БІЯГЕАСФЕ́РА

(ад бія... + геасфера),

абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.К.Яфрэмаў (1959).

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМЕРАФІ́ЛЫ

[ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...філ(ы)],

1) віды арганізмаў, якія жывуць параважна ў згуртаваннях культ. раслін (аграбіяцэнозах). Сярод гемерафілаў шмат пустазелля і шкоднікаў с.-г. раслін, у адносінах да якіх выкарыстоўваецца тактыка знішчэння або абмежавання пашырэння.

2) Віды жывёл і раслін, вобласць пашырэння якіх павялічылася ў выніку гасп. дзейнасці чалавека і ўплыву яго на прыродную расліннасць (напр., пашырэнне культ. раслін). Гл. таксама Гемерафобы.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТНАЯ ЗО́НА,

энергетычная вобласць дазволеных электронных станаў у цвёрдым целе. Пры т-ры абсалютнага нуля цалкам запоўнена валентнымі электронамі (гл. Зонная тэорыя). Пад уплывам цеплавога руху, знешніх уздзеянняў (асвятленне, апрамяненне, увядзенне прымесяў і інш.) невял. частка электронаў пераходзіць з валентнай зоны ў зону праводнасці ці на прымесныя ўзроўні ў забароненай зоне. У выніку ў валентнай зоне з’яўляюцца незапоўненыя электронныя станы (дзіркі) і электроны валентнай зоны могуць удзельнічаць у электраправоднасці.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЯ́ВІЯ

(Kujawy),

гістарычная вобласць у Польшчы паміж сярэднім цячэннем р. Вісла і верхнім цячэннем р Нотаць. У старажытнасці была населена зах.-слав. племем куяваў. З 1139 асобны ўдзел, з 1231 ваяводства, з 1247 удзельнае княства. З пач. 14 ст. частка тэр. К., а з 1388 уся К. — у складзе каронных зямель. Паводле 1-га і 2-га падзелаў Польшчы (1772, 1793) адышла да Прусіі. У складзе адноўленай Польшчы з 1918.

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,

вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХО́Р(А)

(ад бія... + ...хор),

1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.

2) Вобласць пашырэння жыцця.

3) Група падобных месцапражыванняў.

4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.

5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎСКІ Дунін Альфонс

(1850, в. Плянта, Брэсцкая вобласць — 1905),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Варшаўскай рысавальнай школе, у Кракаўскай майстэрні Я.Матэйкі (1882—85). З 1888 жыў на радзіме, стварыў шэраг пейзажаў. У 1896—98 працаваў у вёсках Быкавізна, Свілы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл., пісаў партрэты і карціны на рэліг. сюжэты для пахавальні сям’і Козел-Паклеўскіх. Найб. вядомы як аўтар жанравых карцін «Хворая жанчына» (1893), «Мыта на Беларусі» (1899), «Паляванне на мядзведзя», «Лоўля рыбы восцямі».

М.М.Яніцкая.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Сібірскі антыцыклон,

вобласць высокага атм. ціску ў Сібіры, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск да 1070 мб). Азіяцкі антыцыклон — вынік моцнага ахаладжэння мацерыка, з чым звязана працяглая халодная (месцамі ніжэй за -50 °C) маласнежная зіма ва ўнутрымацерыковых раёнах. На надвор’е Беларусі ўплывае зах. адгалінаванне азіяцкага антыцыклону: устанаўліваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з т-рамі паветра ўдзень каля -10...-20 °C у зімовыя месяцы, вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯВО́ЛТВА,

гістарычная балцка-літоўская вобласць. Няпэўнасць крыніц спарадзіла цяжкасць у вызначэнні тэр. Дз.: Хроніка Быхаўца (16 ст.) вызначыла яе ў раёне г. Вількамір (цяпер г. Укмерге, Літва); паводле гісторыка У.Ц.Пашуты, яна знаходзілася ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі або на У ад р. Швянтоі, дзе звычайна паказваецца Аўкштайція. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1219. У 1264 заваявана кн. Войшалкам і ўключана ў склад ВКЛ.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991.

М.І.Ермаловіч.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВА Марыя Аляксандраўна

(сапр. Броніна; 1897, в. Локшы, Віцебская вобласць — 28.4.1920),

адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля ў Бабруйску і Бабруйскім пав. ў гады грамадз. вайны і ваен. замежнай інтэрвенцыі. Чл. Бабруйскага падп. к-та КП(б)ЛіБ. Стварыла Ясеньскі раённы падп. к-т, які аб’ядноўваў 15 парт. ячэек у вёсках Бабруйскага пав. 25.4.1920 арыштавана польскімі акупантамі ў час павятовай падп. парт. канферэнцыі, што адбывалася на яе кватэры. Пасля катаванняў расстраляла разам з П.П.Фёдаравым. Яе імем названа вуліца ў Бабруйску.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)