаева, у аповесцях М.Іманжанава, С.Шаймердэнава, З.Кабдолава. Гістарычнае мінулае народа, яго нац.-вызв. барацьба адлюстраваны ў трылогіях «Школа жыцця» Муканава, «Яік — светлая рака» Х.Есенжанава, гіст. раманах Д.Абілева, А.Алімжанава. Пашырыліся эпічныя, сюжэтныя і лірычныя рамкі паэзіі Бекхожына, Х.Ергаліева, Тажыбаева, К.Тагузакава, Г.Каірбекава, Мулдагаліева, С.Маўленава, Х.Джумаліева, А.Сулейменава. Сацыяльнымі і маральна-этычнымі праблемамі напоўніліся драм. творы Хусаінава, А.Абішава, Ахтанава, К.Мухамеджанава, Муканава і інш. З 1960-х г. развіваюцца навукова-фантаст.л-ра, крытыка, літаратуразнаўства. Сучаснай л-ры К. ўласцівы маштабнасць маст. пошукаў, шырыня і разнастайнасць праблематыкі, імкненне да інтэлектуалізму (празаік А.Кекільбаеў, паэты К.Мурзаліеў, Т.Малдагаліеў).
Бел.-каз.літ. сувязі развіваюцца з 1930-х г. На каз. мову перакладзены многія вершы Я.Купалы, Я.Коласа (перакладчыкі Джансугураў, С.Сеітаў, Сыздыкаў, С.Машакаў), творы І.Мележа, В.Быкава, І.Шамякіна, Я.Брыля, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш. На бел. мову перакладзены зб. Джамбула Джабаева «Песні і паэмы» (1939), Абая Кунанбаева «Выбранае» (1970), раман І.Есенберліна «Небяспечная пераправа» (1985), апавяданні каз. пісьменнікаў і фалькл. творы (зб. «Залаты каравай», 1988). У бел.перыяд. друку апублікаваны творы Абая Кунанбаева, С.Адамбекава, Ж.Амірбекава, Г.Арманава, Аўэзава, Маўленава, Д.Мулдагаліева, Сеітава, Ф.Унгарсынава і інш. у перакладах Р.Барадуліна, А.Звонака, В.Зуёнка, К.Камейшы, М.Танка, Я.Янішчыц і інш.
Архітэктура. Ад эпохі бронзы на тэр. К. захаваліся рэшткі аселых паселішчаў (паўзямлянкі з шатровым дахам), культавыя збудаванні — дальмены, менгіры, пахавальныя агароджы з каменных пліт (могільнік Бегазы, Цэнтр. К.), курганы (могільнік Бесшатыр на р. Ілі). У 1-м тыс. да н.э. — першых ст.н.э. ў сакаў, усуней і кангалаў жыллё было разборнае, накрытае лямцам. Паселішчы былі ўмацаваныя, будавалі цагляныя дамы. Захаваліся фрагменты пахавальных збудаванняў з цэглы (паўн. група маўзалеяў Тэгіскена, 7—6 ст. да н.э.), унікальнае для таго часу пахавальнае збудаванне Баладны II (4—2ст. да н.э., Кзыл-Ардзінская вобл.). У 6—10 ст. развіваліся гарады Ісфіджаб (з 11 ст. — Сайрам Чымкенцкай вобл.), Тараз (цяпер Джамбул), Атрар; будавалі крэпасці і замкі-сядзібы (замак гарадзішча Баба-Ата, паўн. схілы Каратау, Чымкенцкая вобл.). Склаўся тып перанаснога пераноснага* жылля — лямцавая юрта. З пашырэннем ісламу (8 ст.) у К. з’явіліся мячэці, медрэсэ. Будавалі цыстэрны для захавання вады — сардобы, лазні, заезныя і гандл. двары — караван-сараі, маўзалеі. Ад 10—11 ст. захаваліся руіны вежавых маўзалеяў Бегім-Ана і Сараман-Каса (у нізоўях р. Сырдар’я), Дамбаул (Цэнтр. К.). У 10—12 ст. на Пд К. гарады мелі 3-часткавую структуру: цытадэль, гар. ядро «шахрыстан» і гандл.-рамесніцкі прыгарад «рабад». У 11—12 ст. быў пашыраны тып купальна-цэнтрычнага маўзалея (маўзалеі Бабаджы-хатун і Айша-Бібі каля г. Джамбул), квадратнага ў плане, з пірамідальна-канічным пакрыццём. З пач. 13 ст. складваецца тып партальна-купальнага маўзалея (маўзалеі Джучы-хан, 1230-я г., і Алаша-хан, сярэдзіна 13 ст., у Цэнтр. К.) з магутным парталам і тым жа відам перакрыцця. Да канца 14 ст. належыць комплекс маўзалея-мячэці Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Ясы (цяпер г. Туркестан), абліцаваны каляровымі пліткамі і мазаікай. Джунгарскія нашэсці (1640—1720-я г.) прывялі да заняпаду культуру К. У 17—18 ст. уздоўж межаў К. ўзніклі рус.ваен. ўмацаванні — Яіцкі Гарадок (цяпер г. Уральск), Атырау, Арэнбург, Сяміпалацінск і інш., якія звычайна складаліся з крэпасці, казачай станіцы, т. зв.тат. слабодкі, і ўласна горада з прамавугольнай сеткай вуліц. У агульную аднапавярховую гар. забудову ўключаліся і асобныя двухпавярховыя дамы чыноўнікаў, купцоў, адм. будынкі; будавалі таксама мячэці, медрэсэ, маўзалеі. У 1920—30-я г. ўзводзілі добраўпарадкаваныя жылыя і грамадскія будынкі ў старых (Алматы, Атырау) і новых (Балхаш, Караганда) гарадах і пасёлках. У пач. 1930-х г. у г. Алматы будавалі ў духу канструктывізму: Дом урада (цяпер будынак тэатр.-маст. ін-та, 1931, арх. М.Я.Гінзбург), гал. паштамт (1931—34, арх. Г.Г.Герасімаў); у сярэдзіне 1930—40-х г. — з выкарыстаннем ордэрных форм (мед.ін-т, 1939, арх. А.І.Гегела) у спалучэнні з традыц. элементамі нац. дойлідства — стральчатымі арачнымі праёмамі, матывамі нац. арнаменту (Каз.т-р оперы і балета, 1941, арх. М.Прастакоў і інш.). У 1950-я г. інтэнсіўна раслі маладыя гарады, рэканструяваліся старыя і ствараліся новыя (Рудны, Абай, Шахцінск). Сярод найб. значных пабудоў 1960—80-х г.гал. корпус АН Казахстана (1957, арх. А.В.Шчусеў, Прастакоў), Палац цаліннікаў (Палац культуры, 1960—64, арх. А.Краукліс і інш.) у Астане, спарт. комплекс «Медэо» (1972, арх. У.З.Кацаў, А.С.Кайнарбаеў і інш.) у Алматы. Сучасныя гар. пабудовы адметныя рацыянальнасцю планіроўкі, лаканічнасцю і выразнасцю арх. форм, выкарыстаннем манум.-дэкар. мастацтва. Жыллёвае буд-ва вядзецца з улікам прыродна-кліматычных умоў (антысейсмічныя і сонцаабаронныя прыстасаванні). У 1935 засн.Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. К. — наскальныя размалёўкі эпохі палеаліту і неаліту. Ад эпохі бронзы дайшлі помнікі каменных татэмічных скульптур жывёл, наскальныя выявы, гліняны посуд з геам. арнаментам. Для мастацтва сакаў, звязанага з культурай скіфаў, характэрны выявы рэальных і фантаст. звяроў (каргалінская дыядэма; гл.Звярыны стыль). Сярэдневяковае мастацтва К. (7—17 ст.) прадстаўлена каменнымі скульптурамі людзей, жывёл і бронз. статуэткамі жанчын. Помнікі тагачаснага дэкар.прыкладнога мастацтва — гліняны посуд для захавання касцей (асуарыі) у форме юрты; кераміка — неглазураваная, упрыгожаная наляпным, разным і штампаваным арнаментам, і паліваная (цэнтр г. Тараз, цяпер Джамбул); вырабы са скуры і металу, дэкарыраваныя самабытным нац. арнаментам, для якога характэрны буйныя дакладныя ўзоры з завіткоў, укампанаваныя ў ромбы і кругі. Падобныя традыцыі захоўваліся і ў 18—19 ст. У аздабленні інтэр’ера гал. роля належала ўзорыстым лямцавым ці тканым дыванам. Пашыраны вышыўка, залатое шыццё, разьба і інкрустацыя косцю па дрэве, выраб скуры, ювелірная справа (чаканка, гравіроўка, насечка, чарненне, буйныя ўстаўкі з сердаліку). У 19 ст. з’явіліся першыя творы выяўл. мастацтва — малюнкі і акварэлі Ч.Валіханава, а таксама творы Т.Шаўчэнкі, В.Верашчагіна, якія адлюстроўвалі жыццё каз. народа. У 1920—30-я г. побач з рус. жывапісцамі і графікамі працавалі нац. майстры: А.Ташбаеў, Х. і К.Ходжыкавы, А.Ісмаілаў, А.Касцееў і інш. Для іх творчасці характэрна імкненне асвоіць станковыя формы, выпрацаваць нац.маст. мову. З часу Вял.Айч. вайны мастакі К. працавалі над батальнымі і гіст. карцінамі, партрэтамі герояў фронту і тылу. З ростам прафес. майстэрства мастакоў з 1950-х г. развіваюцца сюжэтная карціна (Ісмаілаў, Касцееў і інш.), партрэт і пейзаж (А.Чаркаскі, М.Лізагуб, Л.Лявонцьеў і інш.). Мастакам 1960—70-х г. уласціва імкненне да перадачы эмацыянальнага стану чалавека, яго ўнутр. сувязі з навакольным светам, пошук новых выразных сродкаў (жывапісцы М.Кенбаеў, К.Тэльжанаў, А.Сцяпанаў, С.Мамбееў, К.Шаяхметаў, С.Айтбаеў, графікі М.Гаеў, Р.Сахі, Ч.Кенжэбаеў, Я.Сідоркін, І.Квачко, скульптары Х.Наурзбаеў, Б.Тулекаў, Т.Дасмагамбетаў, дзеячы тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва В.Целякоўскі, А.Нянашаў, А.Галімбаева, Г.Ісмаілава і інш.). Развіваецца мастацтва ювелірнае, разьбярнае па дрэве і косці (А.Кенебаеў, Л.Ходжыкава, Р.Сарсенбін і інш.). У 1935 у Алматы заснавана маст. галерэя, у 1938 — маст. вучылішча. У 1940 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. да 1920 існавала толькі ў форме вуснай нар. і нар.-прафес. творчасці. Традыц. віды выканальніцтва — сольныя спевы пад уласны акампанемент на домры (двухструнны шчыпковы інструмент) або на кабызе (двухструнны смычковы), сольная ігра на гэтых інструментах і на сыбызгы (духавы інструмент тыпу флейты). Вак. музыка аднагалосая, мае розныя куплетныя і рамансавыя формы, інструментальная — двухгалосая, асн. форма — кюй (праграмная цыклічная п’еса. Носьбіты прафес.нар. мастацтва: аншы (спевакі), кюйшы (інструменталісты), акыны (паэты вуснай традыцыі, якія выконваюць пад уласны акампанемент свае вершы, імправізацыі), жыршы (апавядальнікі нар. эпасу). Пасля далучэння К. да Расіі (1731) пачалося пранікненне рус.муз. культуры, што садзейнічала развіццю нар.-прафес.муз. мастацтва. Сярод яго прадстаўнікоў паэт і кампазітар Абай Кунанбаеў, дамбрысты Курмангазы Сагырбаеў, Даўлеткерэй Шыгаеў, Татымбет Казангапаў, спевакі Біржан Кажагулаў, Мухіт Мераліеў, Ахан-Серы (А.Карамсін) і інш. У 1920-я г. ўзніклі хар. спевы, ансамблевая ігра на муз. інструментах, у 1930—40-я г. зарадзіліся і паступова развіліся ўсе жанры прафес. музыкі (опера, балет, сімфонія, араторыя, кантата, камерна-інстр. і інш.); узнікла каз.муз.-сцэн. мастацтва. У Каз.муз. т-ры (1934, з 1937 Каз.т-р оперы і балета) пастаўлены першыя каз. оперы («Кыз Жыбек», 1934; «Жалбыр», 1935; «Храбры Таргын», 1937, Я.Брусілоўскага) і балеты («Калкаман і Мамыр» В.Веліканава, 1938; «Вясна» І.Надзірава, 1940). Уклад у развіццё каз. музыкі зрабілі рас. музыканты: фалькларысты А.Затаевіч, Б.Ерзаковіч, кампазітар Брусілоўскі. Сфарміравалася нац. кампазітарская школа (Б.Байкадамаў, Г.Жубанава, А.Жубанаў, К.Кужам’яраў, Е.Рахмадыеў, С.Мухамеджанаў, А.Сяргееў, Н.Тлендыеў, М.Тулебаеў, Л.Хамідзі і інш.). Сярод музыкантаў-выканаўцаў: спевакі Р.Абдулін, К.Байсеітава, А.Днішаў, Р.Багланава, Р.Джаманава, Е.Серкебаеў, Б.Тулегенава; піяністы Г.Кадырбекава, Ж.Аўбакірава; дамбрысты К.Жантлеутаў, Р.Амараў, К.Ахмедыяраў, А.Ескаліеў, Б.Карабаліна, М.Хамзін; танцоўшчыкі Р.Бапаў, Р.Байсеітава; дырыжоры Ш.Кажгаліеў, Тлендыеў, Ф.Мансураў, Г.Дугашаў, А.Моладаў, Т.Асманаў і інш. Сярод музыказнаўцаў Затаевіч, Жубанаў, М.Ахметава, Ерзаковіч. У К. працуюць (1998); Каз.т-р оперы і балета імя Абая, Рэсп. карэйскі муз.-драм.т-р (з 1932), Рэсп. уйгурскі т-рмуз. камедыі (з 1933), філармонія (з 1935), сімф. аркестр (1937), хар. капэла (з 1937), Камерны аркестр Каз. тэлебачання і радыё (1965), Аркестр каз.нар. інструментаў імя Курмангазы (з 1934), фалькл-этнагр. аркестр «Атрар сазы» (1981), кансерваторыя (з 1944), харэаграфічнае вучылішча (з 1967), Ансамбль песні і танца Казахстана (з 1955), Ансамбль класічнага танца (з 1967) у Алматы, Т-рмуз. камедыі (з 1973), сімф. аркестр (з 1984) у Карагандзе і інш. У 1939 створаны Саюз кампазітараў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва існавалі ў стараж.нар. абрадах і гульнях, драматызаваных выкананнях нар. эпасу, у выступленнях нар. комікаў, сатырыкаў, у песенных спаборніцтвах акынаў. На пач. 20 ст. з’явіліся творы нац. драматургіі, у гарадах ставіліся аматарскія спектаклі. У 1920-я г. развівалася тэатр. самадзейнасць. У 1926 у г. Кзыл-Арда створаны першы ў К. прафес.драм.т-р (з 1928 у Алматы; з 1961 — Казахскі драм.т-р імя М.Аўэзава). Узніклі пац. т-ры ў Карагандзе (1932), Сяміпалацінску, Чымкенце (абодва ў 1934), Джамбуле (1936), Атырау (1938), Уйгурскі (1934) і Карэйскі (1937) у Алматы. Ставіліся творы каз. аўтараў (М.Аўэзава, Г.Мусрэпава, А.Тажыбаева, Ш.Хусаінава, А.Абішава, К.Мухамеджанава і інш.), рус., з канца 1940-х г. і зах.-еўрап. класікі. Значнае месца ў рэпертуары т-раў займалі фальклорна-гіст. спектаклі («Ахан-Серы і Актакты» Мусрэпава, 1942). У 1944 створаны Т-р для дзяцей і юнацтва. Сярод яго пастановак казкі «Залаты біток» М.Акінжанава і К.Бадырава (1948), «Алдар Касэ» (1953) і «Балаўнік» (1954) Хусаінава і інш. З 1950-х г. ставяцца п’есы на сюжэты, звязаныя з гісторыяй К. («Чакан Валіханаў» С.Муканава, 1956; «Майра» Тажыбаева, 1957), з сучасным жыццём («Ваўчаня пад капелюшом» Мухамеджанава, 1959), фальклорна-гіст. зместу («Енлік і Кебек» Аўэзава, 1957). Сярод пастановак 1960-х г.: «Саўле» і «Буран» Т.Ахтанава, «Мацней за смерць» С.Жунусава і інш. Значны ўклад у развіццё каз.т-ра зрабілі Ш.К.Айманаў, Х.Букеева, К.Куанышпаеў, Ш.Джандарбекава, М.Сабір, І.Нагайбаеў, Ф.Шарыпава і інш. У т-рах ставіліся бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» і «Пад адным небам» А.Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!» і «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Выклік багам» А.Дзялендзіка і інш.
Кіно. Першы кінасеанс на тэр. К. адбыўся ў 1910. У 1925 кінахранікёры Масквы знялі першы дакумент. фільм пра К. — «Гадавіна КССР». У 1928 у Алматы створаны аддзел трэста «Усходфільм» (выпускаў кіначасопіс «Апошнія навіны», кінанарысы «Алма-Ата і яе наваколле», «Кааперацыя ў ауле», «На Джайляу», «Кзыл-аскер»). У 1929 зняты фільм «Турксіб» (рэж. В.Турын) пра буд-ва Туркестана-Сіб.чыг. магістралі. У 1920—30-я г.маст. фільмы, прысвечаныя жыццю К., з удзелам каз. акцёраў ствараліся на цэнтр. кінастудыях СССР («Мяцеж», 1929; «Песня стэпаў», 1930; «Джут», 1932; «Таямніца Каратау», 1933). Першы ўласна каз. фільм — «Амангельды» (1939, рэж. М.Левін, у гал. ролі — Е.Умурзакаў). У 1934 у Алматы створана студыя кінахронікі, у кастр. 1941 — Алма-Ацінская кінастудыя маст. фільмаў (у 1944 аб’яднана са студыяй кінахронікі, з 1960 кінастудыя «Казахфільм»), У 1950—70-я г. тут створаны гіст. і гісторыка-рэв. фільмы («Джамбул», 1953, Я.Дзіган; «Мы з Сямірэчча», 1959, С.Ходжыкаў і А.Очкін; «Трывожная раніца», 1966, А.Карсакбаеў), на тэмы сучаснасці («Дзяўчына-джыгіт», 1955, П.Багалюбаў; «Зямля бацькоў», 1966, Ш.Айманаў). У ліку лепшых фільмаў: «Сказ пра маці» (1964, А.Карпаў), «За намі Масква» (1967) і «Песня пра Маншук» (1970, абодва М.Бегалін), «Канец атамана» (1969, Айманаў), «Кыз Жыбек» (1970, Ходжыкаў), «Люты» (1974, кірг.рэж. Т.Акееў), «Транссібірскі экспрэс» (1977, Э.Уразбаеў), «Год дракона» (1981, А.Ашымаў, Цой Гук Ін), «Загладзь віну» (1983, С.Жармухамедаў) і інш. Сярод акцёраў: Умурзакаў, А.Умурзакава, К.Кажабекаў, Ф.Шарыпава, А.Малдабекаў, Х.Адамбаева і інш. У 1958 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Беларусы ў Казахстане. Першыя пасяленні беларусаў у К. з’явіліся ў 19 ст. ў выніку ссылкі туды ўдзельнікаў нац,вызв. руху (З.Серакоўскі, Б.Залескі, А.Янушкевіч і інш.). Значныя перасяленні беларусаў у К. пачаліся ў часы сталыпінскай агр. рэформы; яны працягваліся пасля ўстанаўлення сав. ўлады, у гады індустрыялізацыі і калектывізацыі. У К. былі высланы многія ахвяры паліт. рэпрэсій. У Вял.Айч. вайну К. прыняў эвакуіраваных беларусаў. З восені 1941 да сак. 1942 у Каз. т-ры оперы і балета працавала частка калектыву Бел.т-ра оперы і балета, у т. л. Л.П.Александроўская, І.М.Балоцін, С.У.Дрэчын і інш. Пасля вайны частка беларусаў засталася ў К. У 1954—55 на асваенне цалінных і абложных зямель К. паехалі 53,4 тыс. беларусаў, у т. л. 4 тыс. механізатараў, пазней — 21,9 тыс. механізатараў і больш за 3 тыс. будаўнікоў. Бел. цаліннікі рассяліліся пераважна ў Карагандзінскай, Кустанайскай, Какчэтаўскай, Паўладарскай, Тургайскай, Цалінаградскай абласцях, гэты раён умоўна наз.бел. калоніяй. Беларусамі былі ўкамплектаваны 24 саўгасы, многія гаспадаркі атрымалі бел. назвы («Беларускі», «Мінскі» і інш.). Многія беларусы траплялі ў К. па размеркаванні пасля сканчэння ВНУ, на вайск. службу і інш. Цяпер у К. жыве каля 200 тыс.этн. беларусаў (каля 1% насельніцтва К.). Абвяшчэнне дзярж. незалежнасці К. актывізавала нац.-культ. жыццё беларусаў. У 1991 у г. Алматы засн.культ. аб’яднанне «Бацькаўшчына». Беларусы г. Прыазёрск Джэзказганскай вобл. аб’ядноўваюцца вакол Т-вабел. мовы (засн. ў 1990), тут дзейнічае бел. нядзельная школа (з 1990). Беларусы святкуюць юбілеі бел. дзеячаў, адметныя падзеі ў жыцці бел. народа, абрадавыя святы (Купалле, Каляды, Вялікдзень) і інш.
Літ.:
История казахской литературы. Т. 1—3. Алма-Ата, 1968—71;
Каратаев М. Казахская литература на современном этапе. Алма-Ата, 1979;
Кирабаев С.С. Революцией призванный: Йсслед. и статьи о каз. лит. Алма-Ата, 1980;
Нурмухаммедов Н.-Б. Искусство Казахстана. М., 1970;
Очерки по истории казахской советской музыки. Алма-Ата, 1962;
Ерзакович Б.Г. Музыкальное наследие казахского народа. Алма-Ата, 1979;
Казахский музыкальный фольклор. Алма-Ата, 1982;
Искусство Казахстана..., музыка и музыковедение. Алма-Ата, 1987.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.С.Ляднёва (беларусы ў Казахстане).
Герб і сцяг Казахстана.Да арт.Казахстан. Апрасняльная атамная ўстаноўка ў г. Актау.Уборка збожжа на поўначы Казахстана.Да арт.Казахстан. У перадгор’ях Кунгей-Алатау.Да арт.Казахстан. Маўзалей-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан. Канец 14 ст.Да арт.Казахстан. Мікрараён «Самал». На пярэднім плане — будынак Цэнтральнага дзяржаўнага музея.Да арт.Казахстан. Кацёл. Бронза, ліццё. 1399.Да арт.Казахстан. Насценны дыван. Фрагмент. 20 ст.Да арт.Казахстан. Ножка ахвярнага катла ў выглядзе архара. 4—3 ст. да н.э.Да арт.Казахстан. Каргалінская дыядэма. 2ст. да н.э. — 2ст. н.э.Да арт.Казахстан. Збаны і блюда. 9—12 ст.Да арт.Казахстан. С.Мамбееў. Каля юрты. 1957—58.Да арт.Казахстан. Ч.Валіханаў. Сартай з роду Сары Багіш. 1856.Да арт.Казахстан. Г.Ісмаілава. Нацюрморт «Кумыс». 1966.Да арт.Казахстан. Тэатр оперы і балета імя Абая.Да арт.Казахстан. Р.Сахі. Эскіз дэкарацыі да кінафільма «Крылы песні». 1965.Да арт.Казахстан. Музей казахскіх народных музычных інструментаў у Алматы.Да арт.Казахстан. Праспект Рэспублікі ў Астане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРЫЯ (Österreich),
Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс.км², нас. 8 млн.чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г.Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.
Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-растудз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх.ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн.чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс.ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл.Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст.цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.
На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр.нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр.нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).
Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн.т (1991). Дзейнічае нафтаперапр.з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ.Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд.кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн.т, сталі 4,3 млн.т, пракату 3,7 млн.т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн.т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс.т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс.т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн.м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л.цукр. буракі. Збор (млн.т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх.ч. краіны, асн.ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж.чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал.чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс.км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс.км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн.чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн.гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс.чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс.чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар.агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч.г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед.ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал.Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.
Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл.Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст.л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г.аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.
На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.
Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).
Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст.аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб.стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.
У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар.быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр.т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш.Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш.быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн.Міжнар.т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв.муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н.Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар.муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Станаўленне нац.т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар.т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац.тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар.т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі (з 1920).
Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.
Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб.бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).
Літ.:
Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;
Stuttgart, 1964;
Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;
Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.
Герб і сцяг Аўстрыі.Да арт.Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.Да арт.Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).Да арт.Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).Да арт.Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).Да арт.Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.Ферстэль. 1856—79.Да арт.Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.Мантуае. 1805— 11.Да арт.Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.Да арт.Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.Да арт.Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.Да арт.Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.Да арт.Аўстрыя. І.А.Кох. Каскад. 1796.Да арт.Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.Вагнер. 1898—99.Да арт.Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.Да арт.Аўстрыя. М.Швінд. Сімфонія. 1840-я г.Да арт.Аўстрыя. Г.Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕ́ЗІЯ (Indonesia),
Рэспубліка Інданезія (Republik Indonesia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае а-вы Малайскага архіпелага (Вял. і Малыя Зондскія, Малукскія а-вы) і зах. частку в-ва Новая Гвінея (Ірыян-Джая). Працягласць з Пн на Пд каля 2тыс.км, з З на У больш за 5 тыс.км. Межы ў асноўным марскія (з Індыяй, Тайландам, Малайзіяй, Сінгапурам, В’етнамам, Філіпінамі, Аўстраліяй). Сухапутныя межы на в-ве Калімантан з Малайзіяй і на в-ве Новая Гвінея з Папуа—Новай Гвінеяй. Падзяляецца на 24 правінцыі, 2 асобныя адм. адзінкі, якія маюць статус правінцыі, і метрапалітэнскую акругу (сталічную). Пл. 1904,5 тыс.км². Падкантрольная марская акваторыя (унутр. моры і эканам. зона) — 7,9 млн.км². Нас. 206,6 млн.чал. (1996, 4-е месца ў свеце). Сталіца — г.Джакарта. Дзярж. мова — інданезійская. Карыстаюцца таксама англ., галандскай, яванскай мовамі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1945. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў Нар. кансультатыўным кангрэсам. Вышэйшы орган улады — двухпалатны парламент, у які ўваходзяць Савет нар. прадстаўнікоў і Нар. кансультатыўны кангрэс. У складзе парламента 1000 дэпутатаў: з 500 дэпутатаў — членаў Савета нар. прадстаўнікоў 400 выбіраюцца насельніцтвам, 100 назначаюцца прэзідэнтам; другая палавіна дэпутатаў дэлегуецца ад мясц. саветаў нар. прадстаўнікоў і функцыянальных груповак, якія прадстаўляюць ваенных, нац. буржуазію, рэліг. суполкі і інш. слаі насельніцтва. Бягучае заканадаўства ажыццяўляе Савет нар. прадстаўнікоў. Губернатары правінцый назначаюцца прэзідэнтам. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй (яго члены назначаюцца прэзідэнтам), дзярж. і абл. судоў (іх члены назначаюцца ўрадам). Існуюць таксама рэліг. суды, якія дзейнічаюць па законах ісламу.
Прырода. У складзе І. каля 17 тыс. астравоў, з іх найбуйнейшыя Ява, Суматра, Сулавесі (Цэлебес), б.ч. Калімантана (Барнео), зах.ч. Новай Гвінеі. Астравы падзелены морамі (Яванскае, Сулавесі, Малукскае, Банда). Берагавая лінія парэзана слаба. берагі цяжкадаступныя. Больш за 72 тэр. займаюць сярэдне- і нізкагор’і (найб.выш. да 5029 м — г. Джая на в-ве Новая Гвінея). Вулканічныя і складкавыя горы цягнуцца праз а-вы Суматра, Ява, Малыя Зондскія; каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. Керынчы — 3800 м, Рымджані — 3726 м). Частыя землетрасенні. Горы займаюць таксама цэнтр.ч. в-ва Калімантан, а-вы Малукскія і Сулавесі. Нізіны размешчаны на ПнУ в-ва Суматра, на Пд в-ва Калімантан і на З в-ва Новая Гвінея. Карысныя выкапні: нафта (запасы каля 1 млрд.т, 1995), прыродны газ (больш за 2 трлн. м³), вугаль (36 млрд.т), жал. руды, медзь, волава, баксіты, нікель, марганец, золата, серабро, кобальт, хром, уран, торый, алмазы, сера, фасфаты. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны (а-вы Ява, Малыя Зондскія). Сярэдняя т-ра на працягу года 25—27 °C. У гарах (вышэй за 1500 м) бываюць замаразкі. Ападкаў у зонах экватарыяльнага клімату 2000—4000 мм (на З Суматры больш за 6000 мм), субэкватарыяльнага — менш за 2000 мм (на ПдЗ Сулавесі да 540 мм), дзе з мая да кастр. засушлівы перыяд. Кліматычныя ўмовы дазваляюць займацца земляробствам увесь год і атрымліваць да 3 ураджаяў. Гал. рэкі — Капуас і Барыта (Калімантан), Кампар (Суматра). Шмат невял. азёр у асноўным тэктанічнага і вулканічнага паходжання. Шматлікія гарачыя крыніцы. Глебы пераважна чырваназёмныя, латэрытныя, горныя латэрытныя, трапічныя балотныя, на ПдУ месцамі чырвона-бурыя саванныя. Пад вільготнымі трапічнымі лясамі каля 65% тэрыторыі, больш за 2тыс. відаў дрэў, у т. л. каля 300 відаў пальмаў, больш за 24 тыс. відаў кветкавых раслін. Растуць каштоўныя пароды дрэў: жалезнае, камфарнае, чорнае (эбенавае), сандалавае і інш. На Пд — участкі саваннаў, у гарах вышынная пояснасць. З жывёл характэрны малпы, насарогі, дзікія быкі, з птушак — фазаны, яванскія паўліны, райскія птушкі. Шмат змей, насякомых. У прыбярэжных морах каля 800 відаў водарасцей, больш за 1500 — рыб. Нац. паркі: Гунунг-Лёсер, Камода-Падар-Рынка, Уджунг-Кулон і інш., некалькі марскіх паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Больш за 150 этнічных груп, блізкіх па мове, культуры і побыце. Асн. насельніцтва — яванцы (45%), сунданцы (14%), мадурцы (7,5%), малайцы (7,5%); жывуць таксама кітайцы (каля 4 млн.чал.), арабы, індыйцы. Насельніцтва размаўляе больш як на 300 мовах, якія маюць больш за 1000 дыялектаў. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты (87%), хрысціяне (пратэстанты і католікі) — 9,7%, ёсць індуісты, будысты і канфуцыянцы. Частка насельніцтва захоўвае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 108 чал. на 1 км², 2/3 насельніцтва сканцэнтравана на а-вах Ява і Мадура (7% тэр.). У гарадах жыве 31% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Джакарта — 8228, Сурабая — 2474, Бандунг — 2057, Медан — 1780, Семаранг — 1249, Палембанг — 1140, Уджунгпанданг — 944, Маланг — 695, Паданг — 631, Суракарта — 504.
Гісторыя. Продкі інданезійцаў прыбылі на Малайскі архіпелаг каля 3—1-га тыс. да н.э., верагодна, з Пд Кітая. Ужо ў даіндускі перыяд (да н.э.) насельніцтва І. мела ўласную цывілізацыю. На некат. астравах (пераважна на в-ве Ява) развілася высокая культура. Кантакты з Індыяй існавалі яшчэ ў дагіст. час; у першыя стагоддзі н.э.вял. пасяленні індускіх каланістаў у І. пашырылі інд. цывілізацыю, культуру і рэлігію; літургічнай мовай быў санскрыт. Паступова ўзнікалі манархіі на ўзор інд. княстваў. Самай магутнай дзяржавай на астравах І. ў той час была Шрывіджая (Суматра) са сталіцай у Палембангу — гандл. цэнтр, які злучаў Усход з Захадам. Большасць насельніцтва складалі малайцы. У 8 ст. на Яве вылучаліся шываісцкая дзяржава Матарам і будыйская — Шайлендра. У 9—10 ст. дынастыя Шайлендраў, выцесненая з Явы, панавала ў Шрывіджаі. У 1117—1222 на Яве існавала моцная марская дзяржава Кедыры, у 13—16 ст. — магутная імперыя Маджапахіт, якая дасягнула росквіту ў 14 ст. і падпарадкавала амаль усю тэр. сучаснай І. У 12—13 ст. у вял. партах І. з’явіліся калоніі мусульм. купцоў з Аравійскага п-ва і Індыі, чаму паспрыяў ажыўлены гандаль на марскім шляху паміж Б. Усходам і Кітаем. Мусульм. пасяленцы значна паўплывалі на насельніцтва і ўладароў невял. партовых княстваў, якія пачалі масава пераходзіць у іслам. У 15 ст. дасягнуў росквіту Малакскі султанат, уладары якога таксама прынялі іслам. Адсюль новая рэлігія, а з ёю араб. культура і мова пашырыліся на ўсю І. Павелічэнне магутнасці мусульм. княстваў (султанатаў) прывяло да заняпаду імперыі Маджапахіт. Паліт. раздробленасць краіны аблегчыла пранікненне сюды ў 16 ст.еўрап. каланізатараў. У 1511 партугальцы захапілі Малакскі султанат, у 1521 у І. з’явіліся іспанцы, у 1596 — галандцы. У 1602 створана галандская Ост-Індская кампанія з цэнтрам у Батавіі (сучасная Джакарта). Яна падпарадкавала большасць дзяржаў на Яве, кантралявала гандаль ва ўсёй І., якая фактычна ператварылася ў галандскую калонію. Эканам. і паліт. цяжкасці, войны з султанамі Явы і шматлікія паўстанні сталі прычынай фін. крызісу і ліквідацыі ў 1798 кампаніі. Яе ўладанні перайшлі да Нідэрландаў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў І. трапіла пад панаванне Францыі, у 1811 яе захапілі англічане. Паводле пагадненняў 1814 і 1824 Вялікабрытанія вярнула І. Нідэрландам. Чужаземнае панаванне неаднойчы выклікала паўстанні (у 1825—30 пад кіраўніцтвам Дыпанегора, у 1837 т. зв. паўстанне Падэры). Нац.-вызв. рух актывізаваўся ў 1-ю сусв. вайну і пасля яе. У 1920 левае крыло с.-д. аб’яднання (дзейнічала з 1914) аформілася ў камуніст. партыю І. У 1925 на Яве адбыліся масавыя забастоўкі пад кіраўніцтвам камуністаў; у канцы 1926 яны перараслі ў нар. паўстанне, падтрыманае рэліг. лідэрамі; у 1927 ахапіла і Суматру. Папулярнай была Нац. партыя на чале з А.Сукарна (засн. ў 1927, забаронена нідэрл. ўладамі ў 1930). У час 2-й сусв. вайны І. акупіравана Японіяй (1942—45), якая падтрымлівала мясц. нацыяналізм антыеўрап. скіраванасці. 17.8.1945 Сукарна абвясціў незалежную Інданез. рэспубліку і выбраны яе прэзідэнтам. У вер. 1945 у І. высадзіліся брыт., а потым галандскія войскі, супраць іх пачаў барацьбу інданез. ўрад. Брыт. войскі выведзены з І. ў сярэдзіне 1946, Нідэрланды паводле Лінгаджацкага пагаднення 1947 прызналі рэспубліку дэ-факта ў межах Явы, Мадуры і Суматры. З прычыны сабатажу галандцамі ўмоў пагаднення летам 1947 інданезійцы аднавілі ўзбр. барацьбу. Нідэрландцы вымушаны былі пагадзіцца на правядзенне ў 1949 у Гаазе канферэнцыі «Круглага стала». На ёй было абвешчана стварэнне Рэспублікі Злучаных Штатаў Інданезіі (РЗШІ), аб’яднаных з Нідэрландамі персанальнай уніяй. У жн. 1950 РЗШІ абвешчана унітарнай Рэспублікай І. (ліквідавана унія з Нідэрландамі). Незалежная І. стала адным з ініцыятараў правядзення Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1957 Сукарна аб’явіў аб замене «заходняй» парламенцкай дэмакратыі на т. зв. «накіроўную дэмакратыю» з рысамі аўтарытарызму; была ўзмоцнена ўлада прэзідэнта, пашыраны функцыі адміністрацыі і войска. Адначасова Сукарна, нягледзячы на пагаршэнне эканам. сітуацыі, падтрымліваў рэформы, скіраваныя на ўвядзенне ў краіне сацыяліст. гаспадаркі (гэтаму спрыяў афіц. культ асобы Сукарна). У 1963 І. пачала барацьбу супраць стварэння Федэрацыі Малайзіі. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне стала крытычнай. У 1965 ген.Сухарта ў працэсе ліквідацыі спробы дзярж. перавароту левых афіцэраў («Рух 30 верасня») захапіў уладу. Разгром змоўшчыкаў перарос у масавыя рэпрэсіі супраць кампартыі і яе прыхільнікаў. Быў сфарміраваны рэжым «новага парадку». Прэзідэнт Сухарга (з 1966 часовы, у 1968—98 афіцыйны) жорстка абмежаваў унутр. апазіцыю і паставіў гал. задачай эканам. рост з дапамогай зах. дзяржаў шляхам пераходу да рыначнай гаспадаркі. У 1975 І. аб’явіла сваёй 27-й правінцыяй Усх. Тымор, б.партуг. калонію. У 1970-я г.ўнутр. сітуацыя ў краіне стабілізавалася. У пач. 1980-х г. пачаліся выступленні ісламскіх фундаменталістаў і іх сутыкненні з уладамі, узнік сепаратысцкі рух ва Усх. Тыморы. У знешняй палітыцы І. пашырае адносіны з усімі вядучымі дзяржавамі свету, з’яўляецца адным з лідэраў руху недалучэння. Нягледзячы на пэўныя эканам. дасягненні, 32-гадовае аўтарытарнае кіраванне Сухарга (у 1998 ён выбраны прэзідэнтам на 7-ы тэрмін) выклікала ў маі 1998 нар. паўстанне, якое завяршылася адстаўкай Сухарта. Яго паўнамоцтвы перайшлі да віцэ-прэзідэнта Б.Ю.Хабібі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя адзінства і развіцця, Дэмакр. партыя І., ГОЛКАР (т. зв. «функцыян. групы», якія аб’ядноўваюць прафес., маладзёжныя, жаночыя, рэліг. і інш. арг-цыі, што не далучыліся да паліт. партый), Усеінданез. саюз працоўных, Усеінданез. саюз рабочых.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. дзяржава з буйнейшай у Азіі сыравіннай плантацыйнай гаспадаркай і значнай горназдабыўной прам-сцю. Доля прамысловасці ў валавым унутр. прадукце 39%, сельскай гаспадаркі 19%. Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (каля 90 млн.т, 1995). Нафтапромыслы на а-вах Суматра, Калімантан, Бунью; падводныя радовішчы каля берагоў Суматры, Явы, Калімантана, Новай Гвінеі. Па здабычы прыроднага газу І. выйшла на 3-е месца ў свеце (больш за 90 млрд.м³). З галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча волава (на а-вах Банка, Белітунг, Сінкеп), нікелю (Сулавесі), медзі (Новая Гвінея), баксітаў (Бінтан). Здабыча (тыс.т, 1995): волава — 30 (2-е месца ў свеце), нікелю — каля 70 (4-е месца ў свеце), медзі — 310, баксітаў — 1320. Вугаль здабываюць на а-вах Суматра і Калімантан (3/4 ідзе на экспарт). Здабываюцца таксама марганцавая руда, золата, серабро, алмазы, уран, сера, фасфаты, азбест, асфальт, кухонная соль. Вытв-сць электраэнергіі 44 млрд.кВт∙гадз (1994), пераважна на ЦЭС (буйнейшая на в-ве Ява, у т. л. Танджунгпрыяк магутнасцю 1,18 млн.кВт). Асн. з’яўляюцца харч. (цукр., алейныя, рысаачышчальныя, кансервавыя, чайныя, кававыя і інш. прадпрыемствы) і лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу, апрацоўка капоку, сізалю і інш.) прам-сць. Ёсць металургічныя (сталеплавільны, феранікелевы, алюмініевы), металаапр., машынабуд. (рамонтна-мех., суднабуд., аўтазборачныя, радыё- і электрапрылад) прадпрыемствы. Гал. цэнтры: Джакарта, Сурабая, Маланг, Медан, Бандунг і інш. Нафта- і газаперапрацоўка на прадпрыемствах у Сунгайгеронгу, Пладжу, Думаі, Панкаланбрандане, Сунгайпакнінгу (Суматра), Балікпапане (Калімантан), Ванакроме (Ява). Вытв-сць (млн.т, 1993): бензіну 5,4, газы 7,1, дызельнага паліва 11,4. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (2280 тыс.т, у т. л. фосфарных 437 тыс.т, 1995), штучных валокнаў Í439 тыс.т), каўстычнай соды і інш. Ёсць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы каўчуку, вытв-сці шын, гумавага абутку. Развіта фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў (цэментная) прам-сць. Саматужная вытв-сць батыку (спец. афарбаванай тканіны), плеценых вырабаў, чаканка серабра, разьба па косці і дрэве, кераміка. У сельскай гаспадарцы занята 55% працаздольнага насельніцтва. Сучасная сельская гаспадарка — спалучэнне буйных дзярж., памешчыцкіх плантацый з дробнымі паўнатуральнымі гаспадаркамі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 16 млн.га, з іх 30% арашаюцца. Асн. прадуктовая збожжавая культура — рыс, збор якога забяспечвае патрэбы насельніцтва. Вырошчваюць таксама кукурузу, сою, маніёк, батат, агародніну, садавіну. Збор (млн.т, 1994): збожжа — 52,8, у т. л. рысу — 45,8 (3-е месца ў свеце), кукурузы — 7, соі — 1,72. Гал. экспартныя культуры: каўчуканосы, какосавая і алейная пальмы, чай, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь, хіннае дрэва, агава (сізаль), сейба (капок), перац, мускатны арэх, гваздзіка, карыца і інш. І. займае 2-е месца ў свеце па зборы (тыс.т, 1994): каўчуку — 1258, копры — 1200, пальмавага алею — 2000; з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў кавы (400 тыс.т), какавы (260 тыс.т), чаю (174 тыс.т), арахісу (1080 тыс.т), тытуню (85 тыс.т). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): коз — 12,3, буйн. раг. жывёлы — 11,6, авечак — 6,4, коней — 0,7, птушкі — 659. Буйвалы выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Развіты рыбалоўства і рыбагадоўля. Вядзецца марскі промысел (лоўля трэпангаў, амараў, крэветак, чарапах, жамчужніц). Нарыхтоўка каштоўных парод дрэў. Транспарт пераважна марскі. Флот І. налічвае больш за 500 буйных суднаў (дэдвейт больш за 1 тыс.т). Гал. парты — Танджунгпрыяк (абслугоўвае Джакарту і апрацоўвае каля 50% імпартных грузаў), Сурабая (Ява), Белаван і Палембанг (Суматра), Банджармасін (Калімантан), Уджунгпанданг (Сулавесі). Даўж. чыгункі 6,9 тыс.км (1994). Даўж. аўтадарог больш за 200 тыс.км. Аўтапарк больш за 1,6 млн. машын. Чыгуначныя і аўтамаб. дарогі пераважна на в-ве Ява. Унутр. і міжнар. авіярэйсы ажыццяўляе нац. авіякампанія, 122 аэрапорты. Сетка нафтаправодаў. Экспарт 37,5 млрд.дол. ЗША (1995): нафта і прыродны газ (каля 70% знешнегандл. аб’ёму па кошце), волава, нікель, медзь, каўчук, пальмавы алей, копра, драўніна, тытунь, кава, какава, чай, вострыя прыправы і інш. Імпарт 39 млрд.дол. ЗША (1995): металапракат, абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры — Японія, ЗША, Германія, Рэспубліка Карэя, Сінгапур і інш. Беларусь імпартуе тавары з І. на 5306 тыс.дол. ЗША (1996). У дзярж. бюджэце І. важная роля належыць замежнаму турызму (3—3,5 млн.чал., каля 4 млрд.дол. ЗША; 1993). Грашовая адзінка — інданезійская рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і дзярж. паліцыі. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэр. краіны падзелена на 10 ваен. акруг. Функцыі адм. і аператыўнага кіраўніцтва ўскладзены адпаведна на міністра абароны і начальнікаў штабоў (камандуючых) відаў узбр. сіл. У 1996 рэгулярная армія налічвала 274,5 тыс.чал., дзярж. паліцыя 174 тыс., рэзерв 400 тыс.чал.Сухап. войскі налічваюць 214 тыс.чал., на ўзбраенні 356 танкаў, каля 1 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, 840 гармат, 875 мінамётаў. У ВПС 20 тыс.чал., каля 200 самалётаў, 36 верталётаў. У ВМС 40,5 тыс.чал., каля 150 баявых караблёў і катэраў, 100 танкаў, 40 самалётаў і верталётаў, 10 ваен.-марскіх баз. Дзярж. паліцыя падзяляецца на мабільную, марскую, паветр. і рэгулявання руху. Закон 1982 прадугледжвае выкананне арміяй «двайной функцыі» — абароны краіны, а таксама «вядучай сац.-паліт. сілы грамадства» і важнейшага інструмента ў канцэпцыі «рэгіянальнай трываласці» Асацыяцыі дзяржаў Паўн.-Усх. Азіі (АСЕАН).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 64 гады. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1660 чал., урачамі — 1 на 6861 чал. Узровень нараджальнасці 24 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 63 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. з 1978 уведзена абавязковая бясплатная пач. і сярэдняя агульная адукацыя. Побач з дзярж. школамі існуюць платныя прыватныя, а таксама розныя рэліг.навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі І. ўключае дзіцячыя сады, пач., сярэднюю, прафес.-тэхн. і вышэйшую школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая для дзяцей ва ўзросце 7—14 гадоў. У першых 2 класах навучанне вядзецца на мясц., з 3-га класа — на агульнадзярж інданез. мове. Тэрмін навучання ў сярэдняй школе 6 гадоў: 3 гады малодшая (няпоўная) і 3 — старэйшая (поўная). У сярэдняй школе, акрамя прадметаў, што пачынаюць вывучаць у пач. школе, выкладаюцца мараль, курсы сац. і прыродазнаўчых навук., інданез., англ. і 2-я замежная мовы, рамёствы і інш. У 11-м, 12-м класах старэйшай школы вучні размяркоўваюцца па 3 аддзяленнях: культура, сацыяльныя, прыродазнаўча-матэм. навукі. Прафес. падрыхтоўку даюць 3-гадовыя прафес.-тэхн. вучылішчы на базе пач. школы і 3-гадовыя сярэднія тэхн.навуч. ўстановы на базе малодшай сярэдняй школы. Першыя ВНУ (каледжы) створаны галандцамі ў пач. 20 ст. Пазней узніклі ін-ты і ун-ты. У І. 26 дзярж. і каля 10 прыватных ун-таў, 6 політэхн. ін-таў і інш.ВНУ (1990-я г.). Буйнейшыя з іх: Ун-т Гаджа Мада (з 1949; больш за 20 тыс. студэнтаў) у г. Джак’якарта, ун-т І. (з 1950) у Джакарце, ун-т Паджаджаран (з 1957) і тэхнал.ін-т (з 1920) у г. Бандунг, ун-т (з 1954) і тэхнал.ін-т (з 1960) у г. Сурабая і інш. Буйнейшыя б-кі: Цэнтр. па прыродазнаўчых навуках (з 1842) у Богары, б-ка Музея інданез. культуры ў Джакарце. Музей засн. ў 1778, мае этнагр., археал. і інш. калекцыі. У Богары пры адным з буйнейшых у свеце бат. садзе (з 1817) створаны заалагічны музей (з 1894). Навукова-даследчую работу ў розных галінах ведаў праводзяць Інданез.ін-тнавук. даследаванняў (з 1967), у яго складзе ін-ты металургіі, хіміі, геалогіі, Нац.ін-т фізікі, Нац. электратэхн. ін-т, Нац. цэнтр навук. дакументацыі, Нац.біял.ін-т і інш.; Нац. агенцтва атамнай энергіі (з 1958), а таксама галіновыя НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на ф-тах ун-таў, у н.-д. цэнтрах, у т. л. ў Цэнтры сац. і культ. даследаванняў, Навук. цэнтры Атма Джая (з 1972). Навук. дзейнасць каардынуе Навук. Савет І. (з 1956; з 1967 у складзе Інданез. ін-та навук. даследаванняў).
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя тыражы маюць штодзённыя газеты, якія выходзяць на в-ве Ява, у т. л. «Kompas» («Компас», з 1965) і вячэрняя газ. «Pos Kota» («Гарадская пошта», з 1970). Інфарм. агенцтва Антара (з 1937) абслугоўвае дзярж. радыё і тэлебачанне, перыяд. друк; выдае ўнутр.інфарм. бюлетэні і 7 бюлетэняў для замежжа на англ. мове. Радыё з 1945, тэлебачанне з 1962; кантралююцца ўрадам. З 1989 працуе першая прыватная тэлевізійная станцыя.
Літаратура. Першы пісьмовы помнік л-ры І. — перапрацоўка ў 9 ст.інд. эпічнай паэмы (какавін) «Рамаяна». У 14—15 ст. узніклі творы на аснове яванскай міфалаг. спадчыны. У сярэднія вякі л-рагіст., міфалагічнага і дыдактычнага характару з’явілася ў сунданцаў, мадурцаў, балійцаў, бугаў і макасараў. У 15 ст. зарадзілася л-ра на малайскай мове, якая пазней развілася ў сучасную інданез. мову. У 1920-я г. адбыўся свядомы адыход ад традыц.літ. канонаў, маладыя пісьменнікі пачалі арыентавацца на л-ры Зах. Еўропы. У гісторыі ўласна інданез. л-ры вылучаюць 5 перыядаў. У 1-м (1920—33) былі пашыраны літ. жанры, арыентаваныя на зах.-еўрап. мадэлі: раман («Сіці Нурбая» М.Руслі, «Недастатковае выхаванне» А.Муіса і інш.), псіхал. драма, паэзія (зб-кі «Радзіма» М.Яміна, «Пажаўцелая думка» Р.Эфендзі). Многія аўтары пісалі на нідэрл. мове, якая засталася ў І. ад калан. часоў. 2-і перыяд (1933—42) звязаны з дзейнасцю час. «Pudjanga Baru» («Новы пісьменнік»), у якім друкаваліся паэт А.Хамзах (зб-кі «Песня адзіноты», «Плады настальгіі»), паэт і празаік А.Пане, аўтары гіст.-патрыят. раманаў С.Т.Алішахбана («Вуаль пад ветрам»), Пане («Ланцугі»). Проза вылучалася антыісламскай накіраванасцю. 3-і перыяд (1942—50) звязаны з падзеямі яп. і галандскай акупацыі і барацьбы за незалежнасць. У л-ру прыйшло «пакаленне 45-га года», гал. постаццю якога быў паэт Х.Анвар (зб-кі «Завостраны камень», «Крыкі ў пыле»). Развіваліся навела, алегарычная вершаваная драма, сюжэты яе запазычваліся з сучаснасці (У.Т.Сантані, У.Ісмаіл, Эль Хаюм). 4-ы перыяд (1950—65) адзначаны дыскусіямі пра будучыню культуры незалежнай І., вылучыліся 2 канцэпцыі развіцця: «мастацтва для мастацтва», «універсальны гуманізм» (зах.-еўрап. і амер. арыентацыя) і «мастацтва для народа» (прасав. арыентацыя). У гэты час амаль знікла драматургія, вельмі пашыранай стала навела (М.Любіс, С.Сітумаранг, П.А.Тур). Пасля 1957, з пачаткам «кіраванай дэмакратыі» і «антыімперыял. палітыкі», многія літаратары вымушаны былі пакінуць краіну. У 5-ы перыяд (пасля 1966) на літ. арэну выйшла «пакаленне 66-га года», аб’яднанае вакол некалькіх літ. часопісаў [самы значны з іх «Horison» («Гарызонт»)]. Адрадзіўся раман (Нх.Дзіні, К.Х.Рамадхан). Унутрыпаліт. барацьба ў краіне прывяла да ўтварэння літ. арг-цый пры паліт. партыях, сярод якіх найб. уплывовая — «Лекра» («Таварыства нар. культуры»). Пасля падзей 1965 многія члены «Лекры» і інш. левых культ. арг-цый былі рэпрэсіраваны. Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду вызначалася адыходам у свет унутр. пачуццяў, жанравымі і фармальнымі эксперыментамі. Сац. кантрасты адлюстраваны ў драматургіі і паэзіі В.С.Рэндры. У 1970—80-я г.вял. пашырэнне атрымаў «масавы раман». Асобнае месца ў л-ры гэтага часу займаюць «камерныя» раманы Дзіні, псіхалагічныя — П.Віджаі, экзістэнцыялісцкія І.Сіматупанга, а таксама першы інданез. раман-тэтралогія Тура пра станаўленне інданез. інтэлігенцыі.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Маст. культура на а-вах Малайскага архіпелага бярэ пачатак ад эпох мезаліту і неаліту (пячорны жывапіс з выявай дзіка на Пд в-ва Сулавесі, каля 2000 да н.э.; кераміка з наразным арнаментам). Каля 2ст. да н.э. з’явіліся бронзавыя вырабы — схематычныя выявы людзей, сякеры і пасудзіны са спіральным арнаментам, катлы-барабаны з геам. узорам і стылізаванымі выявамі твару чалавека, птушак. Да эпохі позняга неаліту — пач.жал. веку (канец 2 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) адносяцца мегалітычныя пабудовы — менгіры, ступеньчатыя курганы, дальмены, скляпы (комплексы Пасемах на Пд в-ва Суматра, Лебак-Сібедуг на З в-ва Ява, горы Янг на У в-ва Ява), каменныя саркафагі і статычныя фігуры продкаў. У першыя стагоддзі н.э. пад уплывам індуізму, будызму і мясц. традыцый на в-ве Ява склалася класічнае мастацтва, у т. л. ў каменнай архітэктуры. У 7 — пач. 8 ст. на плато Дыенг (Цэнтр. Ява) узніклі з абчасаных камянёў невял. індуісцкія храмы-«чанды» простай кубічнай формы, са ступеньчатым цокалем і пірамідальным завяршэннем, а таксама будыйскі храм Каласан (778 — сярэдзіна 9 ст.). Арх. комплекс «чанды» Севу (пач. 9 ст.) — вял. складаны ансамбль буд. свяцілішчаў з гал. храмам у цэнтры і 240 храмікамі-капліцамі, што ўтвараюць 4 канцэнтрычныя квадраты. Самае грандыёзнае і складанае па кампазіцыі свяцілішча на Яве — Барабудур (канец 8 — пач. 9 ст.). Індуісцкі храмавы комплекс Лара Джонгранг у Прамбанане (канец 9 — пач. 10 ст.) аб’ядноўвае на высокім насыпе 8 храмаў, узятых у квадрат са шматлікіх капліц. Індуісцкі храмавы комплекс Панатаран (14—1-я пал. 15 ст.) мае свабодны, асіметрычны план, у яго рэльефах дамінуе арнаментальны графічны стыль (плоскасная ажурная разьба). Храмы на в-ве Балі багата аздоблены шыкоўнай арнаментальнай разьбой. У скульптуры пераважаюць фантаст., мудрагелістыя фігуры (слонападобнае бажаство Ганеша, дэманы, ільвападобныя пачвары «кала»), З 16 ст. традыцыі індуісцкай культуры ў І. пачалі губляцца (захаваліся яны пераважна на в-ве Балі, дзе не было ісламу; храмавыя комплексы 18—19 ст.). На шматлікіх астравах у многіх народаў І. развіваецца нар.дэкар.-прыкладное мастацтва.
Цэнтры маст. рамёстваў цэнтр. Явы вядомы вырабамі з золата і серабра з вяззю вытанчанага арнаменту, непаўторныя па форме і арнаментацыі кінжалы-«крысы». Ад 14—16 ст. дайшлі ўзоры стараж. мастацтва бронз. ліцця на Яве (статуэткі божастваў, пасудзіны для духмяных рэчываў, свяцільні). Ява — радзіма інданез.батыку, выдатнага па прыгажосці традыц. ўзору і колеру.
Ява і Балі — цэнтры апрацоўкі буйвалавай скуры, з якой вырабляюць лялькі для ценявога т-ра, рытуальныя маскі. На ўсіх астравах плятуць цыноўкі, посуд з бамбуку і лісця какосавай пальмы. Традыцыі ткацтва падтрымліваюць на а-вах Сулавесі, Суматра, Малукскіх. Разнастайныя тыпы нар. жылля — хаціны і лёгкія каркасныя дамы на палях з дрэва, бамбуку, вял. абшчынныя дамы. З часу галандскага панавання ў І. гарады будавалі на еўрап. ўзор (будынак гар. праўлення ў Джакарце, 1710), але ў мячэцях і палацах мясц. знаці пераважалі матывы мусульм. архітэктуры краін Азіі. У 20 ст. ў Джакарце, Бандунгу, Сурабаі пачалі ставіць вял. будынкі, у т. л. з жалезабетону, з галерэямі, лоджыямі, сонцаахоўнымі рашоткамі. У 1950-я г. пабудаваны новыя гарады (Сумберджая на Суматры, горад-спадарожнік Джакарты — Кебаяран), новыя раёны ў Джакарце, Бандунгу. З дапамогай замежных спецыялістаў будуюць грамадскія будынкі, прамысл., навучальныя, спарт. і інш. комплексы: спарт. комплекс (1959—62, арх. Р.Семеджыеў, інж. Л.Мурамцаў) і помнік Незалежнасці (1964, скульпт. М.Манізер, паводле праекта І.Рожына) у Джакарце. У сярэдзіне 19 ст. ў І. з’явіўся рэаліст. жывапіс з патрыят. тэматыкай (Ш.Б.Радэн Салех), на мяжы 19—20 ст. — рамант.нац. пейзаж (С.С.Абдулах). Барацьба за незалежнасць спрыяла развіццю нац.рэаліст. мастацтва (Аб’яднанне мастакоў І. «Персагі», засн. ў 1937—38; С.Суджаёнка, А.Джая, К.Афандзі і інш.), якое стала вядучым, суіснуючы з традыцыяй рамант. экзотыкі (Б.Абдулах) і мадэрнісцкімі плынямі. Развіваліся рэаліст. скульптура (Г.Хендра) і графіка (У.Эфендзі). Своеасаблівы жыццярадасны ўзорысты жывапіс Балі (А.А.Г.Сабрат, І.Б.Мадэ). У 1950 створана інданез.АМ, якая арыентуе на вывучэнне нац. традыцый. З сярэдзіны 1960-х г. у выяўл. мастацтве дамінуюць мадэрнісцкія кірункі.
Музыка І. вызначаецца своеасаблівасцю развіцця мясц. форм муз., муз,танц. і тэатр. мастацтва. У розныя часы на іх паўплывалі элементы культур. араб. свету, Кітая, Індыі, Еўропы, у апошнія дзесяцігоддзі — ЗША. Разнастайнасць лакальных форм музыкі І. абумоўлена геагр. фактарамі і ўвасоблена ў спецыфіцы муз. традыцый асобных астравоў. Найб. значныя і ўплывовыя — муз. культуры а-воў Ява, Балі, Суматра. У 11—13 ст. тут сфарміраваліся, а пазней шырока развіліся класічныя формы і стылі вак. і інстр. музыкі, звязаныя пераважна з традыцыямі прыдворна-цырыманіяльнага і забаўляльнага музіцыравання, а таксама муз.-тэатр. жанры (ценявы т-р ваянг куліт), танец і танц. драма. Яны заснаваны, як правіла, на сюжэтах эпасу «Рамаяна» (танц. драмы-містэрыі баронг на в-ве Балі, ваянг вонг на в-ве Ява). Найб. распаўсюджаны ў музыцы І. тып інстр. ансамбля гамелан, дзе пераважаюць ударныя інструменты: бронзавыя (гонгі, металафоны) і драўляныя (барабаны, ксілафоны); радзей яны ўключаюць струнныя (рэбаб), духавыя (флейта сулінг) інструменты і жаночы голас. Ладагукарадная аснова гамелана — 5-ступенны (слендра) і 7-ступенны (пелаг) гукарады. Кампазіцыя (гендзінг) разгортваецца па прынцыпе чаргавання і распрацоўкі асобных ладамеладычных узораў (ганган). Кампазітарская школа сучаснага тыпу пачала складвацца ў 20 ст. Сярод кампазітараў І.: К.Сінсу, К.Сіманджутак, І.Марзукі, Р.Супратман; выканаўцы: Д.Кусуманінграт, П.С.Данувіджая. У І. працуюць: Ін-т інданезійскай культуры (з 1978), сімф. аркестр Джакарты (з 1968), хор пад кіраўніцтвам Суманунгкаліта, Цэнтр мастацтваў імя Ісмаіла Марзукі, нац. ансамблі «Гембіра» і «Ангклунг», Акадэмія музыкі, школы нац. музыкі пры Ун-це прыгожых мастацтваў Нац. ун-та ў Джакарце, інданез. класічнай музыкі ў Суракарце, Дзярж. музычная ў Джак’якарце, Джакарцкі пед.ін-т мастацтва, кансерваторыі традыц. музыкі і танца ў Дэнпасары (в-аў Балі) і прыватныя ў Джакарце, Сурабаі, Суракарце і інш.
Тэатр. Вытокі інданез. тэатра ў стараж. узорах тэатралізаваных дзеяў нар. свят і культавых цырыманіялаў. Драматургічная аснова традыц. паказаў — сюжэты са стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», інданез. сказанні і хронікі. Спектаклі звычайна суправаджае аркестр гамелан. Найб. характэрныя традыц.тэатр. формы: ваянг-тапенг (выканаўцы выступаюць у масках і карыстаюцца сродкамі пантамімы і танца); ваянг-куліт (т-р ценяў), ваянг-келіцік (т-р плоскіх драўляных марыянетак); ваянг-бебер (т-р карцінак у суправаджэнні апавядальніка); тапенг-бабакан (фарсавы т-р); ваянг-аранг (злучае ў сабе рознахарактарныя кананізаваныя тэатр. сродкі) і інш. На рубяжы 19—20 ст. фарміраваўся сучасны т-р — кетапрак і лудрук, якія спалучаюць традыц. сродкі выразнасці з еўрапейскімі. У 1950-я г. ўзніклі трупы найб. блізкія да сучаснага еўрап.т-ра; былі вядомыя трупы «Мархаен», «Трыснаканген». У рэпертуары творы нац. драматургаў (У.Т.Сантані, А.Ханіфаха, А.Махамада, С.Пане і інш.), а таксама п’есы Г.Ібсена, А.Чэхава, М.Гогаля і інш. У 1950-я г. пачалі працаваць Нац.тэатр. акадэмія і «Лембага драма І.» (аддзяленне нац. драмы) у Джакарце.
Кіно. Першыя фільмы зняты ў сярэдзіне 1920-х г. галандскімі рэжысёрамі. З пач. 1930-х г. выпускаюцца кінастужкі на інданез. мове (большасць на галівудскі і кіт. ўзор). Найб. значныя: «Парэх» (1935) М.Франкена, «Ясны месяц» (1937) А.Балінка. У час яп. акупацыі кінематограф служыў мэтам яп. прапаганды, але былі створаны і фільмы са своеасаблівымі нац. рысамі: «Дождж» І.Пербатасары, «Мае мары» С.Паліндзі. Пасля заваёвы незалежнасці (1945) пачала фарміравацца нац. кінематаграфія. У 1950 у Джакарце створаны першая дзярж. кінафірма «ПФН», прыватная кінафірма «Перфіні». Сярод фільмаў: «Калека» (1952) К.Сукардзі, «Туранг» Б.Сіягіна, «Вяртанне на радзіму» Б.Эфендзі (абодва 1954), «За школьнай сцяной» В.Умбаха і інш. У 1960-я г. створана Нац.арг-цыя па кінавытворчасці, кожны імпартаваны фільм абкладаўся падаткам. У выніку з канца 1960-х г.інданез. фільмы (пераважна меладрамы, гіст. і прыгодніцкія) заваявалі кінарынак краін Паўд.-Усх. Азіі. Найб. вядомыя рэжысёры 1960—70-х г.: Умбах («Маленькія зоркі», 1963, «Мама», 1972, «Асоба», 1974), Т.Джунаідзі («Мама, любоў мая», 1968, «Канец мары», 1973), С.Джая («Шаўковы фіялетавы туман», 1980), С.Сувардзі Хасан («Няшчасце падчарыцы», 1973, «Прыёмны сын», 1974, «Няма часу для размоў», 1975) і інш.; акцёры: Ч.Дэві, Р.Мелаці, Ф.Афера, Ф.Арыяні, Сукарна М.Нур, М.Карміла, Б.Херманта і інш. У 1980-я г. выпускалася больш за 50 фільмаў у год.
Літ.:
Кузнецова С.С. Яванские хроники XVII—XVIII вв. как источник по истории Индонезии. М., 1984;
Шауб А.К. «Нагаракертагама» как источник по истории раннего Маджапахита (1293—1365). М., 1992;
Кашмадзе И.И. Индонезия: острова и люди. М., 1987;
Кямилев Э.Х. Завоевание Индонезией независимости. М., 1972;
Яго ж. Политическая борьба и проблемы централизации в Индонезии (1945—1975). М., 1978;
Другов А.Ю. Политическая власть и эволюция политической системы Индонезии (1965—1988). М., 1989;
Панченко Л.П. Армия и модернизация общества: Опыт Индонезии. М., 1994;
Бычков С.В. Изумрудное оперение Гаруды: [История культуры народов Индонезии]. М., 1987;
Сикорский В.В. Индонезийская литература: Краткий очерк. М., 1965;
Демин Л.М. Искусство Индонезии. М., 1965;
Муриан И.Ф. Искусство Индонезии с древнейших времен до конца XV в. М., 1981;
Traditional music in modem Java. Honolulu, 1980;
Мерварт А.М. Малайский театр // Восточный театр. Л., 1929.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.В.Логіш (літаратура); Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг Інданезіі.Да арт.Інданезія: 1 — вёска на востраве Суматра; 2 — возера Тоба.Да арт.Інданезія. Статуя ахоўніка. «Чанды» Севу. Пач. 9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» Пунтадэвы. Плато Дыенг. 8—9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» комплексу Панатаран. 1369.Да арт.Інданезія. Дагобы верхніх ярусаў і Буда ў Барабудуры.Да арт.Інданезія. Манджушры ў Барабудуры. Рэльеф трэцяй галерэі.Да арт.Інданезія. Буда садзіць. Бронза. Раён Барабудура. Ява. 9—10 ст.Да арт.Інданезія. Равана. Лялька ценявога тэатра. Пергамент. 16—17 ст.Да арг.Інданезія. Танец «Серымпі». Востраў Ява.Да арт.Інданезія. Будынак гарадскога праўлення ў Джакарце. 1710.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,
складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс.км². Нас. 1056 тыс.чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г.Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.
Прырода. Размешчана Бурація на ПдУсх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр.ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.
Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст.Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст. тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт.вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур.аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.
У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.
Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.
Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.Дандубон (Ц.Дон), Н.Балдано, Ч.Цыдэндамбаеў, А.Шадаеў, Ж.Тумунаў, М.Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.Абідуеў, А.Бадаеў, Ц.-Б.Бадмаеў, Д.Батажабай, Ц.Галсанаў, Ц.Дамдзінжапаў, Д.Дашынімаеў, Д.Жалсараеў, А.Жамбалдаржыеў, Ц.Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял.Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.Калашнікаў, Б.Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.Ангабаеў, Ч.-Р.Намжылаў, А.Сактоеў, Г.Тудзенаў, Д.Улзытуеў, М.Хамаганаў і інш.).
На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв.пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.
У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш. Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац.муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.Аюшэеў, Ж.Батуеў, Г.Дадуеў, С.Манжыгееў, Г.-Д.Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.
Вытокі бур.тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-ррус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.Цыдынжапава, Х.Намсараева, А.Шадаева, Н.Балдано, Д.Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.Вампілаў, Н.Гендунова, Ч.Генінаў, У.Халматаў, Н.Балдано, Д.Дандукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен.саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦЫЯ (Hellas),
Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс.км², у т. л. 24,8 тыс.км² астравы. Нас. 10,5 млн.чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г.Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).
Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за 4/5тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2тыс.м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд.ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4 °C на Пн да 10—12 °C на Пд, ліп. 24—28 °C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб.воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.
Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл.Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл.Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв.т-ва«Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон I у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.
У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац.англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон I. У 1863 грэч. каралём стаў Георг I (гл. ў арт.Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.Трыкупіс і Т.Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт.Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар.фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл.Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч.Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн.чал. Пры каралю Канстанціне I [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт.Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач.2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл.ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля 1/3тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел I, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл.ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш.Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.
Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн.т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд.кВт∙гадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн.т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс.т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст.прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч.прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн.га пад ворывам, 1,2 млн.га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля 1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн.т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн.т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн.т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля 1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж.гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн.т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс.км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс.км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд.дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд.дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал.гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс.чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс.чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс.чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс.чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац.археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац.маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.
Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст.Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.Калваса, А.Суцаса, А.Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).
Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч.нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.Суцаса, А.Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.Паламас, а таксама Е.Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.Мавіліса, Драсініса, І.Палеміса, А.Эфталіётыса, І.Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.Ксенопулас, А.Пападыямандыс, А.Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.Тэатокіса, І.Тэатакаса, А.Тэрзакіса і К.Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.Сікеліяноса, В.Ротаса, Ф.Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.Бумі-Папа, Н.Папаса, Н.Врэтакаса, Т.Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.Казандзакіса, празаікаў Я.Мангліса, Д.Хадзіса, А.Франгіяса, К.Кадзіяса, В.Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.Фатыядыс, П.Прэвелакіс, Д.Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-вагрэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.Александропуласа, З.Скараса, А.Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт.Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст.буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.Клеантыс, Л.Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац.б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.К.Хансен) у Афінах і інш.Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.Кандуніс, Н.Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.Гізіс, Н.Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.Валанакіс і Я.Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.Сфаэлас, П.Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.Партэніс, скульпт. Я.Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.Геаргіядыс, Э.Тамопулас, Я.Мораліс, Я.Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.Кандоглу, графіцы С.Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.Галаніса, Я.Кефалінаса, скульпт. М.Томбраса, А.Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.Семерцыдыс, Д.Кацыкаяніс, скульпт. Х.Капралас, графікі В.Катракі, А.Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.Граматопулас, К.Клуватас, К.Лукопулас і інш.
Музыка. Грэч.муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл.Грэцыя Старажытная). З 4 ст.грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац.муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес.муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.Мандзарас — аўтар грэч.нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.Ксіндас, С.Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.Карэр, Г.Ламбелет. Сапраўдная грэч.муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.Карамілас і Д.Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.Варвагліс, Э.Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.Петрыдыс, А.Незерытыс, А.Евангелатас, Н.Скалкотас, С.Міхаілідыс, Г.Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.Плесас, Г.Замбетас, К.Капнісіс, Г.Музакіс, Т.Маракіс, Г.Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.Візантыу; спевакі М.Калас, Н.Масхонас, К.Дамасіёты, А.Захарату, Д.Русас; піяністы Г.Тэмеліс, В.Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж.сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.
Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант.тэатр. мастацтва (гл.Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г.тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.Палітыса, пастаноўкі Нац.т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс.тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч.нар.т-р (кіраўнік М.Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.Дыямандопулас і М.Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш.Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.Шэкспіра, Мальера, А.Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст.т-р, Грэч.нар.т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.Александракіс, Катракіс, М.Меркуры, А.Сінадыну, І.Папас, К.Паксіну; рэжысёры М.Пларытыс, М.Лігізас, М.Какаяніс, Кун, Т.Музенідыс.
Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн.хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.Папас, М.Меркуры, А.Фонсу, П.Зервас, Т.Венгас, А.Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.
Літ.:
Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;
Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг.М., 1990;
Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;
Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;
Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;
Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;
Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;
Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;
Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Грэцыі.Да арт.Грэцыя. Царква св. Феодара ў Містры. 1296.Да арт.Грэцыя. Манастыры Метэара ў Фесаліі. 12 ст.Да арт.Грэцыя. На востраве Крыт.Да арт.Грэцыя. Адзін з эпізодаў грамадзянскай вайны 1946—49.Да арт.Грэцыя. Турыстычныя будынкі на марскім узбярэжжы.Да арт.Грэцыя. Слабааблесеныя горы Цэнтральнай Грэцыі.Да арт.Грэцыя. Гавань на востраве Родас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НІЯ (Danmark),
Каралеўства Данія (Kongeriget Danmark), дзяржава ў Зах. Еўропе. Размешчана на п-ве Ютландыя, а-вах Зеландыя, Фюн, Лолан, Фальстэр, Мён, Борнхальм і інш. На Пд мяжуе з Германіяй (даўж. сухапутнай граніцы 68 км). На З абмываецца Паўночным м., на Пн — прал. Скагерак, на У — прал. Катэгат, Эрэсун, Балтыйскім м.Пл. 43,1 тыс.км², у т. л. 19,3 тыс.км²пл. астравоў. Нас. 5165 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — дацкая. Сталіца — г. Капенгаген. Падзяляецца на 14 амтаў (раёнаў). У склад Д. ўваходзяць Грэнландыя і Фарэрскія астравы, якія маюць унутр. аўтаномію. Нац. святы — Дзень нараджэння каралевы Маргрэтэ II (16 крас.) і Дзень Канстытуцыі (5 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Д. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1953. Кіраўнік дзяржавы — манарх.Заканад. ўлада належыць манарху і аднапалатнаму парламенту — фолькетынгу (179 дэпутатаў), што выбіраецца на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які назначае манарх і ўзначальвае прэм’ер-міністр. Урад адказны перад фолькетынгам.
Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны са шматлікімі марэннымі ўзгоркамі. Найвыш. пункт г. Аер-Баўнехёй (173 м). Зах. і паўн.-зах. ўзбярэжжа — нізіна з паласой дзюн, якія аддзяляюць шматлікія лагуны ад мора. Усходнія берагі п-ва Ютландыя і в-ва Зеландыя моцна расчлянёныя, месцамі абрывістыя, ёсць шмат бухтаў. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (у Паўночным м.), торф, буд. матэрыялы і інш. Клімат умераны, марскі, з мяккай няўстойлівай зімой, халаднаватым летам. Сярэдняя т-растудз. каля 0 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў ад 600 мм на У да 800 мм на 3. Рэкі невялікія, найб. Гудэна (158 км). Шмат невял. азёр. Пад лесам 10% тэр., пераважаюць бук і дуб. Ёсць саджаныя лясы з елкі, хвоі, піхты і лістоўніцы. На З верасовыя пусткі. Запаведнікі Хеселё, Ворсё і інш.
Насельніцтва. Датчане складаюць каля 98% насельніцтва. На Пд Ютландыі жыве 40 тыс. немцаў. Ёсць невял. групы выхадцаў з Турцыі, б. Югаславіі, Швецыі, Вялікабрытаніі. Сярод вернікаў пераважаюць лютэране (91%), ёсць прыхільнікі інш. галін пратэстанцтва, католікі. Сярэдняя шчыльн. 120 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены У краіны, асабліва в-аў Зеландыя. У гарадах 85% насельніцтва (1993). Больш за 25% насельніцтва краіны жыве ў Капенгагене з прыгарадамі (1,35 млн.ж., 1994). Значныя гарады (тыс.ж., 1993): Орхус — 274,5, Одэнсе — 181,8, Ольбарг — 158,1.
Гісторыя. Засяленне тэр. Д. чалавекам пачалося ў эпоху позняга палеаліту. У мезаліце тут існавала археал. культура маглемазэ. З апошніх стагоддзяў да н.э. на землях сучаснай Д. жылі стараж.германцы. Пасля перасялення большасці англаў, саксаў, ютаў на Брыт. а-вы (гл.Англасаксонскае заваяванне) на тэр. Д. ў 5—6 ст.н.э. з Пд Скандынаўскага п-ва прыбылі германамоўныя даны, вядомыя паводле пісьмовых крыніц прыблізна з 550 (адсюль назва Данія), якія сталі тут пануючым племем. У эпоху вікінгаў (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) продкі датчан каланізавалі б.ч. Брытаніі, абклаўшы яе насельніцтва данінай (т.зв. «дацкімі грашыма»), потым стварылі ў вусці Сены герцагства Нармандыя (911). Гэта садзейнічала іх паліт. кансалідацыі і ўтварэнню раннедацкага каралеўства (першым каралём быў Годфрэд, памёр у 810), што ўмацавалася пры Горме Старым (памёр каля 950) і яго сыне Харальдзе Сінязубым (памёр каля 985, пры ім у Д. каля 960 прынята хрысціянства). У эпоху вікінгаў узніклі першыя дацкія гарады, значную ролю ў грамадстве пачалі адыгрываць бонды, якія складалі аснову ваенна-марскога апалчэння (ледунга). Пры Кнудзе I Вялікім [1018—35] кароткі час існавала англа-дацка-нарв. дзяржава. Пазней пад уладу Д. трапіла герцагства Шлезвіг (гл.Шлезвіг-Гольштэйн; з 1460 у асабістай уніі). У 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. Д. заваявала паўд. і частку ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м. (пасля бітвы 1227 з немцамі пры Борнхёведзе б.ч. гэтых тэр. страчана). Вайна 1367—70 з Ганзай за панаванне на Балтыцы скончылася паражэннем Д. У 1397—1523 пад уладай дацкіх каралёў (Кальмарская унія) аб’яднаны Нарвегія і Швецыя (у 1523 вызваліліся з-пад дацкага панавання). У 2-й пал. 16 ст. Д. дамаглася перавагі на Балтыйскім м. Яна ўдзельнічала ў Трыццацігадовай вайне 1618—48. У 17 ст. ў краіне ўстаноўлена абсалютная манархія (1660), з’явіліся першыя мануфактуры. Працяглыя сял. выступленні прывялі да скасавання прыгону (1788—1800). Д. ўдзельнічала (фактычна безвынікова) разам з Расіяй і Саксоніяй у Паўночнай вайне 1700—21 супраць Швецыі, была адной з дзяржаў-ініцыятараў першага ўзбр. нейтралітэту (1780) у Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У выніку нападу англічан на Капенгаген і захопу імі дацкага ВМФ (1807) Д. ўцягнулася ў напалеонаўскія войны на баку Францыі. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 яна страціла Нарвегію, в-аў Гельгаланд і інш., аднак захавала пад сваёй уладай нарв. заморскія тэр. — Ісландыю, Грэнландыю, Фарэрскія а-вы. Пасля часовага эканам. застою ў Д. ў 1830—40-я г. пачалася прамысл. рэвалюцыя (у т. л. ў 1847 пабудавана першая чыгунка). Адначасова пад націскам апазіц. ліберальнага руху прынята канстытуцыя 1849, паводле якой устаноўлены рэжым абмежаванай манархіі з 2-палатным парламентам (рыксдагам) і ўрадам, адказным перад каралём. У гэты ж час абвастрылася шлезвіг-гольштэйнская праблема, што выклікала дацка-прускую вайну 1848—50. Наступны крызіс узнік у 1863 у сувязі з прыняццем новай дацкай канстытуцыі, прывёў да дацкай вайны 1864 і адмовы Д. ад прэтэнзій на тэр. герцагстваў. Да ўлады ў краіне прыйшлі кансерватыўныя сілы, якія ў 1866 дамагліся перагляду канстытуцыі 1849: за каралём прызнана права абсалютнага вета і выдання законаў паміж сесіямі парламента, дэпутаты верхняй палаты парламента (ландстынга) сталі выбірацца буйнымі землеўладальнікамі або прызначацца каралём. У 1870 кансерватары ўтварылі кабінет з удзелам правых лібералаў, а іх праціўнікі (левыя лібералы) стварылі аб’яднаную левую партыю (Венстрэ) і разгарнулі паліт. барацьбу за дэмакр. рэформы. У 1901 з дапамогай Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД, засн. ў 1876) Венстрэ атрымала большасць у ніжняй палаце парламента (фолькетынгу) і з санкцыі караля Крысціяна IX [1863—1906] сфарміравала першы адказны перад парламентам урад (у 1905—08 яго ўзначальваў Е.К.Крыстэнсен). Рэфарматары палепшылі становішча батракоў і беззямельных сялян, пашырылі аўтаномію Ісландыі (дадзена ў 1874). У 1905 з-за рознагалоссяў вакол ваен. бюджэту і буд-ваўзбр. сіл з Венстрэ выйшлі пацыфісцкія колы, якія ўтварылі партыю Радыкальная Венстрэ. Нейтральная знешняя палітыка Д. пасля 1864 (у т. л. ў 1-ю сусв. вайну) садзейнічала яе эканам. росту (асабліва ў с.-г. вытв-сці) у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У 1915 прынята папраўка да канстытуцыі краіны (набыла сілу пасля 1-й сусв. вайны), паводле якой выбарчае права дадзена датчанам абодвух полаў з 25-гадовага ўзросту. У 1917 Д. прадала падуладную ёй частку Віргінскіх а-воў ЗША. У 1918 дацкія ўлады далі яшчэ большую самастойнасць Ісландыі ў межах міждзярж. уніі (скасавана Ісландыяй у 1944). У 1920 краіна прынята ў Лігу нацый, па выніках плебісцыту, праведзенага згодна з умовамі Версальскага мірнага дагавора 1919, да Д. далучаны Паўн. Шлезвіг. З 1924 найб. ўплыў у парламенце працяглы час мелі сацыял-дэмакраты, дзейнічаў кааліцыйны ўрад на чале з У.Стаўнінгам (прэм’ер-міністр у 1924—26 і 1929—42), які рабіў захады па змяншэнні сац. напружанасці і аслабленні знешняй пагрозы (пакт аб ненападзе з нацысцкай Германіяй 1939). У 1933 Міжнар. суд у Гаазе вырашыў на карысць Д. яе спрэчку з Нарвегіяй з-за Грэнландыі. У 2-ю сусв. вайну краіна ў парушэнне дагавора 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі (9.4.1940). Акупац. ўлады захавалі ўрад Стаўнінга і дацкі парламент. У 1941 Д. вымушана стала чл.«Антыкамінтэрнаўскага пакта»; адначасова ў эміграцыі (Лондан) узнік Дацкі савет, які садзейнічаў актывізацыі Руху Супраціўлення ў краіне (з 1942). Пасля серыі антыфаш. забастовак і акцый сабатажу дацкіх працоўных акупац. ўлады 29.8.1943 ліквідавалі ўрад Э.Скавеніуса (прэм’ер-міністр з 1942), раззброілі дацкую армію. Дацкі ВМФ часткова самазатапіўся. 5.5.1945 акупац. войскі ў Д. капітулявалі перад брыт.ўзбр. сіламі і падпольнай дацкай арміяй, 9.5.1945 сав. марскія пехацінцы вызвалілі в-аў Борнхальм. Першы пасляваенны ўрад на чале з В.Булем (1945) ануляваў усе заканад. акты, навязаныя краіне ў перыяд акупацыі, выключыў з дзярж. апарату былых калабарацыяністаў. Знешняя палітыка пасляваен. урадаў, якія ўзначальваліся пераважна прадстаўнікамі СДПД (у 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і П.Н.Расмусенам з 1993), была накіравана на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (НАТО, Савет Еўропы, Еўрап.эканам. супольніцтва і інш.). Дацкія ўлады далі самакіраванне Фарэрскім а-вам (1948) і Грэнландыі (1979, з 1953 састаўная ч. Дацкага каралеўства). Стабілізацыі эканомікі краіны пасля 2-й сусв. вайны садзейнічала эканам. дапамога паводле Маршала плана. Пры каралю Фрэдэрыку IX прынята сучасная канстытуцыя, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. З 1972 каралевай Д. з’яўляецца Маргрэтэ Л. У 1992 і 1993 праведзены рэферэндумы па пытанні ўступлення краіны ў Еўрап.саюз (на апошнім большасць выбаршчыкаў дала станоўчы адказ). Д. — чл.ААН (з 1945), НАТО (пры ўмове неразмяшчэння на яе тэр. ў мірны час замежных войск, ваен. баз і ядз. зброі), Савета Еўропы (у абодвух арг-цыях з 1949), Еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. СДПД (найбуйнейшая), Сацыяліст.нар. партыя, Радыкальная Венстрэ, Венстрэ, Дэмакраты цэнтра, Хрысц.нар. партыя, Кансерватыўная нар. партыя, Партыя прагрэсу, Шлезвігская партыя, Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў і інш.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных сухап. войск, ВПС, ВМС (на пач. 1995 агульная колькасць 27 тыс.чал.), і рэгулярных ваенізаваных фарміраванняў войск абароны (хемверн). Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (да прызыву або найму не прыцягваюцца карэнныя жыхары Грэнландыі і Фарэрскіх а-воў). Сухап. войскі (16,3 тыс.чал.) уключаюць Ютландскую мотапяхотную дывізію, 2 мотапяхотныя брыгады на Зеландскіх а-вах, Борнхальмскую пяхотную брыгаду і інш. У складзе ВПС (6,1 тыс.чал.) 72 баявыя самалёты і часці ППА. ВМС (каля 4,5 тыс.чал. у пач. 1996) маюць 35 баявых караблёў (у т. л. 5 падводных лодак) і 30 баявых катэраў. Хемверн фарміруецца паводле тэр.-вытв. прынцыпу для дапамогі ўзбр. сілам. Каля 2тыс. дацкіх вайскоўцаў — у войсках ААН (пераважна ў Босніі і Герцагавіне і на Кіпры).
Гаспадарка. Д. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па вытв-сці валавога нац. прадукту на душу насельніцтва (26 730 дол., 1993) займае адно з вядучых месцаў у свеце. Доля прам-сці каля 18% (у т. л. апрацоўчай 17%), сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) каля 5, буд-ва 5,5, транспарту і сувязі 7, гандлю 12, інш. абслуговых галін каля 50%. У структуры прамысловасці пераважаюць галіны, цесна звязаныя са знешнім рынкам — з увозам сыравіны і паўфабрыкатаў і вывазам гатовых вырабаў. На знешнім рынку рэалізуецца больш як 1/3прамысл. і больш за 1/2с.-г. таварнай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, харч., хім. і тэкстыльная. У здабыўной прам-сці асн. значэнне маюць здабыча нафты (8,3 млн.т) і прыроднага газу (1,5 млрд.т, 1993). Здабываюць таксама буд. матэрыялы, каалін, дыятаміт, кухонную соль, торф і інш.Вытв-сць электраэнергіі 32,7 млрд.кВт∙гадз (1993), пераважна на ЦЭС. У машынабудаванні вылучаецца суднабудаванне (прыкладна 3% штогадовага сусв. танажу; у Одэнсе, Хельсінгёры, Накскаве, Капенгагене, Ольбаргу), вытв-сць суднавых дызеляў (Капенгаген). Развіта вытв-сць абсталявання (пад’ёмна-трансп., для цэм., харч., суднабуд., цэлюлозна-папяровай прам-сці), мед. і быт. электратэхнікі. Гал. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг (асабліва абсталяванне для цэм. прам-сці), Ранерс (лакаматыва- і вагонабудаванне), Хорсенс. Харч.прам-сць вылучаецца высокім узроўнем механізацыі. Акрамя малочных з-даў і бойняў у краіне шмат мукамольных, хлебапякарных, піваварных, кансервавых, спіртагарэлачных, цукровых, кандытарскіх, тытунёвых і інш. прадпрыемстваў. Асн. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Эсб’ерг (рыба- і мясакансервавыя прадпрыемствы), Ольбарг (рыбаперапрацоўка), Хорсенс (перапрацоўка тытуню, мяса, малака). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў, сінт. смол, фарбаў, кіслот. Цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі — Калунбарг і Фрэдэрысія. Развіта фармацэўтычная прам-сць. З галін лёгкай прам-сці найб. развіта тэкстыльная (Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг, Ранерс, Колінг і інш.). Прадпрыемствы швейнай, абутковай, цэм. (штогод выпускаюць каля 2,5 млн.т цэменту), шкляной, фарфоравай, мэблевай прам-сці і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Капенгагене і яго прыгарадах. Д. — адна з вядучых у свеце краін па эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Характэрна высокая ступень выкарыстання машын. Каля 200 тыс.чал., занятых у с.-г. вытв-сці (78,8 тыс. фермаў, сярэдні памер 35 га), выпускаюць прадукцыю, якой можна пракарміць 15 млн.чал. Сярэдні надой малака каля 7 тыс.кг (тлустасць больш за 4%), сярэдняя ўраджайнасць збожжавых 50,5 ц/га. Доля с.-г. угоддзяў складае 64% тэрыторыі. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, якая дае каля 90% таварнай с.-г. прадукцыі. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 2,2, свіней 11,1, птушкі 18,9. Штогадовая вытв-сць мяса дасягае 2млн.т, малака — 5 млн.т, масла — 0,1 млн.т, сыру — 0,3 млн.т, яец — каля 90 млрд. штук. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. Каля палавіны с.-г. зямель пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць (млн.т, 1993): пшаніцу — 4,3, ячмень — 3,3, жыта — 0,4, бульбу — 1,7, цукр. буракі — 3,6, авёс, бабовыя, рапс. Развіта агародніцтва, садоўніцтва. Штогадовы ўлоў рыбы каля 2млн.т.Асн. рыбалавецкі порт Эсб’ерг. На адходах рыбалоўства развіта футравая зверагадоўля — вырошчванне норкі. Д. — краіна развітога міжнар. турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн.чал., гал. чынам з суседніх краін. Унутр.транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 71,1 тыс.км (1993), чыгунак 2,5 тыс.км, больш за 2тыс.км электрыфікавана. Асноўныя астравы звязаны паміж сабой і з мацерыковай ч. краіны аўтамаб. і чыг. мастамі. Паромныя сувязі з Германіяй, Швецыяй, Нарвегіяй. Праз тэр. Д. праходзяць міжнар. аўтадарогі і чыгункі з Цэнтр. Еўропы ў Скандынавію. Грузападымальнасць марскога флоту 5 млн.т. На яго долю прыпадае каля 1/3унутр. і 80% знешніх перавозак. У перавозках дацкіх суднаў да 80% складаюць грузы замежных краін. Гал. порт Капенгаген. Развіты авіятранспарт заняты пераважна знешнімі перавозкамі пасажыраў. Д. мае дадатны штогадовы гандл. баланс. У агульным кошце экспарту (35,9 млн.дол., 1993) 69% прыпадае на прадукцыю прам-сці і 16% — на с.-г. прадукцыю, у імпарце 56% — на сыравіну і паўфабрыкаты і 18,5% — на машыны, абсталяванне і трансп. сродкі. Замежны гандаль вядзецца пераважна з Германіяй (1/4 экспарту і імпарту), Швецыяй (10% экспарту і 11% імпарту), Вялікабрытаніяй (9% экспарту і 8% імпарту), Нідэрландамі, Нарвегіяй, Францыяй, ЗША і інш. Д. ў асобныя гады экспартуе ў Беларусь лекі, пшаніцу, цукар, імпартуе трактары, прадукты дрэваапрацоўкі, ільняныя тканіны. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Ахова здароўя. Сістэмай мед. абслугоўвання ахоплена ўсё насельніцтва Д. Лячэнне ў шпіталі і хатні мед. догляд за хворым бясплатныя. Дзеці і моладзь перыядычна праходзяць абавязковае бясплатнае мед. абследаванне. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 79 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 184 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 360 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Д. заснавана на законе 1974, паводле якога ўведзена адзіная абавязковая 9-гадовая школа (з 6 гадоў). Дашкольнае выхаванне ў Д. праводзіцца ў дзіцячых яслях і садах (да 6 гадоў). З 1976 уведзена перадшкольнае навучанне для дзяцей 5—6 гадоў (праводзіцца ў спец. класах пры школах і садах). Агульную адукацыю дае адзіная абавязковая нар. школа, якая складаецца з падрыхтоўчага класа, 9-гадовай асн. школы і 10-га (дадатковага) класа для тых, хто хоча працягваць навучанне ў сярэдніх навуч. ўстановах (гімназіі і сярэднія тэхн. ўстановы). Права паступлення ў ВНУ даюць гімназіі; з 1968 такое права маюць і асобы, якія не закончылі гімназію, але здалі вышэйшы падрыхтоўчы экзамен. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес.-тэхн. навуч. ўстановы і спец. цэнтры ў выглядзе вучнёўства. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Капенгагене (з 1479), Орхусе (з 1928), Одэнсе (з 1964), Дацкая вышэйшая тэхн. школа (з 1829), Каралеўская вышэйшая вет. і с.-г. школа (з 1856), Вышэйшая камерцыйная школа (з 1917), Дацкая вышэйшая пед. школа (з 1856), Дацкая інж. акадэмія (з 1957). Найб. бібліятэкі: Нац. (Каралеўская, засн. паміж 1657 і 1664), б-ка ун-та (з 1482) і Муніцыпальная (з 1885) у Капенгагене, Дзярж. і б-ка ун-та ў Орхусе і інш.Найб. музеі: Нац. (з 1807), Дзярж.маст. музей, Каралеўскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Торвальдсена — усе ў Капенгагене, Дом-музей Х.К.Андэрсена, Музей пад адкрытым небам даўніх вясковых забудоў у Одэнсе, Музей нац. гісторыі ў замку Фрэдэрыксбарг, Музей караблёў вікінгаў у Роскіле і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ва ун-тах, галіновых ін-тах і акадэміях, цэнтрах і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Першая рэгулярная газета выйшла ў 1666. Буйнейшыя сучасныя выданні: «Berlingske Tidende» («Ведамасці Берлінга», з 1749), «Aktuelt» («Актуальна», з 1872), «Fyns Tidende» («Фюнскія ведамасці», з 1872), «Politiken» («Палітыка», з 1884), «Ekstrabladet» («Экстранная газета», з 1904), «Land og Folk» («Краіна і народ», з 1941) і інш.Нац.інфарм. агенцтва Рытсаўс-бюро (РБ; з 1866; акц.т-ва). Радыёвяшчанне з 1925, тэлебачанне з 1951. Радыё- і тэлеперадачы кантралюе дзярж. служба Дацкага радыё.
Літаратура. Самыя стараж. помнікі дацкага пісьменства — рунічныя надпісы 9—12 ст. Першыя літ. помнікі — зборнікі законаў і хронік на лац. мове («Учынкі данаў» Саксона Граматыка, нап. ў 1208). У сярэдневякоўі апрача лац. хронік ствараліся нар. балады і песні (фольквізер). Першая друкаваная кніга на дацкай мове — гіст. праца «Рыфмаваная хроніка» (1495). У 16 ст. развіццю л-ры садзейнічалі Рэфармацыя і кнігадрукаванне. Пераклад Бібліі К.Педэрсена (1550) стаў асновай для фарміравання дацкай літ. мовы. У гэты час у Д. пранікае л-раітальян. і галандскага Адраджэння, франц. класіцызму. Найб. значныя творы — «Візітная кніга» П.Паладыуса і «Хроніка дацкага каралеўства» А.Гуітфельда. У 17 ст. ў дацкай л-ры адзначаецца заняпад. У творчасці А.К.Арэба знайшла адбітак паэзія барока, якая дасягае завершанасці ў царк. песнях Т.Кінга. Пачынае выходзіць першы часопіс «Дацкі Меркурый». У 18 ст. ў Д. набываюць папулярнасць ідэі Асветніцтва, выдатным прадстаўніком якога быў Л.Хольберг — пісьменнік, філосаф, гісторык, заснавальнік сучаснай дацкай л-ры, стваральнік нац. тэатра (1722), рэфарматар мовы. У сярэдзіне 18 ст. пашыраецца сентыменталізм (І.Эвальд, А.А.К.Стуб). У 19 ст. ў дацкай л-ры пануе рамантызм, найб. значны прадстаўнік якога паэт і драматург А.Г.Эленшлегер. Да рамант. кірунку адносіцца творчасць Н.Ф.Грунтвіга — філосафа, мараліста, «дацкага Лютэра». У 1830-я г. ў дацкую л-ру ўваходзіць Х.К.Андэрсен, казкі і гісторыі якога ўзнялі дацкую л-ру на сусв. ўзровень. У сярэдзіне 19 ст. развіваюцца паліт. лірыка і сатыра, асабліва ў творчасці Ф.Палудан-Мюлера (вершаваны раман «Adam Homo»). Пісьменнік і філосаф С.К’еркегор заснавальнік сучаснай л-ры экзістэнцыялізму, зрабіў значны ўплыў на скандынаўскую і еўрап. л-ры. Важная роля ў развіцці рэалізму ў дацкай л-ры належала крытыку і гісторыку Г.Брандэсу. Выдатны пісьменнік-рэаліст Е.П.Якабсен у рамане «Нільс Люне» паказаў трагічны лёс інтэлігента, які апынуўся адзінокім ва ўмовах тагачаснага жыцця. У 1880-я г. ў л-ры Д. пераважае сімвалізм: Г.Банг, І.Ёргенсен, нават у пісьменнікаў рэаліст. кірунку Х.Драхмана, Х.Гёлерупа. У 1890-я г. адбываецца паварот да рэалізму: Г.Пантопідан («Шчасліўчык Пер»), І.В.Енсен («Хімерландскія гісторыі»); сатыр. драмы пісаў Г.І.Від, псіхал. раманы і навелы — К.Мікаэліс. На пач. 20 ст. развіццё крытычнага рэалізму звязана з творчасцю М.Андэрсена-Нексё. У канцы 1920-х г. адзначаецца паварот да рэаліст. прозы (Андэрсен-Нексё, Х.Р.Кірк, Х.Шэрфіг, Э.Крыстэнсен, К.Бекер), гуманістычнай паэзіі (О.Гельстэд); у творчасці К.Мунка развіваецца філасофска-рэаліст. кірунак. У пасляваен. час у л-ры працуюць маладыя літаратары, аб’яднаныя вакол час. «Heretica» («Ерась», 1948—53), творчасць якіх характарызавалася ўцёкамі ад рэчаіснасці ў філас.-эстэт. разважанні (О.Сарвіг, О.Вівель, Т.Б’ёрнвіг, Ф.Егер). У 1950-я г. ў л-ру прыйшлі т.зв. новыя мадэрністы, якія абвясцілі абнаўленне ў галіне формы і грамадскі радыкалізм (В.Сёрэнсен, К.Рыфб’ерг, П.Себерг, Л.Пандура). Маст. і філас. пошукі гэтых розных па сваёй індывідуальнасці пісьменнікаў не супадалі з агульнымі працэсамі ў грамадстве і прывялі большасць з іх да чарговай эстэт. пераацэнкі, у рэчышча «новага» рэалізму (К.Кампман, Х.Стангеруп, Х.Ё.Нільсен, Е.Х.Сёрэнсен, У.Далеруп, С.О.Мадсен).
Архітэктура. Ад «эпохі вікінгаў» (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) захаваліся рэшткі крэпасцей Трэлебарг на в-ве Зеландыя, Агерсбарг каля Лім-фіёрда. З часу стварэння дацкага каралеўства (10 ст.) і прыняцця хрысціянства (каля 960) пачалося буд-ва драўляных, а з сярэдзіны 11 ст. — каменных (царква Божай Маці ў Роскіле) базілікальных цэркваў. У раманскі перыяд (12 — пач. 13 ст.) будавалі крыжова-купальныя саборы ў Рыбе і Вібаргу. Помнікі готыкі (13 — пач. 16 ст.): саборы ў Роскіле і Одэнсе. У 16 — 1-й пал. 17 ст. будавалі палацы, грамадскія і жылыя будынкі (біржа і палац Росенбарг у Капенгагене), у дэкоры якіх выявіўся ўплыў Адраджэння. Выдатны помнік архітэктуры 18 ст. — ансамбль Амаліенбарг (арх. Н.Эйтвед, Н.Жардэн). Перайманне стыляў інш. эпох і эклектызм характэрны для 2-й пал. 19 ст. У канцы 19 ст. ўзнік нац. рамантызм (арх. М.Нюрап, П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт). Шляхі развіцця сучаснай архітэктуры Д. супадаюць са шляхамі яе развіцця ў Швецыі. Разам з тым захаваліся традыцыі дацкай цаглянай архітэктуры. З 1930-х г. пашыраны функцыяналізм (ун-т у Орхусе, 1932—46, арх. К.О.Фіскер і інш.; Дзярж. радыёцэнтр у Капенгагене, 1938—45, арх. В.Т.Лаўрытсен). Сярод найб. вядомых архітэктараў Д. — А.Якабсен (ратуша ў Рэдаўрэ, 1954—56, будынак авіякампаніі «САС» у Капенгагене, 1959—61, і інш.), аўтар праекта сусв. вядомага опернага т-ра ў Сіднеі (Аўстралія, 1966) Ё.Утсан.
Выяўленчае мастацтва. Помнікі маст. культуры вядомы з 8-га тыс. да н.э.: кромлехі і дальмены эпохі неаліту і бронзы; наскальныя выявы сцэн войнаў і палявання на в-ве Борнхальм эпохі бронзы; сярэбраны посуд і залатыя манеты жал. веку. У размалёўках раманскіх цэркваў («Хрыстос у славе», царква Себю на в-ве Зеландыя) — выявы ў візант. традыцыях у спалучэнні з мясц. арнаментам, які дамінуе і ў скульптуры (алтар з царквы ў Лісб’ергу). З 2-й пал. 15 ст. ў Д. імпартавалася шмат маст. твораў з Германіі, Нідэрландаў, Францыі, прыязджалі майстры, што працавалі тут да сярэдзіны 18 ст. Заснаванне ў Капенгагене АМ (1754) спрыяла развіццю класіцызму, які панаваў у Д. ў 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. У гэты час складваецца нац.маст. школа (скульпт. І.Відэвельт, Б.Торвальдсен, жывапісец Н.Абільгар). У партрэтным і пейзажным жывапісе (В.Эрыксен, Е.Юль) спалучаюцца рысы стыляў барока, ракако і класіцызму. Вызначальнае месца ў жывапісе 1-й пал. 19 ст. належала К.В.Экерсбергу і яго паслядоўнікам К.Кёбке, В.Бендсу, І.Т.Лунбю і інш., творы якіх блізкія да бідэрмееру. Жывапіс мастакоў наступнага пакалення (К.Хансен, В.Марстран) набыў рысы акадэмізму. З 1880-х г. пачаўся росквіт маст. фарфору (сервізы і статуэткі з падглазурнай размалёўкай мяккіх тонаў). Новаму ўздыму жывапісу садзейнічала творчасць мастакоў аб’яднання «Вольная выстаўка» (засн. ў 1891), якія пасяліліся ў в. Скаген (Паўн. Ютландыя) і займаліся вырашэннем праблемы пленэру (рэалісты П.С.Кроер, В.Іохансен, А.Ерндарф, пачынальнік дацкага імпрэсіянізму Т.Філіпсен). Творчасць Філіпсена істотна паўплывала на групу пейзажыстаў і анімалістаў, што паявіліся на в-ве Фюн, — П.Хансена, Ф.Сюберга, І.Ларсена, П.Крысціянсена. Тэму гісторыі Д. ўвасабляў К.Сартман. Мастакі Е.Ф.Вілумсен, В.Хамерсхёй, Э.А.Нільсен імкнуліся да сімвалізму і т.зв. нардычнага экспрэсіянізму. У 1910-я г. ў мастацтве заўважны ўплыў фавізму, кубізму і інш. новых плыней (Х.Гірсінг, Э.Вее). З 1930-х г. у мастацтве панаваў эклектызм (Э.Альфельт, Э.Біле, Э.Якабсен), якому процістаялі рэаліст. жывапіс О.Рудэ, Х.Енсена, графіка І.Крыстэнсена, паліт. і быт. карыкатуры Х.Бідструпа. У скульптуры 1-й пал. 20 ст. працавалі К.Нільсен, Ж.Гоген, І.К.Б’ерг і інш.
Музыка Д. была адносна развітой ужо ў першыя стагоддзі да н.э. Сярод стараж.муз. інструментаў духавыя рог і лур (4 ст. да н.э.). У сярэдневякоўі былі пашыраны героіка-эпічныя песні — драпы, сагі, якія выконвалі скальды. З 12 ст. развіваецца прафес. культавая, у 15—16 ст. і свецкая музыка (прыдворныя капэлы). У 16 ст. на музыку Д. значна паўплывала нідэрландская школа. Найб. значны кампазітар 17 — пач. 18 ст. Дз.Букстэхудэ. Узнікненне дацкай нац. оперы падрыхтавалі зінгшпілі і музыка да драм. спектакляў Ф.Кулаў, а таксама Ф.Кунцэна, І.А.П.Шульца, К.Э.Ф.Вайсе і інш. З 19 ст. вывучаецца нац. фальклор. Лепшыя прадстаўнікі дацкага муз. рамантызму Н.Гадэ, стваральнік першай нац. оперы І.П.Э.Хартман («Маленькая Кірстэн» паводле Х.К.Андэрсена, 1846), К.Хорнеман, П.А.Хейсе. Вял. ролю ў станаўленні нац. балета адыграла дзейнасць А.Бурнанвіля. Заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы К.Нільсен. У розных муз. жанрах вылучыліся кампазітары П.Э.Ланге-Мюлер, К.Рысагер, Ф.Хёфдынг, С.Э.Тарп, А.Хамерык, Э.Хамерык, Ё.Ерсіль, В.Хольмбу, Н.В.Бентсан, П.Нёргар, П.Р.Ольсен і інш. Сярод выканаўцаў дырыжор Э.Туксен, спявак Л.Мельхіяр і інш. У Д. працуюць (1988): 5 кансерваторый, 5 хар. саюзаў, 2 саюзы кампазітараў і інш. Выдаюцца 15 муз. часопісаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў творчасці стараж. скандынаўскіх спевакоў — скальдаў. У сярэднія вякі пашыраны паказы «нараў», містэрый, літургічных драм, маралітэ. У 1722 у Капенгагене адкрыты т-р «Дацкая сцэна» (з 1770 наз. Каралеўскі т-р). Драматургія 18 ст. (асабліва Л.Хольберга) і творчасць выдатных акцёраў (К.А.Г’ельструп і інш.) залажылі асновы нац.камед. акцёрскай школы. У 1-й пал. 19 ст. творы А.Эленшлегера вызначылі развіццё школы акцёраў-рамантыкаў (І.К.Руге, Н.П.Нільсен і інш.). П’есы І.Л.Хейберга, Е.К.Хострупа, Г.Херца спрыялі росквіту сцэн. рэалізму. У канцы 19 ст. ставіліся востракрытычныя, гуманіст. драмы Г.Ібсена. У пач. 20 ст.т-р перажываў крызіс, у 1930-я г. — уздым, які прывёў да росквіту тэатр. мастацтва і драматургіі. Ставіліся антыфаш. спектаклі па п’есах К.Абеля, К.Э.Соі, К.Мунка. У час ням.-фаш. акупацыі ставіліся гіст. п’есы, дацкая класіка, пасля вызвалення — п’есы пра ваенныя гады, гераізм удзельнікаў Руху Супраціўлення. У 1950—70-я г. ставіліся пераважна п’есы сучасных зах.-еўрап. і амер. драматургаў. Да твораў нац. і сусв. класікі звяртаўся найчасцей Каралеўскі т-р, які і цяпер прадаўжае рэаліст. традыцыі. Працуюць Нар.т-р (засн. ў 1857), «Новы тэатр» (1908), «Гладсакс-тэатр» (1964), «Ню Скала» (1912) — усе ў Капенгагене, т-ры ў Ольбаргу, Одэнсе, Орхусе і інш. Дзейнічае Дзярж.драм. школа ў Капенгагене. З 1979 праходзяць міжнар. «Фестывалі блазнаў», дзе прадстаўлены тэатр. калектывы ўсіх жанраў.
Кіно. Пачынальнік дацкага кінематографа — фатограф Л.П.Эльфельт, які ў 1896—97 зняў першы дакумент., а ў 1903 — маст. фільмы. З 1906 дзейнічала кінастудыя «Нордыск фільмс компані» (засн. О.Ольсен), што набыла міжнар. вядомасць дзякуючы фільмам В.Ларсена, П.У.Гада, А.Блома, АВ.Сандберга з удзелам вядомай актрысы нямога кіно А.Нільсен. У пач. 20 ст. кіно Д. займала вядучае месца ў Еўропе (штогод стваралася каля 150 фільмаў). Далейшае яго развіццё прыпыніла эміграцыя вядучых кінарэжысёраў. У 1920-я г. здымаліся камедыі Л.Лаўрытсена з удзелам комікаў Х.Мадсена і К.Шэнстрэма (вядомыя як Пат і Паташон). У канцы 1920-х—30-я г. вытворчасць фільмаў рэзка знізілася. У гады ням.-фаш. акупацыі развівалася дакумент. кіно (К. і Ё.Рос, Т.Крыстэнсен, A. і Б.Хенінг-Енсен, О.Пальсба). У 1950-я г. кіно Д. аддавала ўвагу сац. праблемам. Але яго развіццё стрымлівала ўзнікненне тэлебачання. У 1972 у Д. створаны Дзярж.ін-т кіно. У 1960-я г. маніфестам кіно Д. стала творчасць П.К’ерульфа-Шміта. У 1970—80-я г. вылучыліся карціны, прысвечаныя моладзі (рэж. Н.Мальмрас, М.Арнфрэд, Б.Аўгуст). Папулярнасцю карыстаецца серыя камедый Э.Балінга пра шайку Ольсена (з удзелам коміка О.Спрогё), а таксама фільмы Х.Карлсена і Е.Б.Карлсена, Э.Клаўсена, А.Хенінг-Енсен, Г.Акселя, К.Рострупа з удзелам акцёраў Г.Бюрне, Х.Мірэн, К.Бале.
Літ.:
Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе: Ист.-археол. очерки. Л., 1985;
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Коган М.А. Просвещенный абсолютизм в Дании. Реформы Струензе. Лекция. М., 1972;
Кудрина Ю.В. Дания в годы второй мировой войны. М., 1975;
Карлсен А.-В. Современная Дания. М., 1981;
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;
Искусство стран и народов мира. Т. 1. М., 1962;
Danmarks arkitektur. Bd 1—5. Lund;
København, 1979—80;
Мохов Н. Некоторые страницы истории датской музыки // Исследования исторического процесса классической и современной зарубежной музыки. М., 1980;
Schirring N. Musikkens historie i Danmark. Bd 1—3. København, 1977—78.
Герб і сцяг Даніі.Да арт.Данія. Будынкі фахверкавай канструкцыі ў г. Орхус.Да арт.Данія. Узбярэжжа зал. Орхус-Бугт на паўвостраве Ютландыя.Да арт.Данія. Краявід паблізу г. Капенгаген.Да арт.Данія. Карона караля Крысціяна IV.Да арт.Данія. Б.Торвальдсен. Ганімед. 1804.Да арт.Данія. Вадзяны млын на востраве Фюн. 1700—1800.Да арт.Данія. І.Т.Лунбю. Царква ў Калунбаргу. 1837.Да арт.Данія. Ратуша ў Орхусе. Арх. А.Якабсен і інш. 1938—42.Да арт.Данія. Адна з залаў Музея Торвальдсена ў Капенгагене.Да арт.Данія. К.Кёбке. Сястра мастака. 1831.Да арт.Данія. Царква Грунтвіга ў Капенгагене. Арх. П.В.Енсен-Клінт, К. Клінт 1921—40.Да арт.Данія. Інтэр’ер жылога пакоя сялянскага дома з вострава Зеландыя. 1800.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАМБІ́К (Moçambique),
Рэспубліка Мазамбік (República de Moçambique), дзяржава на ПдУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на З з Малаві, Замбіяй і Зімбабве, на ПдЗ з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У абмываецца Мазамбікскім пралівам Індыйскага ак.Пл. 802 тыс.км². Нас. 18 641 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г.Мапуту. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. М — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу прадстаўнікоў, які складаецца з 250 дэпутатаў, выбраных насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прызначаны прэзідэнтам урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. М. выцягнута ўздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. на 3 тыс. км. Берагавая лінія на Пн ад г. Мазамбік расчлянёная, берагі невысокія, але скалістыя і стромкія, на Пд — нізкія, плоскія, забалочаныя, з пясчанымі пляжамі і мангравымі зараснікамі. Усх. частка краіны занята ўзгорыстай, месцамі забалочанай Мазамбікскай нізінай (шыр. ад 80 км на Пн да 400 км на Пд). На Пн размешчана частка Усх.-Афр. пласкагор’я з плато Ньяса і Мазамбікскім (выш. да 2419 м), на З — плато Матабеле (г. Бінга, 2436 м — найвышэйшы пункт М.), складзеныя з гранітаў і гнейсаў, моцна парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж мяжы з ПАР — вулканічныя горы Лебомба. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., танталавыя, тытанавыя, медныя, берыліевыя, і літыевыя руды, баксіты, фасфарыты, золата, прыродны газ, азбест, вапнякі, мармур, каштоўныя камяні. Клімат на Пн субэкватарыяльны, на Пд трапічны. Сярэднія т-ры студз. на Мазамбікскай нізіне 26—30 °C, ліп. 15—20 °C, на пласкагор’і — ніжэй на 3—5 °C. Ападкаў за год 750—1000 мм на пласкагор’і і на Пд Мазамбікскай нізіны, да 1500 мм на Пн. Вільготны сезон з ліст. да крас.—мая. Буйныя рэкі: Замбезі, Лімпопа, Саві, Рувума, парожыстыя на плато і суднаходныя на нізіне. У межах М. ўсх. бераг воз. Ньяса (Малаві). Вадасховішча Кабора-Баса. Пераважаюць чырвона-бурыя глебы саваннаў, на паўн. плато — карычнявата-чырвоныя глебы сухіх лясоў, у далінах рэк — алювіяльныя. Расліннасць — саванны, на Пн рэдкалессі, на высокіх участках плато горныя лясы, па берагах буйных рэк вечназялёныя галерэйныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў; шматлікія віды пальмаў. У жывёльным свеце сланы, антылопы, зебры, насарогі, львы, леапарды, гіены і інш.Нац. паркі: в-ваў Мазамбік (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Гарангоса, Баньіне, Зінаве, Базарута, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 99,6% складаюць народы моўнай сям’і банту. на ПнУ краіны жывуць макуа, на Пд ад ракі Саві — тсонга, у бас.р. Замбезі і ў раёне воз. Ньяса — малаві, у міжрэччы Саві і Замбезі — шона. Выхадцы з Еўропы і Азіі жывуць пераважна ў гарадах (партугальцы, індыйцы, пакістанцы). Асн. частка афр. насельніцтва (50%) — прыхільнікі мясц.традыц. культаў, 30% — хрысціяне (католікі), 20% — мусульмане. Прырост насельніцтва 2,6%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены раёны на Пд і ўздоўж узбярэжжа. У гарадах жыве 35% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Мапуту — больш за 1200, Бейра — каля 350, Нампула — каля 250.
Гісторыя Найб.стараж. насельніцтва М. — бушмены і гатэнтоты, выцесненыя ў 5—8 ст. плямёнамі банту. З 8 ст. сюды праніклі арабы, якія заснавалі на ўзбярэжжы М шэраг гандл. цэнтраў. Да пач.2-га тыс. ў міжрэччы Замбезі — Лімпопа склалася дзярж. ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вял. гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі. У 1498 М. наведаў партуг. мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны 16 ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы М. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пач. 18 ст.; у 16—19 ст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 партуг. ўладанні ў паўд.-ўсх. Афрыцы аб’яднаны ў адзімую калонію М. На працягу 19 ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая была заваявана ў пач. 20 ст. У 1951 М. абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 — яе «заморскім штатам». Грамадз. правамі карысталася толькі невял. група т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 на базе нац.-вызв.афр. арг-цый створаны Фронт вызвалення М. (ФРЭЛІМО) на чале з Э.Мандлане (з 1969 — С.Машэлам). У 1964 ФРЭЛІМО пачаў узбр. паўстанне супраць партуг. панавання і да 1974 кантраляваў значную ч. М. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў вер. 1974 паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада М. 25.6.1975 абвешчана Нар. Рэспубліка М. (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. У 1977 ФРЭЛІМО ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977), узяты курс на пабудову ў М. сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да пагаршэння эканам. становішча М. і росту незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэр.Паўд. Радэзіі (цяпер Зімбабве) Мазамбікскага нац. супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А.Длакамам, якое пачало ўзбр. барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваен. дзеянняў 1977—92 загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканам. рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 Ж.А.Чысана. У 1989 ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 дзейнічае новая канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. У кастр. 1992 падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у паліт. партыю. На ўсеагульных выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана зноў выбраны прэзідэнтам М. Дзейнічаюць паліт. партыі: партыя ФРЭЛІМО, Мазамбікскае нац. супраціўленне (РЭНАМО), Дэмакр.саюз. М. — член ААН (з 1975), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці (з 1995).
Гаспадарка. М. — аграрная краіна. З 1987 адбываецца пераход да рыначных адносін у эканоміцы. Праграма эканам. аднаўлення накіравана на развіццё сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і лёгкай прам-сці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. каля 670 дол. ЗША (1994). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае 46% ВУП. У ёй занята каля 80% эканам. актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца каля 4% тэрыторыі, пераважае лядна-агнявое земляробства. Асн. экспартныя культуры: бавоўнік (вырошчваюць у правінцыях Замбезія, Нампула, Сафала, Кабу-Дэлгаду), арэх кэш’ю (уздоўж узбярэжжа), цукр. трыснёг (даліна Замбезі), цытрусавыя, чай, какосавая пальма, сізаль, джут, тытунь. Для ўнутр. патрэб вырошчваюць кукурузу (збор 734 тыс. т, 1995), рыс (113), сорга (243), батат (72), маніёк (4,2 млн. т), арахіс, сланечнік, бананы, памідоры, фасолю, садавіну. Асн. відамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 10%. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ (Газа, Мапуту). Пагалоўе (млн. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 1,28, авечак — 0,21, коз — 0,38, свіней — 0,16. Вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — 38, свініны — 13, мяса птушкі — 29, каровінага малака — 59, казінага малака — 10. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Улоў рыбы і крэветак каля 30 тыс. т штогод. Развіта лясная гаспадарка, у т. л. нарыхтоўка драўніны каштоўных парод дрэў (эбенавае, жалезнае, ружовае). На долю прам-сці прыпадае каля 27% ВУП. У сувязі са спадам вытв-сці большая ч. прадпрыемстваў працуе на 10—40% магутнасці. Вядучая галіна — горназдабыўная. Вядзецца здабыча (тыс. т) каменнага вугалю — каля 30, баксітаў — каля 20, танталавай і жал. руды, каштоўных і паўкаштоўных камянёў (гранат, ізумруд, аквамарын, тапаз і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 465 млн. кВт гадз пераважна на ГЭС. Больш за 50% электраэнергіі экспартуецца з ПАР. Харч.прам-сць (цукр., алейная, мукамольная, кансервавая, рыбная, мясная) працуе на мясц. сыравіне. Асн. цэнтры: Мапуту, Бейра, Шымойо. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (перапрацоўка і вытв-сць вырабаў з бавоўны, копры, сізалю, джуту), трыкат., абутковая. Прадпрыемствы ў Шымойо, Нампуле, Мапуту, Бейры, Накале. Хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць угнаенняў, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, сернай к-ты, аўтапакрышак) у Мапуту і Бейры. Дрэваапр.прам-сць развіта ў Мапуту, Бейры, Нампуле (мэблевая) і ў Іньямінзе (цэлюлозна-папяровая). Ёсць невял. прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. прам-сці па вытв-сці і рамонце трансп. сродкаў. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент) у Мапуту, Накале і інш.Даўж. чыгунак 4 тыс. км, аўтадарог 36 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км, водных шляхоў 3,8 тыс. км. Асн.трансп. магістралі служаць для транзітных перавозак паміж партамі М. і суседнімі краінамі. Гал. марскія парты: Мапуту, Бейра, Накала, Келімане. Міжнар. аэрапорты ў Мапуту і Бейры. Нафтаправод Бейра—Мутарэ (Зімбабве). Экспарт (150 млн.дол. ЗША, 1994): крэветкі, арэхі кэш’ю, бавоўна, цукар, копра, чай, цытрусавыя, драўніна, каксавальны вугаль, танталавы канцэнтрат.
Імпарт (1 млрд.дол. ЗША, 1994): нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, прамысл. сыравіна, тэкстыль, спажывецкія і харч. тавары. Асн.гандл. партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, Партугалія, Іспанія. Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляюцца пераводы ад мазамбікцаў, якія працуюць у ПАР, і зборы ад транзітных грузаў. Грашовая адзінка — метыкал.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мазамбіка.Да арт.Мазамбік. Цэнтральная частка г. Мапуту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧАНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ, ЗША (United States of America, USA),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае сярэднюю (48 штатаў) і паўн.-зах. (штат Аляска) часткі мацерыка, Гавайскія а-вы ў Ціхім ак. На Пн мяжуе з Канадай, на Пд — з Мексікай; на У абмываецца Атлантычным, на З — Ціхім акіянамі. Пл. 9809 тыс.км² (3-я па велічыні краіна свету пасля Расіі і Канады). Нас. 265,6 млн.чал. (1995, 3-е месца ў свеце пасля Кітая і Індыі). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Вашынгтон. Падзяляецца на 50 штатаў і адну федэральную (сталічную) акругу Калумбія, якія па тэр. прыкметах складаюць 9 груп (адм. падзел ЗША у табл., гл. таксама асобны арт. пра кожны штат). Існуе гіст. і эканам. падзел на Поўнач, Поўдзень, Захад. Пад суверэнітэтам ЗША Пуэрта-Рыка, частка Віргінскіх а-воў, Усходняе Самоа, Гуам і шэраг астравоў у Акіяніі. Нац. святы: Дзень нараджэння Дж.Вашынгтона (22 лют.), Дзень незалежнасці (4 ліп.), Дзень ветэранаў, або Дзень прымірэння (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. ЗША — федэратыўная рэспубліка, якая складаецца з 50 штатаў і федэральнай (сталічнай) акр. Калумбія. У краіне дзейнічае канстытуцыя 1787 з 10 папраўкамі («Біль аб правах»), прынятымі ў 1791, і 17 папраўкамі, прынятымі ў 1795—1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца двухступеньчатым галасаваннем на 4 гады; разам з ім выбіраецца віцэ-прэзідэнт. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі: правам вета на рашэнні кангрэса; правам выдаваць загады, што маюць абавязковую сілу; з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узбр. сіламі; узначальвае кабінет міністраў (сакратароў), якіх назначае са згоды сената; мае права памілавання і інш. Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць кангрэсу, які складаецца з 2 палат — сената і палаты прадстаўнікоў. Сенат уключае 100 членаў (выбіраюцца насельніцтвам праз прамыя выбары па 2 члены ад кожнага штата на 6 гадоў, кожныя 2 гады абнаўляецца ⅓ сената). Палата прадстаўнікоў складаецца з 435 членаў, што выбіраюцца на 2 гады.
Кожны штат мае сваю канстытуцыю, сістэму вышэйшых і мясц. органаў улады і кіравання. Заканад. ўлада належыць заканад. сходам, якія выбіраюцца на 2—4 гады, выканаўчая — губернатарам, якія, як правіла, таксама выбіраюцца насельніцтвам.
Суд. сістэма ЗША уключае федэральныя суды, суды штатаў і мясц. суды, складаецца з 85 раённых, 11 акр. (апеляцыйных) судоў і Вярх. суда ЗША. Усе суддзі гэтай сістэмы назначаюцца прэзідэнтам са згоды сената. Вярх. суд, апрача функцый па разгляду некат. важных спраў і нагляду за дзейнасцю ніжэйшых судоў, выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду.
Прырода. Рэльеф разнастайны. Паверхня ЗША падзяляецца на 2 часткі: сярэднюю і ўсх. — раўнінную з невысокімі гарамі і зах. — горную. На У і ПдУ плоскія нізіны: Прыатлантычная з п-вам Фларыда і Прымексіканская. На З ад Прыатлантычнай нізіны з ПнУ на ПдЗ цягнуцца стараж. палеазойскія моцна разбураныя горы Апалачы. Тэр. паміж Кардыльерамі і Апалачамі займаюць Цэнтр. раўніны выш. 200—300 м і Вял. раўніны выш. 500—1700 м над узр. м. На мяжы паміж Цэнтр. раўнінамі і Прымексіканскай нізінай невысокія плато Озарк і горы Уошыта. Зах. частка ЗША і штат Аляска заняты горнай сістэмай Кардыльераў; на У вулканічныя Каскадныя горы і хр. Сьера-Невада выш. да 4418 м (г. Уітні). Найвыш. пункт — г. Мак-Кінлі (6193 м) на Алясцы, найніжэйшы — упадзіна Даліны Смерці (-85 м) у Каліфорніі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа занята маладымі Берагавымі хрыбтамі альпійскай складкавасці выш. да 2529 м. На крайнім ПдЗ ЗША частыя землетрасенні. У ЗША здабываецца больш за 100 відаў карысных выкапняў, аднак некаторымі цалкам не забяспечаны. Запасы нафты 3,7 млрд.т (1995). Найбуйнейшае радовішча Прадха-Бей (Аляска). Большая частка запасаў на шэльфе Мексіканскага зал., Ціхага і Ледавітага акіянаў. Прыроднага газу 4,6 трлн. м³ (1995). Каменны вугаль у Апалачскім, Пенсільванскім, Ілінойскім і інш. басейнах (больш за 380 млрд.т). Асн. запасы жал. руды ў раёне Верхняга воз., урану — на плато Каларада; у Кардыльерах малібдэн (40% сусв. запасаў), вальфрам, медзь, цынк, золата і серабро, у даліне Місісіпі свінцова-цынкавыя руды. Вял. запасы фасфатнай сыравіны і серы (на Пд), значныя запасы тытанавых, берыліевых, кобальтавых, літыевых, сурмяных, ртутных руд, баксітаў, калійных солей, прыроднай соды, флюарыту барыту, азбесту, каштоўных і вырабных камянёў, разнастайных буд. матэрыялаў і інш.Асн. частка тэр. ЗША знаходзіцца ва ўмераным і субтрапічным паясах, паўд.ч. Фларыды і Гавайскія а-вы — у трапічным поясе, Аляска — у арктычным і субарктычным. У межах б.ч. краіны клімат кантынентальны, на ўзбярэжжы Ціхага ак. і на ПдУ — акіянічны. Сярэдняя т-растудз. ад -16 °C да -18 °C на ПнЦэнтр. раўнін і ад 12 °C на ПдЗ да 20 °C на п-ве Фларыда; ліп. 16 °C на ПнЗ і ад 20 °C да 26 °C на У; на п-ве Фларыда і ў Каліфарнійскай даліне ад 22 да 28 °C. На ўнутр. плато Кардыльераў т-ра дасягае 40 °C (у Даліне Смерці 56,7 °C, найвыш.т-раЗах. паўшар’я). Ападкаў 1200—1500 мм на ПнЗ і ПдУ і 400—700 мм у цэнтр. частках краіны, на плато Кардыльераў ад 200 да 500 мм за год. Максімум ападкаў выпадае на зах. схілах Каскадных гор (6000 мм за год) і на Гавайскіх а-вах (да 12 000 мм), мінімум (100 мм за год) — у пустынях па ніжнім цячэнні р. Каларада. Найб.р.Місісіпі з прытокамі Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер, Агайо і інш. Рэкі Кардыльераў (Калумбія з Снейкам, Каларада) горнага характару, са значнымі запасамі гідраэнергіі. У засушлівых абласцях Вялікага басейна рэкі кароткія, паўнаводныя толькі зімой. Рэкі прыатлантычных раўнін кароткія, паўнаводныя, у ніжнім цячэнні суднаходныя. На Алясцы найб.р. Юкан. Вылучаецца сістэма Вялікіх азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пад лесам каля 35% тэр. краіны. Размяшчэнне глебава-раслінных зон вызначаецца змяненнем колькасці цяпла з Пн на Пд і сухасці з У на З. На ПнУ і ў раёне Вялікіх азёр хваёва-шыракалістыя лясы на дзярнова-падзолістых глебах, у сярэдняй ч. Прыатлантычнай нізіны і ў паўд. Апалачах — шыракалістыя лясы. На Пд Місісіпскай і Прыатлантычнай нізін, а таксама на Пн п-ва Фларыда субтрапічныя вечназялёныя лясы. На З ад Місісіпі да 100°зах. д. высакатраўныя прэрыі. На Вял. раўнінах прэрыі пераходзяць у сухія стэпы з чарназёмнымі, каштанавымі і карычневымі глебамі. Унутр. плато і пласкагор’і заняты сухімі стэпамі, палыннымі пустынямі з шэразёмамі і бурымі глебамі, якія на Пд пераходзяць у хмызняковыя пустыні. На Ціхаакіянскім узбярэжжы расліннасць змяняецца ад хваёвых лясоў на Пн да сухалюбівага хмызняку на Пд. Пад лясамі горныя бурыя лясныя глебы, пад хмызнякамі горныя карычневыя і горныя шэра-карычневыя. Жывёльны свет мае шмат агульных рыс з Еўропай і Азіяй, найлепш захаваўся на Алясцы, у запаведніках і нац. парках. Найб.нац. паркі — Йелаўстонскі, Іасеміцкі, Секвоя, Гранд-Каньён, Глейшэр, Вял. Тэтан.
Насельніцтва. Большасць — амерыканцы, нацыя, якая ўтварылася ад змяшання нашчадкаў перасяленцаў з розных краін Еўропы, а таксама неграў-рабоў з Афрыкі. Сярод імігрантаў 17—18 ст. пераважалі англічане, якія сталі ядром амер. народа, шатландцы, галандцы, немцы, ірландцы; з 3-й чвэрці 19 ст. — немцы, ірландцы, англічане, выхадцы з скандынаўскіх краін, пазней — італьянцы і перасяленцы з краін Паўд. і Усх. Еўропы. У ЗША паводле неафіц. звестак каля 500 тыс. беларусаў. У 20 ст. ў эміграцыі ўзмацняецца доля перасяленцаў з Канады, Мексікі, Вест-Індыі. Белыя складаюць каля 85%, чорныя — 12%, астатнія — выхадцы з Азіі, астравоў Ціхага ак., індзейцы (каля 0,8%), эскімосы, алеуты. Выхадцы з Лацінскай Амерыкі (розных рас) складаюць 6,4%. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (баптысты, лютэране, прэсвітэрыяне і інш.) — 55%, католікі — 30%, ёсць іудаісты (3%), праваслаўныя, мусульмане, будысты і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 26,7 чал. на 1 км²; на З паступова памяншаецца, у Горных штатах каля 6, у Ціхаакіянскіх — каля 16, на Пд — 38 чал. на 1 км². На размяшчэнне насельніцтва ўплываюць унутр. міграцыі. У 1980-я г. насельніцтва ЗША павялічылася на 9,8%, у т. л. Поўдня на 13,4%, Захаду на 22,3, Паўн. Усходу на 3,4, Сярэдняга Захаду на 1,4%. Паскоранымі тэмпамі расце насельніцтва ў т.зв. «сонечным поясе» — Каліфорніі, Тэхасе, Фларыдзе (амаль 50% прыросту ўсяго насельніцтва). У 1980-я г. колькасць негрыцянскага насельніцтва павялічылася на 13%, а белага (без іспанамоўнага) — на 4%. Хутка расце колькасць іспанамоўнага насельніцтва (асабліва мексіканцаў, пуэртарыканцаў, кубінцаў). 45% насельніцтва жыве ў субурбанізаваных зонах (прыгарадах), 30 — у гарадах і 25 — у сельскіх раёнах. Найб. гарады (1994, тыс.ж.): Нью-Йорк — 7333, Лос-Анджэлес — 3449, Чыкага — 2732, Х’юстан — 1702, Філадэльфія — 1524, Сан-Дыега — 1152, Фінікс — 1049, Далас — 1023. Вакол вял. гарадоў склаліся гар. агламерацыі. Найбольшыя з іх (1994, млн.ж.): Нью-Йоркская — 18, Лос-Анджэлеская — 14,5, Чыкагская — 8, Сан-Францыская — 6,2, Філадэльфійская — 5,9. У прыгарадах усё больш канцэнтруюцца камерцыя, прам-сць, індустр. паркі і інш. Некаторыя суседнія агламерацыі зліліся і ўтварылі мегалопалісы: Прыатлантычны (ад Бостана да Вашынгтона), Прыазёрны (ад Чыкага да Пітсбурга) і Каліфарнійскі (ад Сан-Францыска да Сан-Дыега).
Адміністрацыйны падзел ЗША, плошча і насельніцтва штатаў на 1996
Назва штата
Плошча, тыс.км²
Насельніцтва, тыс. чал.
Штаты Новай Англіі
Вермонт
24,9
589
Канектыкут
12,9
3274
Масачусетс
21,5
6092
Мэн
86,0
1243
Нью-Гэмпшыр
24,1
1162
Род-Айленд
3,2
990
Сярэднеатлантычныя штаты
Нью-Джэрсі
20,3
7988
Нью-Йорк
128,4
18 185
Пенсільванія
117,4
12 056
Цэнтр. штаты Паўн. Усходу
Агайо
106,7
11 173
Вісконсін
145,4
5160
Ілінойс
146,1
11 847
Індыяна
94,1
5841
Мічыган
150,8
9594
Цэнтр. штаты Паўн. Захаду
Аява
145,8
2852
Канзас
213,1
2572
Мінесота
217,8
4658
Місуры
180,4
5359
Небраска
200,0
1652
Паўд. Дакота
199,5
732
Паўн. Дакота
183,1
644
Паўд.-Атлантычныя штаты
Віргінія
105,7
6675
Джорджыя
152,6
7353
Дэлавэр
5,3
723
Зах. Віргінія
62,6
1826
Калумбія (акруга)
0,2
543
Мэрыленд
27,4
5072
Паўд. Караліна
80,4
3699
Паўн. Караліна
136,6
7323
Фларыда
151,7
14 400
Цэнтр. штаты Паўд. Усходу
Алабама
133,7
4273
Кентукі
104,6
3884
Місісіпі
123,6
2716
Тэнесі
109,4
5320
Цэнтр. штаты Паўд. Захаду
Аклахома
181,1
3301
Арканзас
137,5
2510
Луізіяна
125,7
4351
Тэхас
692,1
19 128
Горныя штаты
Айдаха
216,4
1189
Арызона
295,0
4428
Ваёмінг
253,6
481
Каларада
269,9
3823
Мантана
381,1
879
Невада
286,3
1603
Нью-Мексіка
315,1
1713
Юта
219,9
2000
Ціхаакіянскія штаты
Арэгон
251,2
3204
Аляска
1519,0
607
Вашынгтон
176,6
5533
Гаваі
16,7
1184
Каліфорнія
411,0
31 878
Гісторыя. Тэр. сучасных ЗША са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны і эскімосы (Аляска). Адкрытую ў 1492 Паўн. Амерыку каланізавалі з 16 ст. Іспанія, Францыя, Англія, Нідэрланды, Швецыя. У 18 ст. Аляску адкрылі і пачалі асвойваць рускія, а ў пач. 19 ст.рус. пасяленні з’явіліся ў Каліфорніі. Першая англ. калонія заснавана ў 1607 на Атлантычным узбярэжжы (Віргінія). На працягу 17—18 ст. там утварылася 13 англ. калоній з насельніцтвам каля 2,6 млн.чал., якія склалі 3 групы: Новая Англія (паўн.), сярэднеатлантычная і паўднёвая. У першых 2 развіваліся рамёствы, мануфактурная вытв-сць і фермерства, на поўдні — буйныя плантацыі з выкарыстаннем працы рабоў, пераважна неграў, якіх прывозілі з Афрыкі. Калоніі развіваліся па капіталіст. шляху і не жадалі быць крыніцай сыравіны і рынкам збыту для брыт. прам-сці. Эканам. палітыка брыт. ўрада тармазіла развіццё калоній, што выклікала іх супраціўленне і прыводзіла да грамадскіх беспарадкаў (бостанская разня 1770, «бостанскае чаяпіцце» 1773). На скліканым у 1774 Кантынентальным кангрэсе прынята рашэнне аб сумесных дзеяннях калоній супраць Вялікабрытаніі. Узбр. сутычкі каланістаў з брыт. войскамі сталі пачаткам вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Другі Кантынент. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776, паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 незалежнасць ЗША прызнала Вялікабрытанія. У 1787 Кантынент. кангрэс прыняў канстытуцыю ЗША, якая вызначыла статус краіны як федэратыўнай рэспублікі. У час абмеркавання канстытуцыі вылучыліся 2паліт. групоўкі (антыфедэралісты і федэралісты), якія далі пачатак стварэнню ў ЗША двухпарт. сістэмы (канчаткова сфарміравалася ў 19 ст., гл.Дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя). У 1791 набылі сілу першыя 10 паправак да канстытуцыі («Біль аб правах»), якія абвясцілі асн.дэмакр. свабоды. Першым прэзідэнтам ЗША выбраны Дж.Вашынгтон (1789—97). Пагрозай незалежнасці ЗША стала англа-амерыканская вайна 1812—14, якая не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. З гэтага часу замежная палітыка ЗША была скіравана на выцясненне еўрап. дзяржаў з Амерыкі, што засведчыла Манро дактрына (1823).
З пач. 19 ст. ЗША пашырылі сваю тэрыторыю: у 1803 у Францыі куплена Луізіяна, у 1819 аслабелая Іспанія вымушана была аддаць Фларыду і ўсю зах.ч. мацерыка вышэй 42-й паралелі; у выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 ЗША захапілі амаль палавіну тэр. Мексікі: Тэхас, Верхнюю Каліфорнію, Арызону і Новую Мексіку. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 19 ст. выразна падзяліў краіну на 2 часткі: Поўнач, дзе дынамічна развіваліся прам-сць, гандаль, самакіраванне, і Поўдзень, дзе захоўваліся рабства і плантацыйная гаспадарка. Спрэчкі пра рабства выклікалі паліт. крызіс у дзяржаве, парадзілі абаліцыянісцкі рух (гл.Абаліцыянізм) і пагражалі распадам федэрацыі. Спробы заключыць пагадненні (Місурыйскі кампраміс 1820, кампраміс 1850, біль Канзас-Небраска 1854) не далі выніку. У 1860 існавала 15 рабаўладальніцкіх штатаў і 18 штатаў, дзе рабства было забаронена. Стварэнне ў 1854 Рэсп. партыі, праграма якой выражала інтарэсы Поўначы, і абранне ў 1860 прэзідэнтам кандыдата гэтай партыі А.Лінкальна сталі непасрэднай прычынай грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, якая скончылася перамогай Поўначы. Гэта дазволіла захаваць адзінства дзяржавы і ліквідаваць рабства. У 1867 ЗША набылі ў Расіі Аляску і Алеуцкія а-вы. Да канца 19 ст. ў ЗША адбыліся глыбокія эканам., грамадскія і паліт. змены; праведзена Рэканструкцыя Поўдня 1865—77. Хутка павялічылася насельніцтва краіны (у 1860—31,5 млн., у 1900—76 млн., у т. л. каля 14 млн. эмігрантаў). Эканам. рост, хоць і перарываны крызісамі, штогод перавышаў 10% і быў найбольшы ў свеце. Дынамічна развіваліся прам-сць, сельская гаспадарка, транспарт. Экспарт тавараў за 1866—1900 павялічыўся ў 3 разы. У выніку прафс. руху створаны арг-цыі Ордэн рыцараў працы, Амерыканская федэрацыя працы (1881), Індустрыяльныя рабочыя свету (1905) і інш. У 1886 у 1600 забастоўках прынялі ўдзел 600 тыс. рабочых. Пасаду прэзідэнта ў гэты час займалі пераважна прадстаўнікі Рэсп. партыі, якія рэалізоўвалі інтарэсы буйнога капіталу. Знешнюю палітыку ЗША характарызавалі ізаляцыянізм, нацыяналізм, а з 1890-х г. — панамерыканізм. Рост эканам. магутнасці краіны спрыяў зараджэнню імперыял. мыслення, што дало пачатак ператварэнню ЗША у сусв. дзяржаву 3 часоў прэзідэнта У.Мак-Кінлі ЗША пачалі праводзіць палітыку экспансіянізму: у 1898 анексіравалі Гаваі, пачалі іспана-амерыканскую вайну 1898, у выніку якой падпарадкавалі Кубу, захапілі Пуэрта-Рыка і Філіпіны. Гэтую палітыку прадаўжалі прэзідэнты Т.Рузвельт, У.Х.Тафт, Т.В.Вільсан, пашыраючы і ўзмацняючы ўплыў ЗША у Лац. Амерыцы (у 1903 захапілі зону Панамскага канала) і на Д. Усходзе («Адчыненых дзвярэй палітыка»). Рузвельт даў пачатак правядзенню ў дзяржаве рэформ т.зв. эры прагрэсу, якія працягвалі абодва яго пераемнікі.
У пач. 1-й сусв. вайны Вільсан абвясціў нейтралітэт ЗША, але актыўна дапамагаў зах. саюзнікам. 6.4.1917 ЗША уступілі ў вайну на баку Антанты і накіравалі ў Францыю каля 2млн. салдат (загінула каля 112 тыс.). Удзел ЗША у вайне прадвызначыў яе зыход. Распрацаваныя Вільсанам палажэнні мірнага дагавора і яго праграма «14 пунктаў» ляглі ў аснову рашэнняў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Аднак кангрэс ЗША не ратыфікаваў Версальскі мірны дагавор 1919 і не даў згоды на ўступленне ЗША у Лігу Нацый. ЗША не прызналі Сав. Расію. У 1921 яны заключылі асобныя мірныя дагаворы з Германіяй, Аўстрыяй і Венгрыяй. Ва ўнутр. справах прэзідэнты-рэспубліканцы У.Гардынг і К.Кулідж праводзілі палітыку мінім. ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Дынамічна развівалася прам-сць, экспарт і замежныя інвестыцыі павялічыліся ў некалькі разоў, долар стаў асн. валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША ператварыліся ў найбуйнейшую эканам. дзяржаву свету, а Зах. Еўропа стала іх даўжніком. Гэта прыцягвала ў ЗША эмігрантаў, у 1930 насельніцтва ЗША складала больш за 122 млн.чал. Крах на нью-йоркскай біржы (24.10.1929, «чорны чацвер») даў пачатак у ЗША сусв.эканам. крызісу. Вытв-сць у краіне знізілася ў 2 разы, беспрацоўе дасягнула 25%, асабліва цяжкім было становішча фермераў (1/4 з іх пазбавілася зямлі).
Выйсце з крызісу пачалося ў 1932, калі на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат дэмакратаў Ф.Д.Рузвельт, які прапанаваў праграму шырокага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прам-сць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканам. ажыўленне, рост ваен. прам-сці спрыяў ліквідацыі ў 1939 беспрацоўя. У 1933 Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лац. Амерыкі, у гэтым жа годзе ўстаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. Кангрэс прыняў чарговыя законы аб нейтралітэце (1935, 1936, 1937), у якіх ЗША дыстанцыраваліся ад еўрап. канфліктаў. Пасля пачатку 2-й сусв. вайны 4.11.1939 прынята папраўка да закону 1937, якая дазваляла продаж зброі, што дапамагло краінам, якія ваявалі з дзяржавамі фаш. блоку, паспрыяла прыняццю закону аб ленд-лізе (1941) і аказанню ў 1941—45 значнай дапамогі саюзнікам. 12.3.1941 Рузвельт і У.Чэрчыль падпісалі Атлантычную хартыю, якая вызначала прынцыпы палітыкі ЗША і Вялікабрытаніі ў ходзе і пасля 2-й сусв. вайны.
7.12.1941 Японія атакай на Пёрл-Харбар пачала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША уступілі ў вайну, 11 снеж. ім аб’явілі вайну Германія і Італія. ЗША сталі чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Удзел ЗША з 1941 у ваен. дзеяннях у Азіі, на Ціхім і Атлантычным акіянах, з 1942 у Афрыцы, з 1943 у Еўропе (15 млн. салдат, страты — каля 1,1 млн.), яе магутная ваен.вытв-сць зрабілі значны ўплыў на ход і вынікі вайны. ЗША удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыях, якія мелі на мэце каардынацыю стратэгіі саюзнікаў. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 і Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі 3 дзяржаў вызначылі свае планы канчатковага разгрому агульнага ворага, дамовіліся аб правядзенні агульнай палітыкі ў адносінах да Германіі пасля яе поўнага паражэння і безагаворачнай капітуляцыі. На Патсдамскай канферэнцыі 1945 ЗША прадстаўляў прэзідэнт Р.Трумэн, ім было прынята рашэнне аб атамнай бамбардзіроўцы Хірасімы (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945), каб прымусіць Японію да безагаворачнай капітуляцыі (2.9.1945). 2-я сусв. вайна завяршыла працэс пераўтварэння ЗША у звышдзяржаву. Актыўнасць на міжнар. арэне стала вызначальнай у знешняй палітыцы краіны, асн. палажэнні якой былі сфармуляваны ў Трумэна дактрыне. ЗША аказвалі фін. дапамогу Еўропе (гл.Маршала план), але СССР і інш.сацыяліст. краіны адмовіліся ад яе. Пачаўся перыяд «халоднай вайны». ЗША узялі на сябе ролю лідэра некамуніст. свету. Асн. прынцыпам іх міжнар. палітыкі стала пашырэнне ўплыву ЗША, процідзеянне росту міжнар. аўтарытэту і ўплыву СССР, гарантаванне бяспекі і эканам. дапамогі краінам, якія могуць апынуцца пад яго кантролем. ЗША адыгралі істотную ролю ў стварэнні ваен. блокаў НАТО (1949), АНЗЮС (1951), СЕАТО (1954), СЕНТО (1956). Імкнучыся да аслаблення міжнар. напружання, прэзідэнт Д.Эйзенхаўэр распачаў актыўную дыпламат. дзейнасць: наведаў Вялікабрытанію, Францыю, Германію, запрасіў у ЗША М.С.Хрушчова, але візіт быў сарваны ў выніку інцыдэнту з амер. разведвальным самалётам У-2. У час прэзідэнцтва Эйзенхаўэра спынены разгул макартызму, пачаўся пераход ад палітыкі бескампраміснай барацьбы з камунізмам да палітыкі суіснавання. У 1954 Вярх. суд ЗША ліквідаваў расавую сегрэгацыю ў школах. Да 1960 колькасць насельніцтва павялічылася да 179 млн., захоўвалася стабільная эканам. сітуацыя, раслі даходы і адукац. ўзровень грамадства (больш як 40% амерыканцаў мелі сярэднюю адукацыю), якое ператварылася ў тэхнакратычнае. На прэзідэнцкіх выбарах 1960 перамог дэмакрат Дж.Ф.Кенэдзі, які пачаў ажыццяўляць сваю праграму «новых рубяжоў», накіраваную на ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння, вышэйшай школы, узмацненне федэральнай улады, павелічэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Пасля няўдалага ўварвання на Кубу ў раёне Плая-Хіран (1961) і Карыбскага крызісу 1962 Кенэдзі змякчыў канфрантацыйную палітыку ў дачыненні да СССР і заключыў пагадненне аб частковай забароне выпрабаванняў атамнай зброі (Маскоўскае пагадненне 1963). Саперніцтва з СССР працягвалася ў галіне асваення космасу.
Адносіны з Лац. Амерыкай развіваліся паводле праграмы «саюз дзеля прагрэсу». Л.Б.Джонсан, які стаў прэзідэнтам пасля забойства Кенэдзі, працягваў яго ўнутр. палітыку на падставе праграмы «вялікае грамадства» (захаванне грамадз. правоў, барацьба з расавай сегрэгацыяй і беднасцю). Але ён не змог прадухіліць масавыя выступленні жыхароў трушчоб і пратэсты негрыцянскага насельніцтва, лідэр якога М.Л.Кінг быў забіты ў 1968. Шырокі пратэст у грамадстве выклікала палітыка Джонсана ў Азіі, асабліва ў В’етнаме, дзе да снеж. 1968 у ваен. дзеяннях прымалі ўдзел больш як 0,5 млн.амер. вайскоўцаў. Рэспубліканец Р.М.Ніксан пачаў праграму в’етнамізацыі вайны (дактрына Ніксана 1969), але адначасова былі пачаты ваен. дзеянні ў Камбоджы (1970) і Лаосе (1970; праз некалькі месяцаў войскі ЗША адтуль выведзены). У 1972 ён аднавіў мірныя перагаворы ў Парыжы. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. У 1969 адміністрацыя Ніксана пачала перагаворы з СССР па пытаннях абмежавання стратэг. узбраенняў, пашырыла кантакты з СССР і інш. краінамі Варшаўскага дагавора; пачала нармалізацыю адносін з Кітаем. Паліт. злоўжыванні (гл.Уотэргейт) прымусілі Ніксана падаць у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША). Яго змяніў Дж.Р.Форд, пры якім у адносінах з СССР працягвалася палітыка разрадкі. Перыяд прэзідэнцтва Дж.Э.Картэра супаў з сусв. энергетычным крызісам. Прапанаваная ім праграма мела на мэце дасягненне ЗША энергет. незалежнасці. Як і яго папярэднікі, ён змагаўся з інфляцыяй, ростам беспрацоўя. У знешняй палітыцы да часу ўводу ў Афганістан сав. войск Картэр працягваў палітыку разрадкі і перагавораў, у 1979 падпісаў у Вене дагавор аб абмежаванні стратэгічнай зброі (SALT), устанавіў дыпламат. адносіны з Кітаем, спрыяў падпісанню ў 1978 Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў, а ў 1979 — мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам. У 1980 прэзідэнтам стаў рэспубліканец Р.У.Рэйган. Дзякуючы рэалізацыі яго эканам. праграмы (т.зв. рэйганоміка) павялічыўся нац. даход, значна панізіўся ўзровень інфляцыі, зменшылася беспрацоўе. У знешняй палітыцы ён быў прыхільнікам сілавых метадаў і аказання дапамогі антыкамуніст. рухам (дактрына Рэйгана 1985), падтрымліваў апазіцыю ва Усх. Еўропе, вёў з СССР перагаворы пра абмежаванне ўзбраенняў, у т. л. START (пра скарачэнне стратэгічнай зброі). З 1985 адбываліся сустрэчы на вышэйшым узроўні з М.С.Гарбачовым, у 1987 падпісаны дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняга радыуса дзеяння. Адначасова Рэйган ініцыіраваў праграму т.зв. зорных войнаў. У 1988 яго змяніў Дж.Буш, які праявіў асаблівую актыўнасць у знешняй палітыцы: быў ініцыятарам стварэння міжнар.узбр. сіл і ажыццяўлення ваен. дзеянняў у Персідскім зал., паспрыяў канчатковаму афармленню Паўночнаамер. дагавора аб свабодным гандлі (NAFTA); падтрымліваў дэмакр. пераўтварэнні ва Усх. Еўропе; працягваў перагаворы з СССР аб раззбраенні і падпісаў дагавор аб скарачэнні стратэгічнай зброі (START). Пасля распаду СССР і сацыяліст. лагера ЗША засталіся адзінай супердзяржавай. У 1992 на прэзідэнцкі пост абраны дэмакрат У.Дж.Клінтан. Яго прэзідэнцтва адзначана сутыкненнямі з кангрэсам (пасля выбараў 1994 перавагу ў абедзвюх палатах маюць рэспубліканцы), які не прыняў прэзідэнцкі праект рэфармавання сістэмы сац. забеспячэння. У знешняй палітыцы Клінтан абвясціў аб працягу дзеянняў ЗША па ўзмацненні дэмакр. сістэмы і пабудове ў свеце рыначнай эканомікі, падтрымцы дэмакр. перамен, што адбыліся ва Усх. Еўропе і Расіі. У 1994 ЗША паспрыялі падпісанню ізраільска-іарданскага мірнага дагавора, а таксама звяржэнню ваен. дыктатуры на Гаіці; у 1995—96 удзельнічалі ў ваен. аперацыях НАТО у б. Югаславіі. Член ААН з 1945. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1991.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У ЗША існуе двухпартыйная сістэма, якая ўзнікла ў 19 ст. і канчаткова аформілася пасля грамадз. вайны 1861—65. У паліт. жыцці краіны дамінуюць Дэмакр. і Рэсп. партыі, якія з’яўляюцца т.зв. выбарчымі партыямі. Сур’ёзнай апазіцыі ў ЗША няма. Сярод інш. партый, якія не адыгрываюць значнай ролі: маргінальныя ідэалагічныя партыі (камуністычная, Сац. партыя працы, Сац. партыя, кансерватыўная партыя), эфемерныя т.зв. трэція партыі (Прагрэсіўная партыя). Найб.прафс. аб’яднанне — Амер. федэрацыя працы — Кангрэс вытв. прафсаюзаў (АФП—КВП).
Гаспадарка. ЗША — самая высокаразвітая індустр.-агр. краіна свету. Яны даюць 21,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) свету (1994), на душу насельніцтва прыпадае 21,3 тыс. долараў. Асн.ч. валавога прадукту даюць прамысловасць і сфера паслуг. ЗША — буйнейшая прамысл. і с.-г. дзяржава, валодае самым вялікім навук.-тэхн. патэнцыялам, лідэр у шэрагу важнейшых кірункаў навук.-тэхн. прагрэсу. Уласныя рэсурсы задавальняюць патрэбы ў каменным вугалі, медзі, свінцы, малібдэне, фасфатах і многіх інш. відах мінер. сыравіны. Кобальт, хром, марганец, плаціна забяспечваюць патрэбы толькі часткова. Некат. віды сыравіны (стронцый, ніобій і інш.) імпартуюцца. У агульнай вытв-сці энергіі пераважаюць нафта (40,2%), прыродны газ (24,8%). Здабыча нафты 393 млн.т (1994). Найважнейшыя штаты па яе здабычы Тэхас, Аляска, Луізіяна, Каліфорнія; найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі «Эксан» і «Мобіл». Імпарт нафты 330 млн.т (з Канады, Мексікі, Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі). Здабыча прыроднага газу 538 млрд.м³ (1995), імпарт з Канады 79,3 млрд.м³ (1995). Асн.ч. каменнага вугалю здабываецца ў Апалачскім басейне, бурага вугалю і лігнітаў — у штаце Паўн. Дакота. Агульная яго здабыча 865,3 млн.т (1993), у т. л. каменнага вугалю 791,1 млн.т. Вугаль экспартуецца (штогод каля 80—100 млн.т) і адначасова імпартуецца з Калумбіі, Канады, Аўстраліі для электрастанцый Поўдня. Сумарная магутнасць электрастанцый больш за 700 млн.кВт, выпрацоўка электраэнергіі 2882,2 млрд.кВт∙гадз (1993).
ЦЭС даюць 60% электраэнергіі, АЭС — 22, ГЭС — 18%. Большасць АЭС працуе на Поўначы. У горных раёнах 1300 ГЭС, самая вялікая з іх Гранд-Кулі (магутнасць 10,8 млн.кВт) на р. Калумбія. Апрацоўчая прам-сць вызначаецца складанай структурай, вял. затратамі на н.-д. і доследна-канструктарскія работы, высокай спецыялізацыяй і высокім узроўнем прадукцыйнасці працы. Дае каля 18% ВУП. Дынамічна развіваюцца новыя навукова-ёмістыя галіны: радыёэлектронная, прыладабуд., авіяц. і ракетна-касм.прам-сць, вытв-сць станкоў з праграмным кіраваннем, гнуткіх аўтаматызаваных сістэм, прамысл. робатаў, абсталявання для АЭС, новых канструкцыйных матэрыялаў. На найноўшыя тэхналогіі пераводзіцца вытв. апарат традыц. галін — металургіі, агульнага машынабудавання, лёгкай, харч., дрэваапр. і інш. галін прам-сці. Найбуйнейшы машынабуд. комплекс (металаапрацоўка, агульнае і трансп. машынабудаванне, прыладабудаванне); найважнейшыя яго цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Дэтройт, Нью-Йорк, Філадэльфія, Кліўленд, Бостан. У вытв-сці аўтамабіляў (12 млн.шт., 1995) дамінуюць кампаніі «Джэнерал Мотарс», «Форд-мотар», «Крайслер» (з 1998 «Даймлер—Крайслер»). Асн. цэнтры аўтамабілебудавання ў раёне Вял. азёр. Асн. цэнтры авіякасм. прам-сці ў Каліфорніі, на Паўн. Усходзе і Поўдні. Усюды развіта вытв-сць станкоў, с.-г. машын, пад’ёмна-трансп. абсталявання. У радыёэлектроннай прам-сці (каля 30% сусв. вытв-сці) пераважае выпуск прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння; асн. цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Йорк, Бостан; найб. кампаніі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» і «Джэнерал электрык». Чорная і каляровая металургія рэканструююцца, скарачаецца колькасць прадпрыемстваў. Выплаўка сталі ў 1970—131,5 млн.т, у 1995—104,9 млн.т. Асн. раён здабычы жал. руды на З ад Верхняга воз. Каля 17—20 млн.т руды імпартуецца. Алюмініевыя прадпрыемствы ў басейнах рэк Калумбія і Тэнесі і ў штатах Тэхас і Луізіяна, вытв-сць 6563 тыс.т (1995). Іншыя прадпрыемствы каляровай металургіі (здабыча і выплаўка медзі, свінцу, цынку, малібдэну, хрому, вальфраму, золата, серабра і інш.) на горным Захадзе. ЗША займаюць вядучае месца ў свеце па вытв-сці мінер. угнаенняў, пластмас, хім. валокнаў, сінт. каўчуку і інш. Выпуск прадукцыі пераважна на Поўначы і Поўдні, гал. цэнтры Х’юстан (хім. сталіца), Чарлстан (штат Зах. Віргінія), Батан-Руж. На Поўдні на мясц. фасфарытах (пераважна штат Фларыда, здабыча 43,5 млн.т, 1995) вытв-сць фасфатных угнаенняў. Атамная прам-сць (здабыча і абагачэнне уранавых руд) у штатах Нью-Мексіка і Каларада, вытв-сць матэрыялаў, якія расшчапляюцца — у Ханфардзе, Ок-Рыджы, Падзьюцы. Добра развіта і мадэрнізавана тэкст., трыкат. і швейная прам-сць. Баваўняныя тканіны выпускаюць на Поўдні і ў Прыатлантычных штатах, шарсцяныя і шаўковыя — на Поўначы. Нью-Йорк — буйнейшы цэнтр швейнай прам-сці. Добра развіта харч. (1-е месца ў свеце), лясная прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы — буйнейшая ў свеце). У сельскай гаспадарцы акрамя фермераў і членаў іх сем’яў працуе каля 1 млн. наёмных рабочых, вял. колькасць спецыялістаў і навук. супрацоўнікаў. Усяго ў агр.-прамысл. комплексе (АПК) занята 25 млн.чал. (1995). Асн. частку с.-г. прадукцыі даюць буйныя фермы індустр. тыпу (з гадавым абаротам больш за 100 тыс.дол.), іх доля ў агульнай колькасці фермаў каля 12%, у продажы с.-г. прадукцыі каля 75%. Характэрны высокі ўзровень механізацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі. Вял. ролю адыгрываюць аграпрамысл. аб’яднанні, у якіх вытв-сцьс.-г. прадукцыі, яе перапрацоўка і збыт цесна звязаны. У структуры с.-г. угоддзяў (без Аляскі) на апрацаваныя землі, у т. л. ворыва, сады, вінаграднікі, сенажаці, прыпадае каля 22% усёй тэрыторыі, на пашы — каля 31%. Колькасць с.-г. фермаў зніжаецца (2072 тыс. ў 1995), сярэдні іх памер каля 200 га. Шырока выкарыстоўваюцца дасягненні навукі і высокай тэхналогіі. ЗША — вядучы экспарцёр с.-г. прадукцыі. Жывёлагадоўля і раслінаводства даюць адпаведна 50,5 і 49,5% даходаў фермаў. Асн. прадукцыя: мяса, малако, збожжа і соевыя зярняты. Вытв-сць (1995): збожжа 279 млн.т, у т. л. кукурузы 177 млн.т, пшаніцы 65,9 млн.т. Збор соевых зярнят 63 млн.т (1994; каля палавіны сусв. вытв-сці). Расце вытв-сць сорга і проса на кармавыя мэты — каля 16 млн.т штогод (чвэрць сусв. вытв-сці). Агародніцтва і садоўніцтва (апельсіны, яблыкі, грэйпфруты, міндаль, авакада, ананасы і інш.). Вял. зборы бавоўны (4,3 млн.т, 1995), тытуню, арахісу. Бульба (18,2 млн.т, 1993) пераважна ў штатах Айдаха, Арэгон. Пагалоўе (1995; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 103, свіней 60, авечак каля 9, коней 5,5. Развіта птушкагадоўля (каля 400 млн. курэй). У АПК склаўся малочны комплекс, працуюць т.зв. «фабрыкі малака». Прыазёрныя штаты — вядучыя па вытв-сці малака, сыру, масла. У штатах кукурузнага пояса вядзецца адкорм буйн. раг. жывёлы і свіней. Склаліся с.-г. раёны (паясы): малочнай жывёлагадоўлі, кукурузна-мясны, зернева-жывёлагадоўчы, тэхн. культур, субтрапічнага земляробства, збожжавы (пшанічны пояс), мясной жывёлагадоўлі (вырошчванне маладняку буйн. раг. жывёлы — Тэхас, Аклахома, Канзас, Небраска, Каліфорнія), агародніцтва (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.), пашавай жывёлагадоўлі (горны Захад). Значныя параённыя адрозненні ў спецыялізацыі і ўзроўнях развіцця гаспадаркі. Паўн. Усход — найб. прамыслова развіты раён; Нью-Йорк — гал.фін. цэнтр свету. Нью-Йоркскі прамысл. раён — буйнейшы ў краіне. Сярэдні Захад дае 45—50% с.-г. прадукцыі ЗША, асабліва развіта вытв-сць пшаніцы, соі, кукурузы, мае 40% пагалоўя буйн. раг. жывёлы і 80% пагалоўя свіней. Чыкага — 2-і па значэнні гандл. і фін. цэнтр краіны. Поўдзень — гал. раён нафтагазавай прам-сці. Развіццё раёна апіраецца на багатыя прыродныя рэсурсы. Асабліва развіты нафтахім., авіякасм. і радыёэлектронная прам-сць. Захад — самы малады раён, мае вял. рэсурсны патэнцыял. Вызначаецца каляровай металургіяй, электратэхн., радыёэлектроннай і авіякасм. прам-сцю, агульным машынабудаваннем. Каліфорнія вызначаецца людскім, навук.-тэхн. і прамысл. патэнцыялам. Сфарміраваўся буйны Лос-Анджэлескі прамысл. раён.
Транспарт. Даўж. чыгунак каля 260 тыс.км, аўтадарог (разам з гарадскімі) 6,3 млн.км (больш за чвэрць сусв. сеткі). У краіне 146 млн. легкавых, 59 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1995). Аснову чыг. сеткі складаюць транскантынентальныя магістралі. Вял. значэнне маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па рэках Місісіпі, Агайо, Вял. азёрах, Берагавым канале. Танаж марскога гандл. флоту каля 25 млн.т. Буйнейшыя марскія парты — Нью-Йорк, Новы Арлеан, Х’юстан. Сетка нафтаправодаў (325 тыс.км) і газаправодаў (440 тыс.км) злучае раёны здабычы і спажывання нафты і газу. У перавозках пасажыраў вял. значэнне мае авіяцыя. У краіне 834 аэрапорты і аэрадромы. Аб’ём экспарту 4198,6 млрд.дол., імпарту 4323,3 млрд.дол. (1994). Больш як ⅔ знешняга гандлю прыпадае на развітыя краіны. У экспарце пераважаюць прамысл. абсталяванне, самалёты, аўтамашыны, радыёэлектроннае абсталяванне, ваен. тэхніка, хімікаты, кукуруза, соевыя зярняты, бавоўна, тутунь і тытунёвыя вырабы і інш. ЗША — буйны экспарцёр капіталу. У імпарце вядучае месца займаюць гатовыя вырабы, прамысл. сыравіна, каляровыя металы, нафта. Гал.гандл. партнёры — Канада, краіны Лац. Амерыкі (асабліва Мексіка і Бразілія), Зах. Еўропы, Японія, Кітай, Аўстралія і інш. Хутка развіваецца міжнар. турызм. Краіну наведваюць штогод больш за 40 млн. замежных грамадзян (з Канады, Зах. Еўропы, Японіі). Склаліся прыродна-рэкрэацыйныя раёны — Фларыда, Каліфорнія, Гаваі, Горныя штаты. Гандл. сувязі паміж ЗША і Беларуссю мала развіты. У асобныя гады ЗША набываюць на Беларусі невял. партыі трактароў, калійныя і азотныя ўгнаенні, тканіны, шыны для с.-г. машын; а Беларусь у ЗША — пшаніцу, кукурузу, выліч. машыны, гербіцыды, каўчук. Знешнегандл. абарот паміж Беларуссю і ЗША дасягнуў 212 млн. долараў (1996). Грашовая адзінка — долар ЗША.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ўзбр. сіламі праз Савет нац. бяспекі і Мін-ва абароны, непасрэдны кіраўнік — міністр абароны, рабочы і дарадчы орган — аб’яднаны к-т начальнікаў штабоў. Практычная рэалізацыя загадаў кіраўніцтва ўскладзена на аб’яднаныя камандаванні ўзбр. сіл: функцыян. (стратэг., касм., спец. аперацый і інш.) і рэгіянальныя, ці геагр. (у зонах Ціхага і Атлантычнага акіянаў, Еўропы, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі і інш.). У 1997 узбр. сілы налічвалі больш за 3,1 млн.чал., у т. л.нац. гвардыя і боегатовы рэзерв 1,6 млн.чал., цывільныя служачыя — 800 тыс. Падзяляюцца на стратэг. сілы (сілы і сродкі сухап. войск, ВПС і ВМФ, аператыўна падпарадкаваныя стратэг. камандаванню) і сілы агульнага прызначэння (уключаюць усе сілы няядз. ўздзеяння). На ўзбраенні каля 7,6 тыс.ядз. боегаловак, у т. л. марскога базіравання 3,6 тыс., наземнага — 2,4 тыс., паветр. — 1,6 тыс. У сухап. войсках каля 500 тыс.чал., больш за 10,5 тыс. танкаў, 8,5 тыс.артыл. сродкаў, 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС каля 400 тыс.чал., больш за 3 тыс. баявых самалётаў. У ВМФ (разам з марской пяхотай) больш за 600 тыс.чал., каля 500 баявых караблёў і суднаў. У адпаведнасці з нац.ваен. стратэгіяй і міжнар. дагаворамі ваен. прысутнасць ЗША у Еўропе значна скарацілася. Сілы агульнага прызначэння ў Еўропе ў 1997 складаліся з 2 дывізій і брыгады (у 1990 — адпаведна 4 і 3), якія ўключалі 60 тыс.чал., 402 танкі, 216 баявых самалётаў, 245 артыл. сістэм і інш. баявую тэхніку. Узбр. сілам ЗША належыць ключавая роля ў НАТО (у 1996—58,1% усіх ваен. расходаў блока). Доля ваен. расходаў у валавым нац. прадукце краіны складала 3,6%, у бюджэце — 17,3% (1996). У рамках праграм «Партнёрства дзеля міру», «Ваенныя — ваенным» і інш. развіваецца супрацоўніцтва Узбр. сіл Беларусі і ЗША.
Ахова здароўя. Сістэма дзярж. аховы здароўя грунтуецца на спец. праграмах. У рамках сац. страхавання выплачваюцца пенсіі, дапамогі сем’ям застрахаваных, па інваліднасці, па хваробе, пажылым людзям. Такія паслугі фінансуюцца за кошт узносаў, якія выплачваюць у аднолькавым памеры і працанаймальнікі і работнікі (кантралююцца федэральнымі ўладамі). Элементам гэтай сістэмы з’яўляецца мед. страхаванне (праграма Медыкар, з 1966), якое ўключае бальнічнае і пазабальнічнае добраахвотнае страхаванне (дадатковы ўзнос). Такой праграмай ахоплены людзі, якім 65 і больш гадоў, а таксама маладзейшыя, калі яны 2 апошнія гады мелі права на сац. дапамогу. Праграмай Медыкэйд карыстаюцца людзі пажылыя, з фіз. недахопамі, сем’і беспрацоўных з дзецьмі. Праграма ўваходзіць у склад больш шырокага ўрадавага праекта (1972), які фінансуецца з бюджэту. Кампенсацыі з прычыны страты здароўя або смерці з-за выпадку на працы залежаць ад памераў заработнай платы і выплачваюцца ва ўсіх штатах. Федэральны ўрад выплачвае кампенсацыі шахцёрам і іх сем’ям з прычыны страты здароўя. Апрача таго, кожны грамадзянін і прадпрыемства для сваіх супрацоўнікаў могуць выкупіць прыватныя страхавыя мед. полісы (маюць падатковыя льготы) або заявіць аб удзеле ў Арганізацыі аховы здароўя. Прыналежнасць да яе і аплата ўзносаў даюць права на атрыманне бясплатных мед. паслуг. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73, жанчын 79 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 223 чал., урачамі — 1 на 391 чал. Узровень нараджальнасці 15 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ЗША уключае дзярж. і прыватны сектары, куды ўваходзяць дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, ВНУ розных узроўняў. Многія дзеці пачынаюць навучанне ў дзіцячых садах. У ЗША каля 74 тыс.пач. школ, каля 25 тыс. сярэдніх і каля 6,8 тыс. камбінаваных. Працягласць навучання ў агульнаадук. школе звычайна 12 гадоў (з 6-гадовага ўзросту). У большасці штатаў абавязковае навучанне да 16-гадовага ўзросту, у некаторых — да 18-гадовага. Пач. школа — 1—6-ы кл. Сярэдняя школа ў большасці акруг падзяляецца на малодшую (7—9-ы кл.) і старэйшую (10—12-ы кл.). Асн. прынцыпы навучання ў сярэдніх школах — свабодны выбар вучнямі (асабліва старэйшых класаў) навуч. дысцыплін. З 9-га кл. складаецца некалькі праграм навучання, якія супадаюць з профілямі старэйшай школы, дзе праводзіцца дыферэнцыраванае навучанне дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 16—18 гадоў. У адпаведнасці з праграмамі адрозніваюць 3 профілі навучання: акадэмічны (накіраваны на падрыхтоўку для паступлення ў каледжы), прафесійны (дае практычныя веды для ўладкавання на работу), агульны (не дае спец. падрыхтоўкі). Каля 65% выпускнікоў сярэдніх школ паступае ў каледжы або ун-ты. У ЗША больш за 3,3 тыс. каледжаў і ун-таў (1994). Малодшыя (мясцовыя) 2-гадовыя каледжы фінансуюцца мясц. ўладамі і разлічаны на задавальненне мясц. патрэб у спецыялістах. Пасля заканчэння 4-гадовых ВНУ — ун-таў ці самастойных каледжаў прысуджаецца ступень бакалаўра; пры дадатковым навучанні на працягу 1—2 гадоў — ступень магістра. Існуюць тэхн. ін-ты, прафес. школы, якія не прысуджаюць ступень бакалаўраў (выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю тэхнікаў).
Буйнейшыя універсітэты: Гарвардскі універсітэт, Іельскі універсітэт, Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Каліфарнійскі універсітэт, Чыкагскі універсітэт, Пенсільванскі (з 1740) у Філадэльфіі, Прынстанскі (з 1746), Мічыганскі (з 1817) у г. Ан-Арбар, Вісконсінскі (з 1848) у г. Мадысан, Корнелскі (з 1865) у г. Ітака, Ілінойскі (з 1867) у г. Эрбана, Станфардскі (з 1891) і інш. Ун-ты, а таксама мін-вы і ведамствы федэральнага ўрада, прамысл. фірмы ЗША і розных тыпаў беспрыбытковыя арг-цыі ўваходзяць у структуру арг-цый, якія фінансуюць і праводзяць навук. даследаванні. Найб. перспектыўныя кірункі навук. даследаванняў у галіне фундаментальнай навукі вызначае Нац.навук. фонд ЗША (з 1950), экспертамі якога з’яўляюцца вядучыя вучоныя. На каардынацыю навук. дзейнасці таксама аказвае ўплыў Нац. акадэмія навук ЗША (з 1863) у Вашынгтоне. 60% усіх фундаментальных даследаванняў выконваюць ВНУ, дзе сканцэнтравана каля 70% дактароў навук. Асаблівасць арг-цыі навукі ў ЗША — правядзенне фундаментальных даследаванняў у н.-д. цэнтрах і лабараторыях ВНУ (у асноўным у вядучых ун-тах). Гэта дае магчымасць хутка ўключаць вынікі даследаванняў у навуч. праграмы і прыцягваць да навук. дзейнасці найб. здольных студэнтаў. Фінансуюцца н.-д. групы з уласных фондаў ун-таў і за кошт сродкаў па кантрактах з дзярж. ўстановамі і прамысл. фірмамі. Буйныя навук. ўстановы мае Нац. ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касм. прасторы (НАСА), у т. л. Эймскі н.-д. цэнтр (г. Маўнтын-В’ю, штат Каліфорнія), н.-д. цэнтр Лэнглі (г. Хэмптан, штат Віргінія) і інш. Упраўленню энергет. даследаванняў і распрацовак належаць н.-д. лабараторыі: Аргонская, Радыяц. імя Лоўрэнса, Лос-Аламоская, Сандыя (г. Альбукерке) і інш. Значную сетку ін-таў і лабараторый маюць Мін-вы аховы здароўя, адукацыі, сац. забеспячэння, сельскай гаспадаркі і інш. Н-д. работы ў многіх галінах прыродазнаўства праводзяць ін-ты Смітсанаўскага комплексу (г. Вашынгтон), які мае статус карпарацыі. Усе буйныя прамысл. фірмы маюць н.-д. цэнтры і лабараторыі. Больш за 60% аб’ёму н.-д. і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР) у прам-сці сканцэнтравана ў цэнтрах і лабараторыях карпарацый, больш за 20% сродкаў, укладзеных прамысл. фірмамі ў сферу НДДКР, прыпадае на буйнейшыя карпарацыі, у т. л. «Джэнерал мотарс», «Джэнерал электрык», «Форд мотар», IBM (займаецца распрацоўкай, вытв-сцю і абслугоўваннем ЭВМ) і інш. Асобную групу н.-д. арг-цый складаюць беспрыбытковыя арг-цыі розных тыпаў (н.-д. лабараторыі пры галіновых прамысл. асацыяцыях, розныя дабрачынныя фонды, арг-цыі, створаныя для кіравання буйнымі ўрадавымі, прыватнымі або змешанымі праектамі ў пэўнай галіне ведаў і інш.). Найб. бібліятэкі: Б-ка Кангрэса, нац. б-кі медыцыны і сельскай гаспадаркі, публічныя — у Бостане (з 1852), Лос-Анджэлесе і Чыкага (з 1872), Нью-Йорку (з 1895), б-кі ун-таў і інш.Найб. музеі: Метраполітэн-музей у Нью-Йорку (творы мастацтва Стараж. Егіпта, Вавілона, Грэцыі, Рыма, Блізкага і Д. Усходу і Еўропы), Нац. музей ЗША, Нац. галерэя прыгожых мастацтваў (з 1846), Нац. галерэя мастацтваў (з 1937), Нац. партрэтная галерэя (з 1962) — усе ў Вашынгтоне, Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, Музей натуральнай гісторыі ў Чыкага (збор акамянеласцей дагістарычных жывёл, экспазіцыя эвалюцыі чалавека), Бостанскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Фрыка (збор карцін еўрап. майстроў 14—19 ст.), Музей Саламона Р.Гугенгайма (збор твораў абстракцыянізму), Марскі музей (з 1930) у штаце Віргінія, Смітсанаўскі ін-т — комплекс, які аб’ядноўвае н.-д. ін-ты, маст. галерэі, заапарк, Арлінгтанскія мемарыяльныя могілкі (пахаваны вядомыя дзярж. і ваен. дзеячы краіны, а таксама салдаты, што загінулі ў войнах).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычны друк ЗША мае пераважна лакальны характар, за выключэннем некалькіх агульнанац. выданняў: штодзённыя газеты «New York Times» («Нью-Йоркскі час», з 1851), «Washington Post» («Вашынгтонская пошта», з 1877), «Los Angeles Times» («Лос-Анджэлескі час», з 1881), «The Wall Street Journal» («Газета Уолстрыт», з 1889), «Christian Science Monitor» («Настаўнік хрысціянскіх ведаў», з 1908). Першай агульнанац. штодзённай газетай была «USA Today» («ЗША сёння», з 1982). У 1993 43 штодзённыя газеты мелі тыраж больш за 250 тыс.экз. кожная. У 1992 выходзіла 1570 штодзённых газет агульным тыражом каля 60 млн.экз. у дзень, а таксама больш за 890 нядзельных выданняў агульным тыражом каля 62 млн.экз. (многія з іх маюць аб’ём больш за 300 старонак). У 1992 выходзіла больш за 7430 штотыднёвых выданняў агульным тыражом больш за 56 млн.экз. Існуюць выдавецкія групы і канцэрны. У 1992 20 буйнейшых (паводле тыражу) выдавецкіх груп выдавалі 519 штодзённых газет, тыраж якіх складаў амаль 60% дзённага тыражу ўсяго амер. друку. Найб. значныя: «Доу Джонс энд компані», «Трыбюн компані», «Ганет компані», «Таймс—Мірар». Буйнейшыя агенцтвы друку: Асашыэйтэд Прэс (з 1848) і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал, засн. ў 1958 у выніку аб’яднання Юнайтэд Прэс (з 1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (з 1909).
Радыё пачало дзейнічаць з 1920 у г. Пітсбург. Існуюць камерцыйныя і некамерцыйныя радыёвяшчальныя сеткі, аб’яднаныя ў буйныя кампаніі: «Нэшанал бродкастынг компані» (з 1926), «Каламбія бродкастынг сістэм», «Мючуэл бродкастынг сістэм» (з 1934), «Амерыкан бродкастынг компані» (з 1944), якая ў 1986 ператворана ў «Кэпітал сітыс» («Амерыкан бродкастынг компаніс», мае ўласную радыёвяшчальную сетку). Некамерцыйныя кампаніі: «Амерыкан паблік рэйдыо», «Нэшанал паблік рэйдыо» (прыватная карпарацыя). Дзейнічаюць таксама радыёстанцыі, якія вядуць перадачы на замежных мовах і на тэр. ЗША, і па-за іх межамі: «Рэйдыо стэйшэн» «Войс оф Фрэндшып» (з 1939), «Войс оф Амерыка» (з 1942).
Рэгулярная трансляцыя праграм тэлебачання ў ЗША вядзецца з 1939, першая тэлевізійная сетка створана ў 1949. У 1953 зацверджана адзіная сістэма каляровага тэлебачання — Нэшанал тэлевіжэн сістэм каміты, першая станцыя гэтай сістэмы пачала вяшчанне ў 1956 у г. Чыкага. Буйнейшыя тэлевізійныя карпарацыі — Эн-Бі-Сі-ТБ, Сі-Бі-Эс-ТБ, Эй-Бі-Сі-ТБ. Камерц. кабельная сетка дзейнічае ў рамках карпарацыі «Тэрнер бродкастынг», якой належаць каналы «Кайбл ньюс нетуарк» (CNN), Ці-Эс-Бі (забаўляльныя праграмы і фільмы), Ці-Эн-Ці (мультфільмы для дзяцей і некамерцыйныя фільмы); «Мультымедыя кейблвіжэн». Грамадскае тэлебачанне — «Паблік бродкастынг сервіс» (PBS) — фінансуецца прыватнымі абанентамі і ўрадавымі фондамі.
Літаратура. Першыя на кантыненце англамоўныя празаічныя творы з’явіліся ў 17 ст. ў англ. калоніях Новы Плімут і Віргінія. Л-ра ранняга каланіяльнага перыяду (1607—1700) зазнала моцны ўплыў пурытанізму, які ў той час панаваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і мела пераважна рэліг.-маралізатарскі характар. Асн.літ. жанр — багаслоўскія трактаты, пропаведзі і памфлеты, а таксама дзённікі, мемуары і гіст. творы пра жыццё калоній. Важную ролю ў развіцці нац. л-ры адыграла творчасць рэв. асветнікаў эпохі вайны за незалежнасць 1775—83 (Ф.Фрэно, Б.Франклін, Т.Пейн, Х.Джэферсан), якая вызначалася баявым, палемічным характарам (асн. жанры — паліт. памфлет і рэв. паэзія). Працэс фарміравання нац.амер. л-ры завяршыўся ў эпоху рамантызму (1-я пал. 19 ст.), які ў сваім развіцці прайшоў 2 этапы. 1-ы («ранні») перыяд прыпадае на 1820—30-я г. У 1820 у «Кнізе эскізаў» В.Ірвінга ўпершыню адлюстраваны рысы нац.амер. светаадчування, своеасаблівасць эстэтыкі амер. рамантызму: іранічная трактоўка традыц.рамант. сюжэтаў («Жаніх-прывід», «Легенда пра Сонную лагчыну»), адметнасць амер. гістарызму (цікавасць не столькі да гіст. падзей, колькі да іх уплыву на нар. жыццё), натывізм. Амер. рамантызм стварыў сваю філасофію — трансцэндэнталізм (літ. група «Маладая Амерыка»), буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Р.У.Эмерсан і Г.Д.Тора. Пісьменнікі 2-га («позняга») перыяду рамантызму (1840—50-я г., Г.Мевіл, Н.Хотарн, Э.По) успрымалі амер. рэчаіснасць трагічна; зло, што існуе ў жыцці, разглядалі як спрадвечнае, непахіснае, пераможнае. У сярэдзіне 19 ст. пашырылася абаліцыянісцкая літаратура (Г.Бічэр-Стоу, Г.У.Лангфела і інш.). Вял. ролю ў развіцці нац.амер. л-ры адыграла творчасць У.Уітмена, паэта-дэмакрата, які прапаведаваў роўнасць усіх людзей і рэчаў і здолеў надаць гэтай дэмакратыі касмічны, сусветны маштаб. Яго паэзія дала пачатак традыцыі белага верша ў паэзіі ЗША, якую ў 20 ст. прадоўжылі А.Гінзберг, У.Стывенс, У.К.Уільямс. Самабытная паэзія Э.Дзікінсан таксама атрымала прызнанне толькі ў 20 ст. У 1870-я г.рэаліст. тэндэнцыі развівалі Г.Джэймс і У.Дз.Хоўэлс. Найб. значэнне для станаўлення рэаліст. прозы мела творчасць М.Твэна. Яго раман «Прыгоды Гекльберы Фіна» адметны актуальнасцю праблематыкі, тыповасцю вобразаў, шырынёй сац. абагульнення і сац. канфлікту, набыў характар нацыянальнага і стаў вызначальным для амер.рэаліст. л-ры. Мяжа 19—20 ст. адзначана прыходам пісьменнікаў, якія імкнуліся да глыбіннага даследавання жыцця краіны і рэаліст. яго адлюстравання, часам з натуралістычным (С.Крэйн, Ф.Норыс) або рамант. ці сатыр. адценнем (Дж.Лондан, А.Г.Бірс, О.Генры). Творчасць Т.Драйзера ў многім акрэсліла кірунак амер. л-ры 1-й пал. 20 ст. У сваіх творах ён паслядоўна даследаваў феномен «амер. мары», які вызначаў нац.амер. свядомасць і псіхалогію. 1920-я г. — час росквіту рэаліст. (Ш.Андэрсан, С.Льюіс, Э.Сінклер, Э.Хемінгуэй, Ф.С.Фіцджэральд, Дж.Дос Пасас і інш.) і мадэрнісцкай (Ю.О’Ніл, У.Фолкнер, Г.Стайн, Т.С.Эліят, Э.Паўнд і інш.) л-ры. Значнай з’явай у літ. жыцці краіны стала стварэнне т.зв. «паўд. школы» амер. рамана, прадстаўнікі якой услаўлялі былую веліч Поўдня, еднасць чорных і белых («паўд. міф»), Асн. ідэяй творчасці Фолкнера, Т.К.Вулфа, Ф.О’Конар, Э.Колдуэла, К.Мак-Калерс, Р.П.Уорэна, К.А.Портэр стала непрыманне бурж. адносін і ладу жыцця. Заснавальнікам сучаснай амер. драматургіі з’яўляецца О’Ніл. Развівалася інтэлектуальная (Эліят, Паўнд, Стывенс) і грамадская (Уільямс, Х.Крэйн, Р.Фрост) паэзія.
У 1930-я г. ў сувязі з Вял. дэпрэсіяй у Амерыцы і пашырэннем фашызму ў Еўропе амер.л-ра становіцца больш леварадыкальнай і востракрытычнай у ацэнках амер.паліт. сістэмы: «Гронкі гневу» Дж.Э.Стэйнбека, «Мець і не мець» Хемінгуэя, гіст. раманы Г.Фаста. Асаблівасцю амер. рамана пра 2-ю сусв. вайну стала выкрыццё фашызму і рэакцыйных зрухаў у жыцці краіны, якія могуць прывесці да ўзнікнення дыктатуры і таталітарызму (раманы Н.Мейлера, Дж.Джонса, Дж.Р.Херсі, І.Шоу, К.Вонегута). У 1950-я г.асн. тэмай рэаліст. і мадэрнісцкай л-ры стала адчужэнне асобы ў бездухоўным грамадстве: «Над безданню ў жыце» Дж.Д.Сэлінджэра, «Лугавая арфа» Т.Капотэ. У пач. 1960-х г. новыя тэндэнцыі ў л-ры звязаны з ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека: «Гадзіннік без стрэлак» Мак-Калерс і «Зіма трывогі нашай» Стэйнбека, раманы Колдуэла, творы Дж.Апдайка. У пасляваенныя часы аформіўся і своеасаблівы пласт духоўнага жыцця — масавая літаратура. У 1970-я г. ў л-ры ЗША — пара аналізу, што абапіраецца на рэаліст. традыцыі 20 ст. і падмацоўваецца эмацыянальнай напружанасцю антываен., антырасісцкага і антыманапалістычнага рухаў (раманы Дж.Чывера, Дж.Хелера, У.Стайрана, Вонегута, Мейлера, Э.Л.Доктараў, Г.Відала, Дж.К.Оўтс). Значнае месца ў пасляваен. л-ры займае філас. раман, адметны імкненнем да глыбіннага асэнсавання быцця, пераацэнкі традыцыйных ідэйна-эстэт. і этычных каштоўнасцей (Т.Уайлдэр, Херсі, Уорэн, Дж.Гарднер, Стайран). Своеасаблівае адлюстраванне супярэчнасцей і складанасцей быцця — постмадэрнісцкая л-ра, якая на невырашальнасць жыццёвых праблем адказвае гульнёй, карнавалам масак, эстэтычным хаосам (Дж.Барт, Т.Пінчан, Д.Бартэльм, П.Донліві, М.Макарці). Л-ру ЗША 2-й пал. 20 ст. прадстаўляюць таксама навук. фантасты А.Азімаў, Р.Брэдберы. У галіне драматургіі вылучыліся Х.Уільямс, А.Мілер і інш. Стан сучаснай амер. л-ры вызначаюць пісьменнікі Т.Морысан, Дж.Смайлі, Дж.Гамільтан, Р.Бэнкс, П.Остэр і інш.
Першыя пераклады на бел. мову амер. л-ры з’явіліся ў 1920-я г. У 1926 выдадзены апавяданні Лондана, 4 раздзелы «Песні пра Гаявату» Лангфела; у 1927 — «Песня пра вольны шлях» Уітмена ў перакладзе А.Мардзвілкі; у 1928 — зб. паэзіі «Кветкі з чужых палёў» (пер. Ю.Гаўрук). У 1930—40-я г. асобнымі выданнямі на бел. мове выйшлі «Маленькі старацель» Б.Гарта, «Пракляты агітатар» М.Голда, «Трое парасятак» У.Дыснея, «Апошні з магікан» Дж.Ф.Купера, «Незвычайны адрывак», «Бук — паштовы сабака», «Забаставаў», «Кулі», «Белы ікол» (пад назвай «Белы Клык»), «Сказанне аб Кішы», «Смок Белью» Лондана, «Прыгоды Тома Соера», «Прыгоды Гекльберы Фіна», «Прынц і жабрак» Твэна, «Дзесяць дзён, якія ўзварухнулі свет» Дж.Рыда, «Злодзей», «Аўтамабільны кароль», «No pasaran!» — «Яны не пройдуць!» Сінклера. У 1969 выйшаў «Спеў пра Гаявату» Лангфела (пер. А.Куляшоў), у 1971 — зб. «Утаймаванне веласіпеда» (апавяданні Андэрсана, Брэдберы, Колдуэла, Хемінгуэя, Р.Шэклі, Твэна), у 1978 — вершы Уітмена (зб. «Лісце травы», пер. Я.Сіпакоў). Асобныя вершы К.Сэндберга, Фроста, Голда пераклаў Я.Семяжон. З 1982 у альманаху «Далягляды» публікаваліся асобныя творы Дж.О’Хары, Мак-Калерс, Гарднера (пер. У.Шчасны), Бірса (пер. А.Кудраўцаў), У.Сараяна (пер. І.Сляповіч), Брэдберы (пер. М.Кандрусевіч), Андэрсана (пер. М.Чыкалава), эсэ Фолкнера і Стэйнбека. Розныя перыяд. выданні змяшчалі апавяданні Брэдберы, Вонегута, Відала, Кларка, Колдуэла, Ф.Баноскі ў перакладах А.Асташонка, С.Дорскага, Л.Чарнышовай. У серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» выдадзены «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя (1991, пер. В.Небышынец), «Гронкі гневу» Стэйнбека (1993, пер. Дорскі) і інш.
Архітэктура. У дакалумбаў час былі пашыраны пабудовы мясц. індзейскіх плямён: ярусныя дамы-селішчы (пуэбла), паўпадземныя свяцілішчы (ківа) з фігурнымі і арнаментальнымі размалёўкамі і інш. З 16 ст. на тэр. ЗША укараняецца еўрап.буд. традыцыя. Ствараюцца ўмацаваныя будынкі місій і храмаў з лаканічнымі формамі і разнымі парталамі, з адчувальным уплывам індзейскага і мекс. мастацтва. З канца 17 ст. пачалася рэалізацыя планаў гар. забудовы на аснове прамавугольных схем (план г. Філадэльфія, 1682). У канцы 18 ст. ў архітэктуры пануюць формы і прынцыпы класіцызму (пабудовы Ч.Булфінча, Т.Джэферсана і інш.). У 1790-х г. пачалося буд-ва новай сталіцы — Вашынгтона. З 1840-х г. дамінуюць псеўдаготыка і эклектызм, у масавай забудове — рацыянальныя тыпы канструкцый (метал, каркас у пабудовах інж. Дж.Богардуса). У 1880—90-я г. ўзнік новы тып пабудовы — шматпавярховы небаскроб (будынак Рылаенсбілдынг у Чыкага, 1890—94, арх. Д.Х.Бёрнем, Дж.У.Рут; пабудовы У. Ле Барана Джэні). Архітэктар Л.Салівен распрацаваў новыя архітэктанічныя прынцыпы вышыннага будынка, дзе рацыянальная канструкцыя набыла эстэт. сэнс (Аўдыторыум у Чыкага, 1887—89). Гэтай тэндэнцыі супярэчыла захапленне многіх архітэктараў архаічнымі матывамі. У 1920-я г. Ф.Л.Райт прадаўжаў распрацоўваць прынцыпы арган. архітэктуры, імкнуўся дасягнуць гармоніі пабудоў з прыродным асяроддзем. У 1930-я г. замацоўваецца функцыяналізм (102-павярховы будынак Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку, 1930—31, і інш.). У 1940—50-я г. Л.Міс ван дэр Роэ будаваў небаскробы на аснове простых геам. форм і шкляной абалонкі (жылыя дамы ў Чыкага, 1951, і канторскія будынкі ў Нью-Йорку, 1956—58). Адначасова шэраг архітэктараў звярнуўся да неакласіцызму («Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку, 1962—68, арх. У.К.Харысан, М.Абрамовіц, Ф.Джонсан, Э.Саарынен і інш.). На развіццё архітэктуры 1950—60-х г.найб. ўплыў зрабіла творчасць Ф.Л.Райта (Музей Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку, 1956—59), Саарынена (аэрапорт імя Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962), Л.Кана (мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та, Філадэльфія, 1957—61), шарападобныя канструкцыі Р.Б.Фулера. З канца 1970-х г. пашырылася архітэктура постмадэрнізму.
Выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. ЗША развіваліся маст. культуры мясц. індзейскіх плямён. 9—4-м тысячагоддзямі да н.э. датуюцца наскальныя размалёўкі, дробная каменная пластыка, абагульнена трактаваныя каменныя галовы. З 4 ст.н.э. вядомы малюнкі на кераміцы з геам. і зааморфнымі ўзорамі, фігурныя пасудзіны, каменныя, гліняныя, драўляныя выявы людзей і жывёл, гліняныя люлькі ў выглядзе стылізаваных зааморфных фігур. Да 20 ст. захаваліся паліхромная разьба па дрэве ў абарыгенаў паўн.-зах. ўзбярэжжа, узорыстае ткацтва і малюнкі з каляровага пяску ў плямён паўд. захаду, размалёўка адзення і палатак (тыпі), аздабленні з пер’я ў плямён прэрый. Стараж.маст. традыцыі найб. захаваліся на Пн ЗША у алеутаў і эскімосаў. З пачаткам каланізацыі развіваецца еўрап.маст. культура. Партрэтны жывапіс 17—18 ст. вылучаўся наіўным імкненнем да дакладнасці адлюстравання, стылізаванымі формамі. У сярэдзіне 18 ст. Г.Хеселіус, Дж.Смайберт, Р.Фік стваралі рэаліст. партрэты каланістаў і індзейцаў. У творах Дж.С.Коплі ўвасобіўся ідэал энергічнага, гордага амерыканца. Б.Уэст ствараў палотны ў акад. стылі. На пач. 19 ст. тэндэнцыі рамантызму знайшлі адлюстраванне ў творах У.Олстана, Т.Салі, у краявідах мастакоў «школы ракі Гудзон», дзе панаваў дух першаадкрывальніцтва і асваення новых абшараў (Т.Коўл, Дж.Ф.Кенсет і інш.). Развіваўся парадны партрэт (Дж.Нігл, С.Морзе). У 1-й пал. — сярэдзіне 19 ст.рэаліст. кірункам вылучаюцца творы У.С.Маўнта, Дж.Бінгема, І.Джонсана, Дж.Піла, прымітывізм уласцівы творам Э.Хікса. У 2-й пал. 19 ст. ў творчасці У.Хомера (сцэны грамадз. вайны, побыту паляўнічых і рыбакоў) і Т.Эйкінса (сцэны гар. жыцця) сцвярджаюцца асновы рэаліст. школы. Развіццё амер. жывапісу вызначае еўрап. мастацтва: Дж.Інес працаваў у традыцыях барбізонскай школы, М.Кэсет — імпрэсіянізму, А.Райдэр — сімвалізму. Сярод вядомых мастакоў: жывапісцы Дж.Уістлер (псіхал. партрэты з сімвалічнай колернай гамай), Дж.Сарджэнт (выдатны каларыст, майстар партрэта), скульптар А.Сент-Годэнс (рэаліст. партрэты, помнікі, надмагіллі). У рэчышчы неакласіцызму працавалі скульпт. Х.Грынаў, Х.Паўэрс, Э.Д.Палмер. З пач. 20 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі рэаліст. мастацтва ў творчасці мастакоў «школы скрыні для смецця» (Дж.Слоўн, Дж.Белаўз і інш.), жывапісцаў Р.Кента, Э.Хопера, скульпт. Дж.Эпстайна, У.Зораха і інш. Пад уплывам еўрап. авангардысцкіх пошукаў мастакі пачалі працаваць у кірунках дадаізму (М.Рэй), футурызму (Дж.Стэла), абстракцыянізму (А.Доў, С.Дэйвіс), амер. версіі кубізму (Ч.Шылер). У 1930-я г. ў ЗША пераехалі лідэры сюррэалізму (С.Далі, І.Тангі); сюррэалізм развіваецца ў творчасці Дж.О’Кіфа, О.Пікенса, А.Олбрайта. У 1940-я г. сцвярджаецца абстрактны экспрэсіянізм (жывапісцы Дж.Полак, А.Горкі, В. дэ Кунінг, М.Ротка, скульпт. А.Колдэр, Д.Сміт, Р.Ліпалд, Ф.Клайн), які адлюстроўваў напружаны характар амер. жыцця і пошукі аўтэнтычнасці поліэтнічнага грамадства. У 1950—60-я г. развіваецца поп-арт (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Р.Ліхтэнстайн) як спроба эстэтызацыі масавай культуры і банальнага асяроддзя. Мастакі оп-арту (Т.Сміт, Э.Келі) будавалі творы на аптычных эфектах. На пач. 1970-х г. узнік гіперрэалізм (фотарэалізм) з яго ілюзіяністычным адлюстраваннем рэчаіснасці (Ч.Клоўз, Р.Маклін). Найноўшыя тэндэнцыі ўвасабляе канцэптуальнае мастацтва (лэнд-арт, бодзі-арт і інш.), у якім найважнейшым з’яўляецца сутнасць эстэт. факта, а не яго матэрыялістычная рэалізацыя.
Музыка. Муз. культура ЗША фарміравалася ў працэсе складанага ўзаемадзеяння паміж муз. традыцыямі еўрапейцаў-імігрантаў, пазней — неграў-нявольнікаў з Афрыкі і спрадвечнымі традыцыямі Амер. кантынента (пераважна муз. фальклор індзейцаў). Спалучэнне і ўзаемаўплыў гэтых пластоў і склалі аснову амер.прафес.муз. мастацтва. У побыце перасяленцаў былі пашыраны пурытанскія псалмы і гімны. У 1781 пастаўлены адзін з першых прафес.муз. твораў — аратарыяльнае дзейства «Незалежная Амерыка, або Храм Мінервы» Ф.Хопкінсана. У канцы 18 ст. ўзнік т.зв. рух хар. школ на чале з У.Білінгсам і інш. кампазітарамі-паўпрафесіяналамі, у творчасці якіх склаліся новыя, тыповыя для ЗША, рэліг.хар. гімны (т.зв. белыя госпелы, спірычуэлы). Адначасова распаўсюджвалася музыка прафес. кампазітараў — эмігрантаў з Еўропы. У фарміраванні нац. рыс амер. музыкі важную ролю адыгралі вандроўныя муз.-драм. трупы, т.зв. плывучыя т-ры (на параходах), т-ры менестрэляў (узніклі ў 1820-я г. на Пд ЗША), якія спалучалі англа-кельцкія нар. балады і гар. жанравыя песенькі з негрыцянскім муз. і танц. мастацтвам. З гэтых муз.-тэатр. відовішчаў пазней развіліся розныя нац.муз. жанры, у т. л.спірычуэл (сярод буйнейшых выканаўцаў П.Робсан, М.Джэксан, М.Андэрсан), блюз (У.Хэндзі, Б.Сміт, Дж.Джоплін), рэгтайм (С.Джоплін) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ўзніклі шматлікія духавыя аркестры («бэнды») і хары, сімф. аркестры, муз.навуч. ўстановы і т-вы, у развіццё якіх вял. ўклад зрабіў Л.Мейсан. У 1883 у Нью-Йорку адкрыты т-р«Метраполітэн-опера» Сярод кампазітараў канца 19 — пач. 20 ст. Х.Паркер, Дж.Пейн, Дж.Чэдвік, А.Фуг (т.зв. нова-англ., ці бостанская школа). Блізкі да іх адзін з заснавальнікаў амер.прафес. музыкі З.Мак-Доўэл. Вял. ўклад у развіццё амер.муз. культуры зрабіў кампазітар і педагог А.Дворжак. Шматлікія муз. традыцыі ЗША абагульніў у сваёй творчасці Ч.Айвз. У 1920-я г., нягледзячы на ўплыў франц. імпрэсіянізму, у творах амер. кампазітараў У.Пістана, Р.Харыса, А.Копленда, Дж.Антэйла, Э.Сігмейстэра, Г.Каўэла, К.Раглса, Р.Сешнса, У.Г.Стыла і інш. прыкметна сцвярджэнне нац. стылю. Пасля 1-й сусв. вайны вял. ўклад у муз. культуру ЗША зрабілі еўрап. музыканты-эмігранты — М.Эльман, Я.Цымбаліст, С.Кусявіцкі, Л.Аўэр, Я.Хейфец, С.Рахманінаў, І.Левін і Р.Левіна, Р.Пяцігорскі, У.Горавіц, кампазітары Э.Блох і Э.Варэз, пазней І.Стравінскі, А.Шонберг, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек, Д.Міё, Б.Бартак і інш. На мяжы 19—20 ст. у Новым Арлеане ўзніклі раннія формы джаза; сярод яго буйных майстроў Л.Армстранг, Э.Элінгтан, піяніст У.Бейсі (адзін з заснавальнікаў свінга), Б.Гудмен. Стылістычныя прыёмы джазавай музыкі выкарыстоўвалі большасць амер. кампазітараў. На аснове сімфанізацыі джаза і развіцця характэрных рыс афра-амер. фальклору глыбока нац. творы напісаў Дж.Гершвін (у т. л. опера «Поргі і Бес», 1935). У 1930-я г. на аснове папулярнай музыкі і некат. спецыфічных амер.тэатр. формаў узнік мюзікл, сярод лепшых узораў якога «Пра цябе я спяваю» (1931) Гершвіна, «Аклахома!» (1943) Р.Роджэрса, «Мая цудоўная лэдзі» (1956) Ф.Лоў, «Вестсайдская гісторыя» (1957) Л.Бернстайна. У 1930—40-я г. пашырыўся стыль кантры (сельская музыка і яе разнавіднасці; Дж.Роджэрс. Р.Эйкаф) і т.зв.гар. блюз (Х.Ледбелі, Б.Сміт і інш.). Сярод буйнейшых амер. кампазітараў (з 1940-х г.) У.Шумен, Дж.Карпентэр, С.Барбер, Дж.К.Меноці, В.Персікеці, Э.Картэр, Л.Бернстайн, П.Крэстан, М.Бэбіт, Л.Фос, А.Хованес, П.Менін, Л.Кёрчнер, Дж.Крам, Дж.Ітан, Ф.Глас, С.Рэйк; сярод выканаўцаў — дырыжоры Ю.Ормандзі, Л.Стакоўскі, Г.Шолці, Л.Маазель; піяністы Дж.Браўнінг, Р.Серкін, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, М.Дыхтэр; скрыпачы І.Менухін, Н.Мільштэйн, І.Стэрн; спевакі М.Ланца, М.Хорн, Б.Сілс, Г.Мофа, М.Андэрсан, М.Добс, Л.Прайс. Сярод музыказнаўцаў Н.Сланімскі, Г.Чэйз, П.Г.Ланг, У.Хічкак, А.Эйнштэйн. На амер.муз. культуру 1960 — пач. 1990-х г. значна ўплываюць, з аднаго боку, эксперыментальная музыка, у т. л.камп’ютэрная музыка (Дж.Кейдж, Бэбіт, О.Люнінг, Э.Браўн і інш.), з другога — розныя віды поп-музыкі. Буйнейшыя оперныя кампаніі — «Метраполітэн-опера» і «Нью-Йорк сіці опера», сярод балетных труп «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет» і інш. Высокі ўзровень мае муз. адукацыя. Многія муз. школы і кансерваторыі фінансуюцца прыватнымі фондамі, у т. л. Джульярдская школа (Нью-Йорк), Муз.ін-т Кёртыс (Філадэльфія), Істменская школа музыкі (Рочэстэр). Пры многіх ун-тах існуюць муз. каледжы. Працуюць больш за 60 прафес.сімф. аркестраў, у т. л.Нью-Йоркскі філарманічны аркестр, Бостанскі сімфанічны аркестр, Філадэльфійскі сімфанічны аркестр, Кліўлендскі, Чыкагскі, шматлікія муз. т-вы, асацыяцыі, выд-вы; праводзяцца муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Першыя звесткі пра т-рПаўн. Амерыкі адносяцца да канца 17 ст. (паказы містэрый еўрап. місіянерамі). У 18 ст. гастраліравалі замежныя, пераважна англ. трупы. У 1716 ва Уільямсбергу (Віргінія) пабудаваны першы тэатр. будынак, дзе ў 1751 адкрыўся т-р Л.Халема, які паклаў пачатак прафес.тэатр. мастацтву ЗША. Ставіліся п’есы англ., з канца 18 ст. і амер. драматургаў (у асноўным У.Данлепа). Лепшыя акцёры Амерыкі 18 ст. былі англічанамі. У 1-й пал. 19 ст. фарміруюцца асн. рысы нац. акцёрскай школы. Пабудаваны спец.тэатр. памяшканні ў Нью-Йорку, Філадэльфіі, Бостане і інш. У 2-й пал. 19 ст. колькасць т-раў павялічылася, але яны былі пераважна вандроўныя (папулярныя т.зв. плывучыя т-ры па р. Місісіпі, якія ставілі пераважна меладрамы). Сярод акцёраў 19 ст. Дж.Бутс, Э.Форэст, Ш.Кашмен, Дж.Дру, А.Олдрыдж, Э.Бутс, Дж.Джэферсан, М.Фіск, М.Адамс, Дж.Марла, Р.Мансфілд, сям’я Барымараў. Узнікла асаблівая форма паказаў, якія ўключалі скетчы, пародыі, муз. эксцэнтрыку і інш., што стала характэрным для амер.т-ра.
На рубяжы 19—20 ст. усталявалася камерцыйная сістэма ў т-ры (антрэпрэнёр наймаў трупу на адзін спектакль, які ставіўся, пакуль прыносіў даход) і выцесніла пастаянныя трупы еўрап. тыпу. Такія т-ры абсталяваліся ў Нью-Йорку на Брадвеі (ад 40 да 80 у розныя часы), з’явілася паняцце «брадвейны тэатр» як вял. камерцыйнае прадпрыемства. Тут працавалі рэжысёры Д.Беласка (увёў гістарызм і дакладнасць у пастаноўкі, якія даходзілі да натуралізму), А.Хопкінс (паст. «новай драмы»: п’есы Г.Ібсена, Л.Талстога, М.Горкага), Э.Казан (лепшы інтэрпрэтатар п’ес Т.Уільямса), О.Уэлс. З 1927 пачынаецца эпоха амер. мюзікла на брадвейскай сцэне (паст. «Плывучы тэатр» Ф.Зігфельда, гл. таксама ў раздзеле Музыка).
У процівагу брадвейскаму камерцыйнаму т-ру ў сярэдзіне 1910-х г. узнік грамадскі рух за мастацтва вял.сац. зместу, за развіццё нац. драматургіі і рэжысуры. Узніклі т.зв. малыя тэатры, дзе ставіліся Ібсен, Б.Шоу, А.Чэхаў, засвойваўся еўрап. вопыт «свабодных тэатраў», у першую чаргу МХАТа і сістэмы К.Станіслаўскага. Т-р «Провінстаўн» (1915—29) гал. задачай лічыў развіццё сучаснай амер. драматургіі (п’есы Ю.О’Ніла з удзелам аўтара), «Гілд» — новыя метады акцёрскага выканання (па сістэме Станіслаўскага) і арыентацыя на «новую драму», «Грамадзянскі рэпертуарны тэатр» (1926—32) Е. Ле Гальен арыентаваўся на класіку, т-р «Груп» (1931—41) — на маладых амер. драматургаў. Падрыхтоўку дзеячаў т-ра пачалі буйныя ун-ты, дзе адкрываліся універсітэцкія т-ры. З дзейнасцю малых і універсітэцкіх т-раў звязана творчасць драматургаў О’Ніла, С.Хоўардл. П.Грына, Э.Райса, А.Мальца, Дж.Лоўсана; рэжысёраў Хопкінса, Ф.Мёлера, Х.Клермена, Л.Страсберга, Казана, Р.Мамуляна; акцёраў А.Ланта, Л.Фантан, К.Корнел, Ле Гальен, Дж.Барымара, Л.Адлера; тэатр. мастакоў Р.Джонса, Л.Саймансана, С.Х’юма, М.Гарэліка і інш. У гады крызісу колькасць т-раў скарацілася. Узніклі першыя дзярж. т-ры ЗША — федэральныя. Папулярнай тэатр. формай стала «жывая газета» (з выкарыстаннем газетных матэрыялаў).
Пасля 2-й сусв. вайны ўзнік тэрмін «па-за Брадвеем». Рух «пазабрадвейных» т-раў у 1950—60-я г. стаў важнейшым кампанентам тэатр жыцця ЗША. Яны ставілі творы класічнай і сучаснай драматургіі, не прынятыя Брадвеем. Сярод рэжысёраў і акцёраў т-раў «Крыкет», «Лівінг», «Фінікс», «Арэна стэйдж», «Круг у квадраце», «Тэатр вуліцы»: Н.Хоўтан, Х.Кінтэра, Дж.Маліна, С.Холм, З.Фічэндлер, Д.Рос, Э.Бенкрафт, З.Мостэль, Р.Херыс і інш. На пач. 1960-х г. «брадвейныя» і «пазабрадвейныя» т-ры пачалі збліжацца на камерцыйнай аснове, што выклікала пратэст маладых гледачоў. У 1968 разгарнуўся «пазабрадвейны» рух «трэцяга» пакалення — альтэрнатыўнага т-ра, які адмаўляў усе традыцыі: «Эль тэатра кампесіна» Л.Вальдэса, «Мобіль тэатр» Дж.Папа, «Брэд энд папет» П.Шумана, «Мімічная трупа» Р.Дэвіса, «Опен тэатр» Дж.Чайкіна. Павялічылася колькасць негрыцянскіх труп («Нью Лафает», «Негрыцянскі ансамбль» і інш.). У 1964 арганізаваны рэпертуарны т-р Лінкольнскага цэнтра мастацтваў у Нью-Йорку з комплексам тэатр. устаноў: т-рамі муз., драм., камерным «Форум», тэатр. б-кай-музеем, школай (маст. кіраўнік з 1973 — Пап).
Кіно. Першыя кінасеансы адбыліся ў 1896 амаль адначасова са з’яўленнем кінематографа ў Еўропе. На мяжы 20 ст. зарадзілася ўласна амер. вытворчасць. У пач. 1910-х г. барацьба т.зв. незалежных кінавытворцаў з Патэнтным трэстам прывяла да перабазіравання большасці студый на зах. ўзбярэжжа, дзе ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса ўзнік буйнейшы ў свеце цэнтр амер. кінавытворчасці — Галівуд. Дасягненнямі першапачатковага перыяду развіцця (1900—10-я г.) былі фільмы Э.Портэра («Вялікае абрабаванне цягніка», 1903), вестэрны Т.Інса, «амер. камічны» жанр, бацькам якога лічаць М.Сенета. З імем Д.Грыфіта («Нараджэнне нацыі», 1915, «Нецярпімасць», 1916) звязана станаўленне сусв. кіно як мастацтва. У 1920-я г. ствараецца сістэма кінавытворчасці, якая ўключала інстытут прадзюсерства, сістэму «зорак», дарагія пастаноўкі, выкарыстанне папулярных сюжэтаў і жанраў, што часта адлюстроўвалі «амер. мару». Буйнейшыя амер. кінакампаніі аб’ядналіся ў вял. кінаканцэрн «Метро-Голдвін-Маер» (1919—24). Вядучымі жанрамі таго часу былі экзатычныя і рамантычныя драмы, салонныя камедыі (фільмы С. Дэ Міля, Э.Любіча). Гэтыя гады наз. «залатым стагоддзем» амер. кінакамедыі: Р.Арбэкль, Б.Кітан, Г.Лойд, Ч.Чаплін, які заклаў асновы высокага мастацтва кінематаграфічнай трагікамедыі («Малыш», 1921, «Цырк», 1923, «Залатая ліхаманка», 1925). Значны ўплыў на станаўленне кіно ЗША мелі кінатворцы з Еўропы: Дж.Штэрнберг (стваральнік гангстэрскага фільма), Э.Штрогейм («Сквапнасць», 1924) і інш. «Зоркі» 1910—20-х г. — М.Пікфард, Д.Фэрбенкс, Р.Валентына, Г.Свенсан і інш. З 1927 (дэманстрацыя фільма «Спявак джаза») пачалася эра гукавога кіно. Найб. папулярнымі сталі муз. фільмы («Брадвейская мелодыя», 1929, «Кароль джаза», 1930). Вял. дэпрэсія паўплывала і на кінематограф: з’явілася шмат рэалістычных, крытычных твораў у жанры гангстэрскага фільма («Твар са шрамам», 1932, Х.Хоўкса), па праблемах правасуддзя («Я — збеглы катаржнік», 1932, М. Ле Роя), пра 1-ю сусв. вайну («На заходнім фронце без змен», 1930, Л.Майлстаўна) і інш.Асн. жанры масавай прадукцыі — вестэрны, фільмы жахаў, фантастыка, меладрамы, эксцэнтрычныя камедыі. Каб прывабіць гледача і выйграць канкурэнцыю з радыё, Галівуд з сярэдзіны 1930-х г. робіць стаўку на відовішчныя магчымасці кіно: ставяцца гісторыка-біягр. фільмы, «бліскучыя» касцюмныя меладрамы, эпічныя фільмы з нац. гісторыі («Знесеныя ветрам» В.Флемінга, 1939). Славутыя рэжысёры гэтага перыяду: Чаплін («Агні вялікага горада», 1931, «Новыя часы», 1936), Дж.Форд («Дыліжанс», 1939, «Гронкі гневу», 1940), У.Уайлер («Тупік», 1937, «Лісічкі», 1941), Ф.Капра («Гэта здарылася аднойчы ноччу», 1934), У.Дысней — рэфарматар амер. мультыплікацыі (серыя пра Мікі Маўса, «Беласнежка і сем гномаў», 1938). Значны ўплыў на развіццё маст. мовы сусв. кіно зрабіў наватарскі фільм О.Уэлса «Грамадзянін Кейн» (1941). Буйнейшыя зоркі гэтага перыяду: М.Уэст, браты Маркс, К.Гейбл, Г.Гарба, М.Дзітрых, Б.Дэйвіс, Г.Купер, дзеці-«зоркі» Ш.Тэмпл, Дз.Дурбін, Дж.Гарленд. У гады 2-й сусв. вайны ствараліся дакумент. і ігравыя фільмы, прысвечаныя ваен. падзеям: серыя «За што мы змагаемся» Капры, «Бітва каля вострава Мідуэй» Форда (1942), «Вялікі дыктатар» (1940) Чапліна, «Місіс Мінівэр» (1942) Уайлера, «Касабланка» (1943) Кёртыца. Сярод значных твораў пасляваенных гадоў «Лепшыя гады нашага жыцця» (1946) Уайлера, «Трамвай «Жаданне» (1951), «У порце» (1954) Э.Казана, фільмы-гіганты «Амерыканец у Парыжы» (1951) В.Мінелі, «80 дзён вакол свету» (1956) М.Андэрсана, «Вайна і мір» (1956) К.Відара. У 1950-я г., у цяжкі для Галівуда перыяд макартызму, былі вымушаны эмігрыраваць многія выдатныя кінамайстры (Чаплін, Ж.Дасэн, Дж.Лоўзі). «Зоркі» 1940—50-х г.: Х.Богарт, М.Бранда, Г.Пек, М.Манро, Э.Тэйлар, О.Хепбёрн і інш.
У канцы 1950-х г. кінематограф з акцёрска-прадзюсерскага ператвараецца ў рэжысёрскі. «Вялікай тройкай» «новых незалежных» называюць С.Кубрыка («Доктар Стрэйнджлаў», 1963, «Касмічная Адысея 2001 года», 1968), Дж.Франкенхеймера («Сем дзён у маі», 1964), Дж.Касаветэса («Цені», 1967). Сярод фільмаў, што адлюстроўвалі важныя праблемы амер. грамадства «Боні і Клайд» А.Пена (1967), «Бестурботны яздок» Д.Хопера, «Паўночны каўбой» Дж.Шлезінгера, «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід» Дж.Хіла (усе 1969). З’явіўся новы тып акцёра (антыгерой): У.Біты, Ф.Данаўэй, Дж.Нікалсан, Дж.Фонда, Д.Хофман і інш. Выпускалася і тыповая галівудская прадукцыя: «Бен Гур» (1959) Уайлера, «Лоўрэнс Аравійскі» (1962) Д.Ліна, мюзіклы «Мая цудоўная лэдзі» (1964) Дж.К’юкара, «Вестсайдская гісторыя» (1961), «Гукі музыкі» (1965) Р.Уайза і інш. У 1970—80-я Галівуд перабудоўваецца з улікам вопыту «новых незалежных» і пад уплывам неакансерватызму. Узнік тэрмін «Новы Галівуд», дзе ствараецца «новае старое кіно». Узнаўляюцца галівудскія міфы, узнікае новая сістэма «зорак» (Дж.Ланг, К.Тэрнер, М.Пфайфер, Ш.Стоўн, Дж.Фостэр, К.Бейсінгер, Дж.Робертс, Р. Дэ Ніра, А.Пачына, М.Гібсан, М.Дуглас, М.Шын, Э.Хопкінс, Т.Круз, Т.Хэнкс, С.Уівер, Р.Гір, Э.Мэрфі, М.Рурк, С.Сталоне, А.Шварцэнегер і інш.). Адбываецца вяртанне да жанравага кіно з пэўнай мадэрнізацыяй папярэдніх канонаў: фільмы жахаў, фільмы катастроф, касм. фантастыка, гангстэрскія фільмы, баевікі, трылеры і інш. «Вялікая чацвёрка» рэжысёраў гэтага перыяду арыентавалася на жанравае кіно, зробленае на высокім прафес. узроўні, часта з выкарыстаннем камп’ютэрных спецэфектаў: Ф.Копала («Хросны бацька»-1, -2, -3, адпаведна 1972, 1974, 1992), С.Спілберг (серыя пра Індыяну Джонса, 1980-я г.), Дж.Лукас («Зорныя войны», 1977), акрамя М.Скарсезе, арыентаванага хутчэй на еўрап. кіно. Жанравая арыентацыя характэрна і для кінематографа 1990-х г. Працягвае існаваць кіно сац. праблематыкі: в’етнамская тэма («Паляўнічы на аленяў», 1978, М.Чыміна, «Апакаліпсіс сёння», 1979, Копалы, «Узвод», 1986, О.Стоўна), негрыцянская тэма («Армейская гісторыя», 1984, Н.Джуісана, «Малькальм Ікс», 1993, С.ЛІ), амер. і сусв. гісторыя («Гандзі», 1982, Р.Атэнбара, «Танцы з ваўкамі», 1990, К.Костнера, «Спіс Шындлера», 1993, Спілберга), праблемы існавання асобы ў грамадстве («Палёт над гняздом зязюлі», 1975, М.Формана, «Эні Хол», 1977, В.Алена, «Філадэльфія», 1993, Дж.Дэме) і інш. Сярод рэжысёраў старэйшага пакалення таксама М.Нікалс, Р.Олтмен, А.Пакула, С.Полак, У.Фрыдкін, Х.Эшбі і інш. Рэжысёры пакалення «япі» (маладыя гар. прафесіяналы): Дэме, Р.Земекіс, Д.Лінч, Дж.Лэндыс, К.Таранціна і інш., на якіх уплываюць постмадэрнісцкія тэндэнцыі сучаснай культуры. У амер. кінематографе працуюць і замежныя рэжысёры (Р.Паланскі, Дж.Шлезінгер, А.Канчалоўскі, Б.Берталучы і інш.). Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук (засн. ў 1927) штогод прысуджае прэстыжную кінаўзнагароду «Оскар» (з 1929). Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Чыкага, Нью-Йорку і інш. Сярод буйнейшых кінакампаній: «Каламбія пікчэрс», «Парамаўнт», «Уорнер бразерс», «20-е стагоддзе — Фокс» і інш.
Беларусы ў ЗША. Эміграцыя з Беларусі ў ЗША бярэ пачатак у 17 ст. Тры падзелы Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. садзейнічалі выезду ўдзельнікаў нац.-вызв. руху (Д.Касцюшка, М.Судзілоўскі і інш.), каталіцкіх святароў (Ф.Дзеружынскі, Б.Крукоўскі, Н.Корсак, Кольман), якія зрабілі важкі ўклад у стварэнне і пашырэнне ў ЗША каталіцкай школьнай адукацыі. Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. У 1805—14 існавала Бел. правінцыя Т-ва Ісуса як саюзамер. і бел. езуітаў. Масавая эміграцыя ў ЗША, якая была выклікана сац.-эканам. прычынамі, пачалася ў канцы 19 ст. Эмігранты гэтай хвалі не здолелі нацыянальна арганізавацца і далучаліся да інш.нац. згуртаванняў. Першыя бел. гурткі ўзніклі ў 1908 і звязаны з асобай А.Сянкевіча. У 1912 засн.бел. парафія св. Юрыя і арг-цыя ўзаемадапамогі (Чыкага), Т-ва беларусаў і маларосаў (Мічыган). Пасля 1-й сусв. вайны цэнтрам бел.нац. жыцця стаў Чыкага, куды прыехалі паліт. эмігранты, удзельнікі 1-га Усебел. кангрэсу, вядомыя святары. У 1920 А.Чарапук, П.Чопка, В.Трафімовіч заснавалі Бел.нац.к-т, у 1923 у Нью-Йорку пачаў працаваць аддзел Бел. стралецкага саюза. На пач. 1920-х г. у штатах Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Ілінойс Мічыган, Пенсільванія, гарадах Нью-Йорк, Нью-Брансуік існавала больш за 10 бел. арг-цый, у т. л. ў Нью-Йорку Бел.нац.к-т, Бел. прэсавае бюро (выдавала «Бюлетэнь», распаўсюджвала кнігі і беларускамоўныя газеты). На з’ездзе беларусаў-эмігрантаў ЗША і Канады (Чыкага, 1923) была вызначана праграма нац.-паліт. дзейнасці і заснаваны Бел.-амер. нац.саюз (БАНС, 1923—33) на чале з Я.Варонкам. Пры саюзе дзейнічалі Бел. клуб, бібліятэка, прэс-бюро БНР, к-т дапамогі працаўнікам Зах. Беларусі, школьная камісія. Пры дапамозе БАНС створаны бел. арг-цыі ў штатах Вісконсін (Бел.нар.т-ва), Індыяна, Мічыган.
У канцы 1920 — пач. 30-х г. у Чыкага заснаваны Бел.-амер. грамадскі клуб, Бел. дапамогавы камітэт, Бел.культ.-адукац.т-ва, Бел.-амер. нац. аб’яднанне, а таксама арг-цыі ў штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Ілінойс, Мічыган і інш. У час 2-й сусв. вайны дзейнічалі Бел.-амер. нац. рада (з 1941, Чыкага), Менскае зямляцтва (1944, Нью-Йорк) і Слав. брацтва (Нью-Йорк), якія аказвалі паліт. і матэрыяльную падтрымку БССР. Масавыя перасяленні ў ЗША (у асн.паліт. эміграцыя) пасля 2-й сусв. вайны адзначаны ў 1948—54. За гэты час прыехала каля 50 тыс.чал., якія рассяліліся ў штатах Ілінойс, Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Агайо, Пенсільванія, Каліфорнія, Мічыган. У сярэдзіне 1950-х г. існавала каля 30 бел. арг-цый. Падзел бел. эміграцыі на прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), які адбыўся ў Германіі, захаваўся ў ЗША і адбіўся на ўсіх арганізац. формах бел. грамадскага жыцця. Паводле характару дзейнасці вызначаюцца: паліт. арг-цыі — Рада БНР, Фонд 25 Сакавіка, БЦР, Бел.нац. фонд (1952—70), Бел. вызвольны фронт, Бел.к-тпаліт. дзеянняў (з 1976), Канферэнцыя вольных беларусаў (з 1977), Бел.-амер. кааліцыя супрацьдзеяння паклёпам (з 1982); агульнаграмадскія — Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), Бел.-амер. звяз (1958—70-я г.), Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Бел. каардынацыйны к-т у Чыкага; маладзёжныя — Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Саюзбел.-амер. моладзі, Арг-цыябел.-амер. моладзі ў штаце Ілінойс, скаўцкія арг-цыі ў Чыкага, Нью-Йорку, Саўт-Рыверы; студэнцкія — Бел.-амер. акад.т-ва (1950—57), клубы бел. студэнтаў пры Ратгерскім, Агайскім, Нью-Йоркскім ун-тах, Бел.культ.-асв.к-т; жаночыя — Бел. жаночае згуртаванне ў Кліўлендзе (з 1952), Бел. жаночае згуртаванне ў Амерыцы, секцыі жанчын пры БАЗА і Згуртаванні беларусаў штата Ілінойс; ветэранскія — Саюзамер.-бел. ветэранаў, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў, літ. і навук. — Бел.літ. згуртаванне «Шыпшына» (1950—75), Крывіцкае навуковае таварыства імя Францішка Скарыны, Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, Бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, Бел.бібліягр. служба, Аддзел Саюза бел. журналістаў, Бел.-амер. інфарм. служба (з 1984) і інш.Сац. і матэрыяльную падтрымку беларусам, навук. і культ. установам аказвалі Фонд самадапамогі, Фундацыя імя Крачэўскага, Бел. школьны фонд, Студэнцкі стыпендыяльны фонд, Бел. харытатыўна-адукац. фонд (з 1976), Фонд імя І.Любачкі (з 1977), Вялікалітоўскі (Беларускі) фонд імя Льва Сапегі, Фонд адраджэння Беларусі (з 1989). Асяродкі бел.культ.-грамадскага жыцця ў гарадах Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Чыкага, Дэтройт; а таксама цэнтры «Полацак» (каля Кліўленда), «Белэр-Менск» (штат Нью-Йорк) і інш. (гл. таксама ў арт.Беларускія навуковыя і культурна-асветныя арганізацыі за мяжой, Беларуская шкала за мяжой). Створаны маст. калектывы: танц. групы «Лянок», «Матылёк», «Лявоніха», «Мяцеліца», ансамбль «Васілёк»; хоры «Гоман», «Каліна», «Васількі»; аркестры «Палесьсе», «Бярозка», «Нова», «Віхор»; тэатр. групы пад кіраўніцтвам В.Селех-Качанскага, М.Прускага, І.Цупрык і інш. Праходзяць выстаўкі твораў мастакоў, нар. ўмельства, бел. друку. Значнымі культ. і паліт. падзеямі былі Бел. фестывалі (1976, 1977, 1979), сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Захаванню нац. свядомасці садзейнічаюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі, бел. каталіцкая парафія ўсх. абраду ў Чыкага (гл. таксама ў арт.Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой). Бел. кнігадрукаванне ў ЗША пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Выдавецкай справай займаюцца навук., грамадскія і культ. арг-цыі, рэліг. ўстановы, прыватныя асобы. Падручнікі друкавалі выдавецкія суполкі «Пагоня», «Заранка», Бел. харытатыўна-адукац. фонд; маст. і рэліг. творы, перыёдыку — Бел. выдавецкае т-ва ў Саўт-Рыверы, Бел.выд-ва М.Прускага (з пач. 1950-х г., Гранд-Рапідс), Бел. выдавецкая сябрына (1960—70-я г., Чыкага), выд-вы «Час» (1975—80-я г.), «Родны край», W&D (з 1989, Гановер). Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Вестник», «Белорусская трибуна» (1926—32), «Беларуская трыбуна» (1950—53), «Беларус»; часопісамі: «Летапіс беларускай эміграцыі», «Беларускі сьвет», «Абежнік» БІНіМа, «Віці, «Веда», «Конадні», «Вольнае слова», «Царкоўны сьветач», «Беларуская зарніца», «Беларуская думка», «Шыпшына» (1956—75), «Полацак», «Беларус у Амерыцы» (1948—49), «Беларуская царква», «Голас царквы», «Беларускі дайджэст» (з 1992) і інш.; двухмоўнымі часопісамі «Беларуская моладзь», «Запісы», «The Byelorussian Times» («Беларускі час», 1975—83), англамоўнымі «Беларусіян Рэв’ю», «Byelorussian Business Herald» («Беларускі дзелавы веснік», з 1991). Найб. вядомыя бел. радыёпраграмы: пад кіраўніцтвам Я.Варонкі (1928—29, Чыкага), Я.Тарасевіча (з 1940-х г., Чыкага), П.Куляша (1952—53, Дэтройт), М.Казлякоўскага (1958—59, Трэнтан), Н.Жызнеўскага «Нёман» (з 1960, Чыкага) і інш. (гл. ў арт.Беларускае радыё за мяжой). Беларусы ЗША прадстаўлены ў міжнац. і міжнар. арг-цыях, у т. л. ў Нац. канфедэрацыі амер. этнічных груп, Асацыяцыі каталіцкіх інтэлектуалаў «Pax Romana», Антыбальшавіцкім блоку народаў, Нац. радзе рэсп. этнічных груп; удзельнічаюць у рабоце Этнічных рад і культ. арг-цый штатаў Нью-Джэрсі, Мэрыленд, Нью-Йорк, Каліфорнія, Агайо, Мічыган, Ілінойс і інш. У 1993 у Нью-Йорку засн.Сусв. згуртаванне яўрэяў Беларусі. Бел. перасяленцы канца 1980 — пач. 90-х г. (паводле неафіц. крыніц, у 1995 у ЗША пражывала каля 500 тыс. беларусаў), як правіла, дэнацыяналізаваны, не ўключаюцца ў работу існуючых нац. арг-цый і не ствараюць уласных.
Літ.:
История США. Т. 1—4. М., 1983—87;
Черные американцы в истории США. Т. 1—2. М., 1986;
Харц Л. Либеральная традиция в Америке: Пер. с англ.М., 1993;
Давыдов Ю.П. США — Западная Европа в меняющемся мире. М., 1991;
Historia Stanów Zjednoczonych Ameryki. T. 1—5. Warszawa, 1995;
Morison S.E., Commager H.S. The growth of the American Republic. Vol. 1—2. New York, 1962;
Писатели США. М., 1990;
Комаровская Т.Е. Осмысление прошлого в американском историческом романе XX в. Мн., 1993;
Мулярчик А. США: Век двадцатый. М. и др., 1994;
Чегодаев А.Д. Искусство Соединенных Штатов Америки, 1675—1975: Живопись, архитектура, скульптура, графика. М., 1976;
Иконников А.В. Архитектура США. М., 1979;
Современная архитектура США: Критич. очерки. М., 1981;
Green S.M. American art: A historical survey. New York, 1966;
Конен В.Д. Пути американской музыки: Очерки по истории муз. культуры США. 3 изд. М., 1977;
Яеж. Рождение джаза. М., 1984;
Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ.М., 1984;
Engel L. The American musical theater. New York, 1975;
History of American music. New York, 1976;
Folk music and moden sound. Jackson, 1982;
The New Grove dictionary of American music. Vol. 1—4. London, 1986;
Skowron Z. Nowa muzyka amerykańska. Kraków, 1995;
Смирнов Б.А. Театр США XX в. Л., 1976;
Воинова З.В. Театральный Бродвей: эскапизм или пропаганда? // Современное западное искусство. М., 1972;
Вульф В.Я. От Бродвея немного в сторону, 70-е гг.М., 1982;
Колодяжная В.С. Кино США (1945—1960). М., 1963;
Соболев Р.П. Голливуд, 60-е гг.: Очерки. М., 1975;
Карцева Е.Н. Голливуд: Контрасты 70-х. М., 1987;
Бессмертный А., Эшпай В. 100 режиссеров американского кино. М., 1991;
Герб і сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Адгор’і Апалачаў у штаце Паўночная Караліна.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Агульны выгляд цэнтральнай часткі горада Вашынгтон.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Паўпустынны ландшафт у штаце Арызона.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Механізаваная сяўба кукурузы пры дапамозе трактара «Беларусь».Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Панарама ў цэнтральнай частцы Нью-Йорка.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыповы краявід на Вялікіх раўнінах.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Цэнтр кіравання касмічнымі палётамі ў г. Х’юстан, штат Тэхас.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Завод па будаўніцтве дызель-электравозаў фірмы «Джэнерал электрык» у г. Эры, штат Пенсільванія.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Бітва за вышыню Банкер-Хіл пад Бостанам у пачатку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Прыбыццё французаў у Фларыду (1591). Гравюра Т. дэ Бры.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку. Арх. Л.Міс ван дэр Роэ. 1956—58.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Музей Саламона Гугенгайма ў Нью-Йорку. Арх. Ф.Л.Райт. 1956—59.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Т.Коўл. Аркадская ідылія. 1838.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Берасцяныя вырабы індзейцаў Паўночнай Амерыкі.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Э.Хікс. Царства міру. 1840—45.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Дж.Бінгем. На варце грузу. 1849.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. А.Доў. Серабро, вохра, кармін, зелень (дно ракі) 1920.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. С.Дэйвіс. У захапленні ад Рапапорта. 1952.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. «Амерыканскі тэатр балета». Сцэна са спектакля «Лісце ападае». Балетмайстар Э.Цюдар. 1987.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Сцэна са спектакля «Падзеленая дыстанцыя». Балетмайстры Б.Т.Джонс і А.Зан. 1988.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Ч.Чаплін у фільме «Малыш». 1921.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Зорныя войны». Рэж Дж.Лукас 1977.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з мультфільма «Беласнежка і сем гномаў». Рэж. У.Дысней. 1938.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Танцы з ваўкамі». Рэж. К.Костнер. 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),
да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.В.Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП(б), старшынёй ЦБКП(б)Б быў выбраны А.Ф.Мяснікоў. сакратаром В.Г.Кнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ.«Звязда». На VI Паўн.-Зах.абл.парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБКП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБКП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ.к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц.парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Басн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш.паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБКП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл.Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССРтэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦККП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г.вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш.2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».
Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦККП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел.бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦККП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання К.П(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г.НКУСБССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн. сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл.КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦКВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл.КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦККП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл.Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦККПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел.нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.
КПБ прымалася 9—15 тыс.чал., канд.
у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦККПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і СМБССР. У выніку падзелу мясц.парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦККПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл.КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс.чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс.чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізму сталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж.адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦККПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл.КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦККПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦККПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПСС—КПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл.Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.В.Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.Ф.Мяснікоў (1917—19), В.С.Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.Г.Кнорын (1920—22, 1927—28), В.А.Багуцкі (1922—24), А.М.Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.І.Крыніцкі (1924—27), Я.Б.Гамарнік (1928—29), К.В.Іей (1930—32), М.Ф.Гікала (1932—37), В.Ф.Шаранговіч (1937), А.А.Волкаў (1937—38), П.К.Панамарэнка (1938—47), М.І.Гусараў (1947—50), М.С.Патолічаў (1950—56), К.Т.Мазураў (1956—65), П.М.Машэраў (1965—80), Ц.Я.Кісялёў (1980—83), М.М.Слюнькоў (1983—87), Я.Я.Сакалоў (1987—90), А.А.Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.В.Чыкін (з 2.11.1996).
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;
Ч. 2. Мн., 1967;
Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;
По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;
Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;
Страницы истории Компартии Белоруссии;
суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;
Чарвякоў АР. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр.арт. і прамовы;
Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
В.Ф.Кушнер.
Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення
Дата правядзення
Прадстаўлена на з’ездзе
Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі
канд. у чл. партыі
чл. партыі
канд. у чл. партыі
1
2
3
4
5
6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск
30—31.12.1918
17 771
не было
на снеж. 1918
17 771
не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня
4—6.3.1919
17 636
не было
на сак. 1919
7652
не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск
22—26.11.1920
1700
не ўлічана
на ліст. 1920
1700
не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск
25.2—1.3.1921
3000
не ўлічана
звесткі не выяўлены
звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск
15—20.10.1921
3325
не ўлічана
на вер. 1921
2889
1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск
15—19.3.1922
5150
4445
1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск
20—26.3.1923
3850
з камуністамі вайсковых часцей
2890
600
VIII з’езд КП(б)Б1, Мінск
12—14.5.1924
10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975)
2946
1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск
8—12.12.1925
8912
6163
на 1.1.1926
9458
7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск
3—10.1.1927
16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей
30 955)
9455
16 170
9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск
22—29.11.1927
23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
11 392
на 1.1.19282
19 333
10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
5—16.2.1929
29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207)
11 877
23 950
9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск
30.5—12.6.1930
27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806)
11 564
27 011
9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск
23—29.1.1932
46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей)
28 280
37 944
21 231
XV з’езд КП(б)Б3, Мінск
16—22.1.1934
26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119)
11 048
26 861
11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск
10—19.6.1937
24 549
9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000)
24 7354
9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск
10—18.6.1938
22 784
8742
22 990
8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск
15—20.5.1940
36 388
23 465
33 869
24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск
15—18.2.1949
91 554
18 652
90 976
19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск
20—23.9.1952
107 252
20 184
на 1.1.1953
108 017
19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск
10—13.2.1954
119 865
10 161
118 895
10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск
24—27.1.1956
132 414
12 655
132 414
12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск
14—15.1.1959
168 716
19 193
168 716
19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск
17—19.2.1960
183 855
19 592
183 855
19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск
26—28.9.1961
214 399
25 954
на 1.1.1962
223 699
25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск
3—5.3.1966
320 622
22 421
320 622
22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск
22—24.2.1971
412 873
21 654
412 873
21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск
4—6.2.1976
485 671
20 558
485 671
20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск
27—29.1.1981
572 313
22 998
572 313
22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск
30—31.1.1986
645 754
22 226
645 754
22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск
28.11—1.12.1990
больш за 600 000
685 270
12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ)
29—30.5.1993
дакладных звестак няма
дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы)
2.11.1996
1160
каля 7000
1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.