УЛА́ШЧЫК Мікалай Мікалаевіч (14.2.1906, в. Віцкаўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1986),
бел. гісторык, археограф, археолаг, этнограф, краязнавец, літаратар. Д-ргіст.н. (1964). Скончыў БДУ (1929). У 1924—30 працаваў у Бел.дзярж. б-цы і Кніжнай палаце БССР. 16.6.1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюза вызвалення Беларусі», у 1931 высланы на 5 гадоў у г. Налінск Вяцкай вобл. 10.6.1933 асуджаны паўторна, этапіраваны ў Марыінскі папраўча-працоўны лагер (Новасібірская вобл.), пасля ў пас. Суслава Кемераўскай вобл. Вызвалены ў 1935 без дазволу вяртання на Беларусь, выкладаў у рас. школах і тэхнікумах. З 1939 у Ленінградзе, настаўнічаў. 23.6.1941 арыштаваны і высланы ў г. Златауст Чэлябінскай вобл. Пры садзейнічанні акадэміка АНСССР Л.А.Арбелі ў 1942 вызвалены, займаўся вывучэннем агр. гісторыі Беларусі і Літвы 19 ст. У 1948 выкладаў у Маскоўскім ун-це. У 1949 звольнены з працы, рэпрэсіраваны і ў 1951 этапіраваны ў Сібірскі лагер пас. Суслава. Вызвалены ў 1955, вярнуўся ў Маскву, дзе да 1986 працаваў навук. супрацоўнікам Ін-та гісторыі АНСССР.
Гал. кірункі даследаванняў — праблемы агр. гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айч. летапісання. Першыя публікацыі прысвечаны нац. кнігазнаўству, археал. раскопкам Банцараўскага гарадзішча (сааўтар С.С.Шутаў). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку агр. ладу на літ.-бел. землях, узмацнення там эканам. і сац. зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да зах.-еўрап. краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феад.-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі. У «Нарысах па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (1973) прааналізаваў актавы матэрыял па гісторыі Беларусі, часткова Літвы і Украіны паводле археагр. публікацый за 1824—1940, паказаў дзейнасць даследчыкаў І.Грыгаровіча, І.Лабойкі, І.Даніловіча, С.Пташыцкага, П.Бяссонава, Я.Галавацкага, Дз.Даўгялы, М.Доўнар-Запольскага, У.Пічэты і інш. у стварэнні аб’ектыўнай карціны бел. мінуўшчыны, раскрыў палітыка-ідэалаг. тэндэнцыйнасць тагачасных афіц. выданняў. 2-я частка гэтага твора [захавалася ў рукапісе, выдадзена пасмяротна пад назвай «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі» (уклад. Я.М.Кісялёва, В.У.Скалабан), 1999] прысвечана крытычнаму разгляду зб-каў дакументаў па гісторыі Беларусі 17—1-й пал. 19 ст., па рус.-бел. сувязях 16—17 ст., выданняў Ін-та л-ры АНБССР, крыніцазнаўчых матэрыялаў па бел. л-ры 19 ст., выданняў пра жыццё і творчасць Я.Купалы і Я.Коласа. З задуманага 3-га раздзела (разгляд мемуарных крыніц 19 — пач. 20 ст.) прааналізаваў успаміны Э.Вайніловіча. Пераклаў на рус. мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца» (1966). Складальнік і рэдактар 32-га (1975) і 35-га (1980) тамоў бел.-літ. летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў Ленінградскі і Краснаярскі спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». Навук. значнасць маюць гіпатэтычныя меркаванні У. пра дзярж.-кансалідуючую ролю стараж. Наваградка, магчымае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных «рускіх» (бел.) летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М.Стрыйкоўскага, і інш. Аўтар гіст.-этнагр., краязнаўчых, мемуарных прац «Была такая вёска» (1989), «Хроніка» (1991—97), «Краязнаўства» (1999—2000).
Тв.:
Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;
Краязнаўства: Нататкі пра бадзянні ў 1924—1929 гг.: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;
Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 2000;
Выбранае. Мн., 2001.
Літ.:
М.М.Улашчык: Біябібліягр. паказ. Мн., 1996;
Беларускі гістарычны агляд. 1996. Т. 3, сш. 1 [нумар прысвечаны М.Улашчыку];
Русь—Литва—Беларусь: Пробл. нац. самосознания в историогр. и культурологии: По материалам междунар. науч. конф., посвящ. 90-летию со дня рождения Н.Н.Улащика. М.,1997;
М.М.Улашчык і праблемы беларускай Гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі: (да 90-х угодкаў вучонага). Мн., 1997.