МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫФТ (англ. rift трэшчына, разлом),

буйная лінейна выцягнутая (на сотні кіламетраў, часта больш за 1 тыс. км, шыр. ад 5—20 да 200—400 км) адмоўная шчылінападобная або ровападобная структура расцяжэння зямной кары глыбіннага паходжання, абмежаваная разломамі скідавага тыпу. Тэрмін прапанаваны англ. геолагам Дж.​Грэгары ў 1896. Сучасныя Р. выражаны ў рэльефе ў выглядзе глыбокіх далін; стараж. пахаваныя Р. запоўнены магутнымі тоўшчамі асадкавых парод. Р. звычайна складаецца з серыі разрываў, сярод якіх пераважаюць скіды. Нахіл паверхні скідаў 60—70°, верт. амплітуда перамяшчэнняў па іх дасягае 5 км. У межах Р. часта ўтвараюцца горсты і грабены. Адрозніваюць Р. ўнутрыкантынент, сучасныя (Байкальская, Усх.-Афрыканская рыфтавыя сістэмы і інш.) і стараж. пахаваныя (Прыпяцка-Данецкі, Пачалмскі і інш.), міжкантынент. (Чырвонага м., Адэнскага і Каліфарнійскага зал.) і ўнутрыакіянічныя, што ўскладняюць восевыя ч. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Вельмі вял. Р. наз. рыфтавымі паясамі або сістэмамі. Сукупнасць такіх структур утварае на паверхні Зямлі адзіную сусветную сістэму. Працэс фарміравання Р. звязаны з глыбіннай дыферэнцыяцыяй рэчыва мантыі Зямлі, утварэннем астэналітаў і лінз анамальнай разагрэтай і расшчыльненай мантыі ў падэшве літасферы і замяшчэннем ёю рэчыва ў ніжняй ч. літасферы. Гэта прыводзіць да тэрмічнага расшырэння літасферы, ізастатычнага падняцця і стварэння напружанняў расцяжэння. Існуе некалькі гіпотэз паходжання Р.: утварэнне іх у восевай ч. скляпенневага падняцця за кошт напружанняў расцяжэння, што ўзнікаюць пры выгінанні скляпення; рассоўванне зямной кары пры гарыз. перамяшчэнні пліты; разрыў зямной кары ў выніку аднабаковага цячэння рэчыва яе ніжняй пластычнай ч. ў бок акіяна (на фронце цячэння ў паслабленай зоне); утварэнне Р. над глыбінным мантыйным астэналітам з расцяканнем яго рэчыва ў падэшве кары ў процілеглыя бакі, што прыводзіць да яе расцяжэння. З працэсамі фарміравання Р. звязаны развіццё і дэструкцыя кантынент. і акіянічнай літасферы, утварэнне акіянаў, нараджэнне новай акіянічнай кары.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕТЫ́Т (ад лац. appetitus жаданне),

эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуцця голаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,

напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл. Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.

А.​В.​Кудзельскі.

Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКА-ПРЫДНЯСТРО́ЎСКАЯ ЗО́НА ПЕРЫКРАТО́ННЫХ ПРАГІ́НАЎ,

буйная монаклінальная структура каледонскага этапу тэктагенезу на З Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона). Працягнулася з ПдУ на ПнЗ ад Чорнага да Паўночнага мораў, абмежавана з З Тэйсейра-Торнквіста лініяй. У будове вылучаюцца структурныя насы і залівы, якім адпавядаюць сучасныя структуры паверхні крышт. фундамента: Малдаўская монакліналь, Паўн.-Малдаўскае падняцце, Валынская упадзіна, Мазурскі і Лукаўска-Ратнаўскі выступы, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, Балтыйская сінекліза, ч. Балтыйскага шчыта, упадзіна праліваў Скагерак і Катэгат.

Узнікла пад уздзеяннем прагінання суседняй геасінкліналі. Нарастальнае на З апусканне суправаджалася верт. блокавымі рухамі з утварэннем разломаў і лакальных структураў. Развівалася ў кембрыі, ардовіку, сілуры, раннім дэвоне. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 3500 м) тэрыгенных і карбанатных адкладаў, з якімі звязаны асн. запасы нафты і газу на З Усх.-Еўрап. платформы.

Г.​В.​Зінавенка.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРО́ЎНА,

гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.​Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.​Чачот. Яе запісалі Е.​Раманаў, М.​Федароўскі, У.​Вярыга, П.​Шэйн, Р.​Шырма і інш. Я.​Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».

Літ.:

Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.

Л.​М.​Салавей.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАЛО́ГІЯ (ад астэа... + ...логія),

1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).

2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.

С.​Л.​Кабак.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАГО́ДНАСЦЬ,

абгрунтаванасць, доказнасць і бясспрэчнасць ведаў. Тэрмін выкарыстоўваецца ў логіцы, гнасеалогіі, тэорыі імавернасцяў, прававой навуцы. Верагодныя суджэнні падзяляюцца на асэртарычныя (канстатуюць рэальнае становішча спраў) і ападыктычныя (сцвярджаюць неабходную сувязь з’яў). У філас. і логіка-метадалагічных даследаваннях верагоднасць найчасцей выкарыстоўваюць для характарыстыкі абгрунтаваных, даказаных ведаў і як сінонім ісціны. Найб. поўны і глыбокі крытэрый верагоднасці ведаў — грамадска-гіст. практыка. У эксперым. прыродазнаўстве верагоднымі ведамі лічаць тыя, што набылі эмпірычнае пацвярджэнне ў ходзе назіранняў і доследаў. Лагічны крытэрый верагоднасці ведаў звязаны з правільнасцю апрацоўкі эмпірычных даных і лагічных аперацый з ведамі, верагоднасць якіх устаноўлена раней. Верагодныя веды (суджэнні) трэба адрозніваць ад імавернасных, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі ў якасці іх магчымай характарыстыкі (у выпадку ўвядзення колькасных крытэрыяў вызначаецца ступень такой магчымасці, гл. Імавернасць).

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 4, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎ, выспа,

участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн. км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл. Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс. км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,

1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.

2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10​−7—10​−8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)