ЧАЛАВЕ́ЦТВА,

1) сукупнасць людзей, якія жывуць на Зямлі; тое, што народанасельніцтва.

2) Гіст. супольнасць людзей, якая склалася ў працэсе станаўлення і развіцця эканам., паліт., культ. і інш. сувязей паміж рознымі краінамі і народамі свету.

Паводле разлікаў дэмографаў, з часу з’яўлення краманьёнцаў (50—40 тыс. г. назад) на Зямлі змянілася каля 1600 пакаленняў «чалавека разумнага» (Homo sapiens) і пражывала прыкладна 60—70 млрд. людзей. Лічыцца, што папуляцыя людзей розных біял. відаў і іх падвідаў, якія адначасова пражывалі на Зямлі 1 млн. г. назад, налічвала каля 100 тыс. індывідаў, да моманту з’яўлення віду Homo sapiens больш за 50 тыс. г. назад — прыкладна 500 тыс., 40—30 тыс. г. назад — каля 5 млн. Да пач. 4-га тыс. да н.э. пасля пераходу людзей да земляробства і жывёлагадоўлі на Зямлі пражывала ўжо прыкладна 100 млн. чал. У наш час, паводле звестак ААН, на нашай планеце жыве каля 6 млрд. чалавек. Сучаснае Ч. разнастайнае ў расавых, этн. і культ. адносінах. У адрозненне ад рас шматлікія этнасы (плямёны і іх саюзы, народнасці, нацыі), з якіх складаецца Ч., уяўляюць сабой не біял., а сац.-гіст. супольнасці людзей, якія развіваюцца дзякуючы салідарнасці з сабе падобнымі паводле мовы, ладу жыцця, культ. і інш. прыкмет (гл. Антрапагенез, Антрапасацыягенез).

З моманту ўзнікнення розных лакальных і рэгіянальных цывілізацый эвалюцыя Ч. адбывалася на аснове ўласнага развіцця і запазычання народамі дасягненняў матэрыяльнай і духоўнай культуры інш. народаў. Гісторыя Ч. традыцыйна разглядаецца шляхам падзелу яе на Стараж. свет, сярэдневякоўе, новы час. У эвалюцыі Ч. вылучаюцца 4 тэхнал. эпохі: збіральніцтва і палявання, аграрная, індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства. З сярэдзіны 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да інтэграцыі эканамічнай, навук.-тэхн., паліт. і культ. супрацоўніцтва. Узніклі новыя жыццёва важныя для Ч. глабальныя праблемы. З’явілася новая навука — глабалістыка, прадмет якой — агульныя заканамернасці развіцця сучаснага Ч. ва ўмовах антрапагенна перагружанай Зямлі, стварэнне мадэлей навукова і духоўна арганізаванага свету. Аб’ектыўны працэс больш цеснага яднання Ч. (глабалізацыі) стварае перадумовы для ўключэння многіх краін у агульнасусв. эканам. і навук.-тэхн. прагрэс, выкарыстання перадавых тэхналогій для ўласнага развіцця, стварэння агульнапланетарнай (глабальнай) цывілізацыі пры захаванні разнастайнасці нац. культур, умоў іх узаемнага ўзбагачэння. У 2002 Ген. Асамблея ААН прыняла спец. рэзалюцыю аб рэагаванні на глабальныя пагрозы і выклікі Ч. (тэхнагенныя катастрофы, рост злачыннасці і наркаманіі, міжнар. тэрарызм і інш.), якая прадугледжвае фарміраванне глабальнай сістэмы процідзеяння гэтым пагрозам і ажыццяўленне практычных мер, накіраваных на дынамічнае паступальнае развіццё ўсіх састаўных ч. сучаснага Ч.

Літ.:

Цивилизация: прошлое, настоящее и будущее человечества. М., 1988;

Моисеев Н.Н. Быть или не быть... человечеству? М., 1999;

Уткин А.И. Мировой порядок XXI в М., 2001;

Федотов А.П. Глобалистика: Начала науки о современном мире. 2 изд. М., 2002;

Тойнби А.Д. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),

від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.

Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл. Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.

На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем у біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл. гл. таксама да арт. Абраз, Беларуская іканапісная школа.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;

Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;

Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд. Мн., 1995.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.
Да арт. Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.
Да арт. Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).
Да арт. Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.
Да арт. Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.
Да арт. Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.
Да арт. Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНЫ ЖЫ́ВАПІС,

творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.

Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст. маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.​Лебрэна, 19 ст. — Э.​Дэлакруа, П.​Пюві дэ Шавана, Ф.​Овербека, у 20 ст. — А.​Гаўдзі, М.​Дэні, Ф.​Лежэ, Д.​Сікейраса, Д.​Рыверы, М.​Урубеля, А.​Дайнекі і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.​Лебедзева, І.​Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.​Волкаў, М.​Керзін, М.​Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.​Давідовіч, Я.​Зайцаў, М.​Тарасікаў, Я.​Ціхановіч, М.​Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.​Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.​Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.​Кішчанкі і Г.​Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.​Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.​Катковай і З.​Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.​Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.​Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.​Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.​Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́ЛЛЕ,

выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.

Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.​Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.​Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.​Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.​Маркс, а ўслед за ім У.​І.​Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.​Гобса, Ф.​Ніцшэ і З.​Фрэйда. Аўстр. філосаф К.​Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.​Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх. рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Лока, І.​Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.​М.​Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.​Гандзі, у імкненні М.​Л.​Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСІ́СТЫКА,

навука пра рускую мову. Ахоплівае комплекс праблем, звязаных з вывучэннем вытокаў рус. мовы, яе стараж. і новай гісторыі, мовы гіст. помнікаў і фальклору, літ. мовы і яе функцыянальных разнавіднасцей, нар. гаворак, ладу літ. мовы (гукавога, грамат., лексічнага, фразеалагічнага) і сумежных з’яў (прастамоўя і сац. дыялектаў), тэрміналагічных падсістэм, мовы маст. л-ры, сувязей рус. мовы з інш. мовамі і іх узаемадзеяннем і ўзаемаўплывам, гісторыі вывучэння рус. мовы. Як састаўная частка ўваходзіць у славістыку (гл. Славяназнаўства) і параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Цесна звязана з гісторыяй рус. народа, этнаграфіяй, літ.-знаўствам, агульным мовазнаўствам, логікай, псіхалогіяй і інш. Р. сфарміравалася і найб. рознабакова развіваецца ў Расіі. Асновы сучасных ведаў пра рус. мову закладзены ў працах М.​Ламаносава («Кароткі дапаможнік красамоўства», 1748; «Расійская граматыка», 1757), а таксама ў «Слоўніку Акадэміі Расійскай» (ч. 1—6, 1789—94). На працягу 19—20 ст. у рамках Р. сфарміраваліся самаст. навук. лінгвістычныя школы і кірункі, якія ў сукупнасці вызначылі развіццё розных навук. поглядаў на рус. мову і яе гісторыю, стварэнне важных тэарэт. прац. Праблемы Р. распрацоўвалі А.Х.Вастокаў, І.І.Сразнеўскі, Ф.І.Буслаеў, А.А.Патабня. У.І.Даль, П.Ф.Фартунатаў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Шахматаў, А.І.Сабалеўскі, В.У.Вінаградаў, Л.У.Шчэрба, С.І.Ожагаў, Р.І.Аванесаў, Б.М.Ляпуноў, Ц.П.Ломцеў і інш. Рус. навука пра рус. мову ўплывала і ўплывае на развіццё Р. ў інш. краінах, а таксама на развіццё славістыкі і агульнага мовазнаўства. Вытокі замежнай Р. ў 17 ст., калі паявіліся першыя граматыкі і слоўнікі, якія забяспечвалі практычныя патрэбы вывучэння рус. мовы, звязаныя з гандл. і дыпламат. сувязямі Расіі з інш. еўрап. краінамі. З 2-й пал. 19 ст. замежная Р. — важная састаўная частка славістыкі. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася пераважна ў слав. краінах: А.Беліч, В.Вондрак, Р.​Нахцігал, В.Ягіч і інш. Праблемы Р. распрацоўвалі таксама Л.​Лежэ, П.​Буае (Францыя), Э.​Ло Гата (Італія), О.​Ашбат (Аўстра-Венгрыя) і інш. Асабліва актыўна развіваецца замежная Р. ў 2-й пал. 20 ст., калі рус. мова стала адной з «сусв.» моў і афіц. і рабочай мовай ААН. Вядучы цэнтр сучаснай Р. — Ін-т рус. мовы імя В.​У.​Вінаградава Рас. АН. Вял. ролю ў развіцці замежнай Р. адыгрывае створаная ў 1967 Міжнар. асацыяцыя выкладчыкаў рус. мовы і л-ры, а таксама Ін-т рус. мовы імя А.​С.​Пушкіна.

Значнае развіццё атрымала Р. на Беларусі, што абумоўлена гіст. традыцыяй, месцам і роляй рус. мовы ў грамадстве. Прыярытэтныя кірункі бел. Р. — праблемы функцыянавання і выкладання рус. мовы ва ўмовах двухмоўя, узаемадзеяння моў, міжмоўнай інтэрферэнцыі і культуры рус. мовы. Асн. цэнтры Р. на Беларусі — аддзел бел.-рус. моўных сувязей Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, кафедры рус. мовы ВНУ. Даследаваннем рус. мовы займаліся і займаюцца бел. лінгвісты М.​Г.​Булахаў, М.​І.​Гурскі, І.​А.​Кісялёў, В.​М.​Нікіцевіч, П.​П.​Шуба, А.​І.​Яновіч і інш. Р. істотна ўплывае на сучаснае беларусазнаўства.

Літ.:

Иванов В.В. Историческая грамматика русского языка. М., 1964;

Виноградов В.В. Русский язык. 2 изд. М., 1972;

Русский язык. Вып. 1—12. Мн., 1981—92;

Русская грамматика. Т. 1—2. М., 1980;

Русский язык в Белоруссии. Мн., 1985.

А.​А.​Лукашанец.

т. 13, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ Мітрафан Віктаравіч (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.​М.​Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.​М.​Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.​В.​Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.​Б.​Антонович, М.​В.​Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.​С.​Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ МО́ВА.

агульнаўсходнеславянская мова, агульная мова ўсходніх славян 10—14 ст. Сфарміравалася ў эпоху стварэння стараж.-рус. дзяржавы на базе дыялектаў усх.-слав. плямён, што вылучыліся ў выніку распаду праславянскай мовы. З яе вылучыліся старарус., стараўкр. мовы і старабеларуская мова, на аснове якіх сфарміраваліся 3 усх.-слав. роднасныя мовы: беларуская мова, руская мова і ўкраінская мова.

Перыяд моўнага адасаблення ўсх. славян адзначаны развіццём тых. моўных асаблівасцей, якія выразна акрэслівалі і выдзялялі ўсх. групу слав. племянных дыялектаў. Гэта першае поўнагалоссе: стараж.-рус. «борода» праслав. *borda, «голова» < *glova і інш. (параўн. балг. «брада», «глава»; польск. «broda», «głova»). Развіццё гукаў «ч’», «ж’» на месцы агульнаслав. спалучэнняў tj, dj або kt, gt перад галоснымі пярэдняга раду («свѣча» < *svetja, «межа» < *medja, «ночь» < *nokt і інш. (параўн. балг. «свеща», «межда», «нощ»; польск. swiecą, miedza, пос). З’яўленне гукаў «ў», «’а» як рэфлексаў агульнаслав. насавых галосных: «судъ» < *sądъ, «мꙗсо» < *męso (параўн. чэш. soud, maso, польск. *sąd, mięso). Усх.-слав. моўная зона адасаблялася таксама за кошт фарміравання ў той час спецыфічнай усх.слав. лексікі: «логъ», «семья»: «бѣпка», «собака», «утъка», «ковьръ», коврига», «лапътъ», «чара», «вира» і інш. Фанетычная сістэма С.м. характарызавалася дзеяннем закону адкрытага складу, наяўнасцю рэдукаваных гукаў «ь» і «ъ», дыфтангічнага гука «ё» (абазначаўся літарай і), няпоўным проціпастаўленнем звонкіх—глухіх, мяккіх—цвёрдых зычных, адсутнасцю гука «ф», дыялектнай варыянтнасцю гукаў «г» (выбухнога або фрыкатыўнага) і «в» (губна-губнога або губна-зубнога). У грамат. ладзе С.м. вызначалася мнагатыпнасцю іменнага скланення (у залежнасці ад тыпаў праслав. іменных асноў, напр.: «братъ — брата», «сынъ — сыну», «дьнь — дьне», «гость — гости»); наяўнасцю форм адз., мн. і парнага ліку, 4 формамі прошлага і 3 формамі будучага часу, поўнай парадыгмай форм загаднага ладу. С.м. ўласціва «дапасаванне паводле сэнсу» дзейніка і выказніка, шырокае ўжыванне беспрыназоўнікавых канструкцый, недастатковае развіццё злучнікавых сувязей у структуры складанага сказа. На працягу 12—13 ст. дыялектнае чляненне С.м. паглыбілася ў сувязі са значным аслабленнем цэнтралізаванай стараж.-рус. дзяржавы. У выніку агульнаўсх.-слав. працэсу падзення рэдукаваных узнікаюць новыя дыялектныя адрозненні, якія проціпастаўляюць паўн. і паўн.-ўсх. землі паўд. і паўд.-заходнім. Да 14 ст. адбылося паліт. і эканам. адасабленне зах. і паўд.-зах. зямель, якія ўвайшлі ў ВКЛ, паўн. і паўн.-ўсх. землі аб’ядналіся ў складзе Маскоўскай дзяржавы.

Пісьмовыя помнікі С.м. вядомы з сярэдзіны 11 ст. З 10 ст. дайшлі толькі асобныя надпісы на прадметах, а таксама дагаворы Русі з Візантыяй (захаваліся ў складзе «Аповесці мінулых гадоў» у спісе 14 ст.). Значную ролю ў станаўленні літ. С.м. адыграла стараславянская мова. Найб. адчувальны яе ўплыў на мову рэліг.-павучальных твораў («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Феадосія Пячэрскага», творы мітрапаліта Іларыёна, Кірылы Тураўскага). Мова «Слова аб паходзе Ігаравым», «Задоншчыны», «Малення Данііла Заточніка», летапісаў вызначаецца сінкрэтызмам стараслав. і стараж.-рус. моўных сістэм. Мова дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», дагаворы і духоўныя граматы) у большай меры апіралася на нар.-размоўны варыянт С.м., які найб. выразна адлюстраваўся ў берасцяных граматах.

Літ.:

Обнорский С.П. Очерки по истории русского литературного языка старшего периода. М.; Л., 1946;

Филин Ф.П. Образование языка восточных славян. М., 1962;

Яго ж. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972;

Ларин Б.А. Лекции по истории русского литературного языка (X — середина XVIII в.). М., 1975.

А.​І.​Яновіч.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

раннефеадальная дзяржава з цэнтрам у г. Тураў. Называлася таксама Тураўская зямля, Тураўская воласць, Тураўская вобласць. Займала тэр. ад Дняпра на У да Зах. Буга на З, ад Прыпяцкага Правабярэжжа на Пд да вытокаў Лані і Случы на Пн (тэр. сучаснай Брэсцкай, часткова Гомельскай, Мінскай, Гродзенскай абл., паўн. раёнаў Украіны і ўсх. паветаў Польшчы). Утварылася ў канцы 10 ст. на тэр. рассялення ўсх.-слав. племя дрыгавічоў. Т.к. стала спадкаемцам племяннога княжання дрыгавічоў, што мела свайго племяннога князя (апошні — напаўлегендарны кн. Тур). Пасля распаду першабытнаабшчыннага і ўзнікнення феад. ладу мела больш высокую форму сац.-паліт. арганізацыі грамадства.

Першы гістарычна вядомы князь Т.к. — Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага вял. кн. Уладзіміра Святаславіча, пасаджаны на тураўскі прастол у 988. Т.к. было адным з найважнейшых у сістэме княстваў Кіеўскай Русі. Пра гэта сведчыць вылучэнне яго трэцім па старшынстве сынам вял. князёў пры падзеле Кіеўскай Русі: Святаполку ў 988 Уладзімірам Святаславічам, Ізяславу ў 1052 Яраславам Уладзіміравічам, Вячаславу ў 1125 Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам. З тураўскага на кіеўскі велікакняжацкі прастол перайшлі Святаполк Уладзіміравіч (1015), Ізяслаў Яраславіч (1054), Святаполк Ізяславіч (1093), Вячаслаў Уладзіміравіч (1139).

У паліт. гісторыі Т.к. вылучаюцца 4 перыяды. 1-ы перыяд (988—1015) — вылучэнне Т.к. са складу Кіеўскага вял. княства і палітыка Святаполка па адасабленні ад Кіева. 2-і перыяд (1019—1113) — час знаходжання Т.к. пад уладай вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага, яго сына Ізяслава Яраславіча (з 1052) і сыноў апошняга — Яраполка і Святаполка. 3-і перыяд (1113—58) — захоп Т.к. Уладзімірам Манамахам і захаванне княства за яго нашчадкамі. 4-ы перыяд (1158 — пач. 14 ст.) — час існавання адноўленага самастойнага Т.к. У 1158 кн. Юрый Яраславіч заняў Тураў насуперак волі кіеўскага вял. князя і адстаяў яго ў цяжкай 10-тыднёвай аблозе. У 1162 быў заключаны мір, што азначала юрыд. аднаўленне самастойнага Т.к. Пасля княжання Юрыя Яраславіча Т.к. падзелена паміж яго сынамі на ўдзелы. Туравам валодалі Святаполк, Іван, Глеб; Пінскім княствам — Яраслаў, Яраполк; Дубровіцкім — Глеб. Раней вылучылася Клецкае княства (у 1127 вядомы клецкі кн. Вячаслаў Яраславіч). У 2-й пал. 12 ст. адасобілася Слуцкае княства, пазней — Сцепанскае (1292). У 2-й пал. 12 ст. зах. частка Т.к. з г. Бярэсце і Драгічын (Берасцейская зямля) увайшла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства.

Тураўскія князі актыўна ўдзельнічалі ў паліт. жыцці Кіеўскай Русі, у барацьбе за кіеўскі прастол сваіх родзічаў і інш. прэтэндэнтаў, у змаганні супраць полаўцаў. На тэр. Т.к. паслядоўна адбываўся працэс гасп.-эканам. і культ. развіцця. Узніклі гарады Тураў (вядомы з 980), Бярэсце (1019), Пінск (1097), Чартарыйск (1100), Слуцк (1116), Клецк (1127), Рагачоў (1142), Драгічын (1142), Мазыр (1155), Небль (1262), Капыль (1274), Сцепань (1292), Давыд-Гарадок, Дубровіца (12 ст.). У канцы 10 — пач. 11 ст. заснавана Тураўская праваслаўная епархія. Тураўскае евангелле 11 ст. — найстаражытнейшы помнік кніжнай культуры Беларусі. У Тураве жыў і дзейнічаў Кірыла Тураўскі.

У пач. 14 ст. Т.к. ўвайшло ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст. ўласнасць вял. кн. Свідрыгайлы. З 16 ст. магнацкая латыфундыя, якая належала М.​Л.​Глінскаму, Астрожскім, Сапегам і інш.

Літ.:

Довнар-Запольски й М.В. Очерк истории кривичской и дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;

Лысенко П.Ф. Туровская земля IX—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 16, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЙНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

від бел. фальклору; творы, што суправаджалі абрады, звязаныя з асн. этапамі жыцця чалавека: нараджэннем, шлюбам, смерцю. Адлюстравала нар. ідэал сямейных узаемаадносін, працоўнай дзейнасці селяніна, яго побыт і жыццё. С.-а.п., як і абрады, павінна была ўздзейнічаць на звышнатуральныя сілы, прыроду і грамадства, каб палепшыць лёс чалавека, яго дабрабыт, аберагчы ад бяды і няшчасцяў. Узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу, пазней набыла спецыфічныя нац. рысы, выяўленыя ў жанрава-вобразнай сістэме, ідэйна-тэматычным змесце і маст. форме. Адметнае месца ў С.-а.п. займала радзінная паэзія (гл. Радзінныя песні): песні, прыпеўкі, зычэнні, якімі суправаджаліся пэўныя абрады (найб. поўна захаваліся ў бел. фальклоры). Абрадам і песням прыпісвалася магічная сіла, здольнасць абараніць парадзіху і дзіця ад злых сіл. Вылучаліся велічальныя, жартоўныя і застольна-бяседныя песні. У велічальных услаўляліся парадзіха і бацька дзіцяці, бабка-павітуха, кума і кум. Глыбокай пашанай прасякнуты песні пра маладую маці; клапатлівым і старанным, спагадлівым да жонкі і дзіцяці паказваўся гаспадар. Шмат песень прысвячалася бабцы: шанаванне яе ў песнях спалучалася з дасціпным гумарам. Паступова радзінныя абрады і звязаная з імі паэзія страцілі сакральны, магічны характар і сталі выконваць пераважна эстэтычна-маст. функцыю. Вял. папулярнасць набылі жартоўныя песні, выканаўцы якіх добразычліва пацяшаліся з бабкі і кумоў. У бяседных песнях з лёгкім гумарам абмалёўваліся ўдзельнікі ўрачыстасці, славілася гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды нараджэння новага чалавека. Найб. захаваліся жартоўныя песні, многія з якіх бытуюць і ў наш. час. Асаблівым багаццем і паэтычнасцю вылучалася вясельная паэзія (гл. Вясельныя песні): песні, прыпеўкі, прыгаворы, прамовы, якія гучалі на працягу ўсяго вяселля, пачынаючы з абраду сватання. Выконваліся яны ў пэўным парадку асн. ўдзельнікамі шлюбнай урачыстасці, ролі якіх былі рэгламентаваны традыцыяй. Песні, якія суправаджалі суборную суботу, пасад, выпечку каравая, шлюбавіны, пярэзвы і інш., паэтызавалі вясельныя абрады, стваралі ўрачысты настрой і разам з тым служылі пэўным юрыдычным замацаваннем кожнага этапу вяселля. Багатая нар. сімволіка, персаніфікацыя, антытэза, трапныя параўнанні, яркія эпітэты і інш. маст. сродкі і прыёмы стваралі вобразы надзвычайнай выразнасці. Глыбокай эмац. узрушанасцю вылучаліся сіроцкія песні, у якіх нявеста-сірата прасіла бацькоў устаць з магілы і благаславіць яе шлюб. У час застольнай бяседы спявалі таксама песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам: велічальныя, лірычныя, жартоўныя і інш. Песні стваралі ідэальныя вобразы маладых, параўноўваючы іх з сімвалічнымі вобразамі сонца, зорак, месяца, паказвалі ўзаемаадносіны жаніха і нявесты, іх стаўленне да бацькоў. У жартоўных вясельных песнях з дасціпным нар. гумарам абмалёўваліся сват, свацця, дружкі, інш. ўдзельнікі вяселля. Завяршальны цыкл С.-а.п. складалі пахавальныя галашэнні — імправізаваныя песенна-рэчытатыўныя творы, у якіх аплаквалася смерць блізкага чалавека. Галашэнні, вядомыя з глыбокай старажытнасці, грунтаваліся на веры ў бессмяротнасць душы, на ўяўленнях аб тым, што чалавек і пасля смерці можа дапамагаць або шкодзіць жывым. Смутак, бязмернае гора і душэўны боль гучалі ў галашэннях маці па дзіцяці, жонкі па мужу. Цесна звязаныя з вуснай нар. традыцыяй устойлівыя славесныя формулы, кранальныя вобразы ўзмацнялі эмац. ўздзеянне. Звязаная з жыццём і працай чалавека, С.-а.п. адлюстравала сац.-эканам., быт. і культ. ўмовы яго існавання ў розныя гіст. эпохі.

Публ.:

Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 3 выд. Мн., 1985. С. 202—310;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы. Мн., 1988;

Яе ж. Традыцыйныя вяселлі Віцебшчыны. Мн., 1988;

Яе ж. Традыцыйнае вяселле Гродзеншчыны Мн., 1992;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Радзіны: Абрад. Песні. Мн., 1998; Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

Літ.:

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 192—229;

Фядосік А.С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія Мн., 1997;

Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр. Мн., 2001.

А.​С.​Фядосік.

т. 15, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́ШЧЫК Мікалай Мікалаевіч (14.2.1906, в. Віцкаўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1986),

бел. гісторык, археограф, археолаг, этнограф, краязнавец, літаратар. Д-р гіст. н. (1964). Скончыў БДУ (1929). У 1924—30 працаваў у Бел. дзярж. б-цы і Кніжнай палаце БССР. 16.6.1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюза вызвалення Беларусі», у 1931 высланы на 5 гадоў у г. Налінск Вяцкай вобл. 10.6.1933 асуджаны паўторна, этапіраваны ў Марыінскі папраўча-працоўны лагер (Новасібірская вобл.), пасля ў пас. Суслава Кемераўскай вобл. Вызвалены ў 1935 без дазволу вяртання на Беларусь, выкладаў у рас. школах і тэхнікумах. З 1939 у Ленінградзе, настаўнічаў. 23.6.1941 арыштаваны і высланы ў г. Златауст Чэлябінскай вобл. Пры садзейнічанні акадэміка АН СССР Л.А.Арбелі ў 1942 вызвалены, займаўся вывучэннем агр. гісторыі Беларусі і Літвы 19 ст. У 1948 выкладаў у Маскоўскім ун-це. У 1949 звольнены з працы, рэпрэсіраваны і ў 1951 этапіраваны ў Сібірскі лагер пас. Суслава. Вызвалены ў 1955, вярнуўся ў Маскву, дзе да 1986 працаваў навук. супрацоўнікам Ін-та гісторыі АН СССР.

Гал. кірункі даследаванняў — праблемы агр. гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айч. летапісання. Першыя публікацыі прысвечаны нац. кнігазнаўству, археал. раскопкам Банцараўскага гарадзішча (сааўтар С.​С.​Шутаў). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку агр. ладу на літ.-бел. землях, узмацнення там эканам. і сац. зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да зах.-еўрап. краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феад.-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі. У «Нарысах па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (1973) прааналізаваў актавы матэрыял па гісторыі Беларусі, часткова Літвы і Украіны паводле археагр. публікацый за 1824—1940, паказаў дзейнасць даследчыкаў І.​Грыгаровіча, І.​Лабойкі, І.​Даніловіча, С.​Пташыцкага, П.​Бяссонава, Я.​Галавацкага, Дз.​Даўгялы, М.​Доўнар-Запольскага, У.​Пічэты і інш. у стварэнні аб’ектыўнай карціны бел. мінуўшчыны, раскрыў палітыка-ідэалаг. тэндэнцыйнасць тагачасных афіц. выданняў. 2-я частка гэтага твора [захавалася ў рукапісе, выдадзена пасмяротна пад назвай «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі» (уклад. Я.​М.​Кісялёва, В.​У.​Скалабан), 1999] прысвечана крытычнаму разгляду зб-каў дакументаў па гісторыі Беларусі 17—1-й пал. 19 ст., па рус.-бел. сувязях 16—17 ст., выданняў Ін-та л-ры АН БССР, крыніцазнаўчых матэрыялаў па бел. л-ры 19 ст., выданняў пра жыццё і творчасць Я.​Купалы і Я.​Коласа. З задуманага 3-га раздзела (разгляд мемуарных крыніц 19 — пач. 20 ст.) прааналізаваў успаміны Э.​Вайніловіча. Пераклаў на рус. мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца» (1966). Складальнік і рэдактар 32-га (1975) і 35-га (1980) тамоў бел.-літ. летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў Ленінградскі і Краснаярскі спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». Навук. значнасць маюць гіпатэтычныя меркаванні У. пра дзярж.-кансалідуючую ролю стараж. Наваградка, магчымае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных «рускіх» (бел.) летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М.​Стрыйкоўскага, і інш. Аўтар гіст.-этнагр., краязнаўчых, мемуарных прац «Была такая вёска» (1989), «Хроніка» (1991—97), «Краязнаўства» (1999—2000).

Тв.:

Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;

Краязнаўства: Нататкі пра бадзянні ў 1924—1929 гг.: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;

Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 2000;

Выбранае. Мн., 2001.

Літ.:

М.​М.​Улашчык: Біябібліягр. паказ. Мн., 1996;

Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. 3, сш. 1 [нумар прысвечаны М.​Улашчыку];

Русь—Литва—Беларусь: Пробл. нац. самосознания в историогр. и культурологии: По материалам междунар. науч. конф., посвящ. 90-летию со дня рождения Н.​Н.​Улащика. М.,1997;

М.​М.​Улашчык і праблемы беларускай Гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі: (да 90-х угодкаў вучонага). Мн., 1997.

А.​К.​Каўка.

М.М.Улашчык.

т. 16, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)