А́НГЛА-ІРА́КСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1922, 1926, 1930, 1948, 1955.
Дагавор 1922, заключаны на 20 гадоў, фактычна аформіў мандатную залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі. Дагавор 1926 прадаўжаў тэрмін дзеяння папярэдняга да 1950 (калі Ірак да гэтага часу не стане чл. Лігі Нацый, што аўтаматычна пазбаўляла яго англ. мандата). Дагавор 1930 падпісаны на 25 гадоў, прадугледжваў адмену мандата і прызнаваў суверэнітэт Ірака (уступіў у сілу ў 1932 пасля прыняцця Ірака ў Лігу Нацый); фактычна захаваў залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі ў знешняй палітыцы і ваен. справах. Дагавор 1948 прадугледжваў стварэнне «камісіі сумеснай абароны», тэр. Ірака заставалася базай англ.узбр. сіл. Пагадненне 1955 захоўвала кантроль Англіі над іракскай арміяй і ваенна-паветр. базамі; англ. ваенна-паветр. сілы заставаліся ў Іраку. Дэнансавана 24.3.1959 урадам Іракскай рэспублікі пасляІракскай рэвалюцыі 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЛАЎ (Барыс Абрамавіч) (10.10.1882, в. Мікуліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1943),
удзельнік рэв. руху, публіцыст. У 1901 за кіраўніцтва забастоўкай у Віцебску сасланы ва Усх. Сібір. З 1904 вёў парт. работу ў Пецярбургу, Мікалаеве, Днепрапятроўску, Маскве, Екацярынбургу. У 1909—11 слухач парт. школы ў Ланжумо (Францыя). За рэв. дзейнасць 4 разы арыштаваны, каля 10 гадоў правёў на катарзе. ПасляЛют. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік газ. «Правда», рэдактар газ. «Голос правды» ў Кранштаце, пасляКастр. рэвалюцыі 1917 на парт. і сав. рабоце ў Віцебску, Маскве. Удзельнік грамадз. вайны. У 1924—25 на сав., гасп. і дыпламат. рабоце. Чл.ВЦВК у 1918—19. Аўтар брашур і артыкулаў пра рэв. рух і Кастр. рэвалюцыю 1917. Рэпрэсіраваны ў 1937. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1563,
заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў паліт. правах правасл. феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на бел. мове вял.кн.ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам II Аўгустам 7.6.1563 на Віленскім сейме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем устаноўлена, што правасл. шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзярж. пасады. Было засведчана, што дыскрымінацыйныя адносна правасл. шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 і прывілея 1447). Таму Віленскі прывілей 1563 меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, і быў выдадзены з мэтай паліт. кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Лівонскай вайне 1558—83, у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАІ́Н (Ян Непамуцэн) (1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.
Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.Арцімовіч. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬС ((Goebbels) Паўль Іозеф) (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 215—278.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1773—77 і 1852 — 1926. Утвораны 22.7.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г.Гомель. 22.3.1777 у сувязі з пераносам цэнтра пав. ў мяст. Беліца пераўтвораны ў Беліцкі павет. Адноўлены ў складзе Магілёўскай губерні ў 1852 пасля пераносу цэнтра павета зноў у Гомель. Пл. 4719,4 кв. вёрст, нас. 224,7 тыс.чал. (1897). У 1917 у павеце было 18 валасцей: Веткаўская, Вылеўская, Гомельская, Дзятлавіцкая, Кармянская, Маркавіцкая, Насовіцкая, Пакалюбіцкая, Палеская, Папоўская, Покацкая, Рудзянецкая, Рэчкаўская, Стараюркавіцкая, Стаўбунская, Целяшоўская, Чабатовіцкая, Чырванабудская; 3 гарады, 7 мястэчак. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 9: Веткаўская, Гомельская, Добрушская, Дзятлавіцкая, Насовіцкая, Свяцілавіцкая, Уваравіцкая, Чачэрская і Чырванабудская. Скасаваны 8.12.1926, яго тэр. ўключана ў Гомельскую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАДЗЬЕ́ ((Daladier) Эдуар) (18.6.1884, г. Карпантра, Францыя — 10.10.1970),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат.Чл.Рэспубліканскай партыі радыкалаў і радыкал-сацыялістаў, у 1927—31, 1935—38, 1957—58 яе старшыня. Дэп. парламента (1919—40, 1946—58). Ваен. міністр (1932—34), міністр абароны (1936—40). Прэм’ер-міністр Францыі ў 1933, 1934, 1938—40. Адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1936). У знешняй палітыцы прыхільнік кампрамісу з фаш. Германіяй (гл.Мюнхенскае пагадненне 1938). Удзельнік Маскоўскіх перагавораў 1939. 3.9.1939 урад Д. абвясціў Германіі вайну. Пасля капітуляцыі Францыі арыштаваны (1940) і асуджаны (1942) урадам «Вішы». У 1943—45 інтэрніраваны ў Германіі. У 1947—54 кіраваў дзейнасцю «Аб’яднання левых рэспубліканцаў». Выступаў супраць калан. вайны Францыі ў Індакітаі (1946—54), стварэння «Еўрапейскага абарончага супольніцтва». Пасля ўстанаўлення ў Францыі Пятай рэспублікі (1958) адышоў ад палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎЭСА ПЛАН,
план забеспячэння выплаты рэпарацый Германіяй, устаноўлены для яе дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя пасля 1-й сусв. вайны). Распрацаваны ў 1923—24 міжнар. к-там экспертаў на чале з Ч.Даўэсам (адсюль назва). Зацверджаны 16.8.1924 на спец. канферэнцыі ў Лондане. Прадугледжваў выдаткаванне Германіі пазыкі ў памеры 200 млн.дол. (у т. л. 110 млн. банкамі ЗША) для стабілізацыі яе валюты (маркі), устанаўленне кантролю саюзных дзяржаў над герм.дзярж. бюджэтам, грашовым абарачэннем, крэдытам і чыгункамі, вызначыў памеры плацяжоў Германіяй у першыя 5 гадоў па 1—1,75 млрд. марак у год, потым па 2,5 млрд. марак у год. Прыняцце Д.п. садзейнічала паскарэнню вываду франц. і бельг. войск з Рура паслярурскага канфлікту 1922—23, павелічэнню замежных інвестыцый у эканоміку Германіі і, як вынік, аднаўленню герм.эканам. патэнцыялу. У 1930 заменены Юнга планам.