адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл.Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл.Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, B, C...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл.Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл.Логіка класаў).
Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст.ісп. філосаф Р.Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш.Рас. вучоны П.С.Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.Расела і А.Н.Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.Лукасевіч, А.Гейцінг, А.М.Калмагораў, В.І.Шастакоў, С.К.Кліні, А.А.Маркаў і інш.).
Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл.Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.
Літ.:
Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1973;
Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1975;
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),
навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш.Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш.Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл.«Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.
Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл.Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.М.Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.П.Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.Гольбах, К.Гельвецый, Д.Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот). У 20 ст.сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.
На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел.пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.А.Бенядзіктаў, А.П.Ерась, В.М.Кавалгін, Ф.І.Івашчанка, Я.Л.Каламінскі).
Літ.:
Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;
Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1996;
Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.Мн., 1997;
Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 1920—30-х гадоў.
Яго развіццю ў БССР спрыяла дзейнасць нар.маст. школы ў Віцебску, маст. студый у Віцебску, Магілёве (кіраўнік Ф.Пархоменка), Гомелі, Оршы і Мінску (пад кіраўніцтвам Я.Кругера, Г.Віеру, А.Тычыны), а таксама майстэрні М.Філіповіча, Ф.Сяргеева. Адначасова мастакі атрымлівалі адукацыю ў Вільні, Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Варшаве, Кракаве. На развіццё выяўл. мастацтва значна паўплывалі створаныя ў 1927 Усебел. асацыяцыя мастакоў (з філіяламі ў Віцебску, Гомелі, Маскве і Ленінградзе; у 1928 рэарганізавана ў Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі) і аб’яднанне «Прамень», у якое ўваходзілі мінскія мастакі.
У Зах. Беларусі цэнтрам маст. жыцця была Вільня, дзе ў 1919 быў адроджаны Віленскі ун-т, пры Віленскай бел. гімназіі ў 1926—27 дзейнічала маст. студыя-майстэрня Я.Драздовіча. Пошукі нац. адметнасці, уласцівыя бел. мастакам, у значнай ступені абапіраліся на традыцыі віленскай школы. Творчасць Б.Кубіцкага, Ф.Рушчыца, Л.Сляндзінскага і інш. развівалася пад уплывам агульнаеўрап. плыней.
Адно з вядучых месцаў у мастацтве пач. 1920-х г. займалі агітацыйнае і афармленчае мастацтва. Эскізы размалёвак афармлення Віцебска ў 1918—19 выконвалі А.Бразер, М.Шагал, С.Юдовін, Д.Якерсон, а ў 1920-я г. — К.Малевіч і члены арганізацыі «УНОВИС» В.Ермалаева, М.Коган, Л.Лісіцкі, М.Суэцін, І.Чашнік і інш. Афармленнем Гомеля займаліся мастакі студыі імя Урубеля, у Мінску — М.Цэханоўскі і У.Страмінскі. Развіваліся агітацыйныя графіка і плакат: А.Быхоўскі, М.Волк, А.Гефтэр, Ф.Іванчук, С.Каўроўскі, Л.Лісіцкі, Л.Фрындлендэр, Я.Целішэўскі, С.Юдовін, для творчасці якіх характэрны метафарычныя элементы, графічны лаканізм і ўздзеянне авангардных плыней. Агітацыйны плакат сустракаўся ў творчасці А.Ахола-Вало, А.Быхоўскага, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, Я.Драздовіча, Г.Зархі, Ф.Іванчука, В.Карамышына, М.Станюты, Б.Ульпі. Лозунгавы характар агітац. графікі сярэдзіны 1920-х г. змяніўся сюжэтнымі кампазіцыямі. Значны ўплыў на развіццё скульптуры ў першыя паслярэв. гады зрабіў т.зв. ленінскі план манум. прапаганды. У адпаведнасці з ім у розных гарадах рэспублікі былі ўстаноўлены часовыя помнікі дзеячам міжнар.рэв. руху, выкананыя А.Бразерам, К.Елісеевым, В.Мацвеевым, М.Цэханоўскім, Д.Якерсонам. Яркія нар. вобразы створаны З.Азгурам, А.Бразерам, А.Грубэ. Развіццюбел. скульптуры садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме скульпт. аддзялення (1924), якое ўзначаліў М.Керзін. Выпускнікі гэтага аддзялення (З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, А.Арлоў, А.Жораў, Г.Ізмайлаў) разам з М.Керзіным выканалі скульпт. афармленне Дома ўрада ў Мінску на тэмы рэв. барацьбы, гісторыі станаўлення сав. улады на Беларусі (1931—35). Адметнае месца ў жывапісе гэтага часу займае віцебскі перыяд творчасці М.Шагала і К.Малевіча, творчая практыка групы «УНОВИС». У выяўл. мастацтве 1920 — пач. 1930-х г. адлюстраваліся ідэі адраджэння нац. культуры, багатыя гіст. і культ. традыцыі народа і побыт беларусаў, вобразы славутых гіст. асоб Беларусі, помнікі архітэктуры ў творах Я.Драздовіча, А.Грубэ, У.Кудрэвіча, П.Сергіевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, А.Тычыны, М.Філіповіча і інш. У пейзажах 1920-х г. пераважала адданасць рэаліст. кірунку, не пазбаўленаму ўплываў імпрэсіянізму (У.Кудрэвіч, панарамныя пейзажы В.Волкава). Сярод інш. пейзажыстаў П.Мрачкоўская, Ф.Пархоменка, Д.Полазаў, Ю.Пэн, М.Сляпян, М.Станюта. 1920-я г. былі пачаткам фарміравання маст. школы бел.сав. графікі; побач з агітацыйнай масавай графікай развівалася станковая, часопісна-газетная, прыкладная, тэатральны плакат: творы І.Валадзько, П.Гуткоўскага, П.Мрачкоўскай, І.Пляшчынскага, М.Філіповіча і інш. У ліку найб. пашыраных былі пейзаж (малюнкі тушшу А.Астаповіча), архітэктурныя матывы (ксілаграфіі З.Гарбаўца, Я.Мініна, С.Юдовіна), індустрыяльныя замалёўкі (лінагравюры А.Тычыны), нацюрморт (акварэлі М.Тарасікава). З сярэдзіны 1920-х г. пачала развівацца кніжная графіка (П.Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Лебедзева, В.Літко, Б.Малкін, А.Тычына, М.Філіповіч, М.Эндэ і інш.). Графіка ў часопісах («Маладняк», «Світанак», «Наддзвінне» і інш.) набыла выразную сацыяльна-грамадскую накіраванасць у афармленні А.Ахола-Вало, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, А.Пузынкевіча, А.Тычыны і інш. Развіваліся карыкатура, шарж. Важную ролю ў фарміраванні тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва адыграла творчасць мастакоў тэатра імя Я.Купалы (БДТ, з 1926 БДТ-1). У бел. дэкарацыйным мастацтве найб. плённымі былі творчыя пошукі ў афармленні нац. твораў, дзе яскрава раскрываўся пафас барацьбы народа за лепшую будучыню: мастакі К.Елісееў, А.Марыкс.
Пераважная большасць твораў мастакоў Сав. Беларусі экспанавалася на маст. выстаўках (1-я адбылася ў ліст. 1919 у Віцебску, пазней у Бабруйску), а таксама на 1—4-й Усебел. выстаўках (1925, 1927, 1929 і 1931). Значная роля ў вызначэнні шляхоў развіцця мастацтва ў 1930-я г. належыць Усебел. канферэнцыі мастакоў (1931) і 1-му з’езду мастакоў (1938). Гал. рысай мастацтва 1930-х г. з’яўлялася прапагандысцкая функцыя, уплыў на масавую свядомасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала зацвярджэнне адзінага творчага метаду — сацрэалізму. У жывапісе асаблівая папулярнасць належала сюжэтна-тэматычнай карціне, у аснову якой былі пакладзены традыцыі рус. рэалістычнага мастацтва 19 ст. Разам з тым творы вылучаліся больш складанай кампазіцыйнай пабудовай, выразнай дынамікай рытмаў, шматпланавым сюжэтным дзеяннем, разгорнутай апавядальнасцю. Сярод найб. значных тэм — героіка-рэвалюцыйная, вытв., калгасная, ваенная, спарт., святочна-трыумфальная, а таксама пейзаж, нацюрморт і партрэт. Гіст. тэма займала важнае месца ў творчасці С.Андруховіча, І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, Г.Віеру, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, М.Гусева, І.Давідовіча, В.Дзежыца, Я.Зайцава, Г.Змудзінскага, К.Касмачова, А.Кроля, Я.Кругера, М.Манасзона, Л.Рана, В.Руцая, Ф.Фогта, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, М.Эндэ.
У 1930-я г. тэматычныя карціны, скіраваныя на адлюстраванне вытв. працэсаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, займалі дамінуючае месца ў творчасці І.Ахрэмчыка, Г.Віера, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, М.Даўгялы, А.Заборава, Дз.Камарова, А.Каржанеўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, С.Лі, А.Шаўчэнкі, М.Філіповіча. Паэтычныя і рамантычныя сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя жыццю і побыту людзей, пераважалі ў творах А.Волкава, Я.Красоўскага, Л.Лейтмана, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча. Сярод твораў манум. жывапісу кампазіцыі І.Ахрэмчыка, В.Волкава. Цэнтр. вобразы ў партрэтах — рабочы, селянін і салдат, ударнікі працы, калгаснікі, лётчыкі, камандзіры, камсамольцы, піянеры (творы А.Волкава, Дз.Камарова, Н.Тарасікава, Я.Ціхановіча). Вобразы сав. правадыроў, зведзеныя да некалькіх кампазіцыйных схем, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі (творы В.Волкава, М.Гусева, І.Давідовіча, Я.Ціхановіча). Псіхалагізм вобразаў, дасканала адлюстраваная індывідуальнасць уласцівы партрэтам І.Ахрэмчыка, В.Волкава, М.Гусева, Я.Кругера, У.Кудрэвіча, Д.Полазава, М.Станюты, М.Тарасікава, Р.Семашкевіча, М.Філіповіча, групавым партрэтам У.Руцая. Сярод нешматлікай колькасці камерных партрэтаў творы П.Явіча, жанравыя — Ю.Пэна. У пейзажы важным вобразным элементам стала адлюстраванне працы сав. чалавека, бурных працэсаў сацыяліст. будаўніцтва: У.Кудрэвіч, М.Дучыц, А.Шаўчэнка, Б.Звінагродскі, С.Лі, Г.Ізергіна. Паступова больш урачыста пафасны характар набыла сав.быт. карціна: А.Волкаў, І.Давідовіч, Я.Красоўскі, У.Хрусталёў. Пашырылася таксама тэма спорту.
У творчасці шэрагу мастакоў Зах. Беларусі (М.Сеўрук, П.Сергіевіч) у 1930-я г. цэнтральнае месца занялі рамантычнага характару жанравыя кампазіцыі, партрэты і пейзажы, у якіх адлюстраваны падкрэслена нац. вобразы, паэтычныя эпізоды сялянскага жыцця і побыту, эмацыянальна выразныя вобразы роднай прыроды.
Росту майстэрства мастакоў-графікаў садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме графічнага аддзялення (1930). У розных тэхніках працавалі Ф.Фогт (літаграфія), Л.Лейтман (акварэль), М.Тарасікаў і А.Бразер (малюнак тушшу), Б.Малкін (афорт). Тэматыка іх твораў самая разнастайная: сатыр. малюнкі, водгук на паліт. падзеі, ілюстрацыі да літ. твораў, плакаты. У афармленні кніг, сярод якіх вырасла колькасць твораў рус. класікаў, прымалі удзел Б.Басаў, А.Волкаў, М.Гусеў, М.Карпенка, М.Лебедзева, М.Малевіч, Б.Малкін, І.Мільчын, Я.Мінін, А.Тычына, М.Эндэ і інш.Вытв. тэма дамінавала ў творах А.Астаповіча, А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана, Б.Малкіна, Л.Рана, М.Тарасікава, А.Тычыны, В.Ціхановіча і інш. У галіне манум. скульптуры створаны помнікі У.І.Леніну ў Полацку (1936) і ў Слуцку (1938) А.Бембелем, у Барысаве (1935) А.Грубэ, помнік Ф.Э.Дзяржынскаму ў Дзяржынску (1933) — А.Грубэ. У станковай скульптуры працавалі таксама А.Арлоў, А.Жораў, А.Глебаў, А.Грубэ і інш., у галіне скульптурнага партрэта — М.Керзін, А.Бразер, З.Азгур. Скульптары спрабавалі выйсці за межы аднафігурнай кампазіцыі (творы Л.Карпенкі, А.Арлова, А.Глебава, С.Селіханава). Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва 1-й пал. 1930-х г. характарызавалася эксперыментамі, пэўным адыходам ад рэалізму (М.Аксельрод, С.Тоўбін), захапленнем кубафутурызмам, экспрэсіянізмам, канструктывізмам. Але гэтыя пошукі ў хуткім часе закончыліся вяртаннем на рэаліст. пазіцыі. Гэтаму садзейнічаў і рэпертуар бел. тэатраў, які папоўніўся новымі сучаснымі творамі. Сярод дэкарацыйных вырашэнняў вылучалася сцэнаграфія Я.Нікалаева, Дз.Уласюка, І.Ушакова. У сярэдзіне 1930-х г. прыйшло новае пакаленне мастакоў-дэкаратараў: М.Блішч, У.Кульваноўскі, П.Масленікаў, І.Пешкур, І.Санін. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. выкарыстоўваліся пераважна рэаліст. сродкі выразнасці, традыцыі рус. сцэнаграфіі (дэкарацыі А.Басулаева, А.Марыкса, Я.Нікалаева, З.Сірвінта, І.Ушакова, К.Ціханава і інш.).
А.Бембель. Гарэльеф у Доме ўрада ў Мінску. 1936.М.Філіповіч. Казачны сюжэт. 1920-я г.Я.Драздовіч. Сустрэча вясны на Сатурне. 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз.развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕ́КТЫКА [ад грэч. dialektikē (technē) майстэрства весці гутарку, спрэчку],
вучэнне аб найб. агульных законах развіцця космасу і прыроды, грамадства, чалавека і мыслення. Асн. прынцыпы Д. — усебаковая, усеагульная сувязь рэчаў і з’яў, станаўленне і развіццё. У склад Д. як вучэння ўваходзяць філас. тэорыя, метад і метадалогія філас. пазнання. Першыя спробы дыялект. асэнсавання прыроднай і грамадскай рэчаіснасці, быцця чалавека ў свеце зроблены ў глыбокай старажытнасці і знайшлі сваё ўвасабленне ў духоўнай культуры і светапоглядзе ўсх. цывілізацый: егіпецкай, шумерскай, індыйскай, кітайскай і інш. Унікальны ўклад у развіццё дыялект. мыслення зрабіла ант.грэч. цывілізацыя, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для росквіту духоўнай творчай дзейнасці чалавека, асабліва ў галіне філасофіі, эстэтыкі, навукі. Паняцце Д. ўпершыню выкарыстаў Сакрат, разумеючы пад ім майстэрства весці мэтанакіраваны дыялог, калі супрацьпастаўленне і барацьба розных думак спрыяюць знаходжанню ісціны. Сакратаўскае разуменне Д. развіў Платон у шэрагу сваіх прац, напісаных у форме дыялогу. Ён даў дыялект. інтэрпрэтацыю філас. катэгорый руху, спакою, адрознення, тоеснасці, быцця, падкрэсліваючы іх супярэчлівы змест. Характэрнай рысай дыялект. мыслення стараж.-грэч. філосафаў было ўспрыманне свету ў якасці адзінага непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане стыхійнага руху і змянення. У межах стыхійна-наіўнага ўяўлення аб непадзельнай рэчаіснасці ў Грэцыі існавалі і развіваліся формы суб’ектыўнай і аб’ектыўнай Д. Геракліт лічыў, што ўсё існуе і ў той жа час не існуе, таму што ўсё цячэ і змяняецца, узнікае і знікае, а свет з’яўляецца месцам няспыннай барацьбы процілеглых з’яў. У гэтай барацьбе процілегласцей ён бачыў галоўную прычыну развіцця. Стыхійна дыялект. ідэі знайшлі адлюстраванне ў вучэнні Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура і інш. аб атамах і атамнай будове рэчаў. Істотнае даследаванне розных форм дыялект. мыслення правёў Арыстоцель. У часы панавання монатэістычных рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, Д. фактычна атаясамлівалася з асобасным абсалютам — тварцом космасу і прыроды і адначасова з першапрычынай іх няспыннага руху і змянення. У філасофіі новага часу дыялект. ідэі выкарыстоўваліся супраць панавання метафіз. поглядаў. Р.Дэкарт спрыяў пранікненню дыялект. спосабу мыслення ў матэматыку, абгрунтоўваў ідэю аб неаднароднасці прасторы і пачатак развіцця адносна да касмалогіі. Д.Дзідро лічыў рух унутр. уласцівасцю матэрыі і адстойваў эвалюц. погляды на жывую прыроду. Г.Лейбніц падышоў да дыялект. погляду на адзінства прасторы і часу. Навукова плённыя дыялект. думкі аб захаванні матэрыі і руху, эвалюц. паходжанні і развіцці зямлі выказаў М.В.Ламаносаў. У якасці універсальнай тэорыі і метаду пазнання свету шляхам знаходжання, аналізу і раскрыцця ўласцівых яму супярэчнасцей Д. распрацоўвалася ў ням. класічнай філасофіі 18—19 ст. І.Кант вучыў, што працэс пазнання рэчаіснасці чалавекам абапіраецца на практычны вопыт, таму абстрактныя катэгорыі «бог», «душа», «свабода» і інш. не могуць прэтэндаваць на абсалютныя веды, а чалавечы розум у сваім імкненні авалодаць абсалютным няўхільна трапляе ў палон невырашальных супярэчнасцей. Выключнае месца ў станаўленні навук. канцэпцыі Д. займае філас. вучэнне Г.Гегеля, які абагульніў гіст. вопыт навук.дыялект. мыслення аб космасе, прыродзе і чалавеку, а ўвесь матэрыяльны і нематэрыяльны свет прадставіў у якасці працэсу бесперапынных змен і развіцця Адначасова ён зрабіў спробу сфармуляваць унутр. законы Д. Змены, пераход рэчаў і з’яў з аднаго якаснага стану ў другі Гегель тлумачыў узаемадзеяннем супярэчнасцей і іх канчатковым вырашэннем, г.зн., што працэс развіцця адбываўся дзякуючы ўласным унутр. імпульсам, а развіццё з’яўлялася самаразвіццём. Такую ўласцівасць ён лічыў істотнай рысай абсалютнай ідэі, абсалютнага духу, што было абумоўлена сутнасцю ўсёй гегелеўскай філасофіі, паводле якой свядомасць з’яўляецца тварцом рэчаіснасці. Дыялект. ідэі, погляды і канцэпцыі прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі далі штуршок развіццюматэрыяліст. Д., якую распрацоўвалі К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін. Яе асн.катэгорыі і законы: прастора, час, рух, матэрыя, адзінства і барацьба процілегласцей, адмаўленне адмаўлення, пераход колькасных змен у якасныя і інш.Матэрыяліст. Д. прыроды абгрунтоўвае і даказвае свае палажэнні, спасылаючыся на гіст. вопыт развіцця прыродазнаўчых навук, а Д. сац. жыцця звяртаецца да вывучэння асаблівых рыс чалавечага грамадства, суадносін суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў гісторыі, сац. прагрэсу, узаемаадносін грамадства і прыроды, грамадства і асобы і інш. Яна ўключае таксама тэарэт. праблемы пазнання, якое заснавана на прынцыпе адлюстравання і дыялектычную логіку.
Літ.:
Гегель Г.В.Ф. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,
функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял.л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.
Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.
Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.Сапега, А.Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Каратынскі, У.Сыракомля, А.Плуг), польск. (А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), бел. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.Гарун, М.Гарэцкі, Ф.Аляхновіч, З.Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.Чарот, У.Дубоўка, У.Хадыка, К.Чорны, П.Трус, К.Крапіва, Я.Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.Васілёк, В.Таўлай, П.Пестрак, А.Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Беларусь.
Літ.:
Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;
Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ ВЫЯЎЛЕ́НЧАЕ І ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Займае важнае месца ў духоўным развіцці грамадства як структурны элемент маст. культуры і сродак далучэння да яе шырокіх слаёў насельніцтва; эфектыўная форма фарміравання гарманічна развітой асобы. У адрозненне ад прафес.маст. творчасці менш звязана з маст.-вобразнымі і стылістычнымі традыцыямі эпохі, агульнапрынятымі, гістарычна сфарміраванымі канонамі; спалучае маст. формы фальклору, нар. і прафес. мастацтва. Існуе ў арганізаваных (студыі, клубы, гурткі пры палацах і дамах культуры, дамах рамёстваў, навуч. установах і інш.) і неарганізаваных формах.
На Беларусі найб. масавы характар набыло ў 1920-я г. У першыя гады сав. улады гурткі і студыі мелі пераважна агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць, ствараліся пры заводах і фабрыках, установах, часцях Чырв. Арміі. Многія мастакі-аматары ўдзельнічалі ў ажыццяўленні т.зв. Ленінскага плана манум. прапаганды, стваралі бюсты паліт. і грамадскіх дзеячаў, помнікі, якія ўслаўлялі свабодную працу, працавалі над афармленнем вуліц і плошчаў, агітпаяздоў, агітпараходаў, агітпавозак (агітпараход і агітпоезд на Гомельшчыне ў 1919, мінскі агітпоезд на Віцебшчыне ў 1934). Значная работа вялася па наладжванні навуч. працэсу ў галіне самадз.выяўл. мастацтва. У Гомелі ў 1919—21 працавалі студыя выяўл. мастацтва імя М.Урубеля (сярод яе выхаванцаў нар. мастак Расіі Г.Ніскі), студыя пры Чангарскай кавалерыйскай дывізіі, студыя скульптуры пад кіраўніцтвам Ф.Валяро. У 1920-я г. створаны студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Оршы, Полацку, Гарадку. На выстаўцы твораў С.в. і д.-п.м. (1919) экспанаваліся работы рамеснікаў і мастакоў Бабруйска. У 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. У 1936 у Мінску адбылася выстаўка работ самадз. мастакоў, у 1937 і 1938 — выстаўкі самадз. і нар.маст. творчасці. Іх развіццю садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы).
У Вял.Айч. вайну самадз. мастакі Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў выданні і афармленні друкаваных і рукапісных падпольных перыядычных выданняў, змяшчалі ў іх партрэты нар. мсціўцаў, пейзажныя замалёўкі, сатыр. малюнкі. У канцы 1940-х—1950-я г. колькасць новых студый і гурткоў павялічылася, праводзіліся творчыя семінары самадз. мастакоў, актывізавалася выставачная дзейнасць. У 1947, 1952, 1959 адбыліся рэсп. выстаўкі самадз. і нар. мастацкай творчасці, у 1955 выстаўка на Дэкадзе бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Значнае месца ў творчасці мастакоў-аматараў займалі тэмы Вял.Айч. вайны, адраджэння нар. гаспадаркі, роднага краю. У 1960—70-я г. актывізавалася дзейнасць арганізацыйна-метадычных устаноў, створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадзейнай творчасці).
На развіццё С.в. і д.-п.м. на Беларусі значна паўплываў удзел самадз. мастакоў і майстроў дэкар.-прыкладнога мастацтва ў рэсп. і ўсесаюзных фестывальных выстаўках-конкурсах, прысвечаных розным знамянальным падзеям, рэсп. выстаўкі дзіцячай выяўл., дэкар.-прыкладной і тэхн. творчасці. Іх творчасці ўласцівы разнастайнасць манер і тэхніка-выканаўчых прыёмаў, актыўны пошук індывід. формы, шырыня жанрава-тэматычнага дыяпазону, паўната адлюстравання жыцця. У драўлянай скульптуры значнае месца займалі фалькл. матывы. Сярод вядомых майстроў С.в. і д.-п.м. Беларусі 1960—90-х г. І.Абравец, Т.Агафоненка, В.Альшэўскі, В.Аляксеенка, К.Арцёменка, Г.Асіпкова, Л.Бабровіч, П.Букасаў, В.Бусараў, С.Бык, Л.Галаенка, Н.Ганчарова, Г.Ганчаронак, П.Гатоўка, В.Гаўрылюк, Ф.Генкін, В.Гвоздзеў, П.Гольцаў, У.Гулякевіч, В.Дабраквашын, Ф.Дудо, М.Ерафееў, В.Жарнасек, І.Занковіч, М.Засінец, Л.Казачонак, С.Какшынскі, В.Кандраценка, І.Кішкурна, М.Корабаў, Дз.Крупеня, З.Ляйко, А.Міхеенка, М.Няхай, А.Пупко, В.Рудовіч, Л.Саланенка, В.Самойленка, С.Серак, Ф.Сухавіла, Дз.Сырамятнікаў, Б.Тарасенка, Л.Трахалёва, Дз.Цубер, С.Шаўроў, А.Шышанкоў і інш. У 1990-я г. ліквідаваны Рэсп. навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы, у некат. раённых гарадах, гар. пасёлках, калгасах і саўгасах яны заменены дамамі (цэнтрамі) рамёстваў (на 2001 больш за 40). Лепшым самадз. студыям і клубам надаецца званне «народны» (гл.Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва).
Р.Ф.Шаура.
Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Г.Асіпкова. Песня. 1976.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Бусараў. Ганчар. 1984.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Засінец. Маці. 1976.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. С.Бык. Партрэты М.Багдановіча, Я.Коласа, Я.Купалы.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Трахалёва. Дзот. 1989.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Жарнасек. У прадмесці Лепеля. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСК,
горад, цэнтр Смаленскай вобл. Расіі, на берагах р. Дняпро. 353 тыс.ж. (2000). Рачная прыстань, вузел чыгунак і аўтадарог. Важны трансп. цэнтр на шляхах з Расіі ў Беларусь і Зах. Еўропу. Прам-сць: маш.-буд. (ВА «Аналітпрыбор» і «Іскра», НВА «Тэхнапрыбор», з-ды авіяц., «Вымяральнік», аўтаагрэгатны, сродкаў аўтаматыкі, гандл. абсталявання, халадзільнікаў, электралямпавы), лёгкая (ільнокамбінат, трыкатажная, панчошная, абутковая ф-кі і інш.), харч. (мясакамбінат, лікёра-гарэлачны, піваварны з-ды, 2 малаказаводы, макаронная ф-ка), буд. матэрыялаў. Мэблевы камбінат. 7 ВНУ. Планетарый.
Вядомы з 863. Узнік як цэнтр слав. племя крывічоў на стараж.гандл. шляху «з варагаў у грэкі». З 882 у складзе Кіеўскай дзяржавы. З 1-й пал. 12 ст.адм. і культ. цэнтр Смаленскага княства, меў сваю епіскапскую кафедру. У 2-й пал. 12 ст. абвастрылася саперніцтва С. з Полацкам. У 1229 разам з Полацкам і Віцебскам заключыў гандл. і паліт. пагадненне з Рыгай (гл. Дагавор 1229). У 1404—1514 у складзе ВКЛ. Важны цэнтр бел. летапісання, тут створаны Смаленскі летапіс, «Смаленскія граматы XIII—XIV стст.», Смаленская хроніка, Беларуска-літоўскі летапіс 1446. Смаленскі полк удзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410. У 15—17 ст. цэнтр Смаленскага ваяводства. Адбылося Смаленскае паўстанне 1440. З 1514 у складзе Рус. дзяржавы. У 1596—1602 узведзена каменная крапасная сцяна. У 1611 заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. У 1654 узяты рус. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 пакінуты ў складзе Расіі. У 1708 утворана Смаленская губерня. У 1719—26 цэнтр Смаленскай прав. Рыжскай губ., у 1776—96 — Смаленскага намесніцтва. У вайну 1812 каля С. адбылася Смаленская бітва 1812. Будаўніцтва у 2-й пал. 19 ст. Рыжска-Арлоўскай (1868), Маскоўска-Брэсцкай (1870) і Разана-Уральскай (1899) чыгунак садзейнічала эканам.развіццю горада. У 1918 цэнтр Заходняй камуны. У С. ў 1918 дзейнічаў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), 30—31.12.1918 у С. адбыўся Першы з’езд КП(б)Б, які абвясціў утварэнне БССР, у 1918—39 знаходзіўся акр.ваен. камісарыят Беларускай ваен. акругі. У 1920 у С. выдавалася газ. «Савецкая Беларусь». У 1922—23 і 1925—27 дзейнічала Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле нар. асветы, якая супрацоўнічала з Бел. студэнцкім зямляцтвам у С. (існавала ў 1924—29 пры Смаленскім ун-це). У С. ў розны час жылі і працавалі бел. пісьменнікі М.І.Гарэцкі, Я.Купала, вучоныя У.М.Дабравольскі, А.М.Ляўданскі, І.М.Хозераў і інш. З 1929 цэнтр Заходняй, з 1937 — Смаленскай вобл. У Вял.Айч. вайну пасля Смаленскай бітвы 1941 захоплены ням.-фаш. войскамі. Вызвалены ў выніку Смаленскай аперацыі 1943. У 1985 С. прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».
На левым беразе Дняпра знаходзіцца старая ч. горада — Смаленскі крэмль з Успенскім саборам (17 ст.). Пасля вайны 1812 С. развіваўся паводле плана (1818), які спалучаў прамавугольную планіроўку цэнтра з сістэмай радыяльных вуліц стараж.ч. горада. Сярод арх. помнікаў: цэрквы Пятра і Паўла на Гарадзянцы (1146, перабудавана ў 1753—57, рэстаўрыравана ў 1962—63; побач — палаты уніяцкага епіскапа, 1632), Іаана Багаслова на Варажках (12 ст., перабудавана ў 18 ст.), Міхаіла Архангела (Свірская, 1191—94), Узнясенская (1694—98, арх. Г.Вахрамееў, паводле чарцяжоў Пятра I; паўн. прыдзел — 1764, арх. М.Ф.Казакоў); ансамбль Троіцкага манастыра з саборам (1738—40, арх. І.Калінік) і званіцай (1770-я г.); барочны Праабражэнскі сабор Аўраміева манастыра (1755); будынак б. дваранскага сходу (1825, арх. А.Мельнікаў, класіцызм) і інш. Помнікі 12—13 ст. маюць рысы Полацкай школы дойлідства і Смаленскай школы дойлідства. У С. гіст. і арх.-маст. музей-запаведнік, музей скульптуры імя С.Канёнкава, маст. галерэя (калекцыя абразоў 14—16 ст., рус. і зах.-еўрап. мастацтва), музеі Вял.Айч. вайны, смаленскага лёну. Манументы Айч. вайны 1812 (1842, 1912); помнікі: М.Глінку (1885, скульпт. А.Бок, ажурная рашотка з нотнымі знакамі па творах Глінкі, паводле праекта І.Багамолава), М.Мікешыну (1990), Ф.Каню (1991). Т-ры: драмы, лялек; філармонія.
Літ.:
Смоленск: Крат. энцикл. Смоленск, 1994;
Смоленск и Гнездово (К истории древнерус. города). М., 1991;
Раппопорт П.А., Смирнова А.Т. Архитектурные достопримечательности Смоленска. М., 1976;
Никерова О.В. Смоленск. Смоленск, 2000.
Смаленск. Гістарычны цэнтр горада.Смаленск. Успенскі сабор (злева), Манумент Айчыннай вайны 1812.Смаленск. Царква Пятра і Паўла на Гарадзянцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́ВЫ, вакальнае мастацтва,
мастацтва перадаваць сродкамі пеўчага голасу і выканальніцкага інтанавання ідэйна-вобразны змест муз. твора; адзін са стараж. відаў выканальніцтва. С. бываюць аднагалосыя (сола), ансамблевыя (дуэт, трыо, квартэт) і харавыя; са словамі і без іх (на галосных гуках — вакалізацыя), з інстр. акампанементам і без яго (а капэла). Асн. жанры С. у класічнай музыцы: С. оперныя, звязаныя з тэатр.-драм. дзеяннем, і камерныя — выкананне рамансаў, песень і інш. Адрозніваюць 4 асн. тыпы вакальных мелодый і, адпаведна, 4 стылі С.: пявучы (кантыленныя плаўныя мелодыі шырокага дыхання),
каларатурны (адметны тэхн. складанасцю. віртуознасцю выканання), дэкламацыйны (разнастайныя інтанацыі мовы, структура слоўнага тэксту), рэчытатыўны (гл.Рэчытатыў). Для прафес. С. неабходны пеўчы голас (выразны, яркага тэмбру, шырокага дыяпазону), валоданне вак. тэхнікай (пастаноўка голасу і дыхання), выразная дыкцыя, агульная муз.-прафес. адукацыя. Розныя нац. школы С. вылучаюцца стылем выканальніцтва, манерай гукавядзення і характарам пеўчага голасу.
Прафес. вак. мастацтва існавала ўжо ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, краінах Усходу, пераважна ў форме нар. і культавых С. З узнікненнем хрысціянства С. ўвайшлі ў царк. богаслужэнні, пры манастырах і цэрквах існавалі школы С. Першая еўрап. школа С. — італьян. (склалася ў пач. 17 ст., вызначалася дасканалай тэхнікай бельканта і выдатнымі галасамі). У Расіі пеўчая культура вядома з 10 ст.Асн. від стараж.царк. С. — знаменны спеў — быў пашыраны ў Расіі, Украіне і Беларусі. У 17 ст. зацвердзіліся партэсныя спевы. У 18 ст. росту прафесіяналізму рус. кампазітараў і спевакоў садзейнічала італьян. опера. Асновы рус.нац. школы С. зацвердзіў М.Глінка, вучнямі якога былі спевакі С.Гулак-Арцямоўскі, В.Пятроў, Г.Вараб’ёва-Пятрова, Д.Лявонава. Далейшае развіццё рус.вак. мастацтва звязана з дзейнасцю спевакоў І.Рупіна, А.Варламава (аўтар «Поўнай школы спеваў», 1840), кампазітараў А.Даргамыжскага, М.Балакірава, М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава і інш.Рус.вак. школе характэрны высокі прафесіяналізм, шчырасць і прастата выканання, уменне арганічна спалучаць вак. майстэрства з тонкай псіхал. ігрой драм. акцёра (Ф.Шаляпін, І.Яршоў, А.Няжданава, Л.Собінаў, Р.Пірагоў і інш.). У сав. час спевакі развівалі лепшыя традыцыі рус. класічнай школы (А.Абразцова, Н.Абухава, І.Архіпава, У.Атлантаў, В.Барсава, М.Біешу, Б.Гмыра, Н.Дарліяк, З.Далуханава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, В.Нарэйка. У.Несцярэнка, Г.Нэлеп, М.Рэйзен, Т.Сіняўская, Б.Штокалаў і інш.).
На Беларусі нац. рысы выканальніцтва замацаваны ва ўсіх відах і жанрах нар.-песеннай культуры. Характар бел. напеваў, што ўвасобілі агульныя традыцыі, абумоўлены асаблівасцямі мовы, тэмпераментам, духоўным складам, характарам народа, што спрыяла развіццю спецыфічных і разнастайных прыёмаў выканання і гукаўтварэння — галасны спеў, С. з падводкай, прыёмы гетэрафоніі і бурданіравання (гл.Бурдон). У 16—18 ст. на Беларусі развівалася свецкая кантавая культура, асн. жанры якой — канты і псальмы. Уклад у станаўленне пеўчага мастацтва зрабілі бел. брацтвы, пры якіх існавалі школы хар. С. Развіццё прафес. С. у 18 ст. звязана з дзейнасцю прыватных т-раў і капэл. У 20 ст. на Беларусі сфарміравалася нац. школа С., якая вылучыла шэраг вядомых майстроў, у іх ліку нар.арт.СССР Л.Александроўская, М.Ворвулеў, С.Данілюк, Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, нар.арт. Беларусі І.Балоцін, З.Бабій, Л.Бражнік, В.Валчанецкая, Н.Гайда, Л.Галушкіна, А.Генералаў, В.Глушакоў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Л.Златава, М.Зюванаў, Р.Млодак, Я.Пятроў, І.Сайкоў, І.Сарокін, М.Сярдобаў, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова, Т.Шымко, засл. арт. Беларусі Т.Глаголева, М.Грыгорчык, В.Кавальчук, А.Мельнікаў, А.Пятроў, В.Скорабагатаў і інш.Вял. роля ў развіцці нац.вак. мастацтва належыць Беларускай акадэміі музыкі, Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру оперы Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнаму акадэмічнаму народнаму хору Рэспублікі Беларусь, Хору акадэмічнаму беларускага тэлебачання і радыё. Дзярж. сістэма муз. адукацыі і выхавання створана ў 1930-х г.: спевакоў рыхтуюць Бел. акадэмія музыкі (кафедра спеваў і оперная студыя), муз. вучылішчы, выкладчыкаў спеваў агульнаадук. школ — Бел.пед.ун-т (муз.-пед.ф-т). Гл. таксама Вакальная музыка.
Літ.:
Иванов А.П. Об искусстве пения. М., 1963;
Морозов В.П. Вокальный слух и голос. М.; Л., 1965;
Яго ж. Тайны вокальной речи. Л., 1967;
Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Пікарда Г. дэ. Царкоўная музыка на Беларусі. 989—1995. Мн., 1995;
Музычны тэатр Беларусі. [Т. 1—4]. Мн., 1990—97;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД 1917, Першы Усебеларускі кангрэс,
першы ў гісторыі агульнанацыянальны прадстаўнічы форум бел. народа. Адбыўся 5—18(18—31)12.1917 у Мінску. Скліканы Вялікай беларускай радай (ВБР) і Беларускім абласным камітэтам (БАК) для вызначэння дзярж.-паліт. і нац.-культ. статусу Беларусі ва ўмовах паскоранага Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 працэсу распаду Рас. дзяржавы і перад пагрозай страты зах. часткі Беларусі (акупіравана Германіяй у 1915) у выпадку ажыццяўлення ініцыіраванага бальшавікамі выхаду Расіі з 1-й сусв. вайны. У рабоце з’езда ўдзельнічалі 1872 дэлегаты, у т. л. 1167 з правам рашаючага і 705 з правам дарадчага голасу. Каля 2/3 дэлегатаў накіраваны цывільнымі арг-цыямі, больш за 1/3 — вайскоўцамі. Арганізац. кіраўніцтва з’ездам ажыццяўляў прэзідыум на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім [да 14(27).12.1917], потым з І.М.Серадой. Для аператыўнага разгляду паліт. пытанняў была сфарміравана Рада старэйшын з’езда (Рада з’езда) у складзе прэзідыума і прадстаўнікоў ад розных груп дэлегатаў (усяго каля 60 чал.). Пераважная большасць з’езда была захоплена сацыяліст. ідэяй (у тым або інш. варыянце), галасы асобных лібералаў патаналі ў хоры радыкалаў і сацыялістаў, а кансерватыўныя погляды практычна не выявіліся. З’езд разгледзеў шырокі спектр найважнейшых праблем жыцця тагачаснага бел. грамадства. Падыходы з’езда да эканам. і сац.-культ. праблем неслі на сабе адбітак сацыяліст. прыхільнасцей большасці дэлегатаў. У рэзалюцыях секцый і камісій гучала ідэя сац. справядлівасці, сцвярджалася неабходнасць забяспечыць роўнасць паміж індывідамі, групамі насельніцтва і цэлымі народамі. Прадугледжвалася арганізацыя нар. кантролю над вытворчасцю і гандлем, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня ў прам-сці і сельскай гаспадарцы. Асн. прынцыпам агр. рэформы меркавалася бязвыплатная перадача ўсей зямлі ў рукі працоўнага сялянства. Прапаноўвалася ўвесці ўсеаг. бясплатную адукацыю, заснаваць Бел.ун-т, пашырыць сетку тэхн.навуч. устаноў. Адзначаючы немэтазгоднасць кардынальнай ломкі моўнай сітуацыі ў Беларусі, што вызначалася моцнымі пазіцыямі рус. мовы як афіцыйнай, дэлегаты выказваліся за спрыянне развіццюбел.літ. мовы і павышэнне яе грамадскага статусу. Гарантыю выканання сваіх пастаноў з’езд бачыў у неадкладнай арганізацыі бел. войска. На з’ездзе разгарнуліся вострыя дэбаты наконт выбару аптымальнай формы самавызначэння: прадстаўнікі ВБР прапаноўвалі абвясціць Беларусь раўнапраўнай рэспублікай у складзе агульнарас. федэрацыі народаў і краёў, а лідэры БАК лічылі такую прапанову занадта радыкальнай і небяспечнай. У выпрацаванай Радай з’езда кампраміснай формуле арганізацыі ўлады гаварылася: «Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і сцвярджаючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах Беларускай зямлі, для выратавання роднага краю і засцярогі яго ад падзелу і адрыву ад Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, 1-ы Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са складу з’езда орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў». Гэта фармулёўка ўключала матыў Бел. рэспублікі, але наймення такога не ўтрымлівала і была аднагалосна ўхвалена дэлегатамі. Усебел. Савету сял., салдацкіх і рабочых дэпутатаў даручалася забяспечыць найхутчэйшае скліканне Бел. Устаноўчага сходу, каб канчаткова замацаваць легітымны характар самавызначэння Беларусі і стварыць пастаянныя органы ўлады. Сфармуляваная з’ездам канцэпцыя дэмакр. шляху да бел. дзяржаўнасці не адпавядала імкненням бальшавікоў Зах. фронту ўстанавіць сваю манаполію на ўладу ў Беларусі. Кансалідацыя з’езда азначала правал бальшавіцкай тактыкі на яго раскол. У выніку па загадзе Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту з’езд у ноч на 18(31).12.1917 быў разагнаны ўзбр. салдатамі. Гэта сілавая акцыя абарвала найб. паўнавартасны шлях пабудовы бел. дзяржаўнасці, але не перапыніла працэс нац.-дзярж. самасцвярджэння беларусаў. Рада з’езда і сфарміраваны ёй 21.12.1917 (3.1.1918) Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда перайшлі на нелегальнае становішча. Пасля эвакуацыі з Мінска ў лют. 1918 бальшавікоў на аснове гэтых органаў былі ўтвораны паліт. структуры Беларускай Народнай Рэспублікі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики: (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917—декабрь 1918 г.). Мн., 1975;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Езавітаў К. Першы Усебеларускі кангрэс // Бел. мінуўшчына. 1993. № 1;