групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш. месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 36 км на У ад г. Глыбокае, за 2 км на ПдУ ад воз. Шо. Пл. 0,59 км², даўж. 2,13 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 24,7 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 4,2 км².
Схілы катлавіны пад лесам, на Пн, ПнЗ разараныя. Берагі на З, У, ПдУ высокія, пясчаныя, парослыя лесам, на ПнЗ і Пд нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная частка возера сапрапелістая. Паласа расліннасці шыр. 40—50 м да глыб. 4 м. Азёрны заказнік, створаны ў 1979 з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў, асабліва баброў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННЫЯ КАРМЫ́,
раслінныя і жывёльныя кармы з павышанай колькасцю вітамінаў або правітамінаў. Асабліва багатая вітамінамі маладая зялёная трава. Асн. кармавыя крыніцы вітамінаў: вітаміну A — малодзіва, малако, маслёнка, сыроватка, тварог; вітаміну D — сена сонечнай сушкі, сянаж, сілас, закладзеныя ў сонечнае надвор’е, малодзіва, малако, мука рыбная; вітаміну E — зялёныя і травяністыя кармы, прарослае зерне, вотруб’е пшанічнае; вітаміну K — лісце зялёных раслін, травяністыя кармы, бацвінне караняплодаў, водарасці; вітамінаў групы B — зялёныя расліны, добрае сена, зерневыя кармы, вотруб’е, кармавыя дрожджы, травяная мука бабовых, мука рыбная, макуха і шроты, малочныя кармы, зерне бабовых і злакаў, кармы жывёльнага паходжання; вітаміну C — маладыя зялёныя расліны, коранеклубняплоды. Багатая крыніца вітамінных кармоў — абагачаныя вітамінамі камбікармы, бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі і прэміксы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНА́РЫЯ (Alternaria),
род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Больш за 100 відаў. Пашырана па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 10 відаў: паслёнавая (A. solani), капусная (A. brassicae), агурковая (A. cucumerina), парэю (A. porri), каранёвая (A. radicina), чаргаваная (A. tenuis) і інш. Сапратрофы. Узбуджальнікі альтэрнарыёзаўс.-г. раслін. Выклікаюць сухую і мокрую гніль пладоў і агародніны ў час вегетацыі і асабліва пры захоўванні, мікозы чалавека і жывёл.
Міцэлій шматклетачны, гаплоідны, развіваецца ў тканках або паверхневы, бясколерны, з узростам набывае аліўкавы ці аліўкава-буры колер. Размнажаецца канідыямі. Канідыяльны напыл аксамітны, кропкавы, аліўкавы або чорны. Альтэрнарыі зімуюць міцэліем у глебе, на раслінных рэштках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕЛАТЭРАПІ́Я (ад грэч. ampelos вінаград + тэрапія),
вінаградалячэнне, выкарыстанне пладоў і соку вінаграду ў лек. мэтах. Вядома са старажытнасці, у Расіі з канца 19 ст. Практыкуецца ў зонах вінаградарства, звычайна ў спалучэнні з клімататэрапіяй. Лепшыя лек. сарты — Шасла, Рыслінг, Семільён, Гауш, Акішміш, Тагузюм чэлекі. Асн. станоўчы ўплыў ампелатэрапіі звязаны з багаццем і разнастайнасцю ў спелых пладах і соку вінаграду вугляводаў, пекцінавых і мінер. рэчываў, вітамінаў; выяўляецца праз нармалізацыю і актывацыю абменных працэсаў (асабліва водна-салявога абмену), апетыту, сакрэцыі страўніка, маторыкі кішэчніка, функцый мочавыдзялення і інш. Проціпаказана пры цукр. дыябеце, вострых захворваннях, язве страўніка, гіпертаніі, хранічных паносах і абвастрэннях туберкулёзу. Дозы спажывання пладоў вінаграду пры ампелатэрапіі могуць дасягнуць 2 кг, соку — 1,2 л за суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЫ́НА, маліна шызая (Rubus caesius),
кустовая расліна сям. ружавых. Пашырана ў краінах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі ўсюды, асабліва на Палессі. Расце па берагах рэк, на заліўных лугах, узлесках, у хмызняках, утварае густыя, непраходныя зараснікі. Прыдатная для лесамеліярацыйных работ, замацавання яроў.
Кусты выш. 60—150 см. Надземныя парасткі двухгадовыя, фіялетава-шызыя, звычайна ўкрытыя шыпамі і шчацінкамі. Лісце няпарнаперыстараздзельнае з 3—5 лісцікамі. Кветкі двухполыя, белыя, дыям. да 3 см. Цвіце ў чэрв.—ліп., плады сакавітыя салодкія складаныя касцянкі, чорныя з шызым налётам, выспяваюць у сярэдзіне жніўня. У аматарскім садоўніцтве культывуецца сорт Агавам, найб. прыстасаваны да клімат. умоў Беларусі. З пладоў гатуюць сокі, варэнне, жэле, яны багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, карацінамі, танідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЯЗБО́ЛЬВАННЕ,
штучнае адключэнне ўспрымання болю пры хірург. аперацыях, інш. лячэбных і дыягнастычных працэдурах, траўмах і некаторых захворваннях. Пастаяннае абязбольванне практыкуецца пры нясцерпных працяглых болях, пакутах (напр., у анкалагічнай практыцы). Часовае абязбольванне з’яўляецца звычайнай працэдурай у лячэбнай, асаблівахірург., практыцы; ажыццяўляецца без парушэння свядомасці (мясцовае абязбольванне, або мясцовая анестэзія), а таксама з яе парушэннем (агульнае абязбольванне, або наркоз). Сродкі і метады абязбольвання розныя, прадугледжваюць выкарыстанне хім. (наркотыкі і інш. анестэзіруючыя прэпараты), фіз. (электраток, холад) і нейрапсіхічных (штучная блакада або хірург. адключэнне пэўных участкаў нерв. Сістэмы, гіпнатычнае ўздзеянне) фактараў. Ад правільнасці іх выбару залежыць зыход цяжкіх хірург. аперацый (памылкі ў выбары могуць прывесці да пасляаперацыйнага шоку). Вывучэннем праблем абязбольвання займаецца анестэзіялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр.Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.
Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у т. л. змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.М.Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.